Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Праскі акцэнт”: у Эўропу – пры дапамозе Пяткевіч і Саакашвілі?


Юры Дракахруст, Прага У якім стане знаходзяцца зараз адносіны Беларусі і Эўразьвязу? Як адкажа ўлада на прапанову аб перамовах з боку арганізатараў “Эўрапейскага маршу”? Якія прычыны сэнсацыйнага паляпшэньня беларуска-грузінскіх адносінаў? Над гэтымі тэмамі ў “Праскім акцэнце” разважаюць палітолягі Дзяніс Мельянцоў і Вячаслаў Пазьняк і намесьнік старшыні партыі БНФ Юры Хадыка.

Дракахруст: “На гэтым тыдні высокія прадстаўнікі Эўрапейскага Зьвязу сфармулявалі адказы аб’яднанай Эўропы на прапановы афіцыйнага Менску. Нагадаем, што на канфэрэнцыі па эўрапейскай палітыцы суседзтва, якая праходзіла ў Брусэлі напачатку верасьня, намесьнік міністра замежных спраў Беларусі Валер Варанецкі ў чарговы раз заявіў, што Беларусь гатовая да самага шырокага супрацоўніцтва з Эўропай у такіх важных для абодвух бакоў галінах, як энэргетыка і барацьба зь незаконнай міграцыяй, а таксама заклікаў заходніх інвэстараў укладаць грошы ў Беларусь.

Аднак на гэтым тыдні эўракамісар па зьнешніх сувязях і палітыцы добрасуседзтва Бэніта Фэрэра-Вальднэр заявіла, што Беларусь не зрабіла амаль нічога па выкананьні вядомых 12 умоваў паляпшэньня адносінаў, сфармуляваных Эўразьвязам летась. Яна сказала, што некалькі невялікіх крокаў Менск зрабіў: датэрмінова вызваліў Паўла Севярынца і Міколу Статкевіча, пагадзіўся на адкрыцьцё прадстаўніцтва Эўракамісіі ў Беларусі, такія ж невялічкія крокі былі зробленыя ў адказ – нарада экспэртаў па энэргабясьпецы, запрашэньне спадара Варанецкага на канфэрэнцыю ў Брусэль. Але жнівеньская хваля рэпрэсіяў супраць палітычных актывістаў прывяла да крокаў назад з боку Эўразьвязу.

Яшчэ больш канцэптуальна выказаўся на гэты конт найвышэйшы прадстаўнік Зьвязу ў пытаньнях зьнешняй палітыкі і бясьпекі Хаўер Саляна ў інтэрвію ўкраінскай газэце “Люстра тыдня”. Ён сказаў, што “пытаньні энэргетычнай бясьпекі хвалююць нас усіх, але сытуацыя ў Беларусі, на жаль, не дае нам магчымасьці супрацоўнічаць зь ёй у гэтай сфэры”. Пазыцыя сфармуляваная жорстка: так, энэргабясьпека – важнейшае пытаньне, так, існуе расейскі ціск, але нават па гэтым пытаньні дыялёгу ня будзе, пакуль не адбудуцца пэўныя перамены ў Беларусі.

Тут узьнікаюць адразу два пытаньні. Першае, чаму так упарціцца Менск, чаму ня хоча зрабіць нават жэст добрай волі? Кажуць, што найменшая лібэралізацыя абрыне рэжым. Але значным прагрэсам у параўнаньні зь цяперашнім станам было б вяртаньне ў нейкі 2000 год, калі сытуацыя была больш свабоднай, але прэзыдэнцкі палац ніхто штурмам ня браў.

І другое пытаньне, чаму Эўразьвяз, насуперак чаканьням афіцыйнага Менску і, дарэчы, перасьцярогам Масквы, захоўвае вернасьць прынцыпам, чаму не ідзе на супрацоўніцтва па пытаньнях ня толькі энэргабясьпекі Беларусі, але і ягонай уласнай энэргабясьпекі? Вячаслаў Пазьняк, Вам слова”.

Пазьняк: “Што тычыцца афіцыйнага Менску, то ён прытрымліваецца ранейшай стратэгіі. А сутнасьць яе палягала ў тым, што нікуды Захад, і Эўразьвяз у прыватнасьці, не падзенецца, і зь Менскам усё роўна давядзецца мець справу з улікам ягоных заяўленых інтарэсаў. Мяркую, што пакуль усе зьнешнія фактары і, у прыватнасьці, ціск энэргетычнага фактару не зьмянілі гэтую ранейшую лінію Менску: Захад вымушаны будзе прыняць беларускія умовы.
В.Пазьняк: “Сутнасьць стратэгіі афіцыйнага Менску палягае ў тым, што нікуды Захад, і Эўразьвяз у прыватнасьці, не падзенецца”.
Але гэтага не адбываецца. Мы назіраем прынцыповую пазыцыю Эўракамісіі, Эўразьвязу, і гэтая пазыцыя не зьмяняецца нават пад уплывам заклапочанасьці, якая спараджаецца залежнасьцю краінаў Зьвязу ад паставак энэрганосьбітаў. У той жа час варта адзначыць, што роля Беларусі ў гарантаваньні энэргабясьпекі Эўропы не настолькі вялікая, як гэта здавалася б і хацелася б афіцыйнаму Менску”.

Дракахруст: "Юры Хадыка, а які Ваш адказ на пытаньне – чаму бакі паводзяць сябе такім чынам. Вячаслаў, на мой погляд, трапна апісаў гэтую сытуацыю, як вайну нэрваў: Менск лічыць, што Эўропа нікуды не падзенецца, а Эўропа – што Менск нікуды не падзенецца. Дык хто першы саступіць?”

Ю.Хадыка: “Эўразьвязу было б варта дапоўніць 12 умоваў 13-й: запрасіць Віктара Лукашэнку ў Кембрыджскі ўнівэрсытэт, каб ён атрымаў эўрапейскую адукацыю”.
Таму мне здаецца, што Эўразьвязу было б варта дапоўніць 12 умоваў 13-й, ад якой Аляксандру Рыгоравічу было б цяжка адмовіцца: запрасіць Віктара Лукашэнку ў Кембрыджскі ўнівэрсытэт, каб ён атрымаў эўрапейскую адукацыю. Хай гэта было б умовай працэсу дэмакратызацыі. Паколькі галоўная ідэя Аляксандра Лукашэнкі – ўтрыманьне пажыцьцёвай і нават спадчыннай улады, то адукацыя ягонага нашчадка была б вельмі карыснай для ўсёй Беларусі, для апазыцыі і, безумоўна, – асабіста для той асобы, якая сёньня гаворыць ад імя ўсёй Беларусі".

Дракахруст: "Спадар Хадыка, але вось Пол Пот сканчаў Сарбону, а пасьля зрабіў у сваёй Камбоджы генацыд. Так што Ваша вера ў заходнюю адукацыю, я мяркую, не павінна быць такой ужо ўсеабдымнай".

Хадыка: "Ну, яна не такая ўсеабдымная. Але, скажам, Гейдар Аліеў у свой час правільна накіраваў адукоўвацца на Захад свайго сына, які зараз ажыцьцяўляе паступовы пераход Азэрбайджану да больш цывілізаваных форм жыцьця і кіраваньня. Мая думка ў тым, што каб зрушыць гэты воз зь месца, трэба зрабіць нешта такое, у чым быў бы асабіста зацікаўлены Аляксандар Рыгоравіч Лукашэнка. Тады б мы пасунуліся наперад і па іншых пытаньнях.

Размовы пра ўмовы дыялёгу ідуць вельмі даўно. І мне вельмі падабаюцца апошнія заявы прадстаўнікоў Эўразьвязу, таму што яны на 100% сьведчаць пра тое, чаго апазыцыя дамагаецца ўжо даволі даўно – каб быць трэцім бокам у гэтых перамовах. Пакуль Лукашэнка на гэта не згаджаецца".

Дракахруст: "Дзяніс Мельянцоў, я папрашу Вас даць Ваша тлумачэньне пазыцый Менску і Брусэлю, а таксама пракамэнтаваць словы спадара Хадыкі, што Эўразьвязу цяжка весьці дыялёг зь Беларусьсю, бо там усё вырашае адна асоба. Але ў дадзеным выпадку размова ж ідзе не пра ўступленьне Беларусі ў Эўразьвяз. У межах той самай эўрапейскай палітыкі суседзтва Эўразьвяз супрацоўнічае, скажам, зь Лібіяй, дзе Муамар Кадафі таксама вырашае ўсё. Дык калі зь Лібяй можа, чаму ж зь Беларусьсю нельга без выкананьня жорсткага набору ўмоваў?"

Мельянцоў: "Наконт пытаньня пра ўпартасьць Менску цяжка даць адназначны адказ. Па-першае, у беларускага рэжыму ёсьць свая лёгіка разьвіцьця, якая не дазваляе адпускаць гайкі, а прымушае толькі іх закручваць. Такая лёгіка караніцца перадусім у сьвядомасьці кіраўніка краіны, які лічыць любую ўнутраную лібэралізацыю праявай уласнай слабасьці і чакае нападу апазыцыі і здрады бліжэйшага атачэньня, як толькі ён дасьць слабіну. ЭЗ патрабуе ад Лукашэнкі лібэралізацыі перадусім палітычнай, а значыць, аслабленьня ягонай пэрсанальнай улады. Пайсьці на гэта прэзыдэнту не дазваляюць ягоныя ўладныя інстынкты.
Д.Мельянцоў: “Паміж ЭЗ і Беларусьсю няма канфлікту інтарэсаў, ёсьць канфлікт каштоўнасьцяў”.
Па-другое, паміж ЭЗ і Беларусьсю няма канфлікту інтарэсаў, ёсьць канфлікт каштоўнасьцяў. Для Эўропы дэмакратычныя каштоўнасьці ёсьць падмуркам інтэграцыі, эўрапейскай ідэнтычнасьці і найважнейшым элемэнтам іміджу ЭЗ на міжнароднай арэне. Уся "мяккая сіла" Эўразьвязу грунтуецца не на вайсковай моцы, а на каштоўнасьцях і прынцыпах.

У той жа час для афіцыйнага Менску каштоўнасьці і прынцыпы – толькі прыкрыцьцё палітыкі, якая праводзіцца ў дадзены момант. Таму Беларусь дагэтуль ня мае акрэсьленай зьнешнепалітычнай канцэпцыі, бо ня можа вызначыцца наконт каштоўнасьцяў. У сваёй зьнешняй, а таксама і ўнутранай палітыцы Менск кіруецца састарэлай канцэпцыяй Realpolitik, дзе на першым месцы стаяць менавіта інтарэсы, а не прынцыпы. Беларусі патрэбныя танныя энэргарэсурсы і ў прынцыпе няважна, якімі сродкамі яны дастануцца. Выглядае так, што Менск проста не разумее, чаго ад яго хоча Брусэль, не разумее, чаму Эўразьвяз прымушае яго зьмяніць палітычную сыстэму, якая кантралюе сытуацыю зь мігрантамі і забясьпечвае транзыт энэрганосьбітаў на Захад.

Па-трэцяе, Лукашэнка адчувае сябе дастаткова моцным, каб не зьвяртаць увагі на патрабаваньні Эўразьвязу. На сёньняшні дзень не Эўразьвяз, а Расея мае больш інструмэнтаў уплыву на сытуацыю ў Беларусі, у тым ліку і фінансавых, таму ўсходні вэктар будзе заставацца для Менску найважнейшым. Эўразьвяз выразна даў зразумець, што ні ў якім разе ня прыме існы беларускі рэжым, на гэты конт Лукашэнка ня мае аніякіх ілюзіяў. Таму Эўропа выкарыстоўвалася і выкарыстоўваецца выключна як пудзіла для Расеі, а не як магчымы альтэрнатыўны саюзьнік. Менск раз-пораз карыстаецца гэтай эўрапейскай картай для шантажу ўсходняга суседа.

Для Эўропы каштоўнасьці і прынцыпы – гэта экзыстэнцыйныя рэчы. Кадафі ў прынцыпе нічым ня лепшы за Лукашэнку, але Лібія знаходзіцца ў Афрыцы, а да Афрыкі зусім іншыя патрабаваньні”.

Ліставаньне дзеля эўрапейскай будучыні

Дракахруст: “10 дзён таму арганізатары “Эўрапейскага маршу”, які прызначаны на 14 красавіка, зьвярнуліся зь лістом да намесьніцы кіраўніка адміністрацыі прэзыдэнта Натальлі Пяткевіч з прапановай паразмаўляць пра ўмовы нармальнага правядзеньня маршу. Пад лістом стаіць подпіс і ўдзельніка нашай сёньняшняй перадачы Юрася Хадыкі.

Паводле аўтараў ліста, паколькі афіцыйны Менск таксама імкнецца наладзіць адносіны з Эўропай, а арганізатары маршу зьбіраюцца прадэманстраваць менавіта праэўрапейскія памкненьні, а не скідаць уладу, то ёсьць пра што паразмаўляць. Адказу на зварот пакуль няма.

А ці будзе? Калі не – то чаму, калі будзе – то чаму і які? І другое пытаньне: пасьля вядомага звароту Аляксандра Мілінкевіча да Лукашэнкі ў лютым гэтага году на Мілінкевіча быў абрынуты паток абвінавачваньняў у здрадзе, палітычнай блізарукасьці і шмат у якіх іншых грахах. Дык можа і зараз аўтары звароту ў чарговы раз ня толькі здраджваюць прынцыпам, але і “нарываюцца” на чарговае вызначэньне “шалудзівыя людзі”, дадзенае Лукашэнкам аўтару папярэдняга ліста? Спадар Хадыка”.
Ю.Хадыка: “Перамоўная група, якая накіравала ліст да сп-ні Пяткевіч, дзейнічае са згоды ўсіх суб''ектаў аб''яднаных дэмакратычных сіл, у тым ліку і руху "За свабоду".
Хадыка: "Безумоўна, рознагалосьсі ў апазыцыі заўсёды былі і могуць быць, але ні я, ні іншыя сябры перамоўнай групы, якая была створана са згоды ўсіх суб''ектаў аб''яднаных дэмакратычных сілаў, мы гэтых супярэчнасьцяў не баімся. Мы глыбока перакананыя, што такі дыялёг, які мы спрабуем распачаць, патрэбны , ён нам карысьць беларускаму народу, на карысьць апазыцыі і на карысьць уладзе. Мы гэта таксама добра разумеем, таму і спадзяемся атрымаць адказ.

Гэтая спроба дыялёгу ёсьць рэалізацыяй стратэгіі аб''яднаных дэмакратычных сілаў, якую ўхваліў 7-ы кангрэс дэмсілаў.

Перамоўная група, якая накіравала ліст да сп. Пяткевіч, дзейнічае са згоды ўсіх суб''ектаў аб''яднаных дэмакратычных сіл, у тым ліку і руху "За свабоду". Адказ будзе абавязкова – альбо ў выглядзе ліста, альбо ў выглядзе ягонай адсутнасьці. Мы гатовыя і да такога павароту падзеяў.

Наша мэта – за час, што застаўся да 14 кастрычніка, давесьці да як мага больш шырокіх колаў грамадзтва агульную зацікаўленасьць у мірным правядзеньні "Эўрапейскага маршу". Бо ягоная мэта – гэта як раз папулярызацыя тых умоваў, якія ставіць дэмакратычная Эўропа перад беларускім рэжымам, для таго, каб ён мог атрымаць неабходную для яго падтрымку ў эканамічным і палітычным пляне.

Усё мяняецца, і я не магу цалкам згадзіцца з думкай Дзяніса, што дагэтуль Масква іграе для Беларусі больш значную ролю. Я перакананы, што сытуацыя вельмі моцна памянялася. І хаця Лукашэнка гэта не прызнае, аднак усе ягоныя намаганьні скіраваць наш экспарт і эканамічныя сувязі на Захад сьведчаць пра тое, што нарэшце ён зразумеў карысьць цывілізаваных адносінаў з Захадам. Ён, зразумела, хацеў бы абмежавацца ў гэтых стасунках эканамічнай сфэрай, але наша задача – давесьці да нашага народу, што гэта немагчыма без саступак у палітычнай галіне, у галіне правоў чалавека".

Дракахруст: "Дзяніс, а які Ваш прагноз – ці пойдзе ўлада на дыялёг па гэтым канкрэтным пытаньні?"

Мельянцоў: "На маю думку, даслаўшы ліст спадарыні Пяткевіч, прадстаўнікі апазыцыі ізноў прадэманстравалі сваё жаданьне адыгрываць ролю пасярэднікаў у магчымых перамовах паміж ЭЗ і беларускімі ўладамі. Гэты крок добра ўкладаецца ў агульную скіраванасьць АДС на эвалюцыйны шлях трансфармацыі палітычнага рэжыму, што было адлюстравана ў стратэгіі АДС, прынятай на кангрэсе. Лідэры АДС небеспадстаўна мяркуюць, што стаўленьне Эўразьвязу да дыялёгу зь Беларусьсю будзе ў значнай ступені залежаць ад таго, як пройдзе "Эўрапейскі марш" і ці пацягне ён за сабой хвалю новых рэпрэсій.

Гэтая стратэгія магла б быць пасьпяховай для аб''яднанай апазыцыі, калі б улада сапраўды мела патрэбу ў паўнавартасным дыялёгу з ЭЗ. Але, як я казаў, яна такой пільнай патрэбы не адчувае, і для яе важней ня даць апазыцыйным сілам аформіцца ў якасьці палітычнага суб''екту. А ў якасьці пасярэдніка апазыцыя безумоўна такім робіцца. Прадухіліць гэта для ўлады важней, чым атрымаць ухвалу ад Брусэлю. Такім чынам, хутчэй за ўсё, лютаўскі адказ Лукашэнкі Мілінкевічу паўторыцца яшчэ раз, мяркую толькі, што спадарыня Пяткевіч будзе больш стрыманая ў фармулёўках.
Д.Мельянцоў: “Лютаўскі адказ Лукашэнкі Мілінкевічу паўторыцца яшчэ раз, мяркую толькі, што спадарыня Пяткевіч будзе больш стрыманая ў фармулёўках”.
Што да абвінавачваньняў у здрадзе на адрас аўтараў ліста, ня думаю, што яны будуць надта гучныя. АДС абралі стратэгію дыялёгу, пра што казаў спадар Хадыка, і гэты ліст не выбіваецца па-за рамкі агульнай парадыгмы дзеяньняў, як гэта было напачатку году зь Мілінкевічам. Іншая справа – шараговыя актывісты, у тым ліку і актывісты руху "За свабоду", ад якіх у прынцыпе можна чакаць крытыкі".

Дракахруст: "Спадар Пазьняк, і Юры Хадыка, адзін з аўтараў ліста, і Дзяніс Мельянцоў казалі, што гэтым лістом апазыцыю прэтэндуе на ролю пасярэдніка. Але ў мяне такое ўражаньне, што яна, гаворачы мовай тэорыі гульняў, дэманструе ўладзе, што менавіта ў дадзеным выпадку, менавіта ў дадзеным канкрэтным сюжэце гульня ёсьць гульнёй зь ненулявой сумай, калі выйгрыш аднаго боку роўны пройгрышу іншага, што тут могуць выйграць абодва бакі – і ўлада можа палепшыць адносіны з Эўропай, і апазыцыя можа прадэманстраваць свае праэўрапейскія памкненьні. На Ваш погляд, ці лічыць улада, што гэта гульня зь ненулявой сумай, і што яна можа зрабіць крок насустрач, зыходзячы са сваіх уласных інтарэсаў?"

Пазьняк: “Пастаноўка пытаньня вельмі цікавая, і я салідарны з такой інтэрпрэтацыяй гэтай калізіі. Сапраўды, зварот да адміністрацыі, да ўлады – гэта вельмі моцны ход, ягоная моц – у аргумэнтаванай прапанове выхаду з тупіку, і ўнутрыпалітычнага, і зьнешнепалітычнага. Мы бачым тут рэальнае фармаваньне палітычнай суб''ектнасьці. Я мяркую, што незалежна ад прагназаванай нэгатыўнай рэакцыі ўладаў на гэты зварот, нельга адмаўляць тое, што апазыцыя праяўляе сябе ўсё больш актыўна на ўнутраным і зьнешнім палітычным полі.

Што тычыцца гульні з нулявой і з пазытыўнай сумай. Улада пакуль не адчувае, што ціск усіх абставінаў можа прымусіць яе памяняць прынцыповыя ўстаноўкі. Я аднойчы параўнаў стан улады з кубікам Рубіка, які ўжо пачаў варушыцца, але не памяняў сваю канфігурацыю. Магчымая рэакцыя на ліст апазыцыйных дэмакратычных сілаў да ўладаў і будзе тэстам на гатоўнасьць улады пайсьці на нейкія карэкціроўкі свайго курсу. Прычым карэкціроўкі, якія прапаноўвае апазыцыя, не нанясе шкоду годнасьці ўлады.

Гэта канструктыўная прапанова, якая ўлічвае тое, што ўлада – гэта не маналіт. Ва ўладных структурах ёсьць шмат людзей са здаровым сэнсам, людзей, якія мысьляць рацыянальна. У гэтым сэнсе мяне інтрыгуе тое, што зварот быў накіраваны Натальлі Пяткевіч, а не самому Лукашэнку. Гэта яшчэ адзін цікавы сюжэт, і, магчыма, у пэрспэктыве гэта вызначыць вэктар варыянтаў для дыялёгу грамадзкасьці, апазыцыйных сілаў з прадстаўнікамі ўлады на розных узроўнях.
В.Пазьняк: “Ва ўмовах ускладненьня сытуацыі і магчымага спаўзаньня да эканамічнага і палітычнага крызысу, пошукі вырашэньня праблемаў будуць спрыяць разьмежаваньню думак і больш дакладнай крышталізацыі пазыцый і груповак унутры цяперашняй улады”.
Няма ніякіх падставаў прагназаваць, што эканамічнае становішча Беларусі будзе рабіцца больш стабільным, хутчэй наадварот. Ва ўмовах ускладненьня сытуацыі і магчымага спаўзаньня да эканамічнага і палітычнага крызысу пошукі вырашэньня праблемаў будуць спрыяць разьмежаваньню думак і больш дакладнай крышталізацыі пазыцый і груповак унутры цяперашняй улады. Гэты зварот – гэта новы зандаж ва ўмовах сытуацыі, якая мяняецца”.

Раптоўныя браты

Дракахруст: "Напачатку нашай размовы Дзяніс Мельянцоў казаў, што беларуская ўлада вядзе "састарэлую Realpolіtik". Але на гэтым тыдні мы ўбачылі проста бліскучы прыклад Realpоlіtik, і ня цалкам беларускі.

Хіба не самай сэнсацыйнай падзеяй тыдня стала раптоўнае паляпшэньне адносінаў паміж Беларусьсю і Грузіяй. Справа тут ня толькі ў адкрыцьці пасольстваў, а ва ўсім антуражы сустрэчы Лукашэнкі з асабістым пасланьнікам Саакашвілі. Грузіны, аказваецца, браты беларусам, Саакашвілі і Лукашэнка надзвычай паважаюць адзін аднаго, а пад мінулым падводзіцца тлустая рыса.

Калі прыгадаць, што ў мінулым былі цэбры ўзаемных абвінавачваньняў, дэпартацыі і пагрозы візавых санкцыяў, абсалютна рознаскіраваная зьнешняя палітыка, якая застаецца такой і дагэтуль, то ўзьнікае пытаньне, чаму ж рыса падводзіцца. Тут нават не падыходзіць тлумачэньне, прыдатнае, скажам, для беларуска-польскіх адносінаў, Беларусь і Грузія – не суседзі, а братэрства, скажам па шчырасьці, усё ж дастаткова ўмоўнае. З агульных меркаваньняў зразумела, што прычына тут – у геапалітычных камбінацыях, у адносінах Менску і Тбілісі з Масквой, Брусэлем і Вашынгтонам. Але ў чым канкрэтна, у якіх камбінацыях, што Лукашэнка і Саакашвілі могуць атрымаць ад новых адносінаў у гэтых накірунках?”

Мельянцоў: “Пасьля таго, як увесну 2006 году "Газпром" абвясьціў пра падвышэньне коштаў на газ для Беларусі, а Эўразьвяз увёў санкцыі, Лукашэнка пачаў ліхаманкава шукаць трэці шлях, куды б можна было каналізаваць зьнешнепалітычную актыўнасьць і збалянсаваць страту ўсходняга вэктару. Пачаліся паездкі ў Іран, у Вэнэсуэлу, актывізавалася дзейнасьць у Руху недалучэньня, паступова пачала вымалёўвацца "дальняя дуга" беларускай зьнешняй палітыкі. Акрамя "дальняй дугі" пачалі прамацвацца магчымасьці для стварэньня нейкага варыянту транзытнага саюзу, які б кантраляваў транспарціроўку расейскіх энэрганосьбітаў на Захад. Беларускія ўлады пачалі шукаць шляхі нармалізацыі стасункаў з Украінай і Літвой.

Паляпшэньне адносінаў з Грузіяй цалкам упісваецца ў гэтую лёгіку зьнешнепалітычнай актыўнасьці Менску, сама Грузія зацікаўленая ў кантактах зь Беларусьсю, бо яшчэ перад прэзыдэнцкімі выбарамі ў Беларусі ў 2006 годзе прэзыдэнт Саакашвілі выказаў намер спрыяць дэмакратызацыі Беларусі. Такая мэта закладзеная і ў дакумэнтах ГУАМ – міждзяржаўнага ўтварэньня, якое аб''ядноўвае Грузію, Украіну, Азэрбайджан і Малдову. Нацыянальны інстытут стратэгічных дасьледваньняў пры адміністрацыі прэзыдэнта Ўкраіны неаднаразова ў сваіх аналітычных запісках заклікаў украінскае кіраўніцтва ўцягваць Беларусь у дзейнасьць ГУАМ, бо тады транзытны саюз быў бы завершаны. Зараз гэтыя намеры актуалізуюцца, бо на падыходзе чарговая энэргетычная "вайна" з Расеяй.

Адзіны варыянт для беларускага кіраўніцтва ў такіх варунках – гэта супрацьпаставіць Расеі рэгіянальную групоўку, альбо рэальную, альбо ўяўную, якая была б здольная цалкам кантраляваць транзыт вуглевадородаў, гэта значыць, кантраляваць кошты транспарціроўкі. Пры такім раскладзе ў Беларусі зьяўляецца моцная перамоўная пазыцыя. Акрамя таго, Грузія – хіба не найвыдатнейшы варыянт, каб падражніць Расею.

Разам з тым, кантакты з сябрамі ГУАМ не вымагаюць ад беларускіх уладаў унутраных зьменаў, але даюць адчувальныя выгоды. Такі фармат адносінаў добра зразумелы і больш камфортны для Менску.

Зь іншага боку, сяброўства Беларусі ў ГУАМ, калі такое пытаньне будзе пастаўлена калі-небудзь на парадак дня, дае Беларусі надзею на эўрапейскую будучыню, бо ГУАМ па сутнасьці зьяўляецца другім выданьнем Вышэградзкай групы, якая кансалідавана ішла ў бок сяброўства ў ЭЗ. І ёсьць надзея, што эўравыбар кіраўнікоў ГУАМ зробіць уплыў на сьвядомасьць беларускіх кіроўных элітаў. Хаця гэта даволі абстрактныя надзеі".

Дракахруст: "Спадар Мельянцоў, я хацеў бы ўдакладніць. Вы кажаце, што Грузія ставіць на мэце спрыяць дэмакратызацыі Беларусі. Дык яна вырашае спрыяць гэтаму шляхам камплімэнтаў кіраўніку Беларусі, як мы гэта бачылі на гэтым тыдні?

Напачатку размовы я прыгадваў выступ эўракамісара ў зьнешнепалітычных пытаньнях Бэніты Фэрэры-Вальднэр, якая заявіла, што "мы ня можам працаваць з апошнім дыктатарскім рэжымам у Эўропе". Яна, значыць, ня можа, а Саакашвілі – можа?"

Мельянцоў: "Па вялікім рахунку – так. Што нельга Эўразьвязу, то можна рэгіянальным групоўкам. Адным з магчымых інструмэнтаў дэмакратызацыі Беларусі і на думку Саакашвілі, і на думку дасьледных цэнтраў ва Ўкраіне зьяўляецца паступовае ўцягваньне беларускага рэжыму ў супрацоўніцтва з ГУАМ і ў двухбаковае супрацоўніцтва з сябрамі гэтай групоўкі. Я мяркую, што менавіта такім чынам Саакашвілі паспрабуе дэмакратызаваць Беларусь.
Д.Мельянцоў: “Адным з магчымых інструмэнтаў дэмакратызацыі Беларусі і на думку Саакашвілі, і на думку дасьледных цэнтраў ва Ўкраіне зьяўляецца паступовае ўцягваньне беларускага рэжыму ў супрацоўніцтва з ГУАМ”.
Эўразьвяз ня можа паступіцца сваімі прынцыпамі, але гэта цалкам магчыма для краінаў Усходняй Эўропы, якія больш падобныя на Беларусь, бо выйшлі з адной краіны. І Менску будзе больш зразумелым такое супрацоўніцтва, а таму цалкам магчыма, што гэта сапраўды частка стратэгіі дэмакратызацыі".

Дракахруст: "Спадар Пазьняк, ці згодны Вы з апошняй тэзай Дзяніса, што Беларусь, як высьвятляецца, можна і так дэмакратызаваць?"

Пазьняк: “Я мяркую, што гэта вельмі спрэчны пункт гледжаньня. Наўрад ці кіраўніцтва Грузіі і кіраўніцтва краінаў-сябраў ГУАМ рэальна спадзяецца на дэмакратызацыю Беларусі шляхам больш актыўнага супрацоўніцтва ўдзельнікаў гэтай групоўкі з афіцыйным Менскам.
В.Пазьняк: “Наўрад ці дыялёг Беларусі з краінамі ГУАМ будзе спрыяць унутрыпалітычнай дэмакратызацыі”.
Размова можа ісьці толькі пра тое, што пры ўмове актыўнага дыялёгу можна да пэўнай ступені скарэктаваць зьнешнюю палітыку беларускага рэжыму. Але наўрад ці дыялёг Беларусі з краінамі ГУАМ будзе спрыяць унутрыпалітычнай дэмакратызацыі. Сапраўды, можна пагадзіцца з тым, што для павялічэньня вагі ГУАМу ў міжнароднай палітыцы вось такія актыўныя кантакты Грузіі зь Беларусьсю выгадныя для грузінскага кіраўніцтва, паколькі гэта падкрэсьлівае істотную ролю Тбілісі на постсавецкай і эўразійскай прасторы. Мяркую, што для Беларусі, у сваю чаргу, удзел у дыскусіях краін-транзытэраў энэргарэсурсаў важны ня толькі як дэманстрацыйны жэст, скіраваны на Маскву, але і ў пляне атрыманьня пэўных эканамічных выгодаў і нават гарантыяў.

Ёсьць яшчэ адно меркаваньне, якое варта ўлічваць. Гэта тое, што Менск дастаткова актыўна, калі не сказаць ліхаманкава, шукае самыя неймаверныя варыянты і магчымасьці аслабленьня сваёй энэргетычнай залежнасьці і дывэрсыфікацыі пасярэднікаў і пастаўшчыкоў энэргарэсурсаў. У гэтым пляне роля Грузіі для Менску найбольш цікавая і важная”.

Хадыка: “Па-першае, я цалкам падзяляю ацэнку стану беларуска-грузінскіх адносінаў, якую даў Дзяніс. У дадатак я вярнуся да сваёй крамольнай думкі. Спадар Саакашвілі, як выхаванец заходняга ўнівэрсытэту, але разам з тым, як чалавек усходні, можа прапанаваць Лукашэнку, ці намацаць такі варыянт, ад якога Аляксандар Рыгоравіч ня мог бы адмовіцца, для паляпшэньня адносінаў з Эўразьвязам. Я вельмі спадзяюся на ўсходнюю дыпляматыю і ня бачу тут ніякай кампрамэтацыі. Ну і магу запярэчыць Вашым, Юры, сумневам наконт таго, што мы з грузінамі браты. Паколькі і беларусы, і грузіны паасобку – браты расейцам, то, ва ўсялякім выпадку, мы стрыечныя браты".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG