Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь раіцца з Кітаем наконт кантролю над Інтэрнэтам?


Радыё Свабода Бэрлінскае бюро “Рэпарцёраў бязь межаў” стане каардынатарам гэтай арганізацыі ў пытаньнях гэтак званага “праблемнага рэгіёну”, да якога, у тым ліку, належыць і Беларусь.

Галоўны офіс эўрапейскай праваабарончай журналісцкай арганізацыі “Рэпарцёры бязь межаў” знаходзіцца ў Парыжы. Сюды, а таксама ў яе філіі ў Бэрліне, Вене, Рыме, Брусэлі, Мадрыдзе, Стакгольме, Нью-Ёрку, Вашынгтоне, Атаве, Токіё, Бангкоку сьцякаецца ўся інфармацыя пра чарговую небясьпеку для свабоды слова ў той ці іншай краіне. Арганізацыя мае сотню ўласных карэспандэнтаў у самых розных кутках сьвету, на падставе іхных паведамленьняў робіць адмысловыя заявы і справаздачы для кіраўніцтва ЭЗ і асобных краінаў, фармуе грамадзкую думку адносна сытуацыі з правамі СМІ ў сьвеце.

Паводле прадстаўніцы бэрлінскага бюро “Рэпарцёраў бязь межаў” Катрын Эвэрс, апошнім часам зь Беларусі паступае зашмат трывожных cыгналяў пра ціск рэжыму на свабоду слова, гэтая краіна ў цэнтры Эўропы становіцца “вельмі праблемным рэгіёнам”.

(Эвэрс: ) “Мы ( нашае бэрлінскае бюро ) будзем бліжэйшым часам каардынаваць пытаньні гэтак званага праблемнага рэгіёну – Беларусі, Узбэкістану, шэрагу іншых цэнтральнаазіяцкіх краінаў. На жаль, толькі сёлета, за шэсьць месяцаў году, мы зрабілі сем заяваў па Беларусі – гэта ў тым ліку заява па спыненьні справы зьніклага Зьмітра Завадзкага, заява пра абмежаваньне свабоды прэсы ў часе прэзыдэнцкай кампаніі, пра закрыцьцё ўладамі незалежных выданьняў, пра перасьлед незалежных журналістаў, у выніку чаго яны мусяць прасіць палітычнага прытулку ў іншых краінах, пра спробу ўладамі ажыцьцяўляць кантроль у Інтэрнэце”

Паводле Катрын Эвэрс, у “Рэпарцёраў бязь межаў” маецца інфармацыя пра перамовы паміж Беларусьсю і Кітаем адносна стварэньня сыстэмы жорсткага цэнзураваньня ў сеціве. Арганізацыя занепакоеная, што хуткім часам “Лукашэнка будзе спрабаваць кантраляваць Інтэрнэт, як і іншыя мэдыі“.

“Мы будзем настойваць на тым, каб Эўракамісія пачала ажыцьцяўляць пэўныя канкрэтныя рэчы, каб абараніць правы беларускіх грамадзянаў на свабоду слова”, – гаворыць прадстаўніца бэрлінскага бюро эўрапейскай журналісцкай арганізацыі Катрын Эвэрс.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG