Лінкі ўнівэрсальнага доступу

І.Леднік: без дэмакратызацыі правоў не абараніць


Аргкамітэт камісіі ў справе рэабілітацыі ахвяр палітычных рэпрэсій зьвярнуўся да ААН.


На сёньняшняй прэсавай канфэрэнцыі сябры аргкамітэту заклікалі ААН тэрмінова распачаць экспэртызу дзеяньняў беларускіх уладаў у дачыненьні да палітычных апанэнтаў. Праваабаронцы адзначылі шэраг парушэньняў правоў грамадзянаў краіны.

Былы адвакат Аляксандра Казуліна Ігар Рынкевіч апрануўся ў чорнае, каб на прэсавай канфэрэнцыі дадаткова прадэманстраваць: дзень прыняцьця Усеагульнай дэклярацыі правоў чалавека ў Беларусі — не дзяржаўнае сьвята, а дзень смутку і барацьбы.

“Бо гэта такі дзень, які звычайна суправаджаюць розныя парушэньні правоў чалавека. Вось і сёньня зранку затрымалі прадпрымальніка Макаева, які таксама ўваходзіць у наш аргкамітэт грамадзкай камісіі абароны ахвяр палітычных рэпрэсій”.

Ігар Рынкевіч зачытаў заяву, у якой аргкамітэт грамадзкай камісіі заклікае ААН узмацніць кантроль за сытуацыяй з правамі чалавека ў Беларусі. У прыватнасьці, прапануецца стварыць групу экспэртаў, якія ацэняць дзеяньні беларускіх уладаў у дачыненьні да палітычных апанэнтаў. Паводле праваабаронцы, беларускія ўлады праводзяць мэтанакіраваныя рэпрэсіі супраць апанэнтаў.

Найбольшая колькасьць прыкладаў перасьледу, якія прагучалі на прэсавай канфэрэнцыі, тычылася прадпрымальнікаў, якія як раз у той час зьбіраліся на мітынг на Кастрычніцкай плошчы. Гэта адбываецца насуперак роўнаму праву на судовую абарону, абвешчанаму Дэклярацыяй правоў чалавека, нагадаў юрыст Сяргей Балыкін.

“Супраць прадпрымальнікаў выкарыстоўваюцца, сярод іншага, захады пазасудовага ціску. Шмат якія пакараньні накладаюцца ў адміністрацыйным парадку, без суду, таму можна казаць: гэты прынцып Дэклярацыі ў Беларусі не выконваецца”.

Кацярына Садоўская, якая год адбыла ў Гомельскай жаночай калёніі праз абвінавачаньне ў паклёпе на прэзыдэнта, засьведчыла: яна бачыла тэкст Дэклярацыі правоў чалавека толькі ў турэмнай бібліятэцы. Што да рэальнага жыцьця ў калёніі, пра гэты дакумэнт там ня ведаюць і ім не кіруюцца, кажа Кацярына Садоўская.

Ці вырашаюцца ў галіне правоў чалавека хоць нейкія праблемы?

Прадпрымальнік Ігар Леднік выказаў думку: “Масавыя парушэньні правоў чалавека ў Беларусі непазьбежныя, пакуль не адбудзецца дэмакратызацыі грамадзка-палітычнага жыцьця”.




Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG