Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Начная аБЛОГа 7 сьнежня


Агляд беларускага інтэрнэту


На форумах парталу TUT.by пішуць пра сустрэчу прэзыдэнта ЗША Джорджа Буша з дэлегацыяй беларускай апазыцыі і абмяркоўваюць фотаздымак, зроблены ў часе гэтай сустрэчы. Вось некалькі камэнтароў:

“Хоць забіце, але ў нашых актывістаў, якія увесь час змагаюцца з дыктатурай і пражываюць ва умовах эканамічнага краху, выгляд больш здаровы, чым у амбасадара і прэзыдэнта ЗША. Мяркую, гэта будзе сюрпрызам для усіх удзельнікаў амэрыканскіх сустрэчаў. І апранутыя прыстойна!.. Севярынец мог бы для поўнага камплекту лапці надзець, слуцкі пояс завярнуць, капялюш саламяны і г.д.”

“Цікава будзе параўнаць фоткі з Вэнэсуэлы з гэтымі... У пэўны, што калі б Лукашэнку запрасілі ў Вашынгтон, дык вось бы ужо бэтэшнікі расьпіналіся наконт прызнаньня Беларусі самай вялікай і гуманістычнай дзяржавай у сьвеце”.

А ў суполцы by_politics абмяркоўваюць інфармацыю радыёстанцыі “Эхо Москвы”: прэзыдэнт Расеі Уладзімэр Пуцін узначаліць гэта званую “саюзную дзяржаву”, а беларускі лідэр Аляксандра Лукашэнка узначаліць саюзны парлямэнт. Меркаваньні чальцоў суполкі:

“Ужо нямала было сэнсацыяў, дый яшчэ нямала будзе. То варта пачакаць, балазе нядоўга”.

“Працэс аб’яднаньня патрабуе рэфэрэндуму. А мы толькі што мелі адзін рэфэрэндум. Адпаведна, усе будуць даводзіць, што легітымнасьць Пуціна недастатковая, калі ён пайшоў на яшчэ адзін рэфэрэндум. Лукашэнка не зьбіраецца й ня пойдзе на перадачу улады ў Беларусі”.

“Найхутчэй, самае складанае пытаньне – гэта юрыдычная база... Хоць выглядае на тое, што Пуцін з Лукашэнкам нікуды не сьпяшаюцца... У іх у руках практычна усе мэдыі, ня нашая і ня іхная апазыцыя не уяўляе рэальнай сілы, большасьць элітаў ў Расеі на баку рэжыму, у Беларусі элітаў увогуле мала”.

Заўтра, 8 сьнежня спаўняецца 16 год з моманту падпісаньня Белавескага пагадненьня, у выніку чаго зьнік Савецкі Саюз. Блогер Аляксандар Брэчэк аналізуе прычыны развалу СССР і прыходзіць да высновы, што ва усім была вінаватая эканоміка: “Першы званок сыстэме празьвінеў яшчэ ў 1973-1974 гадох, калі дзякуючы усясьветнаму нафтаваму крызысу ў краіну буйной плыней пацяклі нафтадаляры, і як цяпер у Расеі, здавалася, што ім ня будзе канца... У выніку ужо XI пяцігодка (1980-1985 гг.) завяршылася з нулявым прыростам вытворчасьці працы, а ВУП у разьліку на душу насельніцтва склаў усяго толькі каля 37% ад узроўню ЗША, што дазваляла СССР прэтэндаваць толькі на узровень краіны трэцяга сьвету”.

У суполцы Жывога Журналу minsk_by абмяркоўваюць навіну – расейскі палітык Уладзімэр Жырыноўскі пісьмова папрасіў прабачэньня ў выкладчыка з Горадні Міхаіла Жураўкова. Спадар Жураўкоў палічыў абразай краіны заяву палітыка пра тое, што ў гады вайны Беларусь прадалася немцам. Ён зьвярнуўся ў Дзярждуму Расеі. Тады Жырыноўскага, як дэпутата прымусілі прынесьці прабачэньні. Камэнтары чальцоў суполкі:

“Выкладчык выклаў урок”.

“Дакладна! Урок гісторыі й добрых манэ”.

«Аднабаковае саўковае разуменьне: фашысты дрэнныя, мой дзед іх на фронце з ППШ!»

«Фашысты былі ў Італіі. У Нямеччыне былі элемэнты фашызму, але найперш гэта нацызм.... фашысты напалі на маю краіну... напалі не дзеля таго, каб вызваліць туземныя народы ад камунізма, забіваючы ўсіх. І людзі ваявалі хутчэй не за камунізм, а супраць нацызму».

Дасылайце свае ідэі для “Начной аБЛОГІ”, а таксама любыя іншыя прапановы, тэксты і гукі на электронны адрас NSvaboda@tut.by. Тэлефануйце на менскі аўтаадказьнік 266-39-52 і дасылайце смс-паведамленьні на нумар 391-22-24.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG