Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Імёны Свабоды: Васіль Захарка


Уладзімер Арлоў, Менск 1.4.1877, в.Дабрасельцы (цяпер Зэльвенскі раён) – 14.03.1943, Прага

Увосень 1925 году ў Бэрліне адбывалася Другая Ўсебеларуская канфэрэнцыя. На парадку дня стаяла пытаньне аб прызнаньні савецкай Беларусі сувэрэннай дзяржавай, што непазьбежна прывяло б да ліквідацыі эміграцыйнага Ўраду Беларускай Народнай Рэспублікі.

Супраць прызнаньня БССР рэзка выступіў міністар фінансаў Васіль Захарка. Ён заявіў, што працягвае стаяць на грунце Акту 25 сакавіка 1918 году (адным з аўтараў якога, дарэчы, быў), рашуча адмовіўся падпісаць пратакол канфэрэнцыі і застаўся ў эміграцыі. Дзякуючы цьвёрдасьці Захаркі БНР не спыніла існаваньня.

Два свае апошнія дзесяцігодзьдзі ён пражыў у Празе – горадзе, які ад часоў Францішка Скарыны адыгрываў у нашай гісторыі выключную і – адрозна ад любой іншай эўрапейскай сталіцы – нязьменна станоўчую ролю.

Захарка кіраваў праскім таварыствам “Беларуская Рада”, зьбіраў архіў БНР, выкарыстоўваў любую нагоду для зваротаў у Лігу нацыяў і дыпляматычныя прадстаўніцтвы, каб паведаміць сьвету пра зьдзекі й злачынствы, што чыніла ў Беларусі бальшавіцкая ўлада.

У 1928 годзе, пасьля скону Пётры Крачэўскага, Васіль Захарка заняў пасаду прэзідэнта Рады БНР і заставаўся ім да сакавіка 1943-га. Тады, ужо на Божай пасьцелі, ён паводле тэстамэнту здаў свае паўнамоцтвы Міколу Абрамчыку. Ларыса Геніюш, якая ў тыя часы жыла ў Празе, атрымала заданьне апекавацца архівам Беларускай Народнай Рэспублікі.

Гестапа забараніла выступаць над магілай Захаркі з прамовамі. Калі, нягледзячы на гэта, М.Абрамчык сказаў разьвітальнае слова, прадстаўнік акупацыйнай адміністрацыі загадаў засыпаць дамавіну. Самлелую ў той момант Ларысу Геніюш выносілі на руках Міхал Забэйда-Суміцкі і былы слуцкі паўстанец Васіль Русак.

Магілу другога прэзыдэнта БНР Васіля Захаркі вы знойдзеце на праскіх Альшанскіх могілках побач з праваслаўнай царквою й месцам апошняга зямнога прыстанку першага прэзыдэнта – Пётры Крачэўскага.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG