Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лідэры мусульманскіх рухаў Беларусі заклікаюць да стрыманасьці


Ігар Карней, Менск Мусульмане многіх краінаў пратэстуюць супраць карыкатураў на прарока Мухамэда, якія летась зьявіліся на старонках дацкай газэты “Jyllands-Posten”, а сёлета былі перадрукаваны францускімі, нямецкімі ды бэльгійскімі выданьнямі. Удзельнікі акцыяў пратэсту ў ісламскіх краінах атакуюць эўрапейскія дыпляматычныя прадстаўніцтвы. Спалены амбасады Даніі і некаторых іншых краінаў у Лібане, Іране, Сырыі, Інданэзіі, Палестыне, Самалі. Як да канфлікту ставяцца беларускія мусульмане?

Карыкатуры на прарока Мухамэда дацкая газэта “Jyllands-Posten” надрукавала яшчэ летась у верасьні. На адным з малюнкаў на галаве Мухамэда — турбан у выглядзе бомбы з запалам. На іншым — мусульманскі прарок у вобразе качэўніка з нажом у атачэньні дзьвюх жанчын, захутаных у чорнае (намёк на “шагідак”). Такія вольнасьці абурылі вернікаў, бо, паводле канонаў ісламу, любая выява Мухамэда катэгарычна забароненая.

Мусульмане Беларусі падзяляюць абурэньне братоў па веры, аднак мэтады змаганьня лічаць непрымальнымі. Пра гэта кажа кіраўнік Духоўнага ўпраўленьня мусульманаў у Беларусі муфтый Ісмаіл Варановіч:

(Варановіч: ) “Сама гэтая тэма забароненая. На чым трымаецца асноўны догмат ісламу? Не пакланяцца асобе і, тым больш, не крытыкаваць яе. У гэтым выпадку гаворка аб прароку, які выконваў місію ўсявышняга Алага. Асоба прарока нідзе ў нас не друкуецца, пра яго можна казаць толькі апісальна і глыбока стрымана. Таму, вядома, для мусульманаў гэта вельмі непрыемна. Але мы не прыхільнікі пратэставаць так, як гэта бачым на экранах тэлевізараў. Гэта ўжо палітыка. Гэта не прамое абурэньне, а справа пэўных лідэраў, якія імкнуцца вывесьці масы людзей, паказаць моц. Але ж карыкатуры зьявіліся летась у верасьні, так? Досыць даўно, а выбух здарыўся літаральна днямі. Значыць, трэба задумацца над усім гэтым”.

У Беларусі прыкладна 30 тысяч мусульманаў, якія аб’яднаныя ў 27 грамадаў. Карэнных носьбітаў ісламу ў краіне ня болей за 10 тысяч, пераважна сярод этнічных татараў. Астатнюю частку складае значная азэрбайджанская дыяспара, якая аб’ядноўвае і вялікую колькасьць грамадзянаў Беларусі іншых нацыянальнасьцяў.

Менскі мастак Ігар Рымашэўскі, які дазваляе сабе ў творчасьці досыць шмат вольнасьцяў, кажа, што ў сучасным сьвеце творцам трэба быць асабліва пільнымі з рэлігійнай тэмай:

(Рымашэўскі: ) “З аднаго боку, мастак, натуральна, мае права выказваць сваё меркаваньне і стаўленьне да актуальных працэсаў. Але трэба быць асьцярожным, калі бачыш, як на гэта рэагуюць. Мяркую, цяпер на Захадзе будуць вельмі асьцярожна да гэтага ставіцца, бо рэлігія — такая тонкая рэч, якая часта ў гісторыі выклікала эксцэсы, ажно да вайны. Быццам бяскрыўдная рэч, а можа перарасьці ў штосьці буйное. З другога боку, як чалавек эўрапейскі я шкадую датчанаў. Данія ў прынцыпе ніколі на палітыку асабліва не ўплывала, а трапіла будзь здароў у які колазварот”.

Муфтый Ісмаіл Варановіч кажа, што ад яго ўсё часьцей патрабуюць больш актыўных дзеяньняў для рэагаваньня на абразу прарока Мухамэда. Аднак ён заклікае да стрыманасьці.

(Варановіч: ) “Мне як муфтыю шмат хто тэлефануе, імкнучыся падштурхнуць у адпаведным кірунку. Але я людзям тлумачу: ня той час, ня той спосаб... Мы, натуральна, у сэрцах ня лёгка, цяжка перажываем усё гэта — як мусульмане, як духоўныя лідэры. Але ўсіх заклікаем да стрыманасьці і спакою”.

Напярэдадні Рамзан Кадыраў, які цяпер выконвае абавязкі кіраўніка ўраду Чачэніі, заявіў, што больш не дапусьціць у рэспубліку ніводнай скандынаўскай арганізацыі. Кадыраў сказаў, што падзяляе гнеў мусульманаў ува ўсіх частках сьвету. Дагэтуль у Чачэніі працавала “Дацкая рада ўцекачоў”, якая аказвала дапамогу 250 тысячам чалавек штомесяц сем апошніх гадоў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG