Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Імёны Свабоды: Ігнат Грынявіцкі


Уладзімер Арлоў, Менск Жнівень 1855, в.Калінаўка, цяперашняга Клічаўскага раёну – 13.3.1881. Пецярбург

125 гадоў таму ў гэты дзень у Расейскай імпэрыі прагучаў выбух, рэха якога абляцела ўвесь сьвет. На набярэжнай Кацярынінскага каналу ў Пецярбурзе быў забіты Аляксандар II. Прысуд, абвешчаны яму рэвалюцыйнай арганізацыяй “Народная воля”, выканаў беларус Ігнат Грынявіцкі. Дзень 13 сакавіка 1881 году стаў апошнім і для самога царазабойцы.

У дзяцінстве Ігнась вылучаўся дабрынёю й набожнасьцю. Ён картавіў літару “л”, не любіў гульняў у вайну і ў паляваньне, а ў гімназічныя гады заслужыў зя мяккі ласкавы характар мянушку Коцік. Найлепшы выпускнік Беластоцкай рэальнай гімназіі, ён паступіў на мэханічны факультэт Тэхналягічнага інстытуту ў сталіцы імпэріі. Пад уплывам сацыялістычных ідэяў Ігнат хутка зрабіўся атэістам, адмовіўся ад магчымасьці бліскучай кар’еры і, перайшоўшы на нелегальнае становішча, уступіў у групу нарадавольцаў, якая дзень пры дні сачыла за выездамі цара, рыхтуючы яго забойства.

Уладзімер Караткевіч лічыў, што Грынявіцкі разам зь іншымі рэвалюцыянэрамі зь Беларусі выстаўляў Аляксандру II і свой рахунак: задушэньне паўстаньня 1863 году, забарона беларускага друкаванага слова, закрыцьцё апошняй у беларускіх губэрнях вышэйшай навучальнай установы – Горы-Горацкага земляробчага інстытуту. Добра памяталася й тое, што пасьля каранацыі цар дакляраваў тры гады не праводзіць у Расеі рэкруцкіх набораў і неадкладна выдаў загад узяць тысячы рэкрутаў у “Северо-Западном крае”.

Захапленьне асабістай мужнасьцю Грынявіцкага адразу цьмянее, калі даведваесься, што на Кацярынінскім канале бомбы нарадавольцаў абарвалі жыцьці бязьвінных ахвяраў: казака з царскай аховы, хлопчыка і жанчыны-салдаткі. Шэсьць чалавек атрымалі цяжкія раны, адзінаццаць – лёгкія. Некаторыя выпадковыя прахожыя страцілі зрок, слых, засталіся калекамі.

У сваім запавеце Грынявіцкі марыў, каб “пачаты рух скончыўся перамогаю, а не татальным вынішчэньнем лепшых людзей краіны”. Але гісторыя сьведчыць, што нідзе й ніколі тэрор не прынёс грамадзтву добрых пераменаў. Забойства Аляксандра II таксама прывяло да перамогі рэакцыі. Добра вядома й тое, чым скончыўся рэвалюцыйны рух у Расеі ў ХХ стагодзьдзі.

З пачуцьцём, далікатна кажучы, вялікай няёмкасьці чытаем мы сёньня такія вось радкі вядомага паэта:

Карэта цара выязджае (Гэткі на колах гадзючнік!) У канале Кацьчыным воды Да блізкага мора бягуць. Вось бомба. Хай з падлы сьмярдзючай, Хай зь яго, ката народаў, Ката маёй Беларусі Зараз шматкі палятуць…

Грынявіцкі і яго паплечнікі былі ахвярамі аблуднага вучэньня, але яны вартыя нашай памяці. Памяці, якая перасьцерагае.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG