Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Як той казаў, трэба ж некаму кроў папсаваць. Будзем падпісвацца!”


Ягор Маёрчык, Вілейскі раён Вандроўка карэспандэнта Свабоды ў вёску Бараўцы

Для беспрацоўнага жыхара Вялейкі Алеся Наркевіча падарожжа ў Бараўцы — гэта вяртаньне ў дзяцінства. Зь вёскі паходзіць бабуля Алеся. Але на пачатку 2006-га ён едзе ў новай якасьці. Алесь — сябар ініцыятыўнай групы Аляксандра Мілінкевіча. Мэта візыту — сабраць подпісы за вылучэньне гэтага прэтэндэнта.

Машына спыняецца на ўскрайку паселішча, ля самай першай хаты. На паляваньне за аўтографамі мы выпраўляемся ўдвух. Я зь мікрафонам і фотаапаратам, Алесь — з тэчкай, у якой стос падпісных аркушаў, а таксама партрэт і біяграфія Мілінкевіча. Мы заходзім у хату. Нас сустракаюць Ганна Ількевіч і ейная дачка Тацяна. Алесь разгортвае тэчку такім чынам, каб гаспадары бачылі партрэт Мілінкевіча, і прамаўляе завучаныя словы:

(Наркевіч: ) “Добры дзень! Зьбіраем подпісы на прэзыдэнцкую кампанію. Будзем мяняць прэзыдэнта!”

(Ганна: ) “А што тут зьменіцца?! Адзін чорт!”

(Наркевіч: ) “Як адзін?! Паглядзіце на гэтага: ён нават з барадой!”

(Ганна: ) “Адзін чорт! Во, каб Трэжнева падняць!”

(Карэспандэнт: ) “Навошта?

(Ганна: ) Тады б усё зьмянілася! Мы тады б хоць нармалёва харчаваліся. А што цяпер? Дадуць 200 тысяч, і ня ведаеш, куды іх падзець!”

Алесь няўпэўнена перабівае цётку Ганну і працягвае ёй біяграфію Мілінкевіча — маўляў, пачытайце.

(Наркевіч: ) “Калі ласка, калі ёсьць магчымасьць...”

(Тацяна: ) “Маці, хутчэй давай! Няма чаго тут чытаць!”

(Наркевіч: ) “Не, варта пачытаць... Падпішам вас?”

(Ганна: ) “Пішыце”.

(Наркевіч: ) “Згодныя за Мілінкевіча?”

(Ганна: ) “Так, згодныя”.

(Наркевіч: ) “У вас, можа, ужо зьбіралі подпісы? Прыяжджалі да вас?”

(Ганна: ) “Не, нікога не было”.

Хлопец запаўняе слупкі падпіснога аркуша, уважліва перапісваючы імя прозьвішча, нумар пашпарту і прапіску. Пасьля таго, як кабеты ставяць свае аўтографы, я сядаю побач з Ількевіч-старэйшай.

(Карэспандэнт: ) “А чаму вы падпісаліся за Аляксандра Мілінкевіча?”

(Ганна: ) “Можа, нешта памяняецца, мо стане лепей”.

(Карэспандэнт: ) “А што ў Бараўцах трэба выпраўляць? Што павінна памяняцца?”

(Ганна: ) “Трэба, каб сьвятло правялі да канца вуліцы. А так палову правялі, а палову кінулі. Тут сьветлая частка, а там цёмная. Калі на ровары едзеш, можна чалавека зьбіць... Ой! Вы запісваеце?!”

(Карэспандэнт: ) “Натуральна, давайце працягваць размову”.

(Ганна: ) “Не-а!”

Калі Ганна Ількевіч заўважае дыктафон, яна імгненна ўскоквае і адбягае ў супрацьлеглы кут пакоя. На ўгаворы працягнуць размову кабета на паддаецца.

У гэтай хаце Алесь атрымаў ажно два подпісы — значыць, асноўная мэта дасягнутая. Мы разьвітваемся і кіруемся ў наступную хату.

Тут я скажу колькі словаў пра Бараўцы. Гэтая вёска ў Вялейскім раёне Меншчыны выцягнутая адной вуліцай уздоўж аўтамабільнай трасы на Смургоні. У зман можа ўвесьці вялікая колькасьць дамоў, але пераважная большасьць іх закінутыя. Вяскоўцы кажуць, што ў вёсцы засталося ня болей як паўтары сотні чалавек.

Мы заходзім у наступную хату. У дальнім пакоі пры ўключаным тэлепрыймачы сядзяць старыя. Абодвум далёка за семдзесят. Забягаючы наперад скажу, што, нягледзячы на ўсе прапановы прадставіцца, пэнсіянэры адмовіліся.

(Наркевіч: ) “Добры вечар! Зьбіраем подпісы на прэзыдэнцкія выбары за Аляксандра Мілінкевіча. Давайце падпішамся!”

(Спадарыня: ) “Мы будзем галасаваць за Лукашэнку”.



(Наркевіч: ) “Галасаваць вы можаце за яго, а за гэтага падпісваем, каб зарэгістравалі. Пачытайце, калі ласка”.

(Спадарыня: ) “Не хачу я нічога чытаць, я буду за Лукашэнку”.

(Наркевіч: ) “Паглядзіце, які прыгожы чалавек!”

(Спадарыня: ) “А што мне на ягоную прыгажосьць глядзець?”

(Наркевіч: ) “Лукашэнку ўжо два разы выбіралі”.

(Спадарыня: ) “Мы зноў за яго будзем. Хоць пэнсія і малая, але аддаюць у час. Быў Гарбачоў... І што ён нам даваў? Праз два месяцы!”

(Карэспандэнт: ) “Гарбачоў быў даўно...”

(Спадарыня: ) “Перад Лукашэнкам”.

(Карэспандэнт: ) “А раптам гэты будзе даваць болей?”

(Спадарыня: ) “Ага, так болей будзе даваць, што і празь пяць месяцаў не атрымаем!”

(Карэспандэнт: ) “Якія праблемы ў вёсцы?”

(Спадарыня: ) “Стары мой працаваў на будоўлі. Усе сьвінакомплексы ў акрузе пабудаваў. А як цяпер збожжа ўзяць — толькі за грошы! Пры гэтым старшыню ўсе людзі папрадавалі каровы. У нас такая вялікая вёска, а ў чараду ходзяць толькі адзінаццаць кароваў. Няма чым кароваў карміць”.

(Карэспандэнт: ) “А сена?”

(Спадарыня: ) “Сена нам даюць па той бок ракі! Ці старыя дойдуць туды па сена?”

(Карэспандэнт: ) “А пэнсіі, каб набыць гатовае сена — не хапае?”

(Спадарыня: ) “Даюць 120 тысяч. Сёньня столькі аддасі, каб тое сена пагрузіць і прывезьці. Касілак і трактароў нам ніхто не дае. Ён са старых людзей скуру лупіць. А тыя, хто толькі сёлета прыйшоў у калгас, плаціць за збожжа зусім няшмат”.

(Карэспандэнт: ) “Ці магчыма знайсьці ўправу на гэтага старшыню?”

(Спадарыня: ) “А хто нас паслухае? Хто такое дазволіць?”

(Карэспандэнт: ) “Вы ў райвыканкам паскардзіцеся”.

(Спадарыня: ) “І раён будзе за яго. Яго ў раёне лічаць добрым, бо ён падняў калгас”.

(Карэспандэнт: ) “Няўжо яго там так любяць?”

(Спадарыня: ) “А чаму не? Сёньня ўсіх любяць, хто зь людзей скуру лупіць”.

Хату старых мы пакідаем бяз подпісаў, але з парадай знайсьці каго-небудзь з даярак. Маўляў, яны пра справы калектыўнай гаспадаркі ведаюць болей, чым хто іншы. Варта патлумачыць, што за сем кілямэтраў ад Бараўцаў знаходзіцца Нароч — гэта цэнтар сельскага савету, там жа месьціцца і сядзіба аднайменнай гаспадаркі.

Сельскагаспадарчае прадпрыемства лічыцца адным з самых моцных у Вялейскім раёне. Летась Нароч стала аграгарадком. З гэтай нагоды бараўцоўцы з крыўдай зазначаюць, што ім ад той будоўлі нічога не перапала.

Тым часам мы падыходзім да хаты бабы Вікі.

(Наркевіч: ) “Добры вечар. Мы зьбіраем подпіс за вылучэньне кандыдатам Аляксандра Мілінкевіча”.

Спадарыня адмоўна хітае галавою. Алесь, відаць, крыху разгублены — гэта ўжо другі чалавек запар, які адмаўляецца падпісацца за дэмакратычнага кандыдата. Настае чарга для інтэрвію:

(Карэспандэнт: ) “Скажыце, чаму вы ня хочаце падпісацца за Аляксандра Мілінкевіча?”

(Віка: ) “А што нам той Мілінкевіч? Мы ўжо Лукашэнку ведаем. Добры нам і Лукашэнка”.



(Карэспандэнт: ) “А вы на пэнсіі?”

(Віка: ) “Яшчэ на пэнсіі адзінаццаць год рабіла ў калгасе. Можа, толькі тыдзень, як кінула. Я працавала начным вартаўніком. Трэба было ўсю ноч гной згортваць і ацёлы прымаць, за быкамі сачыць, каб не падушыліся”.

(Карэспандэнт: ) “Які цяпер стан вашага калгасу?”

(Віка: ) “Калгас у нас крэпка добры, тэхнікі вельмі шмат, але людзей у нас старшыня не шкадуе: заробкі малыя і старых асабліва не паважае”.

(Карэспандэнт: ) “А пэнсіі на жыцьцё хапае?”

(Віка: ) “Дзе яно там будзе хапаць?! Набыў вопратку ці абутак, а яны за два тыдні ўжо парваліся: падэшва разламалася ці верх аблупіўся. Нічога не застаецца, як набываць іншыя. Ад такога будзеш паўгалодны. Нядаўна сыноў пажаніла”.

(Карэспандэнт: ) “Ці вясельле цяпер каштуе дорага?”

(Віка: ) “Ой-ё-ё-ёй! Жах, як дорага! Сама мала два мільёны рублёў. Але гэта пры тым, што мяса было сваё”.

(Карэспандэнт: ) “Як доўга вы зьбіралі грошы на такое вясельле?”

(Віка: ) “Паўгоду. Я ўжо наперад пра яго ведала”.

(Карэспандэнт: ) “Раптам будзе іншы прэзыдэнт — можа, нешта зьменіцца? Ці варта ўскладаць спадзевы на гэта?”

(Віка: ) “Хто яго ведае, можа і зьменіцца, а можа будзе яшчэ горш”.

Мы зьвяртаем увагу на хату Галіны Капцюг. Тут сьвеціцца акно, а гэта значыць, у хаце нехта ёсьць. Заходзім і бачым двух пэнсіянэрак: адна ляжыць на ложку спаралізаваная, другая, маладзейшая з выгляду, грэецца, прытуліўшыся да печы.

(Наркевіч: ) “Добры вечар, зьбіраем подпісы да Аляксандра Мілінкевіча!”

(Капцюг: ) “А што гэта за ён? Я толькі Лукашэнку ведаю!”

(Наркевіч: ) “Гэта новы кандыдат. Лепшы!”

(Капцюг: ) “Не патрэбны ён нам. Ён нам нічога лепшага ня зробіць”.

(Наркевіч: ) “Разумны чалавек!”

(Капцюг: ) “Яны ўсе разумныя. Ён нам нічога ня даў, а Лукашэнка пэнсію дае”.

(Карэспандэнт: ) “Вы ж гэтую пэнсію за жыцьцё зарабілі?”

(Капцюг: ) “Так, мы зарабілі. Але ж мы рабілі ня так гэтак, як вы. Мы рабілі дарма, мы паздавалі коні і хадзілі ў калгас. А цяпер маладыя ня хочуць рабіць. А цяпер маладыя крадуць. Колькі такіх прыдуркаў разьвялося! Немцы, лічыце, некалі былі нашы ворагамі, але тады ў вёсцы ніводнага п’янага не было. А пахадзі па вуліцы, як цяпер блытаюцца маладыя — ён бізуном як уваліць, будзеце ведаць”.

(Карэспандэнт: ) “Калі раптам зьменіцца прэзыдэнт, няўжо вы думаеце, што ў вас забяруць гэтую пэнсію?”

(Капцюг: ) “Менавіта так я і думаю: калі зьменіцца, нам нічога не дадуць. Кажуць, што могуць раздаць зямлю. А што я з гэтай зямлёй рабіць буду?”



(Карэспандэнт: ) “Хто раздасьць зямлю?”

(Капцюг: ) “Во гэты камандзір, за якога вы прапануеце падпісацца”.

(Карэспандэнт: ) “А хто вам такое сказаў?”

(Капцюг: ) “Гэта я так думаю. Па тэлевізары пра нейкую ўласнасьць крычаць”.

(Карэспандэнт: ) “А раптам прыйдзе іншы і дасьць болей?”

(Капцюг: ) “Я ўжо большага не дачакаюся”.

Настрой у Алеся зусім упаў. Ходзім-ходзім, а выніку для яго ніякага. У спадзеве на подпісы мы грукаемся ў хату сям’і Ахрэмаў. Гаспадар — інвалід, гаспадыня — беспрацоўная.

(Наркевіч: ) “Добры вечар, зьбіраем подпісы за Мілінкевіча!”

(Кабета: ) “А я і кандыдатаў тых ня ведаю”.

(Наркевіч: ) “А я вам усё распавяду, пачытаеце — няма праблемаў. Гэта новы кандыдат. Вашы суседзі ўжо падпісаліся”.

(Кабета: ) “А хто падпісаўся?”

(Наркевіч: ) “Ількевічы”.

(Кабета: ) “Ой-ой! Божухна, яны ўсьведамляюць, што яны робяць? Што яны ва ўсім гэтым разумеюць! Ім скажы: пішы за Лукашэнку — будуць пісаць за яго. Скажы за іншага — будуць за іншага”.

(Наркевіч: ) “Можа, падпішамся?”

(Кабета: ) “Хай мужык пачытае”.

Да гэтага часу з суседняга пакою ўжо выйшаў сужэнец. Ён уважліва чытае біяграфію Аляксандра Мілінкевіча. Пасьля гэтага вырашае:

(Сужанец: ) “Як той казаў, трэба ж некаму кроў папсаваць. Давай, будзем падпісвацца”.

(Кабета: ) “Хай гэты чалавек ідзе ў людзі, але ад гэтага нам ні халодна, ні сьпякотна. Гэта пусты нумар, але мы можам чалавека прасунуць у людзі”.

(Сужанец: ) “Мы за Каратчэню галасавалі і вывелі яго ў людзі!”

(Кабета: ) “Так, і віно тады давалі ледзь не задарма. Толькі піце, дурні. А можа, гэты кандыдат дасьць працу? А табе, можа, дадуць першую групу інваліднасьці. Зьвернесься пасьля да яго”.

Апошнія словы жонка адрасуе сваёй другой палове. Тым часам Алесь фіксуе ў падпісных аркушах пашпартныя зьвесткі гаспадароў, а я размаўляю з гаспадыняй.

(Карэспандэнт: ) “Чаму падпісаліся за Аляксандра Мілінкевіча?”

(Кабета: ) “А якая нам розьніцца? Нам хоць бы за каго падпісацца”.

(Карэспандэнт: ) “Пасьля таго, як вы прачыталі ягоную біяграфію, пытаньняў ня ўзьнікла?”

(Кабета: ) “Што гэтага чалавека, што Лукашэнку — я ведаю аднолькава. Ці падпісаліся мы, ці не — малая разьніца. Калі чалавек ідзе ў людзі і ўлада яго падтрымлівае, мы яму дапаможам, але мы — маленькія людзі”.

(Карэспандэнт: ) “Каб ён прыехаў да вас, якое б яму пытаньне задалі?”

(Кабета: ) “Ніводны кандыдат Бараўцам нічым не дапаможа! Была школа, але яе разабралі. І вось дзеці езьдзяць. А некаторыя сваіх і ў садок выпраўляюць”.

(Карэспандэнт: ) “Яны дзіця, якому тры годзікі, выпраўляюць у дзіцячы садок за сем кілямэтраў?”

(Кабета: ) “Так, на аўтобусе. Бабуля садзіць у аўтобус. Гэтае дзіцё едзе адное. Яго падвязуць да садзіка, якая-небудзь жанчына падвядзе да дзьвярэй, і дзяўчынка пайшла”.

(Карэспандэнт: ) “А назад хто садзіць на аўтобус?”

(Кабета: ) “Можа, якая нянечка. Я б сваё дзіцё ў такіх умовах не пусьціла б”.

Мы пакідаем Бараўцы і вяртаемся ў Вялейку. Адаграваючыся гарбатай, Алесь Наркевіч камэнтуе рэйд за подпісамі. Ён пачынае з адказу на пытаньне, чаму шасьцёра зь дзесяці вяскоўцаў адмовіліся паставіць подпісы за Аляксандра Мілінкевіча.

(Карэспандэнт: ) “Чым можна растлумачыць такую рэакцыю?”

(Наркевіч: ) “Прапаганда. Што яны глядзяць? Беларускае тэлебачаньне. Слухаюць толькі дротавае радыё. Маўляў, абы не было горш. У параўнаньні з тым, што ім давалі жменю збожжа, цяпер дасягнуты пэўны ўзровень. Цяпер для іх вяршыня — 250 тысяч рублёў”.



(Карэспандэнт: ) “Мы знайшлі чатыры чалавека, якія падпісаліся за Аляксандра Мілінкевіча. Якое вашае ўражаньне ад сустрэчы з гэтымі людзьмі?”

(Наркевіч: ) “Першыя двое зрабілі гэта ад шчырага сэрца паводле прынцыпу “трэба — атрымайце”. А ў двух апошніх мільганула нейкая іскра надзеі. Яны падпісалі бяз страху і рызыкі”.

(Карэспандэнт: ) “Пасьля збору подпісаў пачнецца агітацыя. Ня выключана, што вы паедзеце ў тую самую вёску агітаваць людзей. Як вы плянуеце працаваць з такімі людзьмі?”

(Наркевіч: ) “Я мяркую, што з такімі людзьмі размаўляць і ня варта. Гэта толькі страта часу. Калі людзі не цікавяцца выбарамі, калі іх задавальняе адзін чалавек пры ўладзе, калі гэта для іх шчасьце, чым іх пераканаць? Вясковым людзям трэба даць спокуй. Яны самі кажуць, што яны дажываюць”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG