Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці насамрэч вядомы лёс усіх зьніклых “інтэрнацыяналістаў”?


Ігар Карней, Менск У апошнія дні зноў паўстала тэма савецкага ўдзелу ў аўганскай вайне 1979-1989 гадоў. Споўнілася 10 гадоў ад моманту ўсталяваньня ў Траецкім прадмесьці Менску помніка-капліцы беларускім салдатам і афіцэрам, загіблым у Аўганістане.

У рамках прымеркаваных да гэтага мерапрыемстваў Беларускі Саюз вэтэранаў вайны ў Аўганістане абвясьціў, што мае інфармацыю пра ўсіх нараджэнцаў Беларусі, якія лічыліся зьніклымі бяз вестак у часе ваенных дзеяньняў. Між тым, я пераканаўся: некаторыя беларускія сем’і дагэтуль нічога ня ведаюць пра сваіх сыноў.

Старшы лейтэнант Генадзь Кулажанка ў 1981 годзе быў накіраваны ў аўганскі Герат у рангу дарадчыка ў справах моладзі. Ад таго часу бацькі пра сына нічога ня ведаюць – ні дзё ён пахаваны, ні пры якіх абставінах загінуў. Таму бацька зьніклага афіцэра Ўладзімер Кулажанка ставіць пад сумнеў заявы кіраўніцтва Беларускага Саюзу вэтэранаў вайны ў Аўганістане.

(Кулажанка: ) “Дакладных зьвестак няма і зараз. Гэта ня праўда, што ўсё вядома. А калі і вядома, то ні мне, ні маці нічога не паведамлялася. Ніякіх пахаваньняў не было, і яго цела сюды дастаўленае не было. І невядома, дзе ён увогуле пахаваны. Вядома толькі, што ўсё адбылося 28 ліпеня 1981 году”.

(Карэспандэнт: ) “І як вам паведамілі – што проста зьнік бяз вестак?”

(Кулажанка: ) “Так, што загінуў геройскі, выконваючы службовыя абавязкі. Прыехалі адразу да мяне ў хату з ЦК камсамолу, зрабілі ўкол, каб не памёр ад стрэсу, паведамілі гэтую горкую навіну. І ўсё, паехалі, на гэтым канец”.

Пры тым, што кіраўнік Беларускага Саюзу вэтэранаў Уладзімер Тоесьцеў заявіў, што мае інфармацыю пра ўсіх зьніклых, насамрэч у афіцыйных справаздачах узгадваецца толькі адзін былы салдат, які нібыта дагэтуль жыве ў Аўганістане.

Усяго ў баявых дзеяньнях на той вайне бралі ўдзел больш за 32 тысячы нараджэнцаў Беларусі. Зь іх 711 загінулі, 40 памерлі ад раненьняў і захворваньняў, 870 вярнуліся інвалідамі. Пасьля вываду з Аўганістану памерлі яшчэ 10 тысяч чалавек.

Маёр дэсантных войскаў Андрэй Івонін камандзіраваўся на вайну тройчы. І кожны раз рабіў адну выснову: бальшыня маладых салдатаў ні фізычна, ні маральна не была падрыхтаваная да ўдзелу ў ваенных апэрацыях.

(Івонін: ) “Абсалютна не падрыхтаваныя былі некаторыя з тых, хто ўваходзіў у Аўганістан. І ўжо бліжэй да вясны ў апэрацыях, калі Міраненка, Чэпік сталі Героямі Савецкага Саюзу пасьмяротна – гэта для дывізіі была, пэўна (нават не напэўна, а дакладна) першая сур’ёзная зубатычына, сур’ёзная апэрацыя, у якой загінулі людзі”.

Зрэшты, слабым суцяшэньнем для бацькоў была і праўда пра тое, пры якіх абставінах іх дзеці загінулі. Ніна Навічонак кажа, што сына забралі у Аўганістан, калі ніхто ў гэта ўжо ня верыў.

(Навічонак: ) “Я ў лістах яму пісала: баюся, каб цябе ў Аўганістан не забралі. Ён адказвае: мама, не хвалюйся, засталося паўгода даслужваць, ніхто нікуды нас не павязе. А іх раз-два сабралі і адвезьлі. Усё, і ніхто не запытваў. Я кажу, хоць бы там яны дакумэнты паглядзелі, з кім ён жыве і як ён жыве. Дый у асноўным у адзінокіх матак і пазабіралі дзяцей. Палова Чыжоўскіх могілак пра гэта сьведчыць”.

Расейскі праваабаронца Сяргей Кавалёў лічыць, што насамрэч дакладна нават невядома, колькі савецкіх салдатаў і афіцэраў зьнікла на тэрыторыі Аўганістану. Затое ў савецкага кіраўніцтва пасьля той вайны зьявіўся іншы “багаж ведаў”.

(Кавалёў: ) “Зноў жа – чаму яшчэ навучыліся ў Аўганістане? Жорсткаму марадэрству і бандытызму, зьнішчэньню людзей проста паводле нацыянальнай прыкметы, без суда і сьледзтва. Паводле, так сказаць, “апэратыўнай неабходнасьці”, якая "ўзбрэндзіла" ў галаву любому вайсковаму начальніку. Вось, уласна кажучы, што адбывалася”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG