Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Можа, новая ўлада перагледзіць умовы прыватызацыі?”


Радыё Свабода Шаноўныя слухачы! Мы ўдзячныя за вашыя меркаваньні й прапановы. Вы робіце наша з вамі радыё больш зьмястоўным і цікавым. Аўтар найлепшага званка, паведамленьня, падказкі атрымае прыз. Пераможцу абвяшчаем штонядзелю ў тыднёвым аглядзе “Званкоў на Свабоду”. Нагадаем: тэлефон “Свабоды” ў Менску 266-39-52 працуе 24 гадзіны на суткі. Нумар мабільнай сувязі для СМС-паведамленьняў: 8-029-391-22-24.

Слухачы “Свабоды” працягваюць камэнтаваць сустрэчу чатырох беларускіх рок-музыкаў з начальнікам галоўнага ідэалягічнага ўпраўленьня адміністрацыі прэзыдэнта Алегам Праляскоўскім.

Спадарыня: “Паважаная “Свабода”! Забароненым уладамі музыкам Беларусі трэба помнік-стэлу паставіць і напісаць на ёй “Гонар беларускага року”. Іх песьні — шэдэўры. Яны зрабілі ўсё, каб абудзіць родны край”.

Спадар: “Я хачу выказаць сваё меркаваньне наконт сустрэчы рок-музыкаў з адміністрацыяй прэзыдэнта. Нельга сустракацца з прадстаўнікамі Лукашэнкі, як гэта зрабілі Лявон Вольскі і яго таварышы. Адмаўляцца ад сустрэчы нельга, але трэба ставіць абавязковую ўмову: сустрэча павінна адбывацца на нэўтральнай тэрыторыі, абавязкова ў прысутнасьці незалежных карэспандэнтаў”.

Міхаіл Леках, Рыга: “Музыкі пайшлі пагаварыць, каб вырашыць рэальныя пытаньні. І слушна, што пайшлі. Трэба дамаўляцца”.

Спадар: “Вось трымаю ў руцэ касэту, прысьвечаную Максіму Багдановічу ў выкананьні аркестру Фінберга ў 1997 годзе. Сярод іншых ёсьць песьня, якая называецца “Пагоня”. Але празь некалькі гадоў шаноўны спадар Фінберг ужо кляўся ў любові да Аляксандра Рыгоравіча. Дык вось ці ня адбудзецца тое самае з шаноўнымі музыкамі, якія хадзілі ў адміністрацыю прэзыдэнта, у тым ліку і зь Лявонам Вольскім?”

На пытаньне слухача адказвае музыка Лявон Вольскі:

Вольскі: “Сьмешнае пытаньне. Я не працую на дзяржаўнай службе і не зьбіраюся працаваць. Мы самі вызначаем свой рэпэртуар. Мяне нядаўна запыталіся: няўжо калі мы будзем граць у канцэртнай залі “Менск”, нам прыйдзецца не выконваць шмат якія свае песьні?

Таксама абсалютна глупае і сьмешнае пытаньне. Мы не адзін раз гралі ў КЗ “Менск”, выконвалі там абсалютна любыя песьні. Гэта калі нам будзе дазволена там граць”.

Сёньня мы атрымалі такое тэлефанаваньне:

Валодзя, Берасьце: “Прывітаньне слухачам “Свабоды”! Мяне цікавяць такія стратныя для Беларусі праекты, як продаж сотавага апэратара “Velcom”, які ўжо перапрадалі амаль удвая даражэй, ці будоўлю АЭС у Беларусі, ці вось Лукашэнка патрабуе пачаць выпуск чыгуначных вагонаў у Беларусі.

І вось такое пытаньне: калі новая ўлада прыйдзе, можа, яна гэтыя ўмовы перагледзіць, як ва Ўкраіне з “Крыварожстальлю”? Ці ўжо ўсё страчана для Беларусі?”

Слухачу адказвае эканаміст Леанід Злотнікаў:

Злотнікаў: “Па-першае, маленькая заўвага. Яшчэ не даказана, што ў нас не патрэбная АЭС, ці што нам не патрэбная вытворчасьць вагонаў.

Што тычыцца — ці ня позна? Пакуль што стварэньне ўнутранага валавога прадукту — гэта вытворчасьць на дзяржаўных прадпрыемствах. Яшчэ наперадзе і прыватызацыя, і ўключэньне беларускіх прадпрыемстваў у тэхналягічныя ланцужкі міжнародных транснацыянальных карпарацыяў.

Што да продажу “Velcom”, я павінен пагадзіцца, гэта непразрыстая справа. Тут вельмі цяжка адказаць, ці было гэта выгадна дзяржаве. У будучыні прыватызацыя такіх прадпрыемстваў павінна праходзіць празрыста”.

Слухач разважае пра дачыненьні афіцыйнага Менску і міжнародных эўрапейскіх структураў:

Спадар: “Як можна жыць у цэнтры Эўропы з камуністычнымі мазгамі?! Нашыя чыноўнікі недарэчна апраўдваюцца за прынятыя рэзалюцыі ААН у правах чалавека, за ўведзеныя ЗША санкцыі супраць “Белнафтахіму”, адмену Эўразьвязам гандлёвых прывілеяў.

Чаму няма ніякіх санкцыяў адносна былых савецкіх эўрапейскіх дзяржаваў? Адказ просты: там думаць пачынаюць па-эўрапейску. Кіраўніцтва гэтых краінаў здымае са свайго народу ўсе забароны, прыдуманыя камунізмам.

Наша кіраўніцтва заяўляе: “Гэта ня наш шлях”. І чым далей мы жывем, тым больш забаронаў, а, значыць, і больш санкцыяў. І зноў будуць апраўдвацца нашыя чыноўнікі: “Мы б жылі лепш, калі б нас не ўціскалі”.

Нашаму кіраўніцтву з Эўразьвязу прыйшла папера з 12 пунктамі. Што гэта за пункты? Гэта санкцыі, уведзеныя нашымі кіраўнікамі дзяржавы супраць свайго народу. Гэта ня проста нейкія пункты, гэта эўрапейскі стандарт, паводле якога жывуць людзі Эўропы. Тыя, хто ачысьціў мазгі ад камуністычнага сьмецьця”.

Наш слухач цікавіцца:

Спадар, Пінск: “Прагледзеў я ўсе энцыкляпэдыі беларускія і не знайшоў словаў “гурт”, “эсэ”, “онлайн-канфэрэнцыя”. Неяк ня складваецца ў беларускай мове?”

Тэлефанаваньне камэнтуе мовазнаўца Зьміцер Саўка:

Саўка: “Слова “гурт” вядомае любому вясковаму жыхару. Авечкі ходзяць ня толькі чарадой, але і гуртом. “Гуртаваць”, “гуртаўнік” — усе гэтыя словы ёсьць у беларускай мове. Таму зьдзіўленьне спадара мне трошкі незразумелае.

Што да слова “онлайн”, на жаль, нашы энцыкляпэдыі не заўсёды хутка рэагуюць на новыя рэаліі часу. Я спадзяюся, што гэтае слова зьявіцца”.

Скончым праграму водгукамі на працу Радыё Свабода:

Спадарыня Юстыновіч, Менск: “24 лістапада, пазаўчора, у вашай інфармацыі з нагоды Слуцкага збройнага чыну прагучала, перапрашаю, пэўная недакладнасьць, мякка кажучы…

У інфармацыі ня быў згаданы галоўны арганізатар гэтай справы, а менавіта Камітэт аховы гістарычных помнікаў і каштоўнасьцяў Беларусі. І, у прыватнасьці, імя Вячаслава Сіўчыка, рэальнага кіраўніка гэтага чыну. Дзякуючы менавіта ягоным высілкам, рупнасьці й адказнасьці вандроўка сталася на дзіва ўдалай і выніковай”.

Віктар, Менск: “Наконт грошай на апазыцыю з Захаду. Дзякуй Захаду за сайт у інтэрнэце svaboda.org, за Радыё Свабода, за будучы тэлеканал. Вось на што трэба выдаткоўваць грошы й дабівацца лепшага вяшчаньня. Больш грунтоўных перадачаў з статыстычнымі зьвесткамі, з гістарычнымі віктарынамі, трэба павышаць гістарычныя веды і самасьвядомасьць беларусаў — Беларусаў зь вялікай літары”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG