Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навошта Беларусі патрэбны Рух недалучэньня?


Аляксандар Лукашэнка і прэзыдэнт Ірану Махмуд Ахмадзінэжад на саміце Руху недалучэньня ў Гаване, верасень 2006 Cuba -- Mahmud
Аляксандар Лукашэнка і прэзыдэнт Ірану Махмуд Ахмадзінэжад на саміце Руху недалучэньня ў Гаване, верасень 2006 Cuba -- Mahmud

Валер Карбалевіч, Менск (эфір 15 верасьня) Новая перадача сэрыі “Экспэртыза Свабоды”.

Удзельнікі: палітолягі Аляксандар Ціхаміраў і Андрэй Фёдараў.

(Валер Карбалевіч: ) “З нагоды ХIV саміту Руху недалучэньня, які праходзіць у Гаване, беларускія афіцыйныя мэдыі распачалі моцную піяр-кампанію, рэклямуючы гэтую арганізацыю й той нібыта вялікі плён, які мае Беларусь ад удзелу ў ёй. Напрыклад, сьцьвярджаецца, што Рух недалучэньня — гэта другая ва ўплывовасьці арганізацыя ў сьвеце пасьля ААН, на той падставе, што туды ўваходзіць вялікая колькасьць сяброў — 115 (згодна зь іншымі крыніцамі, 116) краінаў.

Што сабой уяўляе сёньня Рух недалучэньня? Якая ягоная палітычная плятформа? Ці сапраўды, як сьцьвярджаюць беларускія афіцыйныя асобы й мэдыі, галоўная мэта арганізацыі — барацьба супраць “аднапалярнага сьвету”, то бок, супраць ЗША?”

(Аляксандар Ціхаміраў: ) “Рух недалучэньня зьявіўся яшчэ ў час халоднай вайны. Пасьля яе заканчэньня ён перажывай крызіс. На мой погляд, пакуль з гэтага крызісу Рух яшчэ ня выйшаў. І цяпер ён шукае свой твар. Таму такія заявы беларускіх прадстаўнікоў, што Рух недалучэньня стаў важнай часткай шматпалярнага сьвету, рабіць рана”.

(Андрэй Фёдараў: ) “Рух недалучэньня — гэта ўвогуле анахранізм. Ён сапраўды быў створаны ў час халоднай вайны і аб’ядноўваў краіны, якія не хацелі далучацца ні да аднаго з тагачасных блёкаў: савецкага і амэрыканскага.

Тады на чале Руху недалучэньня стаялі харызматычныя моцныя лідэры ўсясьветнага маштабу: кіраўнік Інданэзіі Сукарна, лідэр Кубы малады Кастра, лідэр Югаславіі Іосіп Броз Ціта, прэзыдэнт Ганы Крума, кіраўнік Эгіпту Гамаль Абдэль Насэр. Цяпер такіх асобаў няма. Застаўся Кастра, але ён, як кажуць, зьнікаючая натура.

У інтэрнэце я знайшоў мапу, дзе белым колерам паазначаныя тыя краіны, якія не ўваходзяць у Рух недалучэньня, а блакітным — сябры гэтага руху. І з гэтай мапы відаць, што адбыўся падзел на амаль усю белую Поўнач і ўвесь блакітны Поўдзень. У Рух уваходзіць уся Афрыка, акрамя Заходняй Сахары. На Блізкім Усходзе — усе краіны, акрамя Ізраілю й Турцыі. У Лацінскай Амэрыцы сябрамі Руху зьяўляецца большасьць краінаў, аднак буйныя краіны Бразылія, Аргентына, Уругвай і Парагвай не ўваходзяць туды. Паўночная Амэрыка ўся белая. Сябрамі Руху недалучэньня зьяўляюцца амаль усе краіны Паўднёвай Азіі, аднак там няма Кітаю, Японіі, Паўднёвай Карэі. Нават Казахстан, Таджыкістан, Кыргызстан туды не ўвайшлі. А ў Эўропе адзіная блакітная пляма — гэта наша краіна.

Сёньня Рух недалучэньня ніякім чынам не вызначае міжнароднай палітыкі. Гэта не другая ў сьвеце ўплывовая арганізацыя, і нават не дзясятая. Можна паспрачацца пра тое, ці зьяўляецца ААН першай арганізацыяй у сьвеце, але гэта іншая тэма. Таму беларускія афіцыйныя мэдыі імкнуцца выдаць жаданае за сапраўднае”.

(Карбалевіч: ) “Сапраўды, Рух недалучэньня вельмі не структураваная арганізацыя. Яна ня мае свайго статуту, кіроўнага органу. Рух уключае ў сябе вельмі розныя дзяржавы з рознымі геапалітычнымі ды ідэалягічнымі інтарэсамі. І падчас вострых міжнародных крызісаў Рух недалучэньня ніяк сябе не выявіў як нейкая сур’ёзная кансалідаваная сіла. Гэта, хутчэй, нейкі клюб, месца для сустрэчаў кіраўнікоў.

Беларусь адзіная з эўрапейскіх дзяржаваў уваходзіць у Рух недалучэньня з 1998 году. Дарэчы, з краінаў СНД, акрамя Беларусі, яшчэ толькі дзьве дзяржавы зьяўляюцца сябрамі Руху. Што дае Беларусі ўдзел у Руху недалучэньня? Якія дывідэнды атрымала краіна за шэсьць гадоў сяброўства? І чаму нават беларускія саюзьнікі з АДКБ ці ЭўрАзЭС не імкнуцца туды, а імкнуцца, напрыклад, ва Ўсясьветную гандлёвую арганізацыю?”

(Ціхаміраў: ) “Сапраўды, Рух недалучэньня — гэта ў асноўным пляцоўка для перамоваў. Беларусь малавядомая краіна ў сьвеце, асабліва для краінаў трэцяга сьвету. І таму ў рамках гэтай арганізацыі наша краіна можа паказаць сябе, наладзіць кантакты. Але ня больш за тое. І кантакты з краінамі Азіі, Афрыкі ды Лацінскай Амэрыкі разьвіваюцца не праз Рух недалучэньня, а праз двухбаковыя кантакты.

Раней у афіцыйнага Менску былі пляны, каб з дапамогай краінаў-сябраў Руху недалучэньня Беларусь магла трапіць у нясталыя сябры Рады Бясьпекі ААН. Але з гэтага нічога не атрымалася.

І нават у эканамічным пляне галоўнымі партнэрамі Беларусі застаюцца Расея і краіны Эўразьвязу. Такі прыклад: нават з ЗША ў нас гандлёвы абарот большы, чым з Іранам, зь якім мы сябруем. Дарэчы, нават у дакумэнтах Міністэрства замежных справаў шмат гадоў нічога пра дасягненьні ў разьвіцьці кантактаў з краінамі Руху недалучэньня не казалася. І толькі апошні момант пачалася такая інфармацыйная хваля. А з 1998 году быў пэрыяд маўчаньня”.

(Фёдараў: ) “Найперш хацеў бы адзначыць, што Беларусь фармальна ня мае права быць сябрам Руху недалучэньня. Бо паводле правілаў, туды ўваходзяць краіны, якія не зьяўляюцца членамі вайскова-палітычных блёкаў і ня маюць на сваёй тэрыторыі замежных вайсковых базаў. А, як мы ведаем, Беларусь уваходзіць у блёк Арганізацыі дамовы аб калектыўнай бяспецы СНД, вайсковы саюз з Расеяй, і на беларускай тэрыторыі знаходзяцца вайсковыя базы. Але той факт, што нягледзячы на гэта Беларусь прынялі ў Рух недалучэньня, сьведчыць, што гэтая арганізацыя згубіла сваю індэнтычнасьць.

У другой палове 1990-х гадоў Беларусь апынулася ў міжнароднай ізаляцыі з-за падзеяў, зьвязаных зь лістападаўскім рэфэрэндумам 1996 году. І выйсьце з ізаляцыі Менск спрабаваў знайсьці на шляху ўступленьня ў Рух недалучэньня. Але гэта не ўдалося.

Міністар замежных справаў Беларусі Мартынаў для доказу плённасьці ўдзелу краіны ў Руху недалучэньня прыводзіць такія факты. У ААН былі прынятыя пэўныя рэзалюцыі (напрыклад, па чарнобыльскіх праблемах), прапанаваныя Беларусьсю, і не былі прынятыя рэзалюцыі з крытыкай парушэньня правоў чалавека ў Беларусі — дзякуючы падтрымцы сяброў Руху недалучэньня. Але ці можна гэта лічыць дасягненьнем?

У Камісіі правоў чалавека ААН (цяпер яна называецца Рада правоў чалавека) у Жэнэве, дзе амаль палову сяброў складаюць члены Руху недалучэньня, апошнія гады прымаліся рэзалюцыі з асуджэньнем беларускіх уладаў за парушэньне правоў чалавека. Але гэта такі фармальны падыход. Бо насамрэч і тыя рэзалюцыі, у якіх крытыкавалася Беларусь, і тыя рэзалюцыі супраць Беларусі, якія не былі прынятыя, ніяк на сытуацыю ў нашай краіне не ўплываюць.

Эканамічнае супрацоўніцтва Беларусь з большасьцю краінаў-сябраў Руху недалучэньня мінімальнае ці ўвогуле адсутнічае. І пэрспэктываў у гэтым сэнсе няма. Таму пакуль што ўдзел Беларусі ў Руху недалучэньня нічога краіне ня даў”.

(Карбалевіч: ) “За гады сяброўства доля сяброў Руху недалучэньня, увогуле краінаў трэцяга сьвету ў гандлёвым абароце Беларусі не павялічылася. Наколькі рэалістычныя прапановы беларускага кіраўніцтва кансалідаваць Рух недалучэньня ў антыамэрыканскім кірунку? Пра гэта казалі й Лукашэнка, і міністар замежных справаў Мартынаў”.

(Ціхаміраў: ) “Такія ініцыятывы Беларусі нагадваюць нерэалізаваныя іншыя ініцыятывы — кшталту стварэньня восі Менск—Масква—Пэкін. Гэта пажаданьні, якія нерэальныя. Напрыклад, адна з найбольш уплывовых краінаў Руху недалучэньня Індыя апошнім часам пашырае кантакты з ЗША.

Ёсьць некаторыя краіны зь лідэрамі, якіх можна назваць харызматыкамі (прэзыдэнт Вэнэсуэлы Чавэс, прэзыдэнт Ірану Ахмадзінэджад), магчыма і хацелі б стварыць у Руху недалучэньня нейкі вайскова-палітычны блёк супраць ЗША, але гэта нерэальна. Бо там шмат краінаў з рознымі інтарэсамі й геапалітычным становішчам.

Таму такія прапановы разьлічаныя больш на ўнутраны ўжытак. Трэба паказаць насельніцтву нібыта значную ролю Беларусі ў сьвеце. Але гэтыя ініцыятывы, відавочна, закончацца нічым”.

(Фёдараў: ) “Хацеў бы адзначыць, што беларуская ініцыятыва выказваецца больш асьцярожна і дыпляматычна, чым вы, спадар Карбалевіч, яе сфармулявалі. Рух недалучэньня афіцыйны Менск імкнецца кансалідаваць ня супраць ЗША, а супраць “аднапалярнага сьвету, за шматпалярны сьвет”. Зразумела, насамрэч гэта адно і тое ж. Але дэталь вельмі істотная, яна сьведчыць пра тое, што нават кіраўніцтва Беларусі не імкнецца публічна дэманстраваць свайго антыамэрыканізму.

Я цалкам згодны з спадаром Ціхаміравым, што стварыць у Руху недалучэньня структуру супраць ЗША немагчыма. Сапраўды, найбольш уплывовыя сябры гэтай арганізацыі (Індыя, Савудаўская Арабія ды іншыя) не зацікаўленыя ў антыамэрыканскай палітыцы. Але я сумняюся, што нават тыя ж Чавэс, Кастра, Ахмадзінэджад, да іх можна далучыць Кім Чэн Іра, хацелі насамрэч стварыць нейкую антыамэрыканскую структуру. Бо ніхто ня хоча дражніць ільва. Яны задавальняюцца пакуль толькі рыторыкай. Таму цяперашнія беларускія ініцыятывы — гэта піяр-акцыі для ўнутранага карыстаньня”.

(Карбалевіч: ) “Такім чынам, ніякіх асаблівых выгадаў, напрыклад, у эканамічнай сфэры ад удзелу ў Руху недалучэньня краіна не атрымала. Самыя вялікія дывідэнды для афіцыйнага Менску — палітычныя ды ідэалягічныя”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG