Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ініцыятыўная група Пазьняка: удзел у выбарчай кампаніі працягваем


Радыё Свабода У паведамленьні, днямі распаўсюджаным інфармацыйнай камісіяй Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ, гаворыцца: "Зянон Пазьняк і яго ініцыятыўная група працягваюць удзел у выбарчай кампаніі і мабілізуюць грамадзтва на Народнае галасаваньне".

"27 студзеня Ініцыятыўная група Зянона Пазьняка завяршыла збор подпісаў грамадзянаў са станоўчым вынікам – сабрана больш за 135 тысячаў подпісаў. У гэты ж дзень сп. Зянон Пазьняк паведаміў ЦВК, што сабраныя подпісы ня будуць перададзеныя ў выбарчыя камісіі, і даў адпаведныя тлумачэньні.

Як паказалі дзеяньні рэжыму ў пэрыяд збору подпісаў, у іхным сцэнары псэўдавыбараў не прадугледжваўся варыянт стварэньня роўных умоваў для прэтэндэнтаў на прэзыдэнцкую пасаду. Рэжым і Масква панічна баяцца вяртаньня сп. Зянона Пазьняка на Беларусь. Такая магчымасьць адкрывалася, калі б адбылася рэгістрацыя сп. Зянона Пазьняка кандыдатам на пасаду Прэзыдэнта. Таму рэжым праз сваю структуру ЦВК сплянаваў апэрацыю нерэгістрацыі яго кандыдатуры. У якасьці прычыны для нерэгістрацыі была выкарыстаная законная праца сябраў Партыі і сябраў Ініцыятыўнай групы па інфармаваньні грамадзтва пра Народнае галасаваньне. Працэдура Народнага галасаваньня ёсьць законнае права грамадзянаў на свабоднае волевыяўленьне, што замацавана Канстытуцыяй і выбарчым заканадаўствам. Народнае галасаваньне дае рэальную магчымасьць спыніць лукашэнкаўскую супэрмашыну фальсыфікацыяў. Другі этап – новыя дэмакратычныя выбары без Лукашэнкі.

Рэжым прыняў захады, каб спыніць інфармаваньне грамадзянаў пра Народнае галасаваньне і ўціснуць працу Ініцыятыўнай групы ў сваю схему псэўдавыбараў. 6 студзеня сакратар ЦВК М.Лазавік зрабіў вуснае афіцыйнае папярэджаньне і выказаў незаконнае патрабаваньне спыніць інфармацыйную працу. 18 студзеня ЦВК вынесла ўжо пісьмовае папярэджаньне за інфармаваньне пра Народнае галасаваньне і выставіла ўльтыматум – альбо Ініцыятыўная група спыняе інфармаваньне пра Народнае галасаваньне, альбо подпісы, сабраныя Ініцыятыўнай групай, будуць прызнаныя несапраўднымі.

Падначаліцца ўльтыматуму фактычна азначала прызнаньне законнасьці псэўдавыбараў і спрыяньне ў "элегантнай" перамозе Лукашэнку. Пасьля ўльтыматуму стала канчаткова зразумелым, што, нават, калі б была спыненая інфармацыйная праца па Народным галасаваньні, сп. Зянон Пазьняк ўсё роўна ня быў бы зарэгістраваны. Высьветліўся сэнс выказваньня Л.Ярмошынай 23 сьнежня 2005 г. штотыднёвіку “Обозреватель” аб тым, што “Позняк не имеет права принимать участие в данных президентских выборах”.

Таму інфармацыйная праца па Народным галасаваньні была працягнутая і набыла больш інтэнсіўны характар. Каб спыніць інфармаваньне і набраць “ачкі” для нерэгістрацыі сп. Зянона Пазьняка, рэжым выкарыстаў міліцыю і КДБ. Была разгорнутая хваля незаконных рэпрэсіяў супраць сябраў Ініцыятыўнай групы: пагрозы, правакацыі, затрыманьні і арышты зборшчыкаў. Па загаду “зьверху” (па словах міліцыянтаў-выканаўцаў) былі складзеныя рапарты, пратаколы, акты для перадачы ў ЦВК. Такім чынам фармальныя абгрунтаваньні для нерэгістрацыі Зянона Пазьняка былі падрыхтаваныя ў поўным аб’ёме.

У гэтых умовах было б неразумна перадаваць у выбарчыя камісіі сьпісы, сабраныя Ініцыятыўнай групай. Мы не маглі стаць пешкамі ў палітыканскай гульні ЦВК і дазволіць так з намі абыходзіцца. Акрамя таго, пасьля папярэджаньня ЦВК аб нерэгістрацыі мы ўжо ў прынцыпе не маглі здаваць туды падпісныя лісты з прозьвішчамі і адрасамі нашых падпісантаў, каб не выстаўляць іх перасьледу з боку рэжыму. (Такое назіраецца.) Нельга дазволіць рэжыму пагражаць эліце нашага грамадзтва, якая падтрымлівае кандыдата беларускага народу Зянона Пазьняка і падтрымлівае ідэю Народнага галасаваньня. Таму было прынятае рашэньне не перадаваць сабраныя подпісы грамадзянаў у ЦВК.

Гэта, аднак, не азначае, што сп. Зянон Пазьняк выходзіць з выбарчай кампаніі, а Ініцыятыўная група спыняе працу. Зусім наадварот! Мы прышлі на выбары са сваёй канцэпцыяй Народнага галасаваньня; скончаны першы этап гэтай выбарчай кампаніі. Ёсьць мінусы і ёсьць плюсы. Мы заручыліся падтрымкай больш за 135 тысячаў нашых суайчыньнікаў. Мы працягваем выбарчае змаганьне.

Ініцыятыўная група Зянона Пазьняка бярэ на сябе адказнасьць за каардынацыю стварэньня структураў Нацыянальнай Грамадзкай Камісіі (НГК). На наступным этапе галоўнай задачай зьяўляецца працяг інфармаваньня грамадзтва пра Народнае галасаваньне, а таксама стварэньне структураў Нацыянальнай Грамадзкай Камісіі (НГК), якая будзе зьбіраць вынікі Народнага галасаваньня. Заклікаем актыўных грамадзянаў далучацца да гэтай працы.

Інфармацыйная камісія Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ 27 студзеня 2006 г."
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG