Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусь зноў імкнецца аўстрыйскі капітал


Ігар Карней, Менск У Беларусі анансавалі яшчэ адзін інвэстыцыйны праект з удзелам аўстрыйскага капіталу. На першае паўгодзьдзе 2008-га заплянаваная арганізацыя сумеснага аўстрыйска-беларускага прадпрыемства на базе сьветлагорскага “Хімвалакна”. Сёлета ўжо падпісалі дамовы пра продаж акцыяў падкантрольных дзяржаве заводу “Матавэла” і апэратара мабільнай сувязі “Velcom”.

Як паведамілі ў нефармальнай размове ў адміністрацыі “Хімвалакна”, размовы наконт магчымага аўстрыйскага ўдзелу ў вытворчасьці віскозных тэхнічных нітак у Сьветлагорску ідуць ад 2005 году.

Але толькі пры канцы кастрычніка беларуская дэлегацыя правяла перамовы ў Вене з кіраўніцтвам групы кампаніяў “Глянцштоф”.

На сярэдзіну лістапада прызначаны прыезд у Беларусь патэнцыйных інвэстараў з Аўстрыі — тады ж вызначацца дэталі арганізацыі сумеснага прадпрыемства.

Інвэстары №1 —аўстрыйцы

Цяпер відавочна, што аўстрыйскаму капіталу аддалі перавагу перад іншымі канкурэнтамі.

У 2002 годзе “Хімвалакно” намагаліся купіць расейцы, у прыватнасьці, нафтахімічная кампанія “Сібур”. У той жа час на ўзроўні ўраду была падпісаная папярэдняя дамова з Кувэйцкім фондам арабскага эканамічнага разьвіцьця на адраснае атрыманьне крэдыту для “Хімвалакна” — дзеля рэканструкцыі.

Пра жаданьне інвэставаць у вытворчасьць заявіла адна брытанская кампанія.

Аднак урэшце перавагу аддалі таму, хто агучыў інвэстыцыйныя намеры апошнім.

Эканаміст Аляксандар Патупа перакананы: толькі пераход на камэрцыйныя дачыненьні з Расеяй і неабходнасьць набываць энэргарэсурсы па камэрцыйных коштах прымусілі беларускія ўлады адкрыць межы для замежных інвэстараў.

Пры гэтым краіна паходжаньня капіталу, на думку спадара Патупы, асаблівай ролі ня грае:

“Неабходнасьць рэгулярна плаціць па рахунках дамоклавым мячом вісіць над нашым урадам, нашай уладай. І гэта ёсьць вельмі добрым рухавіком для рынкавых зьменаў, для рынкавых рэформаў”.

Умоваў, пры якіх будзе стварацца сумеснае прадпрыемства, пакуль не агалошваюць. Аднак з аўстрыйскай прэсы вядома, што аўстрыйскі бок можа інвэставаць цягам аднаго-двух гадоў 20 мільёнаў эўра на закуп новага абсталяваньня для салігорскага “Хімвалакна” і ўжо да канца 2009 году выйсьці на максымальныя вытворчыя магутнасьці.

Прадаваць маёмасьць — больш абачліва?

Аднак распродаж дзяржаўнай маёмасьці, які пачасьціўся апошнім часам, вітаюць ня ўсе.

Нядаўна Аляксандар Лукашэнка даў зразумець, што не выключае продаж яшчэ аднаго стратэгічнага прадпрыемства — менскага “Інтэгралу”.

Як кажа прафэсар Іван Нікітчанка, стратэгічныя прадпрыемствы трэба прадаваць з большай абачлівасьцю і мець на ўвазе агульнае рэфармаваньне эканомікі:

“Трэба рэформы весьці. Не прадаваць ціха дзяржаўную маёмасьць Беларусі, а ажыцьцяўляць як мае быць эканамічныя рэформы. Прыватызацыю — значыць, прыватызацыю. Як гэта ва ўсім сьвеце робіцца — з аўкцыёну распродаж праводзіць.

А то ў нас прадаюць усё ціха, а фактычна аддаюць задарма стратэгічныя прадпрыемствы. “Velcom” ужо няма, “Матавэла” таксама прададзены, “Інтэгралу” хутка таксама ня будзе. Карацей кажучы, хутка ня будзе ніводнага больш-менш значнага прадпрыемства ў Беларусі”.

На пачатку кастрычніка аўстрыйская кампанія “Telekom Austria Group” падпісала дамову пра набыцьцё 70% актываў апэратара мабільнай сувязі “Мабільная лічбавая сувязь”.

Паводле задумаў, праз тры гады “Velcom” можа цалкам перайсьці пад кантроль аўстрыйцаў, а агульная сума ўгоды перавысіць 1 мільярд эўра.

А яшчэ раней, у верасьні, у адпаведнасьці з рашэньнем ураду дзяржаўную долю акцыяў менскага “Матавэла” прадалі аўстрыйскай кампаніі “ATEC Holding”. Гаворка пераважна пра пэрспэктыўныя інвэстыцыі — ня менш за 20 мільёнаў даляраў за пяцігодку.

• Продаж “Velcom” — шматкрокавая спэкулятыўная апэрацыя?, 11.10.2007
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG