25 ліпеня ня стала народнага пісьменьніка Беларусі Янкі Брыля. Ён пайшоў з жыцьця у той жа дзень, што і яго сябар Уладзімер Караткевіч — дзьве жалобныя даты аддзяляюць 22 гады. Цяпер тыя, хто шануе абодвух пісьменьнікаў, могуць 25 ліпеня адзначаць дзень памяці і Караткевіча, і Брыля.
У сытуацыі вакол сьмерці і паховінаў Янкі Брыля зьвяртае на сябе ўвагу маўчаньне ўладаў — аб яго сьмерці было сьціпла паведамлена на трэці дзень у 8-гадзінным выпуску тэленавінаў. Не зьявілася нават нэкралёгаў. На думку пісьменьніка Ўладзімера Арлова, гэта зьвязана з грамадзянскай пазыцыяй Янкі Брыля.
(Уладзімер Арлоў: ) “Янка Брыль — ня проста выдатны пісьменьнік, але і праніклівы, па-народнаму мудры філёзаф — ня быў бы самім сабою, каб адразу не разгледзеў антынацыянальную сутнасьць цяперашняе ўлады. Ён ня меў наконт яе аніякіх ілюзіяў. Адрозна ад Івана Шамякіна Брыль ніколі не пасылаў Лукашэнку віншавальных лістоў ці тэлеграмаў, хай сабе і зь нейкімі просьбамі наконт становішча беларускае мовы. Брыль не палохаўся, калі яго прасілі паставіць подпіс з патрабаваньнем вызваліць палітзьняволеных або падпісаць зварот да суайчыньнікаў перад Днём Волі.
Брыль адразу засьведчыў сваю пазыцыю да пэрыёдыкаў сэрвільнага голдынгу — на старонках захопленых уладаю выданьняў не зьявілася ніводнага радка Івана Антонавіча.
З прычыны паважнага веку ды й складу характару ён ня быў схільны да ўдзелу ў палітычных баталіях. Ён не належаў да палымяных трыбунаў і не выступаў на апазыцыйных мітынгах, але ён быў з тымі, хто выходзіў на менскія вуліцы пад бел-чырвона-белымі сьцягамі. Сваю мужную пазыцыю Брыль у восемьдзесят гадоў засьведчыў, калі выступіў з бліскучаю прамовай, адкрываючы Кангрэс дэмакратычных сілаў.
З Брылём мы былі мацнейшымі.
А ўлада? Улада зь яе тэлебачаньнем, зь яе радыё, зь яе газэтамі проста замоўчвала тое, што побач з намі жыве выдатны пісьменьнік, якім магла б ганарыцца любая эўрапейская літаратура. Як гэта ганебна! Як ганебна тое, што “Советская Белоруссия”, калі прамаўчаць было ўжо проста немагчыма, у нумары за 27 ліпеня назвала народнага пісьменьніка Янку Брыля народным паэтам, а “ЛіМ”, які выйшаў 28 ліпеня, не знайшоў магчымасьці паведаміць пра зыход Івана Антонавіча ні слова”.
(Абламейка: ) “Свой апошні спачын Янка Брыль знайшоў на гарадзкіх могілках паблізу Калодзішчаў, куды вельмі нязручна дабірацца зь Менску. Беларускія ўлады пайшлі на тое, каб не аддаць апошняе ўшанаваньне народнаму пісьменьніку. Гаворыць паэт Уладзімер Някляеў”.
(Уладзімер Някляеў: ) “Пра сьмерць Янкі Брыля “Зьвязда” дала кароткую інфармацыю, БТ бягучы радок кінула. Ні пра месца, ні пра час пахаваньня — ні слова. Чаму так? Адчуваньне вялікіх стратаў патрэбнае для нацыі ня менш, чым адчуваньне вялікіх зьдзяйсьненьняў. У адчуваньні вялікіх стратаў гартуюцца моц і дух нацыі. Урэшце, у адчуваньнях стратаў нацыя і самаствараецца. І таму нашу вялікую страту, страту Янкі Брыля, улада проста замаўчала. Чаму? Таму што яна займела досьвед, як глыбінна адчула Беларусь страту Васіля Быкава. І не дала паўтарыць тое самае яшчэ раз. Тут усё відавочна.
Чаму Янка Брыль у Калодзішчах? Сёньня ўлада можа казаць пра ягоны запавет і г.д. Усё гэта лухта. У 2003 годзе ў Брыля памерла жонка. І я сам, плюнуўшы на ўсе акалічнасьці, грукаўся ў Адміністрацыю прэзыдэнта, каб сказаць там тое, пра што мяне ціха папрасіў Брыль — дазвольце пахаваць жонку на Кальварыйскіх могілках. Я ім кажу: “Вы зразумейце, Брыль, па сутнасьці, для сябе просіць, бо ён ляжа там, дзе жонка. І ён ня просіць у вас ганаровыя Усходнія могілкі”. Што я пачуў? “А, ты говоришь, что он в 1917 году родился, а я думал, что он умер давно…” Такі жарт нібыта. Але ў гэтым жарце – адносіны ўлады да той зьявы эпахальнай, якой быў Янка Брыль. І — было адмоўлена! Таму сёньня Брыль у Калодзішчах”.
(Абламейка: ) “Янка Брыль, як вядома, у тэстамэнце папрасіў правесьці яго ў апошні шлях па сямейнаму, з дому і пахаваць побач з жонкай. І яшчэ перад пахаваньнем узьніклі розныя інтэрпрэтацыі гэтай просьбы. Шмат хто назваў яе грамадзянскім учынкам чалавека, які ў такі спосаб адмовіўся ад дзяржаўнага пахаваньня, на якое, як народны пісьменьнік, меў права. Хавалі народнага пісьменьніка пад бел-чырвона-белымі сьцягамі. Але пры спробе накрыць нябожчыка нацыянальным сьцягам сын пісьменьніка не дазволіў гэтага зрабіць. Крытык Анатоль Сідарэвіч, зь якім Янка Брыль сябраваў больш за 40 гадоў, тым ня менш уважае, што бел-чырвона-белы сьцяг — гэта сьцяг Янкі Брыля. Анатоль Сідарэвіч знайшоў абгрунтаваньні гэтай высновы ў тэкстах пісьменьніка”.
(Анатоль Сідарэвіч: ) “У кнізе “Зь людзьмі і сам-насам” ёсьць наступны радок: “У сьцягах нашых многа сьвятла”. Гэта трохскладовік, рытмізаваная проза. У гэтым радку ўсё сказана пра стаўленьне Брыля да нацыянальнае сымболікі — да бел-чырвона-белага сьцяга”.
(Абламейка: ) “Склалася грамадзкая думка, што Брыль быў атэістам, паколькі не наведваў храмы. Яна ўмацавалася не ў апошнюю чаргу і дзякуючы творам Брыля. У сваіх ранейшых тэкстах ён ня раз выказваў сумненьні адносна рэлігіі і Бога. Але вось Анатоль Сідарэвіч у апошняй кнізе Брыля знайшоў сьведчаньні адваротнага”.
(Сідарэвіч: ) “Брыля-атэіста я ня ведаю. Я ведаю Брыля-хрысьціяніна. Справа ў тым, што хрысьціянства — яно разнароднае. З аднаго боку ёсьць артадаксальнасьць, уласьцівая і каталікам, і праваслаўным, выпрацаваная айцамі першых сямі Ўсяленскіх сабораў. А з другога боку і ў той час былі і арыянства, і антытрынітарызм, хто адмаўляў, даводзіў, што Дзева Марыя не зьяўляецца Багародзіцай, а Хрыстародзіцай (было такое слова). Іван Антонавіч сапраўды не прызнаваў Боскага паходжаньня Ісуса Хрыста, не прызнаваў догмат пра Багародзіцу. Але на гэтай падставе яго нельга адлучаць ад рэлігіі. Таму што рэлігія і вера ў Бога — гэта значна шырэй.
Вось вам цытата зь ягонай кнігі апошняй “Парастак”: “І думаецца, што ўсё яно ня так сабе, а павінна ж мець пэўны вышэйшы сэнс. Занадта вялікі, занадта прыгожы наш сьвет, каб яму існаваць толькі каб існаваць, без высока-разумнай мэты”. Такім чынам, у гэтай цытаце прызнаецца існаваньне мэты, мэтавай прычыны сьвету. Значыць, і ёсьць высока-разумная пачатковая прычына, першапрычына сьвету, якой мы ня можам спасьцігнуць. І пра што кажа Брыль. Значыць — сьвет створаны Богам. Тое, што мы сьпяваем у царкве: “Ты ўсё мудра стварыў”.
Іван Антонавіч апавядаў, што яшчэ ў Заходняй Беларусі ў польскай анкеце ў графе “веравызнаньне” пісаў: “вальнадумца”. І ў пятнаццаць гадоў ён упершыню адмовіўся ісьці да царквы — спавядацца і прычашчацца. Але Янка Брыль быў вернікам. І ў паэзіі, і ў музыцы ён адпаведныя творы любіў. Скажам, я сам чуў, як ён сьпяваў: “Выхожу один я на дорогу, Сквозь туман кремнистый путь блестит. Ночь тиха, пустыня внемлет Богу, И звезда с звездою говорит”. Альбо: В минуту жизни трудную, Теплиться ль в сердце грусть, Одну молитву чудную Твержу я наизусть”. Гэта на словы Лермантава. Янка Брыль пераклаў бунінскія знакамітыя радкі “И трава, и цветы, и шмели, и колосья…”:
Травы, кветкі, чмялі, каласы не хістаюцца, І ад сьпёкі блакіт не зьміргне. Прыйдзе час — добры Бог у бадзягі спытаецца: “Знаў ты шчасьце зямное ці не?”
І на ўсё я забудуся, толькі пабачу Палявую дарогу, траву, збажыну, І душу, анямелую ў роспачы плачу, Да каленяў Яго прыхіну”.
(Абламейка: ) “Многія людзі адзначаюць, што Янка Брыль апрача літаратурнага таленту меў і яшчэ адзін дар — дар сябраваць. Сярод яго найбліжэйшых сяброў былі Валянцін Таўлай, Анатоль Вялюгін, Фёдар Янкоўскі, Алесь Адамовіч, Уладзімер Калесьнік, Уладзімер Караткевіч, а таксама многія іншыя. Пра гэты талент Брыля захацела расказаць слухачам Радыё Свабода паэтка Ніна Мацяш”.
(Ніна Мацяш: ) “Адна зь ягоных кніжак называлася “Мне добра з вамі”. Зь Іванам Антонавічам мне было заўсёды добра, бо гэта быў незвычайны сябар. Ён умеў сябраваць. Я, можа, ні ад каго не адчувала і не адчуваю, хоць у мяне шмат вельмі шчырых сяброў, такой вось глыбокай зацікаўленасьці. Калі я доўга не азывалася, ён возьме і сам мне патэлефануе. І тэлефанаваньні гэтыя да апошняга ў нас былі рэгулярнымі.
Было заўсёды хораша пры сустрэчах. Зь нейкай кранальнай пяшчотай, як зараз думаецца, ставіўся ён да мяне, з дабрынёй і пяшчотай. Прычым, ён умеў так гэтыя ўзаеміны адладзіць даўным даўно, што пры ўсім маім унутраным піетэце, трымценьні перад гэтай асобай, велічнай асобай, інтэлігентам зь вялікай літары, не было адчуваньня патрэналізму.
Янка Брыль — вядомы жартаўнік. Нават падчас апошняй нашай тэлефоннай размовы, калі ён расказваў мне, як у тых лякарнях быў і колькі ў яго глюкозы ўлілі: “Ніначка, ну ўжо вёдрамі…” Дык я кажу: “Ну, Іван Антонавіч, то цяпер вы ўжо і зусім салодкі-салодкі…” Так пасьмяяліся з хваробы.
Згадваю тыя нашыя стасункі пры сустрэчах, тыя песьні… Колькі мы прасьпявалі зь ім!.. Бог падарыў Янку Брыля беларускай літаратуры. А багі не адбіраюць сваіх дарункаў. Беларуская літаратура мае Янку Брыля і ніколі яго ня страціць. А вось пісьменьніцкая сябрына для мяне зьнянацку згалела бяз гэтай волатаўскай постаці, бяз гэтага маральнага аўтарытэту. Усім нам будзе цяжка безь яго фізычнай прысутнасьці, а для мяне — пагатоў”.
(Абламейка: ) “Ці шмат нядрукаванага пакінуў па сабе Янка Брыль? Яшчэ пры жыцьці народнага пісьменьніка ў Дзяржаўным архіве-музэі літаратуры і мастацтва быў створаны ягоны асабісты фонд, які цягам многіх гадоў папаўняўся. З чаго ён складаецца, ці ёсьць там неапублікаваныя тэксты пісьменьніка? Гэтае пытаньне мы задалі дырэктарцы архіву-музэю Ганьне Запартыцы”.
(Ганна Запартыка: ) “Фонд Янкі Брыля — адзін з самых вялікіх і зьмястоўных фондаў Беларускага дзяржаўнага архіву-музэю літаратуры й мастацтва. Нумар ён мае 59, што азначае — камплектаваньне яго пачалося гадоў 20 таму. Фонд мае тры вопісы. Іван Антонавіч сам прыносіў дакумэнты, часам мы прыяжджалі да яго на кватэру. Фонд мае 1024 адзінкі захоўваньня, што складае 11500 дакумэнтаў за 1932—2004 гады. Апошнія гады Іван Антонавіч сам быў вельмі актыўным у фармаваньні свайго фонду, быў вельмі частым госьцем нашага архіву. Дзякуючы яму, фонд цалкам апісаны, устаноўленыя ўсе яго карэспандэнты, асобы на фатаздымках.
Адным з найкаштоўнейшых дакумэнтаў зьяўляюцца дзёньнікі Янкі Брыля — 70 агульных сшыткаў амаль за семдзесят гадоў. Дёньнікі гэтыя вельмі старанна вяліся, яна напісаныя ад рукі, па-брылёўску ёмка. Дзёньнікі закрытыя аўтарам на пяць гадоў, тэрмін ня вельмі вялікі. Так распарадзіся Іван Антонавіч. Дзёньнікавую частку дапаўняюць запісныя кніжкі з запісамі да сваіх твораў. Усяго такіх кніжак у фондзе 82, і ахопліваюць яны пэрыяд з 1955 па 1987 год. У фондзе зьберагаецца вялікая эпісталярная спадчына Брыля: чарнавікі ягоных лістоў сарака адрасатам, лісты Янку Брылю ад Алеся Адамовіча, Уладзімера Арлова, Сьвятланы Алексіевіч, Міколы Аўрамчыка, Васіля Быкава, Анатоля Вярцінскага, Ніла Гілевіча, Міколы Ермаловіча, Сяргея Законьнікава, Уладзімера Калесьніка ды многіх іншых. Так што ў дасьледчыкаў агромністая праца наперадзе. Фонд Янкі Брыля — найбагацейшая крыніца па гісторыі літаратуры, па гісторыі Беларусі вялікай і складанай эпохі”.
(Абламейка: ) “Як мы даведаліся, у архіве-музэі захоўваецца 70 сшыткаў дзёньнікавых запісаў і 82 сшыткі нататак, дзёньнік налічвае каля 5 тысячаў старонак. Ужо сёньня дасьледчыкі кажуць, што нас чакаюць найменей 5 тамоў неапублікаванага, невядомага Брыля. Аўтар распарадзіўся, каб яго дзёньнік не публікавалі 5 гадоў пасьля сьмерці. Значыць, у 2011 годзе аматараў брылёўскага слова чакаюць новыя адкрыцьці.
У архіве Радыё Свабода захоўваецца запіс інтэрвію Янкі Брыля Міхасю Скоблу з нагоды 85-годзьдзя пісьменьніка. Запіс прагучаў на нашых хвалях 11 жніўня 2002 году”.
ЯНКА БРЫЛЬ: “КАЛІ Б БЕЛАРУСУ ЗАГАДАЛІ БЫЦЬ БЕЛАРУСАМ, ЯКІ Б ГЭТА БЫЎ ВЫДАТНЫ БЕЛАРУС!”
Паваротка за Нёманам, і дарога неўзабаве пачынае кружляць у пагудастых сасновых барах. Зьбіцца зь яе не дае рака, якая раз-пораз паказваецца з правага боку між высушаных ліпеньскай сьпёкай паплавоў. Дарога вузее, як праехацца возам, і неўпрыкмет падкрадаецца да зацішнай лясной вёсачкі Крынічнае, дзе зь вясны да восені вось ужо больш за дваццаць гадоў жыве Янка Брыль, які нядаўна адзначыў сваё 85-годзьдзе. Да яго роднай вёскі Загоры адсюль напрасткі 12 кілямэтраў. З прыгадкі мясьцінаў, дзе пісьменьнік прыйшоў на сьвет, і пачалася нашая гутарка.
(Міхась Скобла: ) “Іван Антонавіч, нядаўна давялося ехаць паўз вашу Загору ў кірунку мястэчка Турэц. Уся дарога — нібы пад наглядам старой местачковай царквы. Падумалася, што вы, ходзячы па той дарозе ў Турэцкую школу, мусілі адчуваць на сабе ўплыў, прысутнасьць храма. Ці была рэлігійнай ваша сям’я?”
(Янка Брыль: ) “Бацьку я амаль ня памятаю — ён памёр, калі мне было шэсьць гадоў. Гадаваўся я пры маме — меншанькі, па ліку дзясяты ў сям’і, можна сказаць, любімчык. Мама была рэлігійная, набожная.
А адзін з маіх братоў, Ігнат, старэйшы за мяне на сямнаццаць гадоў, ён быў праваслаўным сьвятаром. І яго ўплыў, вядома ж, быў. Я толькі не магу зразумець, хто на каго больш уплываў — ці мама на яго, ці ён на маму. А мама й малілася, і спавядалася. Я памятаю, як яна неяк вярнулася з Турца, з абедні, села й кажа: “Во, хоць ачалавечысься, як у царкву сходзіш”.
Мама была непісьменная, але начытаная, як ні дзіўна гэта гучыць. Яна прымушала дзяцей чытаць ёй услых. Усё ж такі ў нашай сям’і былі два чалавекі з вышэйшай асьветай. А сёстры паканчалі царкоўна-прыходзкую школу.
Так што ўплыў на мяне быў — і маці, і брата. Пасьля вайны ўжо я зь ім перапісваўся — жыў ён на Ўрале. Ігнат ня быў, груба кажучы, папом-тарбахватам, ён быў ідэйным. Ён верыў, ён пакутаваў за веру, прайшоў як сьвятар і тайгу, і Беламорканал.
І толькі пасьля вайны, вярнуўшыся з пэдагагічнай работы на сьвятарскую, ён завочна закончыў Ленінградзкую духоўную сэмінарыю і памёр у сане протаярэя. Яго ідэалам з маленства быў Алёша Карамазаў Дастаеўскага. І я памятаю, як брат пісаў мне: “Достоевский — это писатель, а вы, инженеришки человеческих душ, мелко плаваете”.
(Скобла: ) “І вы не крыўдавалі на брата за гэткае прыніжэньне вас як пісьменьніка?”
(Брыль: ) “Ды не, я зь ім хіба паспрачацца мог. Прытым я сам быў закаханы ў Алёшу Карамазава. Памятаеш той эпізод, дзе Алёша пацалаваў зямлю? Я “Братоў Карамазавых” прачытаў вельмі рана, прытым па-польску. Аднойчы ішоў з суседняй вёскі позьняй парой і таксама паўтарыў учынак Карамазава. Хай гэта было наіўна, але — і сьвятасьцю маленства.
Так што злавацца на брата я ня мог. Бо на той час я ўжо ведаў, што такое “инженеры” і “инженеришки” чалавечых душ. Лухты ж я таксама многа чытаў — і літаратурнай, і нелітаратурнай, але абавязковай. Так што спрэчкі ў нас з братам былі на роўных”.
(Скобла: ) “Прожил жизнь — расскажи” — вядомае выказваньне Льва Талстога. Вы дзесьці прыгадвалі, што нават у чатырнаццатым выданьні вашага раману “Птушкі і гнёзды”, які шмат у чым аўтабіяграфічны, рэдактары не давалі вам “расказаць жыцьцё”, рабілі купюры. Ці часта цэнзары знаходзілі крамолу ў вашых творах?”
(Брыль: ) “Нават зачаста. З мае першай кніжкі апавяданьняў дырэктарам выдавецтва М.Клімковічам было зьнята некалькі рэчаў — з цэнзурных меркаваньняў. Асабліва шмат “рэзалі” мае запісы. Калі выходзіў мой чатырохтомавік у 1967-1968 гг., мяне паклікалі ў выдавецтва й паказалі ці ня тушшу замазаныя, павыкрэсьліваныя, каб я ня мог вярнуць, цэлыя старонкі запісаў.
Тое самае адбывалася з “Птушкамі й гнёздамі”. Прычым, у адным выданьні мне ўдавалася сёе-тое праціснуць, а ў другім — не. І толькі ў трохтомавіку 1993 г. раман пайшоў у тым выглядзе, у якім я яго напісаў”.
(Скобла: ) “А што з раману выкідалася?”
(Брыль: ) “Я не павінен быў гаварыць, што былі два віды палону. Была вялікая розьніца, як утрымліваліся ў палоне грамадзяне Польшчы й савецкія салдаты. Бо СССР, як вядома, не падпісаў Жэнэўскае пагадненьне. Знаходзячыся як салдат польскага войска ў нямецкім палоне, я аднойчы трапіў у савецкае консульства ў Бэрліне. Рэч у тым, што немцы, рыхтуючыся да вайны з СССР, вызвалялі лягеры ад палонных, захопленых падчас вайны з Польшчай.
4 чэрвеня 1941 г. я быў вызвалены й пераведзены на завод пад нагляд паліцыі. Там мы запаўнялі анкеты для вяртаньня дахаты. А анкеты поштай жа не пашлеш — мы па чарзе мусілі вазіць іх у Бэрлін. І вось апошняя чарга прыпала мне — я быў у консульстве 21 чэрвеня, за дзень да вайны. Я глядзеў на партрэт Сталіна на сьцяне й думаў — Божа, куды я вяртаюся, і што там са мной будзе?! Усё гэта адбываецца й з героем рамана Алесем Руневічам. І кожнага разу сцэна ў консульстве выкідалася цэнзарамі”.
(Скобла: ) “Вы былі знаёмыя зь першымі асобамі Беларусі. Хто з высокага начальства сапраўды цікавіўся беларускай літаратурай, чытаў яе і меў уяўленьне пра яе ня толькі з цытатаў, што рабілі памочнікі?”
(Брыль: ) “Тут хочацца гаварыць перш за ўсё пра Пятра Міронавіча Машэрава, які чытаў і мог перадаць праз кагосьці, што “я вас прачытаў”. Я хачу прыгадаць адзін выпадак.
Цяпер зыгзагамі машыны з зацемненымі вокнамі лятаюць, каб хаця хто не зачапіў… А тады я падымаюся па менскай вуліцы Маркса, а Машэраў ідзе насустрач. Следам за ім, праз крокаў дзесяць, адзін, спартовага выгляду, малады чалавек. Калі мяне Машэраў спыніў, і мы загаварылі, той, ззаду, зрабіў выгляд, што закурвае. А Машэраў кажа: “Я тваю апошнюю рэч прачытаў і ня вельмі зразумеў. Цяпер перачытаў — нядрэнна”.
І гэта гаворыць Першы сакратар ЦК КПБ пісьменьніку! Пра што гэта сьведчыць? Пра сапраўдную інтэлігентнасьць дзяржаўнага дзеяча. Ён гэтым вызначаўся. У мяне нават захавалася фота, зробленае нашым вядомым фоталетапісцам Валодзем Круком: мы з Машэравым у фае Купалаўскага тэатру. Што ён мне гаварыў? Ён гаварыў мне пра кнігу “Я з вогненнай вёскі” літаральна наступнае: “Ды вы самі ня ведаеце, што вы зрабілі!” Ён мог перадаць, што “прачытаў у “Полымі” пераклады польскіх партызанскіх апавяданьняў — вось як трэба пісаць пра нас, пра партызанаў!”
Ціхан Якаўлевіч Кісялёў быў таксама вельмі інтэлігентным, вельмі беларускім чалавекам. Ён таксама чытаў. Уявіце сабе такі факт: будучы ўжо безнадзейна і цяжкахворым на рак, ён з маскоўскай больніцы папрасіў, каб юбілей Максіма Танка адклалі на некалькі дзён, каб самому папрысутнічаць.
Нядаўна Сяргей Законьнікаў, які тады працаваў у ЦК, апублікаваў успамін пра тое, як з Масквы, з больніцы, Кісялёў прасіў яго перадаць прывітаньні цэламу шэрагу пісьменьнікаў. Мне было вельмі прыемна, і, думаю, кожнаму з нас. Вось такія кіраўнікі патрэбныя. Інтэлігентныя”.
(Скобла: ) “У дзёньніках Канстанціна Сіманава ёсьць згадка пра тое, як вас чытаў сам таварыш Сталін…”
(Брыль: ) “Там трошкі ня так было. Сталін не называў мяне. Калі разглядалася пытаньне пра маю аповесьць на камітэце па прэміях, ён спытаў у Сіманава: “А что, это действительно талантливо или просто на нужную тему?” І калі яму сказалі, што — сапраўды таленавіта, ён прамовіў: “Ну тогда другое дело, пусть идёт”. Сталін жа ў нейкай ступені й сам быў літаратарам. Адзіны яму плюс, што ён не друкаваў уласных вершаў. Уяўляеш, як халуі завылі б ад захапленьня, каб ён іх надрукаваў!”
(Скобла: ) “Шматгадовая дружба між пісьменьнікамі — даволі рэдкая зьява. Як вам удалося сябраваць каля 30 гадоў з Уладзімерам Караткевічам, каля паўвека — з Анатолем Вялюгіным і Ўладзімерам Калесьнікам?”
(Брыль: ) “Успамінаецца, як Іван Мележ, задумлівы, збоку гледзячы, нават нібы сумны, сказаў мне аднойчы: “Я табе зайздрошчу — у цябе столькі сяброў!” І сапраўды, я лічу сябе шчасьлівым чалавекам з гэтай прычыны. На жаль, пра ўсіх сваіх сяброў я, мабыць, і напісаць не змагу.
Мне нядаўна спадабаліся словы Салжаніцына: “Пером за жизнью не поспеешь”. Вось я перажыў Максіма Танка, зь якім мы сябравалі з 1944 году. Каб ён перажыў мяне, то я ня ведаў бы, што ён пісаў пра мяне ў дзёньніках, якія шчырыя сяброўскія словы. Я плаваў з Танкам вакол Эўропы ў адной каюце. Каюта вялікая, люкс, у адным баку ён мармыча свае вершы (а ў яго была такая звычка пры пісаньні), а ў другім — я вяду дзёньнікавыя запісы. І я цяпер з гонарам гавару, што тады быў напісаны славуты Танкаў верш ”Аve Maria”.
Я назаву імёны найбліжэйшых сяброў: малавядомы, але вельмі таленавіты паэт Валянцін Таўлай, вельмі багаты душою й інтэлектам паэт Анатоль Вялюгін. Мы яго называлі даведачным бюро — калі табе трэба нешта даведацца зь беларускай і ўвогуле з сусьветнай літаратуры, патэлефануй Вялюгіну, ён табе скажа. Вялюгін быў апекуном маладых, выдатным рэдактарам. Мы зь ім сябравалі зь лета 1945 году.
Тое самае ў мяне было зь Піменам Панчанкам, з Уладзімерам Калесьнікам. З апошнім падружыў мяне брат, яны абодва мастакі, хадзілі разам на этуды.
З Калесьнікам у мяне была ня проста дружба, а перадача дружбы, як эстафэта. Ён мяне падружыў са сваімі сябрамі: выдатным мовазнаўцам і эсэістам Фёдарам Янкоўскім, з пэдагогам Міхасём Петрыкевічам, з Уладзімерам Ягоўдзікам — выдатным пісьменьнікам і энэргічным рэдактарам адразу двух дзіцячых часопісаў — “Бярозкі” й “Лесавіка”, які ён сам заснаваў.
Алесь Адамовіч калі вучыўся на сцэнарных курсах у Маскве, падружыўся сам і пазьней падружыў мяне з расейскім літаратарам Валянцінам Аскоцкім, малдаўскім празаікам Іонам Друцэ, украінскім паэтам Іванам Драчом. А калі ўжо ўспамінаць Адамовіча і Калесьніка, то з нашай дружбы нарадзілася кніга “Я з вогненнай вёскі”. Мы ўтрох аб''езьдзілі ўсю Беларусь, мы ўтрох і запісвалі ўспаміны тых, хто ацалеў падчас паленьня беларускіх вёсак, і плакалі, і маўчалі, усё было перажыта намі разам. І як гэта замацоўвае дружбу!
Здорава гэта — дружыць! Шкада, што дружбаў у нас пакуль малавата. Мы чамусьці на дробязі разьменьваемся, мурзаемся ў жыцьцёвай бядоце, забываючы пра тое, што дружба дапамагае жыць”.
(Скобла: ) “Перад сваім наступным пытаньнем я прыгадаю словы паэта А.Фета: “Если бы даже последний сапожник издавал журнал, названный словом из трёх букв, которое обычно пишут на заборе, то и тогда я согласился бы печататься в этом журнале. Поэзия очищчает”.
Вы забралі свае творы з “Полымя” ад М.Мятліцкага. Гэта азначае, што “ачышчацца” палымянскія чытачы будуць стэнаграмамі выступаў А.Лукашэнкі, прозай І.Шамякіна ды вершамі самога Мятліцкага. Умоўна кажучы: ёсьць сумленнасьць, этыка й эстэтыка ў творах Брыля й ёсьць нахабства нячыстай на рукі кампаніі, якой творы гэтыя мо найперш і неабходныя — чыталі б і лепшалі. А вы забралі…”
(Брыль: ) “У наш час мае ўсё-такі вялікае значэньне — дзе друкавацца. Я не ўяўляю сябе ў органе друку, які мне па сваёй накіраванасьці не адпавядае. Пішу я мала, і мне неабыякава, дзе мае творы пабачаць сьвет.
Калі я атрымаў “касьцянаўскі” нумар “Полымя”, мне было прыкра, што там надрукаваліся Ўладзімер Конан, Янка Сіпакоў, Уладзімер Казьбярук. Маглі б яны надрукавацца й дзе ў іншым месцы. Фет нам тут не дарадца. “Сапожник…” Дзе ў той час і які “сапожник” мог выдаваць часопісы?..
Я забраў свае падрыхтаваныя да друку запісы 2001 году з “Полымя” і зь “Нёмана”, для якога іх пераклаў Валянцін Тарас. Мне была агідная сама думка, што ізноў вяртаецца цэнзура. Ня дай Божа пакарыцца гэтаму й друкавацца, як у той прыказцы — каза рагатая, паўбоку абадратыя, пашматана нешта, нешта павыкідана. Мы за апошнія дванаццаць гадоў адвыклі ад дурнога палітычнага рэдагаваньня, ад цэнзуры. Вяртацца да гэтага я не магу”.
(Скобла: ) “Сёньня многія нашыя суайчыньнікі, пераважна добрыя спэцыялісты, выяжджаюць за мяжу — іх зманьваюць высокімі заробкамі, дабрабытам. А ці не прапаноўвалі падобнае пісьменьнікам, з умовай, што яны будуць пісаць не па-беларуску?”
(Брыль: ) “Палякі мне ні разу не падказвалі пісаць па-польску. Хоць у Польшчы я свой чалавек — і празь веданьне польскай мовы, і праз тое, што ў 1939 годзе ваяваў супраць немцаў у складзе Войска Польскага. Нешта падобнае мне даводзілася чуць ад нашых усходніх суседзяў. Аднойчы адна старая габрэйка з шапіка, убачыўшы маю кніжачку, што выйшла ў бібліятэчцы “Огонька” з партрэтам на вокладцы, зьдзівілася: “Такой мужчина и пишет не по-русски! Почему?”
А ў адной з замежных паездак адна высокаадукаваная дама, доктар мэдыцыны, дарэчы , унучка скульптара Канёнкава, спыталася: “Иван Антонович, а вы сразу по-русски не можете писать?” У яе такое ўяўленьне, што я пішу па-беларуску, бо ў мяне ступень разьвітасьці ня тая, бо я, мабыць, яшчэ “приготовишка”, па-расейску кажучы. Але гэта факт не з маёй біяграфіі, а зь яе.
Уся “возня” з гэтак званым аб’яднаньнем Беларусі й Расеі — гэта незразумела й непрымальна. Я ня мысьлю сябе без Талстога, Чэхава, Пушкіна, Гогаля, без украінцаў, латышоў, літоўцаў. Але ж мне ніхто не перашкаджае быць самастойным беларусам і любіць сваіх суседзяў не ўпарадку падначаленасьці, а як свабодны свабоднага, як шчасьлівы шчасьлівага. Дай Божа да гэтага дажыць!”
(Скобла: ) “У № 3-4 сёлетняга часопіса “Полымя” былі апублікаваныя вашыя згадкі пра Віктара Астаф’ева, зь якім вы сябравалі. У дні разьвітаньня зь ім па ОРТ быў паказаны тэлефільм, зьняты падчас падарожжа Астаф’ева па родных мясьцінах — па Енісеі, на цеплаходзе. Па ўсім адчувалася, што ён расчараваны: і зьмененым ляндшафтам, і людзьмі. А якое адчуваньне ў вас, калі вы наведваеце свае Мір, Турэц, Загору?”
(Брыль: ) “Ад Крынічнага, дзе мы з табой гаворым, да Загоры недалёка, і я там часам бываю. У нашых вёсках страшэнная спустошанасьць, там амаль няма мужчынаў. Зямлю трэба ўрабляць, а няма каму. Сёньняшнія аўралы, бітвы за ўраджай раней былі не патрэбныя, бо былі людзі, закаханыя ў зямлю, у працу, і ўсё рабілася зь вялікай жыцьцёвай патрэбы, а не зь меркаваньняў палітыканскага характару.
Я іду па сваёй вёсцы й бачу, наколькі тут не хапае людзей. Старэнькія жанчыны жывуць адным клопатам — хто ім дапаможа згараць соткі ды яшчэ хто ім набавіць пэнсію рублі на два. Але ж гэта ня выйсьце. Нешта трэба мяняць карэнным чынам, каб адрадзіць вёску.
У Крынічным я жыву з 1978-га — з траўня па кастрычнік кожны год. І самоты тут хапае, і цішыні. Часам нават здаецца, што залішне. Я ўспамінаю, як гаварыў Рамэн Ралян: “Уединение важно в меру”. Тут добра думаецца, працуецца. Адгэтуль я раблю выпады па раёне, сустракаюся са сваімі людзьмі.
Гадоў дваццаць таму, у дажджлівы дзень лежачы на сенавале, я заняўся падлікам: колькі чалавек былі б радыя, калі б я прыйшоў да іх госьцем. І набраўся я на два месяцы штодзённага гасьцяваньня. А цяпер ужо бывае — няма да каго зайсьці.
Цяпер спыніўся ад непаладак азотна-тукавы камбінат, дык зьявіліся жаўранкі й жабы — ужо радасьць вялікая. Тут недалёка хутарок, і на слупе ў бусьлянцы — двое дарослых буслоў і ажно пяцёра бусьлянятак. Значыць, ім ёсьць што есьці, ёсьць куды ляцець. У іх тут быў пленум нейкі ці манэўры перад адлётам у вырай. І адзін малады замарыўся й сеў на мой домік. І я так быў рады і ўдзячны яму — гэты домік стаіць ужо дваццаць гадоў, і ўпершыню на яго сеў бусел. Як быццам блаславіў дом на далейшае маё тут жыцьцё”.
(Скобла: ) “І апошняе пытаньне. Быць беларусам не забаронена. Гэтага дастаткова для разьвіцьця і ўмацаваньня нацыі?”
(Брыль: ) “На вялікі жаль, не. А вось калі б беларусу загадалі быць беларусам, які б гэта быў выдатны беларус!”