Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Антанас Валёніс: мудрацы зьбяруцца празь месяц


Уладзімер Глод, Менск Сёньня ў Вільні скончылася двухдзённая міжнародная канфэрэнцыя, прысьвечаная плянаваным на восень 2008 году выбарам у Палату прадстаўнікоў. На ёй упершыню агучылі прапанову былому прэзыдэнту Польшчы Аляксандру Квасьнеўскаму стаць палітычным апекуном Беларусі. Менавіта ён можа ўзначаліць спэцыяльную групу мудрацоў, якая б сваім аўтарытэтам паспрыяла таму, каб Эўразьвяз больш актыўна заняўся беларускімі справамі.

З ініцыятывай выступіў былы міністар замежных справаў Літвы, цяпер намесьнік старшыні парлямэнцкага камітэту ў эўрапейскіх справах Антанас Валёніс. Учора мы паведамілі нашым слухачам пра гэта.

Сёньня экс-міністар даў эксклюзіўнае інтэрвію нашаму радыё.

Ён адразу адзначыў, што арганізацыйная праца дзеля стварэньня групы ўжо пачалася. Мяркуецца, што ў яе ўвойдуць палітыкі высокага рангу: толькі былыя прэзыдэнты, прэм’еры і міністры замежных справаў:

“Я спадзяюся, што спадар Квасьнеўскі будзе кіраваць гэтай групай. Яна прааналізуе палітыку Эўразьвязу адносна Беларусі й прапануе нешта новае. Казаць, што гэта будзе новая палітыка, можа, і занадта сьмела.

А вось новыя падыходы, новыя элемэнты — гэта магчыма. Трэба разабрацца, чаму пакуль не атрымліваецца. І як трэба мадыфікаваць стратэгію ды тактыку, як гэтага патрабуюць абставіны”, — кажа Антанас Валёніс.

Карэспандэнт: “Як хутка можа ўтварыцца гэта група?”

“Праца такая ўжо ідзе. Я думаю, дзесьці празь месяц можа адбыцца першая сустрэча. Я прапанаваў, каб гэта было ў Вільні. Зьбіраемся і размаўляем. Гэта ж арганізацыя нефармальная. І таму гэта ня зойме ні многа сілаў, ні часу”.

Карэспандэнт: “А хто яшчэ, акрамя вас і спадара Квасьнеўскага, зоймецца беларускімі справамі?”

“Я пакуль ня ў стане сказаць, хто яшчэ будзе ўдзельнічаць. Я думаю, праз пару-тройку тыдняў ўсё будзе вядома”.

Спадар Валёніс патлумачыў, чаму ён узяў на сябе арганізатарскія функцыі:

“Калі да нас прыяжджаюць людзі й просяць дапамагчы, патрэбна адгукнуцца. Мне падаецца, пасьпяхова пачаў працаваць у Вільні Эўрапейскі гуманітарны ўнівэрсытэт. Мы прафінансуем групу беларускіх студэнтаў з гэтага ўнівэрсытэту. Мы спрыяем сем’ям беларускіх палітвязьняў. І я прынамсі гэтым займаюся — як прыватная асоба.

А вось склад той групы мудрацоў, якую мы цяпер ствараем, павінны быць настолькі аўтарытэтны, каб Эўразьвяз прыслухаўся да іх думкі”.

Ініцыявалі канфэрэнцыю каля дзясятка палітычных партыяў Беларусі, Літвы й Швэцыі. Арганізавалі форум Швэдзкі лібэральны цэнтар і літоўскае грамадзкае аб’яднаньне “Дасьледаваньне мэдыяў і інфармацыйны цэнтар”.


• Беларускія апазыцыянэры зьбіраюцца ў Вільні, 25.10.2007
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG