Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Онлайн-рэпартаж з "Чарнобыльскага шляху"


Радыё Свабода 20 гадоў таму, 26 красавіка 1986 году, здарылася найбольшая тэхнагенная катастрофа ў гісторыі чалавецтва – выбух на Чарнобыльскай АЭС. Сёньня ў Менску праходзіць "Чарнобыльскі шлях" – шэсьце ў памяць ахвяраў чарнобыльскай катастрофы. Карэспандэнты "Свабоды" перадаюць апошнія навіны зь Менску.

22:15

Мітынг скончыўся, арганізатары сышлі, але моладзь яшчэ нейкі час не разыходзілася. Людзі ідуць калёнамі, групамі, трымаюць сьцягі. Адны ідуць па вуліцы Багдановіча, іншыя – па Сурганава. Мінакі распытваюць іх, ці ёсьць затрыманыя.

Затрыманая моладзь знаходзіцца ў Партызанскім РАУС – сярод іх, напрыклад, Аляксей Шыдлоўскі, у Савецкім РАУС – каля 15 чалавек,сярод іх трое грамадзянаў Украіны, прадстаўнікі арганізацыі "Студэнцкае брацтва". Некалькі чалавек, якія намагаліся прабіцца на Кастрычніцкую плошчу, знаходзяцца ў Цэнтральным РАУС. Высьвятляюцца прозьвішчы затрыманых.

22:05

Каля Чарнобыльскай капліцы людзей амаль што няма, мітынг завершаны. Вінцук Вячорка пры канцы свайго выступу заклікаў усіх прысутных узяць удзел у акцыі 1 траўня, калі пачнецца кампанія супраць кантрактнай сыстэмы. Стала вядома, што Вінцук Вячорка быў затрыманы, падрабязнасьці пакуль невядомыя.

Што да лёсу Анатоля Лябедзькі, намесьнік старшыні АГП Сяргей Альфэр паведаміў, што праз электронную пошту яны атрымалі паведамленьне. У ім гаворыцца, што а 14-й гадзіне Анатоля Лябедзьку затрымалі і адвезьлі ў КДБ, дзе яго апытвалі ў сувязі з рэпартажам, які ўчора прагучаў на БТ. Нагадаем, што ўчора на БТ былі агучаны тэлефонныя размовы, дзе супрацоўнікі МЗС Грузіі і Літвы абмяркоўвалі пляны забойства А.Мілінкевіча. Лябедзьку пасьля 18-й гадзіны нібыта адпусьцілі, але С.Альфэр лічыць, што яго, магчыма, усё яшчэ трымаюць у КДБ.

21:27

Перад прысутнымі выступіў А.Мілінкевіч, які заклікаў не забывацца аб тым, што адбылося 20 гадоў таму. Ён сказаў, што ў нас ня толькі экалягічная, але і палітычная катастрофа. Ён заклікаў не зьбіваць хвалю вулічных акцыяў салідарнасьці, якая цягнецца ад пачатку выбарчай кампаніі. Мітынг пачаўся цяпер ужо тут, людзі падыходзяць адзін за адным. Моладзь скандуе "Будзем разам!", мітынг будзе працягвацца.

21:20

Выступае В.Вячорка. Адбылася малітва памяці ахвяраў Чарнобыля, якую чыталі сьвятары Аўтакефальнай праваслаўнай царквы, гучаў Чарнобыльскі звон.

У гэтыя хвіліны прымаецца рэзалюцыя мітынгу –аўтар яе акадэмік Іван Нікітчанка. Сярод іншага, у рэзалюцыі патрабуецца абнавіць у поўным аб''ёме дзеяньне закону аб дапамозе ахвярам Чранобыльскай катастрофы.

21:10

Людзі зьбіраюцца побач з капліцай, якая пабудаваная на грошы народа, каб ушанаваць памяць ахвяраў Чарнобыльскай катастрофы. Ільга сказаць, што людзей больш за 15 тысячаў чалавек, бо калёна даўжынёю мэтраў 900 яшчэ ідзе па вуліцы Сурганава, а недзе каля 5 тысяч стаяць вакол капліцы. Людзі нясуць кветкі, сьвечкі, яны ідуць бясконца.

Супрацоўнікі ДАІ ўвесь час паведамляюць, каб людзі не парушалі дарожнага рух. Напачатку міліцыянты намагаліся перакрыць шлях да плошчы, каб людзі пайшлі ў парк Дружбы народаў, але ўсё-ткі яны змаглі дайсьці да капліцы.Цяпер зьявіліся супрацоўнікі міліцыі, яны крочаць удоўж сквэру. Зьявіліся некалькі машынаў і два МАЗы, дзе сядзяць салдаты.

Лідэры бел апазыцыі прысутныя ў калёне. Прысутнічаюць прадстаўнікі моладзевых рухаў, у тым ліку руху "Вольная Беларусь", якія апранутыя ў сіняе і сьпяваюць беларускія песьні. Яны паведамілі, што сёньня на кватэрах у іх сябраў адбыліся ператрусы, некалькі чалавек было затрымана. Лічба на мітынгу затрыманых вагаецца ў межах 20 чалавек. Сярод іх некалькі сяброў моладзевай арганізацыі АГП, трое сяброў арганізацыі "Зубр". У шэрагах "Маладога Фронту" таксама ёсьць затрыманьні, бо тэлефоны некалькіх іх сяброў не адказваюць.

20:30

(Натоўп скандуе: ) "Далучайся!"

Калёна рухаецца да плошчы Бангалор, наперадзе калёны сьвятары Аўтакэфальнай праваслаўнай царквы нясуць абраз Божай маці ахвяраў Чарнобыля, гучыць Чарнобыльскі звон.

А.Мілінкевіч у сваім выступе заклікаў далучацца да грамадзкага руху "За Свабоду". Ён казаў пра тое, што выбары былі сфальсыфікаваныя, і падзякаваў тым, хто прыйшоў сёньня, і тым, хто быў на Кастрычніцкай плошчы 19 сакавіка.

Побач са мной знаходзіцца Іна Кулаей, і да яе пытаньне: А.Мілінкевіч шмат разоў падкрэсьліваў, што акцыя мае мірны характар, каб людзі ацанілі гэта і не баяліся да яе далучацца. На Вашую думку, ці ажыцьцяўляецца гэтая мэта?

(Іна Кулей: ) "Я думаю, што гэтая мэта ажыцьцяўляецца якраз цяпер, калі мы ідзем у вялікім натоўпе, які можа і большы за той, што быў на плошчы 20-га сакавіка. Для гэтых людзей гэта жалоба, але ўпэўненасьць у тым, што іх шмат – гэта радасьць".

Людзі ў дамах запальваюць сьвечкі, дэманструючы сваю падтрымку шэсьцю. Да плошчы Бангалор засталося хвілінаў 15.

20:10

Калёна дайшла да вуліцы Кузьмы Чорнага. Вы чуеце, як машыны выказваюць знак салідарнасьці з удзельнікамі шэсьця, калёна вітае кіроўцаў знакамі "перамога". Калёна нагадвае падзеі 19 сакавіка – людзей усё большае.

20:05

Калёна скіравалася на Сурганава. Міліцыянты даюць 5 тысяч удзельнікаў. Калёна скіравалася да капліцы, пабудаванай у гонар ахвяраў Чарнобыльскай катастрофы.

Як толькі калёна рушыла, людзі ў цывільным затрымалі 12 чалавек, у тым ліку 3 украінскіх грамадзянаў.

19:40

Некалькі хвілінаў таму вядучы мітынгу даў слова намесьніку БСДГ Анатолю Ляўковічу, той перадаў вітаньні ад А.Казуліна. Раней на мітынгу выступіла Л.Гразнова, якая прапанавала стварыць міжнародны суд, які будзе дасьледаваць зьнікненьні людзей у Беларусі. Удзельнікі прагаласавалі за стварэньне такога суду.

Выступіў В.Вячорка, які сказаў, што "мы ідзем ужо Чарнобыльскім шляхам ужо 20 год" і прапанаваў пакланіцца Чарнобыльскай капліцы.

У мітынгу удзельнічае каля 10 тысячаў чалавек.

Пакуль нічога не вядома пра лёс Анатоля Лябедзькі, чый мабільны тэлефон ужо некалькі гадзінаў не адказвае.







19:35

Каля Акадэміі Навук адбываецца мітынг. Людзі выступаюць адзін за адным. Гаварылі прадстаўнікі ліквідатараў Чарнобыльскай катастрофы.Яны прапанавалі аб''яднацца ў адну грамадзкую арганізацыю, каб бараніць свае правы.

На мітынгу прысутнічаюць прадстаўнікі ўкраінскай арганізацыі "Студэнцкае брацтва". Адзін зь іх – Юры Сідарэнка, студэнт Кіева-Магілянскай акадэміі:

(Сідарэнка: ) "Студэнцкае брацтва падтрымлівае гэтую акцыю. Такія падзеі зьвязваюць украінскую і беларускую моладзь, якая стаіць поплеч за тое, каб мы ўжо ніколі не зазналі такой бяды. Украіна з вамі, мы вас падтрымліваем".

Адна частка людзей кажа, што ня трэба нікуды рухацца – выглядае, што на Бангалор ніхто ня хоча ісьці. Другая частка мітынгоўцаў будзе чакаць, як будуць разьвівацца падзеі. Міліцыі ўжо амаль не відаць, на ганку Акадэміі Навук стаяць людзі ў цывільным, каля дзясятку міліцыянтаў стаяць удоўж дарогі. А.Мілінкевіч яшчэ не выступаў.

19:25

Толькі што пачаўся мітынг. Выступаюць Аляксандар Мілінкевіч і Сяргей Калякін.

Людзей сабралося даволі шмат. Паводле розных падлікаў, удзельнікаў мітынгу больш за дзесяць тысяч чалавек. Міліцыі амаль ня бачна.

Тут сёньня шмат замежных карэспандэнтаў. Ёсьць тэлекамэры TV-каналаў Польшчы, Галяндыі, Нямеччыны, Брытаніі...

19:10

Толькі што Мілінкевіч прыйшоў да Акадэміі Навук. Натоўп адразу пачаў скандаваць: "Мілінкевіч! Ура! Жыве!"

Калі калёна ішла пра праспэкце, міліцыянты ўвесь час папярэджвала, што шэсьце незаконнае і пагражала затрыманьнямі і рэпрэсіямі. Але затрыманьняў не было, а цяпер аўтобусы з амоўнацамі кудысьці зьніклі.

Ёсьць ля Акадэміі Навук і шмат замежнікаў. З боку ад Акадэміі навук стаяць амбасадары практычна ўсіх эўрапейскіх краін і амбасадар ЗША.

18:47

Зьнік Анатоль Лябедзька

Ужо на працягу некалькіх гадзінаў невядома, дзе знаходзіцца лідэр Аб''яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька.

Сёньня ён не зьявіўся на паседжаньне Палітрады партыі. Ягоны тэлефон адключаны. Інтэрнэт рэсурс “Хартыя 97” нагадвае, што раней палітык неаднаразова заяўляў, што будзе ўдзельнічаць у сёньняшнім Чарнобыльскім шляху.

18:42

У цэнтар Менску падцягваюцца новыя сілы спэцназу

Толькі што па вуліцы Платонава ў цэнтар гораду праехала калёна машынаў спэцназу – 8 аўтобусаў і 5 вайсковых машынаў.

18:33

Людзі стаяць каля Акадэміі навук, чакаюць пакуль падыдзе калёна з Кастрычніцкай плошчы. Ужо зроблена пляцоўка-трыбуна, дзе будуць выступаць актывісты. На гэты момант сабралася некалькі тысяч чалавек. Тэрыторыя перад Акадэміяй Навук цалкам занятая. Шмат сьцягоў, у асноўным гэта бел-чырвона-белыя сьцягі. Таксама па шыльдах бачна, што ёсьць прадстаўнікі з рэгіёнаў -- Берасьце, Пінск, Гомель, Сьветлагорск...

18:24

Калёна тысячы дэманстрантаў ідуць ад Кастрычніцкай да Акадэміі навук

Каля тысячы людзей пад бел-чырвона-белымі сьцягамі рухаюцца ад Кастрычніцкай плошчы да будынку Нацыянальнай акадэміі навук. На чале калёны – Аляксандар Мілінкевіч з жонкай Інай Кулей, а таксама Вінцук Вячорка, Сяргей Калякін і Аляксандар Бухвостаў.

18:20

На Акадэміі навук ужо сабралося каля дзьвюх тысяч чалавек.

18:10

Калёна рухаецца ад цырку да плошчы Перамогі

Асноўная маса людзей, якія не пайшлі да Акадэміі Навук, але хацелі трапіць на Кастрычніцкую плошчу, знаходзіцца цяпер побач з цыркам. Тут некалькі соцень чалавек. Некалькі хвілінаў таму да іх зьвярнуўся Аляксандар Мілінкевіч. Ён заклікаў людзей ісьці да Акадэміі Навук, да асноўнага мітынгу.

Людзі зьбіраліся з боку "Цэнтральнага", Нацбанку, цырку... Цяпер ідзе спроба аб''яднаць іх і разам пайсьці да Акадэміі Навук.

Недзе гадзіну таму двое маладых людзей былі затрыманыя ля Палацу Рэспублікі. Яны выйшлі на плошчу і селі на зямлю. Міліцыянты адразу ж падышлі да іх, схапілі і кудысьці ўвезьлі.

18:04

Ля Акадэміі Навук 300 дэманстрантаў і аўтобусы са спэцназам

На пляцоўцы перад будынкам Нацыянальна акадэміі навук сабраліся прыкладна 300 чалавек. У гэтыя хвіліны тут працуюць дарожныя будаўнікі. Пагрузьнікі разбіраюць і грузяць на самазвалы бардуры.

Кінатэатр “Кастрычнік”, паводле словаў адміністратара, працуе ў звычаным рэжыме. Зараз дэманструецца камэдыя “Сьведка ня вясельлі”. Рэстарацыя “Сушы” і кавярня ”Батлейка”, а таксама крама “Сем хлябоў” зачыненыя. За кінатаэтрам прыпаркаваныя аўтобусы, у якіх сядзяць байцы спецназу.

17:42

Першыя затрыманьні на Чарнобыльскім шляху. На плошчы Я.Косала міліцыянты затрымалі 5 актывістаў незарэгістравага руху “Вольная моладзь”. Іх адвезьлі ў Савецкі райаддзел міліцыі.

17:33

Станцыі мэтро “Кастрычніцкая” і “Купалаўская” зачыненыя Перакрытыя падземныя пераходы. Цягнікі на гэтых станцыях не спыняюцца.

17:28

Падыходы да Кастрычніцкай плошчы Менску перакрытыя. Прайсьці на плошчу немагчыма. Усе вуліцы перакрытыя кардонамі міліцыянтаў. Каб дэманстранты не выходзілі на праезную частку, ходнікі агароджаныя мэталічнымі турнікетамі. Людзей на плошчы амаль няма, затое стаяць вайсковыя машыны. (ФОТА)

17:02

Ва ўнутраным дворыку Акадэміі МУС — узброеныя людзі.

У двор Акадэміі ўнутраных справаў толькі што заехаў вайсковы аўтамабіль. У кодабе машыны знаходзяцца людзі, узброеныя карабінамі.

16:47

У цэнтар Менску рухаецца калёна спэцназу. У калёне сем аўтобсаў і пяць вайсковых машынаў “Урал”. У іх едуць жаўнеры ўнутраных войскаў са шчытамі.

16:30

Кіеў заклікаў афіцыйны Менск не ўжываць сілы на "Чарнобыльскім шляху"

Напярэдадні заплянаванага на сёньня ў Беларусі “Чарнобыльскага шляху” МЗС Украіны заклікала беларускія ўлады забясьпечыць права грамадзян Беларусі на мірныя сходы і пазьбегнуць сілавых дзеяньняў адносна ўдзельнікаў акцыі.

Раней:

* За некалькі гадзінаў да "Чарнобыльскага шляху" пракуратура Менску папярэдзіла Аляксандра Мілінкевіча аб адміністрацыйнай і крымінальнай адказнасьці за парушэньне закону аб мітынгах і шэсьцях.

* Амэрыканскі кангрэсмэн Джон Шымкус выступіў на паседжаньні Кангрэсу ЗША з прамовай аб сытуацыі ў Беларусі.

* У Салігорску затрыманыя тры аўтамабілі зь мясцовымі жыхарамі, якія ехалі ў Менск для ўдзелу ў "Чарнобыльскім шляху".

* Затрымалі двух жодзінскіх актывістаў, якія ехалі на "Чарнобыльскі шлях".

* У многіх рэгіёнах Беларусі актывісты апазыцыі ў дні напярэдадні "Чарнобыльскага шляху" атрымалі адміністрацыйныя арышты, а абласныя райваенкаматы пачалі расшукваць грамадзкіх актывістаў.

* Папа рымскі Бэнэдыкт ХVI сёньня маліўся за ахвяраў чарнобыльскай катастрофы.

* Генэральны сакратар ААН Кофі Анан, выступаючы сёньня з нагоды гадавіны чарнобыльскай катастрофы, заклікаў да шчодрай дапамогі пацярпелым краінам.

* Акцыі ў падтрымку ўдзельнікаў "Чарнобыльскага шляху" прайшлі ў Варшаве, Брусэлі і Стакгольме.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG