Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Дзяржаўная ідэалёгія, ня можа задаволіць людзей"


Вячаслаў Кулік, Менск Беларуская сям’я Вабішчэвічаў з Кобрынскага раёну Берасьцейшчыны апынулася сярод прыхільнікаў сэкты, якія, ратуючыся ад “канца сьвету”, схаваліся ў зямлянцы й завалілі ўваход. Гэта адбылося ў вёсцы Паганаўка Пензенскай вобласьці Расеі. Трыццаць вернікаў пагражаюць забіць сябе выбухам, калі іх будуць даставаць гвалтам.

Жыхарка Кобрынскага раёну Ганна Вабішчэвіч — маці Сяргея Вабішчэвіча, які некалькі месяцаў таму вывез сваю жонку Вольгу і двух малодшых дзяцей у Пензенскую вобласьць Расеі.

Жанчына кажа, што яе сын быў праваслаўны, але паддаўся на ўгаворы расейскага прапаведніка Пятра Кузьняцова:

“Я баптыстка. А яны — праваслаўныя. Гэты Пятро прыехаў, іх адурманіў. Ну, яны харчаваліся толькі прадуктамі без штрыхкодаў: буракамі, бульбай, морквай, яблыкамі — усім, што самі вырасьцяць. Мы на сто працэнтаў ведаем, што яны там. Там і дзяўчынка наша, якой толькі адзін год і чатыры месяцы. (Плача.)”.

“Усе сьлёзы выплакалі. Як можна апынуцца ў падзем’і?!”

Аднавяскоўка Ганны Вабішчэвіч Галіна кажа, што так званыя “лаўцы душаў” з Расеі выбралі тут найлепшых:

“Гаспадары — на ўсю вёску. Не пілі, шчырыя і адкрытыя. Усім дапамагалі словам і справай. Божа! Усе сьлёзы выплакалі. Як можна да такога дайсьці, каб апынуцца ў падзем’і!? Божа! (Плача.)”

“Нам гэты рэзананс зусім не патрэбны!”

Да ад’езду ў Расею Сяргей Вабішчэвіч працаваў у Кобрыне на чыгунцы. Галоўны ідэоляг тутэйшага райвыканкаму Галіна Бурдыка памятае яго як выдатнага спэцыяліста і добрага мужа і бацьку. Але лічыць, што апраўдваць яго ня трэба:

“Нам гэты рэзананс зусім ня патрэбны! Гэта бяда. Цяпер з дапамогай журналістаў напішам, што гэта масавая зьява. Гэта будзе ўвогуле... Ну, навошта нам гэта?”

“Тое, што распаўсюджвае ў Беларусі дзяржаўная ідэалёгія, ня можа задаволіць людзей”

Палітоляг Уладзімер Мацкевіч, разважаючы аб прычынах надзвычайнага здарэньня, кажа пра наступствы ідэйнага крызісу:

“Тое, што распаўсюджвае ў Беларусі дзяржаўная ідэалёгія, ня можа задаволіць людзей. Ужо шмат гадоў мы бадзяемся, ня вызначыўшы свайго шляху, не даючы людзям адказу на пытаньні: а навошта існуе гэтая краіна, што яна дае людзям і гэтак далей”.

Мы таксама сочым за паведамленьнямі зь Пензенскай вобласьці Расеі. Пакуль там міліцыянты трымаюць у аблозе зямлянку, дзе сярод амаль трыццаці вернікаў хаваецца і сям’я беларусаў з Кобрынскага раёну.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG