Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На хвалі Свабоды: 50 гадоў беларускага эфіру без цэнзуры. Год 1965


Сяргей Шупа, Прага Сэрыя перадач, прысьвечаная юбілею Беларускай Свабоды.

(Дыктарка: ) “Гаворыць Радыё Свабода. Дарагія радыё-слухачы, вы чуеце свабодны голас сваіх суродзічаў-беларусаў з вольнага сьвету”.

1965 год зазначыўся далейшым абвастрэньнем нападак на Радыё Свабода ў савецкім друку. Контарпрапагаднысцкі наступ будзе нарастаць і далей, дасягнуўшы свайго апагею ў 1968-1971 гадох. Чаму менавіта тады – хай разьбіраюцца дасьледнікі палітычнай гісторыі падсавецкай Беларусі, а я прапаную вам паслухаць тыповы фрагмэнт узору 1965 году:

ПАСКВІЛЯНТЫ. ЧЫРВОНАЯ ЗЬМЕНА, 24.01.1965:

“З розных пунктаў зямнога шара даносяцца завываньні радыёстанцый, якія служаць капіталу. Апрача какафанічнай музыкі, яны нясуць усякую недарэчнасьць, прыкрытую фігавым лістком саліднасьці. Выдумка сьледуе за выдумкай, паклёп за паклёпам. Хлусьня, падтасоўка фактаў, усялякае глупства нясецца па радыёхвалях... Цэлы акіян хлусьні вылівае ў эфір радыёстанцыя ”Свабода”... Балбатуны не абыходзяць сваёй увагай і нашу рэспубліку, часта прыцягваючы да выступленьняў буржуазных беларускіх нацыяналістаў, якія, закасаўшы рукавы, адпрацоўваюць атрыманыя ад імпэрыялістычных разьведак долары, маркі, фунты..”.

Як сьведчыць дайджэст НАВІНЫ ЗЬ БЕЛАРУСІ, №7(30), 1965, ”...З завайстрэньнем савецкае рэакцыі на беларускія перадачы радыё ”Свабода” супала пабольшаньне водгукаў радыёслухачоў зь Беларусі, водгукаў прыхільных і ўдзячных за перадачы. Прысылаюцца яны шляхам лістоў ды асабістых наказаў”.

За ідэалягічным супрацьстаяньнем у эфіры му будзем сачыць і далей, а сёньня ў нас у гасьцях – яшчэ адзін вэтэран нашага радыё Вітаўт Кіпель. Спадар Кіпель супрацоўнічаў з радыё ці не ад самага заснаваньня беларускай сэкцыі, спачатку ў Эўропе, а пасьля ў Амэрыцы. Старыя слухачы памятаюць шматлікія перадачы Вітаўта Зубкоўскага – пад гэтым імем Вітаўт Кіпель выступаў на нашых хвалях – перадусім перадачы, прысьвечаныя жыцьцю беларускай дыяспары. Такім чынам, слова Вітаўту Кіпелю:

(Кіпель: ) “Маё супрацоўніцтва з Радыё Вызваленьне, пазьней Радыё Свабода, пачалося на пачатку 1950-х гадоў. Хутка пасьля таго, як Свабода пайшла ў эфір, у Мюнхене загінуў малады студэнт, малады навуковец Лявон Карась. І Лявон Карась за некалькі дзён да таго, як ён быў забіты ў Мюнхене, быў у Бэльгіі. Нямецкая паліцыя выклікала мяне з Бэльгіі, бо я быў апошні, хто бачыў Лявона Карася, калі ён выяжджаў. Мяне запыталіся, у якім ён быў стане. Безумоўна, Карась быў вельмі нармальны чалавек, падрыхтаваны чалавек, і ён хацеў працаваць на радыёстанцыі. На вялікі жаль, яму гэтага так і не давялося зрабіць. Няма ніякага сумніву, што яго забілі камуністычныя агенты. Вось пра гэта было маё першае інтэрвію на Радыё Свабода”.

Вітаўт Кіпель працягне свае ўспаміны аб працы на радыё крыху пазьней, а зараз - аўтэнтычны эфір 1965 году. Гучыць інтэрвію са школьнікамі Алесяй і Юркам Кіпелямі.

(Дыктарка: ) “Гаворыць Радыё Свабода. А цяпер Зоя Каліноўская папросіць малых Алесю і Юрку Кіпелёнкаў з амэрыканскага гораду Пасэйк расказаць нам, дзе яны вучацца ды як правялі калядныя канікулы”.

(Каліноўская: ) “Алеську, у каторай клясе ты вучышся ў амэрыканскай школе?”

(Алеся: ) “У другой”.

(Каліноўская: ) “А ў беларускай школе?”

(Алеся: ) “Таксама ў другой”.

(Каліноўская: ) “Якія ж прадметы вы маеце ў амэрыканскай школе?”

(Алеся: ) “Арытмэтыку. Чытаньне. Пісаньне. Ангельскую мову. Сьпевы і гімнастыку”.

(Каліноўская: ) “А ў беларускай школе якія прадметы выкладаюць?”

(Алеся: ) “Беларускую мову. Чытаньне. Пісаньне. Сьпевы”.

(Каліноўская: ) “Як ты спраўляесься? Добрыя адзнакі прыносіш?”

(Алеся: ) “Усяк бывае. Але найбольш добрыя”.

(Каліноўская: ) “А як жа ты правяла калядныя канікулы?”

(Алеся: ) “Езьдзіла да бабкі на фарму ў госьці. Была на лялечным паказе ў Вэлінгтоне. Была на ялінцы ў беларускай школе”.

(Каліноўская: ) “А ты, Юрку, у першую клясу ходзіш?”

(Юрка: ) “Так, я ў першую”.

(Каліноўская: ) “Ці ты таксама ў п’есе ўдзельнічаў?”

(Юрка: ) “Так, я быў павуком”.

(Каліноўская: ) “А што ж ты мусіў гаварыць?”

(Юрка: ) “Нічога не гаварыў, толькі на муху глядзеў”.

(Каліноўская: ) “А ты нейкі беларускі вершык ведаеш?”

(Юрка: ) “Так. Я ведаю. Мы ў беларускай школе навучыліся”.

(Каліноўская: ) “Дык можа ты і нам раскажаш?”

(Юрка: ) “Так. Раскажу: У куце сядзіць мядзьведзь хустку вышывае. А лісічка-невялічка хатку падмятае. А каток пячэ аладкі, масла падлівае. (шум глушылак)”.

Праз колькі хвілінаў мы вернемся да ўспамінаў Вітаўта Кіпеля, а зараз – панарама падзеяў у свеце ў 1965 годзе.

Год 1965 у сьвеце

Палітыка

Першыя амэрыканскія баявыя аддзелы прыбываюць у Віетнам, да канца году колькасьць кантынгенту дасягае 190 тысячаў. – Амэрыканская марская пяхота высаджваецца ў Дамініканскай Рэспубліцы для дапамогі здушэньня паўстаньня. – Францыя выводзіць свой флёт з сыстэмы НАТО. – Радэзія аднабакова абвяшчае незалежнасць ад Вялікай Брытаніі і стварае дзяржаву на прынцыпе апартайду.

Навука

Адкрыцьцё фонавай касьмічнай радыяцыі пацьвярджае тэорыю Вялікага Выбуху. – Першая стыкоўка двух караблёў у касьмічнай прасторы. – Аляксей Леонаў упершыню выходзіць у адкрыты космас.

Літаратура

Нобэлеўская прэмія прысуджаная савецкаму пісьменьніку Міхаілу Шолахаву.

У 1965 годзе памерлі: Уінстан Чэрчыл, Нат Кінг Коўл, Томас Стэрз Эліат.

Фільмы году: Доктар Жывага, Гукі музыкі

Песьні году: The Beatles / Yesterday і Rolling Stones / Satisfaction.

А зараз зноў зьвернемся да ўспамінаў. Вітаўт Кіпель прыгадвае пачаткі працы на радыё.

(Кіпель: ) “Я зрабіў некалькі інтэрвію ў часе канфэрэнцыяў Інстытуту па вывучэньню СССР. Як ведама, Інстытут па вывучэньню СССР знаходзіўся ў Мюнхене, і там часта адбываліся канфэрэнцыі. Я ўдзельнічаў у іх, у розных сэкцыях: эканамічных, культурных. І ўсё тое, што адбывалася на канфэрэнцыях – вельмі шырака асьвятлялася на радыёстанцыі, беларускімі ды іншымі сэкцыямі. Пазьней, у канцы 1950-ых гадох, маё супрацоўніцтва з радыёстанцыяй заключалася ў тым, што я рабіў агляды жыцьця беларускай дыяспары. Я вучыўся ў Бэльгіі, рабіў дактарат у галіне мінэралёгіі. І мне трэба было па ходу працы над доктарскай тэзай выехаць у Швэцыю. Я пабыў нейкі час у Даніі, а потым паехаў у Швэцыю. Быў знаёмы з жыцьцём беларусаў у тых краінах. Дарэчы, у той час жыцьцё беларускае было шчэ вельмі актыўнае. Было шмат беларусаў, якія засталіся ў Даніі пасьля Другой сусьветнай вайны. Гэтаксама ў Швэцыі былі беларусы. І жыцьцё было такое вельмі спорнае”.

Нагадаю, што сёньня госьць нашай перадачы – шматгадовы супрацоўнік беларускай свабоды Вітаўт Кіпель. А зараз – зноў наш архіў. З аўтэнтычнага эфіру 1965 году паслухайце фрагмэнт музычнай перадачы.

(Дыктарка: ) “Гаворыць Радыё Свабода. Перадаю цяпер мікрафон Арсеню Загорнаму. У яго сёньня на праграме пласьцінка, якую вы можаце дастаць бясплатна, пішучы на адрас (шум глушылак)”.

(Загорны: ) “Прывітаньне сябрам музыкі! Сёньня будзем далей знаёміцца з пласьцінкай “Усеагульны выбар”, на якой зьмешчана 12 найбольш папулярных матываў Амэрыкі 1964 году. Выконваюць іх піяністыя Фэранты і Тэйчэр ў суправаджэньні аркестры. Адна з 12 мэлёдыяў на кружэлцы завецца “Georgia on my mind”. Джорджыя – гэта імя дзяўчыны, каханае пэўна ж. “Джорджыя ў маіх думках”. (Гучыць музыка)

1965 ГОД У БЕЛАРУСІ

Адноўленыя 23 скасаваныя раней раёны. – У Менску адкрыты першы ў Беларусі Палац шлюбаў. – На заводзе БелАЗ пачаўся выпуск 27-тонных самазвалаў. – У Акадэміі Навук заснаваныя інстытуты тэхнічнай кібэрнэтыкі і ядзернай энэргетыкі. На Рэчыцкім радовішчы пачалася прамысловая здабыча нафты. – Першым сакратаром ЦК КПБ абраны Пятро Машэраў. – Берасьцейскай крэпасьці прысвоенае званьне “Крэпасьць-герой”. – У Менску адкрыты плянэтартый.

А зараз – менскі эфір 1965 году...

У гэтым годзе сталіцу БССР наведаў югаслаўскі лідэр Ёсіп Броз Ціта...

(Дыктар: ) “А зараз да мікрафону падышоў таварыш Ёсіп Броз Ціта”.

(Ціта: ) “Дарагі таварыш старшыня прэзыдыюму Вярхоўнага савету Беларусі, дарагія таварышы і сябры. Дазвольце мне падзякваць вам за гэтае цёплае прывітаньне, якое вы нам тут выказалі. Ад імя маёй супругі і мяне асабіста. Мы вельмі радыя, што прыехалі сюды ў Беларусь, дзе падчас вайны мы шмат чулі а вашай партызанскай барацьбе. У Беларусі, дзе народ гітлераўскім акупантам даў гераічны адпор. Мы радыя таму, што хацелі бы паглядзець, што вы пасьля вайны зрабілі для аднаўленьня сваёй Рэспублікі Беларусі”.

Гэтак прамаўляў на менскім вакзале Ёсіп Броз Ціта. А вось што ў 1965 годзе сказала радыёслухачам акторка Стэфанія Станюта:

(Станюта: ) “Я не ўяўляю сабе ні сваёй маладосьці, ні сталых год без тэатру, бяз сцэны. Наша невялікая заля, вузкія лесьвічкі за кулісамі, грымёры, краўчыхі, бутафоры, рабочыя сцэны, увесь наш вялікі калектыў, публіка ў залі, смог перад адкрыцьцём заслоны – усё гэта самае роднае. Люблю свой тэатар, сваю работу, людзей, зь якімі працую шмат гадоў, сам працэс нараджэньня вобразу, і найвышэйшая радасьць – калі ўсё атрымліваецца так, як трэба. Калі глядач успрымае нашыя паводзіны на сцэне непасрэдна, не задумваючыся над тым, лёгка ці цяжка было рыхтаваць ролю. Калі глядач задаволены. А для нас чым складаней вобраз, тым прыемней посьпех. Не скажу, каб за мінулыя гады было зроблена занадта мала, але разам з тым не лічу, што зроблена занадта многа. Спадзяюся, вельмі спадзяюся, што ў творах, якія напішуць нашы драматургі або ў п’есах іншых аўтараў я знайду для сябе такія вобразы, якія стануць маімі новымі спадарожнікамі”.

З прывітаньнем з 1965 году выступала Стэфанія Станюта.

Нагадаю, госьць нашай сёньняшняй перадачы – вэтэран нашага радыё Вітаўт Зубкоўскі – пад гэтым імем больш за трыццаць гадоў выступаў на нашых хвалях Вітаўт Кіпель. Зараз – пра тэмы перадачаў, якія Вітаўт Кіпель рыхтаваў у Нью-Ёрку.

(Кіпель: ) “Як я пераехаў у Злучаныя Штаты Амэрыкі тэматыка пашырылася – ня толькі жыцьцё дыяспары, але я стаў улучаць агляды кніжак, большых артыкулаў, якія мелі значаньне для беларускіх дасьледнікаў у БССР. Ведамая рэч, што кантактаў ці адкрытасьці такой не было, і вельмі шмат такога друкавалася на Захадзе, што было зусім ня ведамае ў БССР. І таму ўвядзеньне новай рубрыкі, увядзеньне такой новай тэмы “беларусіка ў друку заходнім” ці тэмы, якія вывучаюцца ў Беларусі, яны вывучаліся на Захадзе, і падаць стан іхнага вывучэньня было вельмі важным. Гэта мы рабілі праз радыё. Дарэчы, у пачатку 1960-х гадоў мне часта даводзілася сустракацца з працаўнікамі БССР’аўскай місіі, а гэтаксама дэлегацыяй беларусаў на Генэральнай асамблеі ААН. У гутарках зь імі бывала магчымасьць запытацца, чым цікавіцца дасьледчык, ці гэта варта такія тэмы парушаць па радыё, бо я ніколі не хаваўся, што я супрацоўнічаю ў радыё. І вельмі часта зваротны бок выказваў пагляды, што гэта вельмі пажадана і вельмі патрэбна”.

Гаварыў Вітаўт Кіпель. I на заканчэньне – зноў наш архіў. Паслухайце фрагмэнт перадачы 1965 году.

(Дыктарка: ) “Гаворыць Радыё Свабода. Ля мікрафону цяпер Васіль Крыцкі з фэльетонам “Карасёва крытыка”“.

(Крыцкі: ) “Жыве чалавек, жыве, і нічога ня ведае. Адно час-часом выпадкам даведваецца чалавек пра тое, пра сёе. Вось надоечы собіла і мне даведацца, што рыбы маюць голас. Дзіва дзіўскае. Незвычайная рэч. Але-ткі маюць. Супрацоўнік Інстытуту марфалёгіі жывёльнага сьвету Ўладзімер Пратасаў спэцыяльна вывучае рыбіны галасы. Уявеце сабе, рыбіны галасы! Пры дапамозе асцыляграфаў, спэктрааналізатараў, гідрафонаў ды іншага навуковага начыньня з даўжэзарнымі назовамі Пратасаў слухае рыбіна прастарэканьне. Перад мікрафонам навукоўца пабывалі судак, японскі ёрш, морская пікша, а кагадзе адбылося інтэрвію з чарнаморскім бычком. Маючы крыху фантазіі, уявы, ня вельмі ўжо і цяжка ўстанавіць, пра што рыба гукала. Уяўляю сабе, прыкладам, гутарку з карасём.

- Алё! Гаворыць рэдакцыя газэты “Ленінская іскра”. Папрасеце да апарату таварыша Карася. - Карась слухае. Хто вы і чым магу быць вам карысны? - Гаворыць “Ленінская іскра”. - Вельмі прыемна. Ікру трэба паважаць. Бо ікра – гэта нашая рыбіна будучыня. - Не ікра, таварыш Карась, а іскра. І-с-к-р-а. - Шкада, шкада... Пара б вам тамака зьвярнуцца тварам да ікры. Дзякуючы вашаму задрыпанаму плянаваньню, колькі вадоймішчаў затручана сточнымі водамі ды адкідамі фабрычнае вытворчасьці. Нам, рыбам, дыхаць няма чым. Ня кажучы ўжо, што ікра гіне. А ікра – гэта ж нашае маладое пакаленьне. Нашая зьмена. - Дык мы ж, таварыш Карась, штучна зарыбляем вадоймішчы, малькоў пушчаем. - Малькоў... Панішчылі рыбу сваёй хеміяй, а цяпер – малькоў. Вада ў рэчках зрабілася гэткая паскудная, што нават жабы ўсьлед за вачыма ўцякаюць. Што там у вас за безгалоўе дзеіцца? Гэта ж, проста сказаць, ідыёцтва. - Вы б, грамадзянін Карась, выбіралі словы крышку далікатнейшыя. А то ведаеце, гэтакія безадказныя заявы. Так што вы ня надта. - Ага, здаровая крытыка да не спадобы. - Прычым тут здаровая крытыка... (Шум глушылак)

Вось такая гаваркая рыбінка карась. Але чуваць, што і людзі цяперака добра паразьвязвалі языкі. Калі ўжо карась ня хоча смажыцца, і то ў сьмятане. Дык людзі і пагатоў!”

(Дыктарка: ) “Васіль Крыцкі чытаў фельетон “Карасёва крытыка”. Перад тым, як разьвітацца з вамі, прыгадваем, што нашыя праграмы перадаюцца на дзьвюх хвалях: 31 і 41 мэтар у наступныя гадзіны паводзе менскага часу. Ад 8-ай да 9-ай гадзіны раніцы на хвалі 41 мэтар, і ад 9-ай да 11-ай гадзіны раніцы на хвалі 31 мэтар. Увечары ад 18-ай гадзіны..”. (Шум глушылак)
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG