Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мікола Абрамчык


Уладзімер Арлоў, Менск 16.8.1903, в. Сычавічы (цяпер Маладэчанскі раён) — 29.5.1970, Парыж. Пахаваны на парыскіх могілках Пэр Ляшэз.

Міколаў прадзед Базыль Абрамчык меў трынаццаць сыноў, і ўсе яны ўзялі ўдзел у паўстаньні 1863 году. Адзін быў за гэта пакараны сьмерцю на царскай шыбеніцы, іншыя высланыя, а Міколавага дзеда Янку выгналі з духоўнай сэмінарыі й пазбавілі грамадзянскіх правоў.

Успадчыўшы незалежніцкія настроі, відаць, на генэтычным роўні, Мікола ўжо ў 19 гадоў, яшчэ займаючыся ў Радашковіцкай беларускай гімназіі, атрымаў мандат упаўнаважанага БНР у Вялейскім павеце. У тым часе нашы нацыянальныя сілы рыхтавалі вызвольнае паўстаньне ў Заходняй Беларусі. З мэтаю каардынацыі дзеяньняў зь менскімі незалежнікамі Абрамчыка пасылаюць у савецкую Беларусь. За два гады ён блізу 30 разоў нелегальна пераходзіць мяжу БССР і ўва ўмовах кансьпірацыі сустракаецца з прафэсарам Усеваладам Ігнатоўскім, тагачасным наркамам асьветы. Менавіта Ігнатоўскі, якога Абрамчык усё жыцьцё будзе называць сваім “духовым бацькам”, і ўвёў яго ў менскі антыбальшавіцкі асяродак.

Апынуўшыся ў 1924-м у Празе, ён атрымлівае адначасова дзьве адукацыі: інжынэра-эканаміста ды гісторыка й сацыёляга. У гады студэнцтва Мікола зблізіўся з старшынём Рады БНР Пётрам Крачэўскім і ягоным спадкаемцам на гэтай пасадзе Васілём Захаркам.

Пасьля разьвітаньня з alma mater Абрамчык больш за год вандруе па Заходняй Эўропе, дзе вывучае эканоміку сельскай гаспадаркі. Аднак у 1931-м, калі ён знаходзіцца ў Ліёне, адбываюцца падзеі, якія кардынальна мяняюць жыцьцё й пляны маладога выпускніка Карлавага ўнівэрсытэту. Па-першае, зь Менску даходзіць вестка пра самагубства Ігнатоўскага. Па-другое, падарожнік знаходзіць у Францыі вялікую беларускую працоўную эміграцыю.

Ад гэтага часу жыцьцё Абрамчыка непарыўна зьвязанае з эміграцыйным рухам. Ён стварае “Хаўрус беларусаў у Францыі”, з посьпехам выступае як публіцыст, выконвае даручэньні прэзыдэнта БНР Захаркі, а з пачаткам 2-й сусьветнай вайны робіць захады, каб беларусы-эмігранты ўступалі ў французкую армію.

Шматгадовы сябар і паплечнік Абрамчыка Лявон Рыдлеўскі ў сваіх успамінах піша, што Мікола мусіў пакінуць Францыю, трапіўшы на вока гестапаўцам. Жывучы нейкі час у Бэрліне, ён арганізаваў Беларускі камітэт самапомачы і ўступіў у кантакты зь Беларускай незалежніцкай партыяй, але быў прымусова вывезены назад у Парыж і жыў пад наглядам гестапа. Тым ня менш, не пакідаў беларускае справы — у прыватнасьці, чакаючы вызваленьня ад нацыстаў, падрыхтаваў шэраг зьвернутых да саюзьнікаў мэмарыялаў пра трагічную сытуацыю беларусаў у складзе СССР.

Па вайне зь імем Міколы Абрамчыка зьвязанае аднаўленьне дзейнасьці Рады БНР, якую ён узначальваў да 1970 году.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG