Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сьпіс невыязных абвесьцяць толькі ў 2008-м


Ігар Карней, Менск Сёньня Міністэрства ўнутраных справаў накіравала на разгляд у Савет міністраў праект прэзыдэнцкага ўказу аб адмене дазвольнага штампу на выезд за мяжу — ад 1 студзеня 2008 году. Нагадаем, што яшчэ ў 2005 годзе Канстытуцыйны суд пастанавіў адмяніць гэты штамп, прызнаўшы, што ён не адпавядае канстытуцыйным нормам.

У Дэпартамэнце грамадзянства й міграцыі МУС Беларусі паведамілі, што цяпер выпрацоўваюць адзіныя падыходы да стварэньня банку зьвестак пра невыязных грамадзянаў Беларусі.

Сярод невыязных — носьбіты дзяржаўных таямніцаў

Перадусім у банк трапяць тыя, хто ведае дзяржаўныя таямніцы, асобы, супраць якіх пачалі крымінальныя справы й якія не сплацілі фінансавых запазычанасьцяў дзяржаве, іншыя катэгорыі.

Крытэры для такога сьпісу, як сьцьвярджаюць у МУС, існуюць, таму іншых падставаў, апроч вызначаных законам, прыдумляць ня будуць.

Але, як кажа прадстаўніца МУС Кацярына Самусенкава-Шэлегава, усе катэгорыі невыязных грамадзянаў абвесьцяць толькі ў 2008-м:

“Рэч у тым, што цяпер гэтыя групы грамадзянаў яшчэ адпрацоўваюцца, і хіба толькі пасьля Новага году мы зможам пра нешта канкрэтна размаўляць.”.

Калі да 1 студзеня 2008 году прымуць пакет нарматыўных дакумэнтаў для адмены штампу, парадак выезду будзе такі.

Чалавек з пашпартам прыбывае на пункт пропуску. Калі ягонае прозьвішча ў банку зьвестак, то яго папросту ня выпусьцяць з краіны, альбо, калі ён у вышуку, затрымаюць.

Апазыцыянэры па-ранейшаму будуць пад наглядам?

Пытаньне аб адмене дазвольных штампаў упершыню на афіцыйным узроўні яшчэ ў 2002 годзе ўзьняў тагачасны дэпутат Палаты прадстаўнікоў Уладзімер Парфяновіч.

Ён лічыць, што і ў новых умовах падчас выезду за мяжу праблемы ўзьнікнуць ня толькі ў неплацельнікаў алімэнтаў, але і ў так званых “палітычна ненадзейных”:

“Фактычна ён існаваў даўно, такі сьпіс. У яго ўваходзілі як людзі, што не плацілі алімэнты, так і апазыцыянэры. Яны і сёньня ёсьць у гэтым сьпісе: калі мяжу пераходзіш, памежнікі адкрываюь сшытак і ў гэтым сшытку ўсё запісана…

А чаму не скасоўвалі штампу дагэтуль? Яны на гэты конт казалі толькі адно: маўляў, няма кампутараў на мяжы, ня можам усіх улічыць.

Але тэхнічна ўсё яны маглі й раней. Проста да апошняга зьбіралі грошы зь людзей, вось у чым прычына. Патрэбныя былі грошы. Але, па маіх зьвестках, сабраныя сумы перакрывалі ўдвая выдаткі на ўтрыманьне гэтай сыстэмы”.

Скасаваньне штампу зацягнулася на 5 гадоў

Судзьдзя Канстытуцыйнага суду Валянцін Шуклін нагадвае: 27 верасьня 2002 году суд пастанавіў, што адзнака ў пашпарце аб дазволе на выезд за межы краіны супярэчыць Канстытуцыі, якая гарантуе свабоду перамяшчэньня грамадзянаў.

Канстытуцыйны суд прапанаваў Саўміну да 31 сьнежня 2005 году стварыць ўмовы, пры якіх людзям будзе дазволена выяжджаць з агульнаграмадзянскім пашпартам без прастаўленьня адзнакі.

Аднак у адказ урад хадайнічаў пра тое, каб працягнуць тэрмін дзеяньня штампаў — бо на мяжы нібыта не было тэхнічнай магчымасьці ўліку.

Цяпер, паводле Валянціна Шукліна, у чыноўнікаў ёсьць магчымасьць паказаць, як у краіне выконваюцца рашэньні Канстытуцыйнага суду:

“Калі закон, дык павінна быць зроблена! А калі не закон, дык мы з вамі даведаемся пра гэта праз досыць кароткі час. З чаго можна будзе зрабіць выснову, як чыноўнікі выконваюць законы.

Гэта нават цікава: прынятае рашэньне — закон для дзяржаўнага чыноўніка, у тым ліку адміністрацыі прэзыдэнта, іншых дзяржаўных структураў — ці не?”

У Дэпартамэнце ўдакладнілі, як у выпадку ўхваленьня тэхнічна будзе ажыцьцяўляцца пашпартны кантроль.

Працэс ідэнтыфікацыі прывяжуць да радка ў пашпарце на старонцы, дзе ўтрымліваюцца асабісты нумар і “ўстановачныя зьвесткі” пра грамадзяніна.

Супрацоўнік Дзяржаўнага памежнага камітэту спэцыяльным сканэрам прачытвае радок, у аўтаматычным рэжыме інфармацыя правяраецца ў банку зьвестак, і калі абмежаваньняў няма, як запэўніваюць у МУС, законапаслухмяны грамадзянін нават і не заўважыць, як прайшоў мяжу.

• Парадак выезду за мяжу: сутнасьць рыхтаваных зьменаў, 12.11.2007 • Дазвольнага штампа для выезду за мяжу не адмяняюць?, 03.10.2007 • Штамп дазволу на выезд за мяжу можа быць скасаваны з 2008 году, 05.06.2007 • А.Бягун: “Адменяць ці не адменяць дазвольны штамп — жыцьцё пакажа”, 01.06.2007
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG