Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Жыровічы


Зьміцер Бартосік, Жыровічы Новая перадача сэрыі “Палітычная геаграфія” (эфір 24 красавіка).

На пад’езьдзе да мястэчка Жыровічы, калі на даляглядзе ўзьнікаюць вежы Сьвята-Ўсьпенскага манастыра, міжволі адчуваеш сябе паломнікам. Асабліва калі прыгадаць, што да цябе памаліцца Жыровіцкаму абразу Маці Божай па гэтай самай дарозе прыяжджалі ледзь ня ўсе каралі Рэчы Паспалітай. Гэтаму сьветламу пачуцьцю не замінаюць нават агромністыя літары на ўезьдзе ў мястэчка: “Агрогородок “Жировичи”.

Раніцаю будняга дня ў зімовай царкве Ўсьпенскага сабору, галоўнага храму манастыра, народу зусім ня шмат. Пэрыяд вялікага паломніцтва скончыўся. Большая частка малітоўцаў — маладыя людзі ў цывільным адзеньні. Гэта не местачковая моладзь, а студэнты Духоўнай акадэміі, якіх на сёньняшні дзень тут вучыцца больш як дзьвесьце чалавек. Вось адзін зь іх, мянчук Антон, які вучыцца тут першы год і ня думае вяртацца ў вірлівае сталічнае жыцьцё.



(Карэспандэнт: ) “Што маладога чалавека прымусіла пайсьці вучыцца на сьвятара?”

(Антон: ) “Па-першае, я захацеў больш ведаць пра Бога. Калі я хаджу ў царкву, мне на душы становіцца цяплей і спакайней. У іншых навучальных установах я не атрымаў бы той душэўнай карысьці, якую атрымаю тут. Пацягнула ў Жыровічы, бо гэта маленькі куток рая на Зямлі. Тут няма той мітусьні, якая прысутнічае ў горадзе”.

(Карэспандэнт: ) “Ці прысутнічае тут у нейкім выглядзе беларушчына?”

(Антон: ) “Ёсьць выкладчыкі, якія размаўляюць на беларускай мове. Яны распавядаюць пра гісторыю Беларусі, пра яе народ, каб мы не забываліся на гэта ўсё. Нас выхоўваюць, што беларуская мова — яна першая і галоўная мова ў нашай краіне. Большая частка размаўляе па-расейску, і нашым настаўнікам не заўсёды гэта падабаеца. Беларушчына абавязкова падтрымліваецца”.

Маленечкі, памерам зь яйка, каменчык з адбіткам Божай маці зь немаўляткам на руках. Нерукатворны абраз, які, паводле легенды, зьявіўся тут на дзікай грушы ў 1470 годзе. І дзякуючы яму Беларусь атрымала ўнікальны духоўны комплекс, дзе ніводзін хрысьціянін не пачуваецца чужым. Блукаючы па манастыры з мастаком-іканапісцам Уладзімерам Кавальчуком, я быў прыемна ўражаны абразамі ўніяцкага пэрыяду ў іканастасе Ўсьпенскага сабору.



(Кавальчук: ) “Цэнтральны іканастас Усьпенскага сабору ў стылі барока, і выкананы ў той, уніяцкі пэрыяд. І іконы, якія захаваліся, яны нам нагадваюць беларускі іканапіс 17 стагодзьдзя. Вобразы такія бытавыя, народныя. Моцныя такія мужчыны. Гэта апосталы, як кажуць, ідуць на пропаведзь. Але яны так выяўлены характэрна… Беларусы, ліцьвіны. Твары, усьмешкі ў некаторых. Калі мы іх вывучылі, дык прынялі такі прагноз, што, мабыць, гэта мясцовыя магнаты. Нейкія фундатары. Бо розныя лікі, некананічныя. Яны нагадваюць жывых людзей”.

(Карэспандэнт: ) “У мяне асацыяцыя адна. “Хрыстос прызямліўся ў Гародні”.

(Кавальчук: ) “Вось. Мабыць, так. Такая яскравая ілюстрацыя”.

Манастыр ніколі не спыняў сваёй працы. Нават пры бальшавіках. Але за саветамі забаранялася маляваць новыя фрэскі. І ў 1950-я гады багамазы расьпісвалі храм начамі, употайкі, часам ратуючыся ўцёкамі ад міліцэйскіх рэйдаў. І творчасьць таго невясёлага пэрыяду ўражвае ня менш за рэлігійны жывапіс 17 стагодзьдзя.

(Кавальчук: ) “На заходняй сцяне ў саборы, гэта Пакроўскі прадзел, мы бачым фрэску “Страшны суд”. Тут грэшнікі згараюць у полымі. І вось бачыце, намаляваны Ленін. Леніна вы бачыце? Во-во…”

(Карэспандэнт: ) “Сапраўды, вельмі падобны”.

(Кавальчук: ) “Яны аздобілі яго, як галоўнага антыхрыста, які ідзе, бачыце, у полымя пякельнае. І там страх, скрыгат зубоў. І ён туды ляціць”.

(Карэспандэнт: ) “Я ведаю аднаго мастака, які таксама аднаго палітычнага дзеяча…”

(Кавальчук: ) “Пушкін”.

(Карэспандэнт: ) “Я думаў, гэта ён пачаў гэтую традыцыю”.

(Кавальчук: ) “Не, ня ён. А да яго, яшчэ ў 1950-я гады, вы бачыце, выява Леніна…”

У гэтым мястэчку ў вочы кідаецца адна прыемная акалічнасьць. Я нідзе не заўважыў ніводнай закалочанай ці кінутай гаспадарамі хаты. Іх тут папросту няма. Гэта ўплыў манастыра. Жадаючых пасяліцца бліжэй да манаастыра заўсёды хапае. І кошты на нерухомасьць тут не саступаюць слонімскім. Вядома, ня ўсе жыхары Жыровічаў — багамольцы. Некаторыя, а такіх меншасьць, увогуле не глядзяць у бок храмаў. Але, таксама факт, за ўвесь дзень я тут не пачуў ніводнага мацюка.

Я сустрэў бабульку зь вельмі добрымі вачыма, што ішла ад манастыра. Унутрана падрыхтаваўшыся да звычайнага пэнсіянэрскага маналёгу пра добрага Лукашэнку і бэнээфаўцаў, якіх трэба страляць і вешаць, я нечакана быў узнагароджаны старой новай сэнтэнцыяй. Дагэтуль ніколі ня чутай:

(Спадарыня: ) “Ён такі просты чалавек. За людзей, за народ стаіць. Здымуць Лукашэнку, мы пэнсіі ўжо не атрымаем. Што мы будзем тады рабіць? Ведаеце што? Гавораць, што прыйдуць тыя, што былі, увогуле… Скажуць, што мы за Лукашэнку былі, дык увогуле скажуць, старым ня трэба ні грошай, нічога. Памірайце. Не?”

Як мог я супакоіў старую, што страшнай помсты з боку дэмакратаў за мінулую падтрымку Лукашэнкі ня будзе, і пайшоў шукаць тых, каму вядомыя іншыя прозьвішчы. І быў цалкам суцешаны. Імёнаў Мілінкевіча й Казуліна ўжо ня выб’еш з памяці народнай ніякімі дручкамі. Асабліва са сьветлых галоваў маладога пакаленьня, якое атрымае выбарчае права праз пару гадоў. Адносна прысутнасьці беларускага духу ў жыцьці сваіх аднагодкаў мне распавяла адзінаццаціклясьніца Крысьціна.

(Карэспандэнт: ) “Людзі вашага ўзросту — ці ведаюць яны нешта пра сучсную беларускую культуру? Такія словы, як “NRM”, “Тры чарапахі”, “Крамбамбуля” невядомыя?”

(Крысьціна: ) “Не, чаму? Гэта ўсё вядома. Бо цяпер гэтаму спрыяюць сродкі масавай інфармацыі. Мы часта бачым беларускія гіт-парады, беларускае радыё слухаем”.

(Карэспандэнт: ) “А ў вас ёсьць якія любімыя сьпевакі?”

(Крысьціна: ) “Так. У мяне ёсьць любімы сьпявак. Але, на жаль, ён пакуль што сьпявае па-расейску. Гэта Пётар Ялфімаў. Таксама мне вельмі падабаецца рок-гурт “Рэха”. Яны нядаўна прыяжджалі да нас, у Жыровіцы, і давалі канцэрт. Моладзі было вельмі шмат, і ўсім вельмі падабалася. Яны сьпяваюць выключна па-беларуску”.

Крысьціна пабегла па сваіх справах, а я накіраваўся ў настаўніцкую. Да настаўніка фізыкі Мікалая Філіпчука, аднакашніка нашага адзінага дэмакратычнага кандыдата. Каб задаць простае пытаньне — што за чалавек Алесь Мілінкевіч?



(Карэспандэнт: ) “Што гэта за чалавек?”

(Філіпчук: ) “Мне на гэтае пытаньне нескладана адказаць. Таму, што я яго ведаю зь юнацкіх гадоў. Гулялі мы разам, у адной камандзе чатыры гады. Звычайная каманда ВНУ, якая дастаткова высока ў студэнцкім баскетболе катыравалася”.

(Карэспандэнт: ) “Ён добры партнэр ці цягне коўдру на сябе?”

(Філіпчук: ) “Упасі Божа. Ён нармальны хлопец. Ён быў вельмі надзейны хлопец. На яго можна было ва ўсім заўжды пакласьціся. Я згадваю такі эпізод. Праблемы ў нас заўжды былі з формай. І вось пачынаецца новы навучальны год. На першую трэніроўку мы прыходзім. Ён прыносіць вялікую сумку. Выварачвае яе, і вывальваюцца кеды. Ён кожнаму з нас купіў пару кедаў. Зрабіў нам такі падарунак, па тых часах шыкоўны”.

У 1995 годзе паэт Алег Бембель прыехаў у Жыровіцкі манастыр на тры дні як паломнік. Тыя тры дні расьцягнуліся на дзесяць гадоў. Колішні піяніст, філёзаф і журналіст, а сёньня інак Мікалай сьцьвярджае, што ведае тайну сапраўднай свабоды.



(Інак Мікалай: ) “Варта ахвяраваць 10—15 гадамі дэмакратычнай свабоды, каб адчуць свабоду існую, свабоду вечную, свабоду ў дусе сьвятым і ў Хрысьце. Дык вось, я лічу, што неўцаркаўлёнае палітыканства, якое не прайшло школы манастырскага паслушаньня, яно сапраўды дэмакратычнае, яно на руку толькі таму, хто круціць нашым языком, як сваім хвастом. Разбэсьціць юныя пакаленьні — каб яны кайфавалі, балдзелі, не давалі племені здаровага. Я маю на ўвазе тое, што перарасло ў сучасны, антыхрыстаў глябалізм. Цуд Божы вымаліць можна. Кажуць, малітвы аднаго старца могуць аддаліць канец сьвета. Таму будзем маліцца, варушыцца ў творчым пляне ў межах тых талентаў, якія Гасподзь даў. І Гасподзь створыць новы цуд”.

Слухаць яго цікава. Але для поўнага эфэкту ад прамоваў інака Мікалая, яго трэба яшчэ і бачыць. Старое паліто, манаская шапка і палаючыя вочы.

(Бембель: ) “З жуды бязьвер’я і бясслаўя Народ, паўстаць сябе прымусь. У таямніцы праваслаўя Жыве сьвятая Беларусь!”
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG