1 лютага
Учора бавіў час ля тэлевізару, скокаючы па трыццацёх каналах, паглядзеў нейкую забаўную кіношку і мо зь пятнаццаць музычных кліпаў. Такая вось форма мэдытацыі да позьняй ночы. Заміж выкананьня задачаў быў у рэляксе, і надта сябе не дакараў. Падобна, няспынны прэсінг турботаў і справаў ва ўсіх сфэрах жыцьця пагражае псыхалягічным зьнясіленьнем, таму і падсьвядомасьць, і розум патрабуюць ашчаднага рэжыму. Паспаў недзе шэсьць гадзін, ураньні ўзьняў сябе за шкіркі, каб давесьці “пана Аўгена” (як іранічна ці напраўду часам мяную сябе) да працоўнага тонусу і выбрацца на любімую работу.
З-за транспарту амаль не перажываў, нэрвы ж не казённыя — перасеў, як звычайна, на маршрутку, каб пасьпець… Каб пасьпець за птахам у нірвану. Нешта роўна пішацца, думкі нібы цыркавыя поні ў дасьведчанага дрэсіроўшчыка…
7 лютага, каля дзьвюх гадзінаў ночы
Амаль шчырыя рэфлексіі над прыватным патокам сьвядомасьці. У адной з маіх адзінаццатых клясаў першы ўрок пасьля двухтыднёвага расстаньня (я быў на курсах падвышэньня кваліфікацыі ў абласным інстытуце, акурат падчас бадзёрых маразоў), на перапынку ўваходжу ў аўдыторыю — амаль усе вучні (дакладней, вучаніцы) пляскаюць у далоні і радасна вітаюць. Крыху няёмка, але радасьць праўдзівая, я там нешта жартую, дзякую. Як кажуць у народзе, на душы стала цяплей. Потым я пайшоў па атлясы, каб дыхтоўней весьці гаворку пра другую усясьветную вайну. Па званку вяртаюся, зноў воплескі, яшчэ большыя, усьміхаюцца, іх клясная рабіла нейкую аб’яву, таксама пасьміхнулася. Зірнуў на дошку: надпіс для мяне, харошы. Усе глядзяць на мяне, я пасьміхаюся і азіраю клясу, вітаюся і дазваляю сесьці… Узьнікла пэўная расчуленасьць, і адначасна разуменьне непазьбежнасьці розных нюансаў падчас вучэбна-выхаваўчага працэсу.
Які гартаваны дзелавы дыскурс. Сыходзь у дыскрэтнасьць…
Напрыканцы студзеня, у суботу, выкладаў на абласных зборах алімпіёнікаў, якія сталі дыплямантамі абласнога этапу рэспубліканскай алімпіяды. Мясьціны гожыя, прыгарадны пасёлак Чонкі, дзе багата санаторыяў сярод стромкіх соснаў над Сожам, паветра крыху п’янкое (бо лес) і чысьцейшае за гарадзкое. Але запамінальны стан, калі ты, спраўны падарожнік, выбраўся да разумных, цікавых і выхаваных дзяцей весьці размову на важныя тэмы, маеш пачэсную і адказную місію вызначыць, каго варта рэкамэндаваць у склад каманды на рэспубліканскую алімпіяду ў Менск, і адначасна — ня маеш пастаяннай прывязкі да гэтых мясьцінаў і заняткаў.
Гэта сыход з руціны, а наперадзе суботні вечар з адвольным адпачынкам і нядзеля. Стан блізкі да эўфарыі, дома чакае бутэлька добрага чырвонага віна з Крыму, жонка і чарговы аб’ём забаўных кіно. Увечары ў хаце зноў выправа ў нірвану: фільм-экшн на экране, некалькі келіхаў віна і адстароненасьць. Пытаньні самому сабе: ці ня станеш чэлядзьдзю нявольнай у такога дзівосна-традыцыйнага ў нашых краёх спосабу мэдытацыі? Ці ня схібіш у вабна-небясьпечныя нетры філязофскай лірыкі Хаяма? Ці ня станеш парабкам у джына-алькаголю, які зруйнуе сям’ю, мары, цела і, урэшце, дух?..
Днямі выправілі васьмігадовага сына ў аздараўленчы цэнтар за 40 кілямэтраў ад Гомелю без бацькоўскага нагляду. Там больш сотні дзяцей розных гадоў (ад шасьці-сямі да пятнаццаці-шаснаццаці), выхавацелькі і мэдсёстры, у чыёй дбайнасьці і клапатлівасьці да масы чужых дзяцей, што цераз тры-чатыры тыдні зьедуць, ёсьць значныя сумневы. Жонка надта трывожылася, што сын два дні не тэлефанаваў, сам папраўдзе хваляваўся…
У нядзелю выправіліся з жонкай да сына ў санаторый у адведкі. Да аўтавакзалу дабіраліся маршруткай, бо баяліся спазьніцца, але мой жарт, што дарэмна сьпяшаемся, бо аўтобус маршрутам “Гомель—Верасок” прыбудзе на аўтавакзал без каралеўскай дакладнасьці, акурат спраўдзіўся. З паўгадзіны бавілі час, то на адчувальным марозе ля пасадачнага пэрону, то туляліся ў будынку вакзалу. Такі дачакаліся няновага “Ікарусу”. Вольнага месца там хапала, уладкаваўся і зірнуў на кабіну шофэра ў роздуме аб мэтазгоднасьці прапясочваньня работніка аўтапарку… Вырашыў устрымацца, бо меў добры настрой ад блізкай сустрэчы з сынам, ад магчымасьці ў дарозе пачытаць апошні нумар “Нашай Нівы”, пагартаць гістарычны атляс па сярэднявеччы, прагледзець дакумэнты і падрыхтаваць тэзы да свайго выступу на абласной нарадзе ва ўпраўленьні ў панядзелак. З паўтары гадзіны дарогі хутка прамінулі.
Вось вёска Шарпілаўка, неўзабаве санаторый “Верасок”. Высокі сасновы лес над двух-трохпавярховымі, даўно не фарбаванымі кубікападобнымі збудаваньнямі, багата глыбокага сьнегу ад дарогі і сьцежак у лесе, выдатнае марознае паветра. Знайшлі патрэбны корпус, сына сустрэлі ў калідоры ля ўваходу, там дзеці зьбіраліся апранутыя, каб ісьці на абед. Радасныя абдымкі, жыцьцёвыя пытаньні, пайшлі разам у сталовую, арганізаваў сына паесьці амаль увесь абед, апроч кіслага баршчу ці чаго там, паразмаўляў з выхавацелькай наконт дробных дзіцячых канфліктаў. Матэрыяльная база санаторыю пакінула ня лепшыя ўражаньні. Праўда, у пакоях цёпла, праветрываць стараюцца, і, можа, я патрабавальны да побытавых умоваў для дзяцей. Але ладна, невясёлая тэма. Падобна, што чатыры тыдні трымаць тут дзіцё ня будзем, пярэсты кантынгент. Забярэм хлопчыка ў наступную нядзелю. Дастаткова для пачатку і двух тыдняў без бацькоўскага догляду…
Цераз гадзіну пайшлі пешшу ўтрох па лясной дарозе ў вясковую краму кілямэтра за паўтара. Вось гэтая малая вандроўка з сынам і жонкай у вёску і пакінула наймацнейшыя ўражаньні той нядзелі. Бегалі навыперадкі ў зімовым лесе з выдатным паветрам, крыху патурзаліся ў сьнезе, бо хлопец упадабаў засохлыя цьвёрдыя сьцябліны. Сонечны марозны дзянёк і бесклапотныя бадзяньні ў вясковых мясьцінах.