Гісторык і літаратуразнаўца Аляксей Каўка больш за трыццаць гадоў жыве ў Маскве, дзе доўгі час займаўся беларусістыкай у Інстытуце ўсясьветнай літаратуры імя Максіма Горкага. Ён актыўна ўдзельнічае ў жыцьці беларускай суполкі ў расейскай сталіцы, рэдагуе і выдае навуковы альманах “Скарыніч”. Сёлетні год выдаўся плённым для навукоўца: пабачылі сьвет адразу дзьве ягоныя кнігі — “Ад Скарыны да Купалы” і “Каб не забыцца”. Абодва выданьні Аляксей Каўка днямі прэзэнтаваў у Менску.
(Міхась Скобла: ) “Спадар Аляксей, адна з чэхаўскіх гераіняў паўтарае, як заклён: “У Маскву! У Маскву! У Маскву!”. А нядаўна я перачытваў дзёньнікі Алеся Адамовіча і напаткаў таксама трохкратнае: “У Глушу! У Глушу! У Глушу!”. Чаму беларусы ў Маскве не прыжываюцца? Чаму яна іх адпрэчвае — і прыжыцьцёва, і нават пасьмяротна?”
(Аляксей Каўка: ) “Можа, вы трохі перабольшваеце. Дыяспара беларуская ў Маскве даволі шматлікая — каля 80 000 чалавек. І адтоку масавага я нешта не бачыў. Наадварот, апошнім часам назіраецца наступ на Маскву з боку Беларусі. Але стрыжань вашага пытаньня мне зразумелы, і ў ім ёсьць свая рацыя. Што тут можна адказаць? Прыцягненьне радзімы — яно неадольнае. Прыгадайма народнае: “Дарагі той куток, дзе вязалі пупок”. Ці словы Францішка Багушэвіча: “Калок свой мілейшы, чым чужыя клямкі”. Так што — “і мне б дамоў вярнуцца ня госьцем і спачыць на ціхім пагосьце, пахілёна ля крыжа маці. “Набадзяўся, сыночак, хваце…” Ну, але гэты мой мінор, магчыма, недарэчы”.
(Скобла: ) “Сапраўды, недарэчы — нядаўна ў вас выйшлі адразу дзьве кнігі, падзея для аўтара, я думаю, радасная. Адна зь іх — “Ад Скарыны да Купалы” — выдадзеная пад грыфам Інстытуту ўсясьветнай літаратуры Расейскай Акадэміі навук. А ці ёсьць у гэтым інстытуце аддзел беларускай літаратуры? Увогуле, акадэмічная расейская навука цікавіцца беларусістыкай, ці ня вельмі?”
(Каўка: ) “У Інстытуце ўсясьветнай літаратуры адмысловага беларускага аддзелу няма, зрэшты, як і аддзелаў літаратуры другіх краінаў — былых савецкіх рэспублік. Ёсьць аддзел літаратураў народаў Расеі і краінаў СНД. Няблага прадстаўлена там украіністыка, каўкаскія літаратуры. Апошнія пятнаццаць гадоў у гэтым інстытуце беларусістыкай давялося займацца мне. Пэўны плён — і ў згаданай вамі маёй кнізе. Дарэчы, лічу сваім абавязкам выказаць удзячнасьць кіраўніцтву Інстытуту і Расейскаму навуковаму гуманітарнаму фонду, якія фінансавалі выданьне маёй кнігі. А фінансаваньне выбіць у Маскве няпроста: вельмі патрабавальны адбор, конкурс вялікі. І факт выхаду “Ад Скарыны да Купалы” ёсьць пачаткам адказу на ваша пытаньне.
Мне хочацца зьвярнуць увагу на два ракурсы ўспрыманьня Беларусі ў Расеі. Ракурс палітычны — ён вядомы, нават стэрэатыпны: “Единый народ, единая история, единое государство”. Дагаворваюцца нават часам і да “общего языка”. І другі ракурс больш паглыблены, больш аб’ектыўны — акадэмічна-навуковы. І з гэтага гледзішча апошнім часам увага да нашай краіны, да нашай культуры, да гісторыі, увогуле да супольнасьці беларускай сярод навуковай грамадзкасьці Расеі відавочна ўзрастае. Можна гаварыць пра якасна іншы падыход”.
(Скобла: ) “А ў чым гэты новы якасны падыход выяўляецца?”
(Каўка: ) “Магу прывесьці канкрэтныя прыклады. Апошнім часам выйшла пару вельмі вартасных навуковых кніг. Прыкладам: “Войны Московской Руси с Великим Княжеством Литовским”, штогоднікі “Беларусь и Украина”, якія выдае Інстытут славяназнаўства, дзе даволі аб’ектыўна, паглыблена аналізуюцца праблемы нашай гістарычнай і дзяржаўнай традыцыі, праблемы расейска-беларускіх узаемадачыненьняў цягам многіх стагодзьдзяў. Альбо можна згадаць вясёлую паводле зьместу і сур’ёзную паводле навуковага апарату кнігу “Белорусский эротический фольклор”...
Дысэртацыі кандыдацкія па беларуска-расейскіх узаемаадносінах пачасьціліся. Прыкладам, нядаўна была абароненая дысэртацыя “Белорусская диаспора в Москве” — вельмі цікавае навуковае дасьледаваньне. У маскоўскім Славянскім унівэрсытэце трохі выкладаецца беларусістыка, там плённа працуюць навукоўцы Лабынцаў і Шавінская. Тры гады таму мне давялося сустракацца са слухачамі беларускага патоку ў Бранскім пэдагагічным унівэрсытэце. Там адмыслова набраная група, у якой няблага вывучаецца беларуская мова і ўвогуле беларусістыка, прычым расейцамі зь мясцовых ваколіцаў. Так што зрухі ў нашых дачыненьнях ёсьць, і яны спрыяюць фармаваньню ў расейскай прасторы не міталягізаванага, не “ущербного”, а рэальнага вобраза Беларусі й беларуса”.
(Скобла: ) “Абмаскалены беларус — вялікая і страшная тэма”, — прачытаў я ў вашай кнізе “Каб не забыцца”. А чым “абмаскалены” наш суайчыньнік — больш страшная зьява, чым, напрыклад, “апалячаны беларус”?
(Каўка: ) “У чым тут страх, у чым праблема? Незваротная страта сваёй нацыянальнай тоеснасьці ў іншым этнічным асяродзьдзі. Раней лічылася, што беларусаў у Расеі — каля мільёну. Цяпер — 800 000. Хоць статыстыка расейская тут, мабыць, скажам па-расейску, “лукавит”. І ўсё ж “абмаскалены беларус” — гэткая ж страшная зьява, як і “беларус апалячаны”. Гадоў дваццаць таму ў Польшчы налічвалася каля 300 000 беларусаў. Колькі засталося цяпер? Трохі больш за 50 000. Вельмі паказальныя лічбы. Але ўзмацненьне супраціўляльнасьці ўнутранай і духовай гэтай аб’ектыўнай асыміляцыі павінна прысутнічаць у нашай сьвядомасьці. Я хачу згадаць сьветлай памяці нашага мысьляра й летапісца Міколу Ўлашчыка. Аднойчы ў размове са мною ён заўважыў адносна аднаго нашага навукоўца, які жыў у зрусыфікаваным Берасьці: “Бачыце — адзін чалавек, а колькі Беларусі на сабе трымае”. Дык і ўсім нам трэба трымаць “на сабе Беларусі” колькі змогі”.
(Скобла: ) “Цяпер у часопісе “Дзеяслоў” пачалі публікавацца вашы дзёньнікі з часоў побыту ў Варшаве ў якасьці дарадцы савецкай амбасады ў Польшчы. Гэта канец 1970-х — пачатак 1980-х гадоў. У Янкі Купалы: “Варшава панская і царская Масква” — абое рабое ў адносінах да Беларусі. А па вашых назіраньнях, хто з нашых суседзяў больш прыхільны да Беларусі?”
(Каўка: ) “Гэта наш кон — знаходжаньне паміж, якое камплікавала і працягвае камплікаваць нашае нацыянальнае самапачуцьцё, нашае дзяржаўнае самасьцьверджаньне. У часы Купалы назіралася пэўная раўнавага, калі можна так сказаць, па сіле ўціску. Памятаеце, і ў Коласа падобнае: “З двух бакоў айцы дубінай заганялі нас у рай” — і з польскага, і з расейскага. Але сёньня сытуацыя цалкам зьмянілася. З боку Польшчы цяпер для Беларусі як дзяржаўнай цэласьці няма пагрозы. Так што тут Купала, відаць, не паўтарыў бы свой цалкам справядлівы для свайго часу папрок.
Згадаю адзін паказальны факт. Неяк у Варшаве ладзілі мы ў Доме савецкай навукі й культуры вечарыну, прысьвечаную беларускай паэзіі. І прыйшоў на яе сівы, як лунь, нямоглы ўжо польскі паэт Ежы Путрамант. Памятаю, як ён сярод іншага зачытаў на памяць верш Максіма Танка: “Ну што, кажы, што ў вас чуваць, — Пачаў стары пра сенажаць. Успомніў жыта і авёс, А вочы – мокрыя ад сьлёз”. І далей да апошняга радка Путрамант на адным дыханьні выдыхнуў, выгукнуў, вычуліў той танкаўскі верш! І падагульніў пан Ежы сваё нязвыклае чытаньне проста і шчыра: “Po-białorusku mowić nie potrafię, a ten wiersz pamiętam. I to jest siła poezji!”
(Скобла: ) “Сапраўды, яскравы факт. А ці даводзілася вам бачыць нешта падобнае ў Маскве?”
(Каўка: ) “За ўсе гады жыцьця ў Маскве мне, на жаль, ні разу не прыйшлося перажыць падобнага эстэтычнага ўзрушэньня ад гучаньня роднага беларускага слова з вуснаў расейскага пісьменьніка. Стаўленьне тут на масавым узроўні застаецца ранейшым, імпэрскім: “Белорусы — наши младшие братья, мы их и без перевода понимаем”.
(Скобла: ) “Наконт зразумеласьці нашай мовы для расейцаў… Нядаўна мне ў рукі трапіў “Русско-белорусской разговорник”, выдадзены ў Маскве выдавецтвам “Астрель”. У ім пад 3000 выразаў, і прызначаны ён для бізнэсмэнаў і турыстаў. Як вы лічыце — ён ім патрэбен?”
(Каўка: ) “Ня тое слова! Вядома ж, патрэбен! Бачыце: ужо ня толькі акадэмічная навука, а грамадзкасьць, бізнэсоўцы, турысты цягнуцца да беларускага слова! Значыць, яны цікавяцца нашай краінай, яны яе паважаюць, яны хочуць спасьцігнуць беларускую мову. Я, дарэчы, маю гэты размоўнік. І, гартаючы яго, думаў: каб менскім чыноўнікам на стол па асобніку пакласьці, можа, яны пачалі б вывучаць хоць па размоўніку сваю дзяржаўную мову?! Я ўжо тыдзень у Менску, і ні па тэлевізары, ні па радыё, нідзе ніводнага беларускага слова з вуснаў чыноўнікаў не пачуў! Хоць яны не зьнікаюць ні з эфіру, ні з экрану. Так што падзякуем расейскім братам, што яны нас падштурхоўваюць, у пэўным сэнсе вылечваюць ад нашай нематы й глухаты.
Дарэчы, прыяцель мой, які падараваў мне гэты размоўнік, пакінуў на ім гэткае кранальнае пажаданьне: “Ты туляк, арловец ці масквіч, сала з бульбай зьеўшы упрыкуску, ад Уралу аж па Брайтан-біч з Каўкам гавары па-беларуску!”. Мне гэты аўтограф цепліць душу”.
(Скобла: ) “Перад наступным пытаньнем прывяду цытату з успамінаў Кастуся Езавітава пра Першы Ўсебеларускі кангрэс 1917 году: “Калі хор засьпяваў беларускі гімн “Адвеку мы спалі…”, шмат у каго з маладых і старэйшых нашых дзеячоў спаўзла па шчацэ нечаканая сьляза”. Але да гэтай пары мы ня ведалі аўтара гэтай песьні-гімну. Яе то падавалі ананімна, то прыпісвалі Ўладзіславу Галубку. А вы знайшлі імя аўтара. Дык хто ж ён?”
(Каўка: ) “Аляксандар Аляксандравіч Мікульчык — нараджэнец мястэчка Шацк на Пухаўшчыне, аднагодак Янкі Купалы. Пашчасьціла мне адшукаць арыгінал гэтага вершу пад першапачатковай назвай “Сялянская Марсэльеза”. Гэтая песьня мела ўсенароднае бытаваньне. Мне пісаў Сяргей Грахоўскі, што ў ягоныя школьныя гады ў кожнай школе перад пачаткам урокаў сьпявалі “Адвеку мы спалі…”. Потым, у сувязі з барацьбой з “нацдэмамі”, заглухла гэтая песьня. І мне вось што падумалася. Было б няблага ля Пішчалаўскага замку, дзе Мікульчык сядзеў за падазрэньне ў тэрарызьме, ці ў Шацку, дзе ён нарадзіўся (а можа, і там, і там), усталяваць стэлу зь векавечнымі словамі “Адвеку мы спалі, і нас разбудзілі, Мы зналі, што трэба рабіць! Аляксандар Мікульчык”. Тым болей, у Менску не бракуе помнікаў, неадэкватных нашай гісторыі і культуры”.
(Скобла: ) “Калі ўжо мы загаварылі пра помнік аўтару славутай песьні, згадаю нядаўна вычытанае: у Латвіі народных песьняў-дайнаў — паўтара мільёна! І латышы вельмі ганарацца: амаль кожнаму па песьні прыпадае! А ў нас ці набярэцца столькі песьняў, каб кожнаму беларусу — хоць па адной?”
(Каўка: ) “На мільёны пераходзіць я ўсё ж не адважуся. Але для мяне відавочна, што па якасьці, па самабытнасьці нашай народнай песеннай культуры мы нікому не саступаем. Вазьміце хоць бы наш песенны валачобны цыкль, непаўтораны нідзе. А нашыя прымаўкі, прыказкі, прыпеўкі… Нядаўна выйшла энцыкляпэдыя міталёгіі беларускай, там толькі пазначаныя тэмы, а калі разгарнуць іх!.. Гэта ж багацьце! І тысячы, і мільёны — усё там сабрана. Іншая справа – як мы гэты скарб выкарыстоўваем і наколькі мы зь яго духоўна багацеем”.
(Скобла: ) “Вы родам з Ігуменшчыны — цяперашняй Чэрвеньшчыны. Сёлета ў вашым родным Чэрвені на старых могілках была знойдзеная магіла Апанаса Мякоты — роднага дзеда Максіма Багдановіча. Я ведаю, што вы днямі там пабывалі; ці добраўпарадкаваная яна, ці ўнесеная ў раённы рэестар помнікаў, якія знаходзяцца пад аховай дзяржавы?”
(Каўка: ) “Я лічу гэта адкрыцьцём у багдановічазнаўстве, у нашай нацыянальнай культуры. Мне прыемна, што адшукаў помнік мой даўні сябар, былы настаўнік-фізык, мясцовы краязнавец Уладзімер Дарагуш. Ён бы лепей пра ўсё расказаў”.
(Скобла: ) “Мы патэлефанавалі ў Чэрвень, і вось што пачулі”.
(Уладзімер Дарагуш: ) “Знаходка магілы дзеда Максіма Багдановіча нікога зь мясцовых уладаў не зацікавіла. Я зьвяртаўся да загадчыцы ідэалягічнага аддзелу Чэрвеньскага райвыканкаму, каб далі некалькі бэтонных брускоў — абгарадзіць магілу. Пачуў адказ — няма грошай. Нікому гэтая магіла ня трэба. Ніхто яе ў рэестар помнікаў гісторыі й культуры ня ўносіў. Усё ўпіраецца ў грошы. Быццам на добраўпарадкаваньне магілы трэба мільёны. Я трохі яе ўпарадкаваў, пясочкам падсыпаў, але ж трэба давесьці да ладу”.
(Скобла: ) “Вось так, у Чэрвеньскім райвыканкаме не знайшлося сродкаў на чатыры слупкі, каб абгарадзіць магілу дзеда беларускага геніяльнага паэта. Тут ужо нават не адносіны ўладаў да беларускай нацыянальнай культуры, гэта нешта іншае… Што скажаце, спадар Аляксей?”
(Каўка: ) “У зьвязку з гэтым хочацца прыгадаць адну старазапаветную прыпавесьць. Хам, адзін з сыноў Ноя, згледзеў на сьпячым з падпітку бацьку непрыкрыты сорам. І памкнуўся справакаваць братоў на пацяшэньне зь неабачлівасьці старога. Але тыя, Сім і Яфет, не спакусіліся блюзьнерствам, далікатна ахінуўшы агаленьне на бацькавым целе. Дарэчы, гэтую старазапаветную калізію ў свой час пранікліва пракамэнтаваў Антон Паўлавіч Чэхаў: “Хам заўважыў толькі, што бацька ягоны — п’яніца, і зусім выпусьціў з-пад увагі тое, што ён пабудаваў каўчэг і ўратаваў сьвет”. Дык ня будзем жа мы хамамі ў адносінах да сваіх сьвятыняў!
Але ня хочацца заканчваць гутарку хамскай тэмай. Вернемся да сьвятыняў. Нядаўна я перагортваў свой дзёньнік і спыніўся на запісе ад 10 чэрвеня 1979 году (прашу прабачэньня за самацытату): “Я павінен рабіць тое, што павінен рабіць і ў чым бачу сваё пакліканьне. Так дзейнічае сьветлы наш працаўнік Янка Брыль, ёсьць і нам на каго раўняцца”. Можа, гэтым разам голас наш з-за неспасьціжнай далёкай мяжой пачуе Іван Антонавіч?.. Што слова яго сьветлае жыве, справа яго жыве, як жывуць слова і справа Янкі Купалы, Васіля Быкава і ўся незьнішчальная наша беларушчына”.