Лінкі ўнівэрсальнага доступу

М.Чаргінец: “Нам выходзіць з Дамовы, прынамсі цяпер, ня трэба”


Уладзімер Глод, Менск Расея ўводзіць мараторый на свой удзел у “Дамове аб звычайных узброеных сілах у Эўропе”. За гэта ўчора прагаласавала Дзярждума, праект закона перададзены ў Савет Фэдэрацыі. Пазьней яго мае падпісаць прэзыдэнт. Расея зьбіраецца на нявызначаны час прыпыніць дзейнасьць Дамовы на сваёй тэрыторыі. Што можа азначаць гэта для Беларусі?

Выкладчык Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту ў Вільні Дзяніс Мельянцоў бачыць у расейскім імкненьні толькі адну праблему, якая датычыць Беларусі:

“Паколькі фармальна існуе з Расеяй саюзная дзяржава, дык Расея можа запатрабаваць, каб Беларусь прыпыніла дзейнасьць Дамовы на сваёй тэрыторыі — альбо нават выйшла зь яе.

Гэта можа быць значным выклікам для беларускай замежнай палітыкі, таму што Беларусі адназначна нельга выходзіць з гэтай Дамовы”.

Карэспандэнт: “А чаму нельга, як вы думаеце?”

“Па-першае, гэта парушае ўвесь балянс сілаў у Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропе. У такім выпадку Расея, напрыклад, можа разьмяшчаць сваю зброю на тэрыторыі Беларусі. Прычым, у неабмежаванай колькасьці. Калі ж Расея й Беларусь знаходзіліся ў Дамове, такое было немагчыма.

Па-другое, у Беларусі й бяз гэтага дрэнны імідж на міжнароднай арэне. А калі яна яшчэ выйдзе з Дамовы, дык пачне ўяўляць сабою пэўную пагрозу Захаду. А для беларускага кіраўніцтва, для Беларусі наагул гэта небясьпечна. Такое рашэньне выкліча з боку Захаду больш жорсткія дзеяньні адносна Беларусі”.

Беларусь далучылася да “Дамовы аб звычайных узброеных сілах у Эўропе” ў 1992 годзе. Міністрам абароны Беларусі ў той час быў генэрал Павал Казлоўскі.

Цяпер ён мяркуе, што ў беларускага кіраўніцтва ёсьць два варыянты:

“Калі Лукашэнка як верны хаўрусьнік захоча падтрымаць Расею, дык Палата прадстаўнікоў, безумоўна, яго падтрымае і аб’явіць мараторый. Гэта адзін варыянт.

Але ў цяперашніх умовах Лукашэнка, я думаю, можа зрабіць у піку Пуціну. Так, паміж Расеяй і Беларусьсю ёсьць дамоўленасьці аб падтрымцы на міжнароднай арэне. Аднак нягледзячы на гэта, беларускі кіраўнік можа зрабіць па-свойму. Тады ў Расеі будзе яшчэ больш крыўды на Лукашэнку.

А калі Лукашэнка ці Палата прадстаўнікоў прымуць такое ж рашэньне, як у Расеі, дык тады Лукашэнка можа павялічыць колькасьць танкаў, БМП, самалётаў ды г.д. Калі штаны ня згубіць ад таго, што няма грошай”.

Генэрал Мікалай Чаргінец — старшыня камісіі ў міжнародных справах і нацыянальнай бясьпецы Савету Рэспублікі, старшыня камісіі ў пытаньнях замежнай палітыкі Парлямэнцкага сходу Беларусі й Расеі — у інтэрвію “Свабодзе” так акрэсьліў сытуацыю:

“Ну, гэта ж справа Расеі. Яе трэба разумець. Яе ж, шчыра кажучы, сапраўды надурылі Эўропа і Амэрыка, якія ініцыявалі прыняцьце “Дамовы аб звычайных узбраеньнях у Эўропе”. Я Расею разумею, паколькі ў Захаду атрымалася шматразовая рэальная перавага ва ўзбраеньнях. Але гэта іхная справа. Мы гэтага пытаньня не разглядаем.

Асабіста я лічу, што нам выходзіць з Дамовы — прынамсі цяпер — ня трэба. Гэта дазваляе весьці адкрыты празрысты дыялёг. І трымацца сваіх дзеяньняў і дзеяньняў іншых краінаў”.

“Дамову аб звычайных узброеных сілах” падпісалі ў 1990 годзе. Празь дзевяць гадоў у Стамбуле прынялі яе мадэрнізаваны варыянт. Ён прадугледжвае нацыянальныя й тэрытарыяльныя ліміты на звычайнае ўзбраеньне. Беларусь разам з Расеяй, Казахстанам ды Ўкраінай уваходзяць у сьпіс чатырох краінаў, якія ратыфікавалі мадэрнізаваны варыянт Дамовы. Краіны НАТО стамбульскага варыянту дагэтуль не ратыфікавалі. Яны тлумачаць гэта адмовай Расеі вывесьці войскі з Грузіі й Малдовы.
• Мараторыі на дамову аб звычайных узбраеньнях: Лукашэнка – 1995, Пуцін – 2007 , 28.04.2007
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG