Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Старых Дарогах адкрыты помнік Тадэвушу Касьцюшку


Севярын Квяткоўскі, Менск Урачыстае мерапрыемства адбылося ў музэі сучаснага беларускага мастацтва Анатоля Белага. Мэталічную выяву героя барацьбы за незалежнасьць Рэчы Паспалітай, а таксама ўдзельніка вайны за незалежнасьць ЗША зрабілі мастакі Алесь Цыркуноў і Анатоль Крывенка. Кіраўнік праекту — Анатоль Белы. 16 кастрычніка выява Тадэвуша Касьцюшкі прэзэнтавалася ў двары музэю — прыехалі вядомыя палітыкі, культурныя дзеячы і дыпляматы.

Кіраўнік праекту і непасрэдны ўдзельнік стварэньня помніка Анатоль Белы тлумачыць, што помнік Тадэвушу Касьцюшку зьявіўся да 190-х угодкаў са дня сьмерці героя.

Анатоль Белы падкрэсьлівае, што гэта ўжо сорак першы помнік, зьвязаны з гісторыяй і культурай Беларусі, які паўстаў зь ягонай ініцыятывы.

Гэтым разам уладальнік прыватнага музэю ў Старых Дарогах падкрэсьлівае свой асабісты ўдзел у вырабе твору мастацтва. Анатоль Белы кажа:

“Трэба прымяняць шмат тэхнічных момантаў. Я ўдзельнічаў у стварэньні малюнку, і сам жа рэзаў і варыў мэтал, і гэтак далей”.

У адкрыцьці помніку бралі ўдзел вядомыя грамадзкія і палітычныя дзеячы, сярод іншых старшыня Саюзу беларускіх пісьменьнікаў Алесь Пашкевіч і палітык Аляксандар Мілінкевіч.

У Беларусі ўжо ёсьць помнік-бюст Тадэвушу Касьцюшку, які амэрыканская амбасада ўсталявала на радзіме героя — у Жабінкаўскім раёне Берасьцейшчыны. Але няма аніводнага помніка, які б стварыла дзяржава.

14 кастрычніка ў Старых Дарогах была і амбасадарка ЗША ў Беларусі Карэн Брэвард Ст’юарт. Яна наведала райцэнтар, каб перадаць мясцоваму шпіталю мэдыкамэнты, ахвяраваныя шэрагам амэрыканскіх кампаніяў.

Лекі, перададзеныя ў Старыя Дарогі, — частка грузу коштам больш за 1 мільён даляраў, які прызначаны для шпіталёў ва ўсёй Беларусі. Дзякуючы гэтаму ахвяраваньню прыкладна 1300 пацыентаў змогуць атрымаць бясплатную дапамогу.

Таксама Карэн Брэвард Ст’юарт наведала музэй беларускага мастацтва Анатоля Белага.

Анатоль Белы плянуе неўзабаве ўвасобіць у скульптурных кампазыцыях эскізы помнікаў героям Слуцкага збройнага чыну, заснавальнікам Беларускай Народнай Рэспублікі й два помнікі пакутнікам Беларусі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG