Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пракуратура лічыць арышт і ўтрыманьне Марыніча ў КГБ абгрунтаванымі


Алег Грузьдзіловіч, Менск Абласная пракуратура прызнала абгрунтаванымі арышт Марыніча і яго ўтрыманьне ў сльедчым ізалятары КГБ. Між тым, адвакаты былога міністра настойваюць на ягоным дадатковым мэдычным аглядзе, у тым ліку просяць дасьледаваць, ці ня выкарысталі сьледчыя супраць Міхаіла Марыніча псыхатропныя сродкі.

Міхаіл Марыніч у ізалятары КГБ атрымаў ліст ад пракурора Менскай вобласьці Анатоля Ліска. Гэта адказ на скаргу, якую вязень накіраваў у пракуратуру яшчэ два тыдні таму. У сваім лісьце Анатоль Лісок паведамляе, што ня бачыць парушэньняў закону ў дзеяньнях сьледчых КГБ. Аднак абарона Міхаіла Марыніча працягвае настойваць на парушэньнях з боку сьледчых. Паводле адваката Веры Страмкоўскай, гэта асабліва тычыцца пачатку сьледзтва:

(Страмкоўская: ) “Шмат парушэньняў закону, і перш за ўсё менавіта падчас затрыманьня Марыніча і завядзеньня крымінальнай справы. Не было ніякіх падставаў затрымліваць Міхаіла Марыніча, забіраць ягоныя грошы і дагэтуль іх трымаць у КГБ. І няма сувязі паміж тым, што ён быў 24 красавіка спынены на трасе, у яго забралі грошы, а цяпер ён утрымліваецца ў ізалятары КГБ паводле 295 артыкулу — гэта незаконныя дзеяньні са зброяй”.

Адабраныя ў Міхаіла Марыніча 90 тысяч даляраў сьледчыя КГБ дагэтуль не вярнулі, хаця яны ніяк не фігуруюць у справе экс-міністра. Адвакат Вера Страмкоўская надае асаблівую ўвагу мэдычнаму боку справы Міхаіла Марыніча — яму 64 гады, у яго хворае сэрца, і ёсьць іншыя праблемы са здароўем, таму далейшае ўтрыманьне ў камэры КГБ зь вялікай вільготнасьцю яму шкодзіць, — заяўляе абаронца і просіць прызначыць паўторны мэдычны агляд Міхаіла Марыніча. Таксама Вера Страмкоўская просіць пракуратуру праз мэдычнае дасьледаваньне высьветліць, ці не выкарыстоўваліся супраць былога міністра псыхатропныя сродкі.

(Страмкоўская: ) “На відэастужцы, якую я бачыла, што зьнялі пасьля затрыманьня Міхаіла Марыніча 24 красавіка, ён неяк дзіўна выглядаў, і размова ягоная… Гэта ўсё і дало мне падставы для сумневу”, — кажа Вера Страмкоўская.

Тым часам умовамі ўтрыманьня Міхаіла Марыніча ў КГБ зацікавіўся францускі амбасадар у Беларусі Стэфан Шмялеўскі, які прадстаўляе ў Беларусі пасла Ірляндыі як кіраўніка прадстаўніцтва Эўразьвязу. Паводле адваката Веры Страмкоўскай, францускі амбасадар плянуе наведаць Міхаіла Марыніча ў ізалятары. Раней амбасадары эўрапейскіх краінаў зрабілі заяву аб падтрымцы Міхаіла Марыніча і заклікалі беларускія ўлады абыходзіцца з былым міністрам выключна ў адпаведнасьці з законам.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG