Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зянон Пазьняк: “Кніга Сяргея Навумчыка – першая ластаўка” (фота)


Радыё Свабода, Нью-Ёрк У нядзелю ў Нью-Ёрку, у грамадзкай залі cабору cьв. Кірылы Тураўскага Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы, адбылася прэзэнтацыя кнігі Сяргея Навумчыка “Сем гадоў Адраджэньня”, прысьвечанай падзеям 1988-1995 гг.

Аўтар кнігі Сяргей Навумчык заўважыў, што хаця і вельмі прыемна прадстаўляць кнігу ў сталіцы сьвету, але куды больш прыемна было б гэта рабіць у сталіцы Беларусі. “Для мяне, як для аўтара, істотна, што прафэсійныя гісторыкі пасьля апублікаваньня часопіснага варыянту кнігі ў ARCHE не аспрэчваюць даты пачатку і завяршэньня апошняй хвалі Адраджэньня – ад выхаду ў чэрвені 1988 года артыкула Пазьняка і Шмыгалёва “Курапаты – дарога сьмерці” і да правядзеньня Лукашэнкам у траўні 1995 годзе рэфэрэндуму па сымболіцы, мове і інтэграцыі з Расеяй”.

Сяргей Навумчык сказаў, што імкнуўся да аб’ектыўнасьці ў аналізе падзеяў, хаця палічыў патрэбным даць і ўласную ацэнку фактаў і асобаў. “Але гэта не мэмуары, мэмуары будуць калі-небудзь пазьней,” – сказаў аўтар і выказаў спадзяваньне, што пра гэты пэрыяд напішуць ня толькі дэпутаты. “Апазыцыя БНФ не дамаглася б посьпеху, калі б не падтрымка тысячаў людзей за сьценамі Вярхоўнага Савета,” – сказаў Навумчык.

Зянон Пазьняк выказаў меркаваньне, што кніга, гэта “культурная і грамадзкая падзея ў жыцьці Беларусі”, бо ў ёй ўпершыню падрабязна апісана аднаўленьне незалежнасьці, і “гэта дае камэртон разуменьня працэсу.” Прыгадваючы нядаўнюю гісторыю, Пазьняк сказаў пра высокі ўзровень адказнасьці актыўнай нацыянальна арыентаванай часткі грамадзтва і адзначыў заканамэрнасьць: на ініцыяваным Гарбачовым ў сакавіку 1990 г. рэфэрэндуме супраць захаваньня СССР прагаласавалі мільён грамадзян. У наступныя часы гэты мільён захоўваўся, падтрымліваў ідэі незалежнасьці і на прэзыдэнцкіх выбарах 1994 году, і на пазьнейшых парлямэнцкіх выбарах.

Зянон Пазьняк сказаў: “Гэтыя людзі, якія ня страцілі нацыянальную сьвядомасьці, якія сталі актыўнымі, і на гэтых людзей мы тады абапіраліся. Сёняшняй моладзі гэта цяжка ўявіць, бо цяпер – зусім іншае грамадзства. Кніжка Сяргея Навумчыка важная тым, што яна шмат якія падзеі паказвае знутры”.

Прыгадваючы тыктыку Апазыцыі БНФ у Вярхоўным Савеце 12-га скліканьня, Пазьняк заўважыў: “У нас не было бойкі “на кулакі”, як у Вярхоўнай Радзе Ўкраіны часоў Краўчука. Бо чалавек, зь якім ты пабіўся, ужо ніколі ня будзе галасаваць, як ты. Мы імкнуліся пераканаць апанэнтаў, імкнуліся ўгаварыць людзей, якія нас ненавідзілі, каб здабыць іх голас. Гэта была сыстэмная праца, якая вялася зь дня ў дзень. І калі б ў некаторых момантах мы спазьніліся хоць на адзін дзень, мы б прайгралі. Але, маючы дзесятую частку парлямэнту, мы вяыйгралі рашаючыя баі – аднавілі незалежнасьць, вярнулі герб і сьцяг”.

Зянон Пазьняк заявіў: “У сёньняшняй Беларусі людзі, якія дамагліся аднаўленьня незалежнасьці, выкінутыя на пэрыфэрыю палітычнага і грамадзкага жыцьця, яны апляваныя, многія зь іх бяз працы. Пра іх ніхто не прыгадвае. І паколькі мы яшчэ жывыя, мы ўзяліся самі апісаць тыя падзеі, і кніга Сяргея Навумчыка – гэта “першая ластаўка”.

Былая дэпутат і член фракцыі БНФ Менскага гарсавету Галіна Пазьняк (Вашчанка) прыгадала нацыянальны ўздым, які панаваў ў Беларусі ў пачатку 1990-х гадоў: “Чытаючы кнігу, я нібыта зноў перажыла слаўныя падзеі”.

Старшыня Рады БНР Івонка Сурвілла сказала, што гэтае выданьне – “першая кніга, якая апісвае найважнейшы пэрыяд гісторыі Беларусі. Але неад’емнай часткай беларускага народу ёсьць дыяспара, якая заўсёды дамагалася незалежнасьці Беларусі. Спадзяюся, што будзе напісаная і гісторыя нацыянальнага змаганьня эміграцыі”.



Выступае Старшыня Рады БНР Івонка Сурвілла, імпрэзу вядзе Старшыня Нью-Ёрскага аддзелу БАЗА Віталь Зайка.



Пра падзеі нядаўнай гісторыі згадвае Зянон Пазьняк.



Падчас прэзэнтацыі: Сяргей Навумчык, Галіна Пазьняк, Антон Шукелайць.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG