Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Цытаты мінулага: А.Лукашэнка: “Калі ты мяне гэтак паважаеш, вазьмі невялічкую рамку і пастаў на ўласны працоўны стол”


Падрыхтаваў Зьміцер Падбярэскі Пра што пісалі беларускія газэты 19 верасьня ў розныя гады мінулага.

“Plotka Wilenska” на гэтым тыдні 1907 году пад рубрыкай “Абвяшчэньне” піша: “Удава, якая цягам нязначнага часу назьбірала рознай рухомасьці і нерухомасьці на значную суму, жадае ўзяць шлюб з “карэнным расейскім чалавекам”, які мае добрую пасаду, сымпатычны, мілы, прыемнай зьнешнасьці і які нічым не саступае заўчасна згасламу нябожчыку”.

“Вольная Беларусь” на гэтым тыдні 1917 году адзначае: “Як жа народ наш запатрабуе сваіх беларускіх школаў, калі ён іх ніколі ні бачыў і нічагутка у гэтай справі ня цяміць? Хіба можна пытацца ў народу аб тым, ці патрэбны нам, напрыклад, вось хоць тыя лабараторыі, дзе працуюць і корпаюцца ўсё жыцьцё вучоныя? Цёмны народ заўсёды скажа, што — ня трэба. І дзіўная гэта звычка у людзей пасылацца на народ там, дзе яно зусім ні да рэчы”.

Пад рубрыкай “Цытатнік” газэта “Имя” ў 1997 годзе прыводзіць фрагмэнты інтэрвію Аляксандра Лукашэнкі расейскай тэлепраграме “Совершенно секретно”: “Я вам клянуся, што зь Беларусі Зюганаў не атрымаў ні граша!.. “Камсамолка”, здаецца, нават назвала суму — 10 мільёнаў даляраў. Ды я за 10 мільёнаў павесіўся б... Гэта для мяне калясальныя грошы — я б на іх лепш тры стадыёны аднавіў! Нядаўна я распарадзіўся зьняць усе мае партрэты ў кабінэтах чыноўнікаў. Ну калі ты мяне гэтак паважаеш, вазьмі невялічкую рамку і пастаў на ўласны працоўны стол”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG