Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Імёны Свабоды: Кастусь Езавітаў


Уладзімер Арлоў, Менск 17.3.1893, Дзьвінск (цяпер Даўгаўпілс, Латвія) – 23.5.1946, Менск

У ноч на 23 траўня 1945 году, ад камэры да камэры менскай турмы міністэрства ўнутраных справаў неслася вестка: “Вядуць на расстрэл беларускага генэрала Езавітава”.

Афіцыйная савецкая прапаганда не шкадавала для яго самых страшных ярлыкоў: “отъявленный реакционер”, “белогвардеец”, “ военный преступник”, “изменник родины”... У іншых ён заслужыў азначэньні з процілеглым сэнсам : настаўнік, паэт і публіцыст, вучоны, палітык... Сучасныя дасьледнікі называюць яго найлегендарнейшай для свайго часу асобай беларускай гісторыі. Але сёньня гаворка пра тыя вехі жыцьцяпісу Езавітава, якія не падлягаюць сумневу.

Удзельнік першага Ўсебеларускага зьезду і абвяшчэньня незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі. Ваенны міністар у яе першым урадзе. Шэф вайскова-дыпляматычнай місіі БНР у Латвіі й Эстоніі, дзякуючы якому балтыйскія дзяржавы, у тым ліку і Фінляндыя, першымі прызналі беларускую незалежнасьць. (Гэтыя заслугі Езавітава былі ўганараваныя прысваеньнем яму званьня генэрал-маёра).

Больш за дваццаць гадоў ён вёў культурна-асьветную дзейнасьць сярод этнічных беларусаў Латвіі: кіраваў Беларускай Люцынскай гімназіяй, знайшоў або разбудзіў дзясяткі талентаў і тысячы беларускіх душаў. Сярод іх быў і будучы літаратар Эдвард Вайвадзіш з-пад Індры, якога мы яшчэ пасьпелі – у 100 гадоў! – прыняць у Саюз беларускіх пісьменьнікаў.

Ва ўмовах нямецкай акупацыі Езавітаў стварыў і ўзначаліў у Рызе Беларускі камітэт. Як і ў мірны час, ён адчыняў беларускія школы, займаўся ўпарадкаваньнем архіву БНР і навуковымі штудыямі (каштоўнымі дасьледаваньнямі ёсьць ягоныя кнігі “Беларусы ў Літве, “Беларусы ў Латвіі”, “Беларусы і палякі”...). Усё жыцьцё ён пісаў вершы:

У куце больш ня маю бажніц, - Мапа там. А на ёй – Беларусь.

У 1945-м яго, дэлегата Другога Ўсебеларускага кангрэсу і кіраўніка ваеннага аддзелу Беларускай Цэнтральнай Рады, арыштавала савецкая контарвыведка “СМЕРШ”. Паводле афіцыйнай вэрсіі, Езавітаў памёр “ад тубэркулёзу лёгкіх пры дыстрафіі 3-й ступені”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG