Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці будзе за зьдзек з жанчыны крымінальная адказнасьць?


Вольга Караткевіч, Прага Паводле эўрапейскай статыстыкі, да 15-ці працэнтаў жанчын штодня церпяць ад хатняга гвалту. Як можна абараніць жанчын, якія сутыкаюцца зь сямейным гвалтам? Гэтая праблема будзе тэмай сэмінару, арганізаванага Радай Эўропы ў рамках кампаніі барацьбы з гвалтам над жанчынамі, у тым ліку і побытавым. Сэмінар адбудзецца ў Скоп''е – сталіцы Рэспублікі Македонія 11-12 верасьня.

Высокі статыстычны працэнт гвалту над жанчынамі ў Эўропе ставіць пытаньне аб прызнаньні гвалту ў сям''і крымінальным злачынствам. Мэта кампаніі Рады Эўропы – забясьпечыць падтрымку ахвярам і распрацаваць новыя спосабы барацьбы з гвалтам у сям''і.

Штогод у сьвеце з “асабістых матываў” забіваюць 5 тысяч жанчын

Паводле экспэртаў Рады Эўропы, арганізацыі-лідэры ў вырашэньні праблемаў правоў чалавека павінны дамагчыся спыненьня гвалту над жанчынамі праз памацненьне адказнасьці за гвалтоўныя дзеяньні. Мэта – сямейны гвалт абазначыць як крымінальнае злачынства, забясьпечыць дапамогу ахвярам, у тым ліку і праз тое, што яны будуць упэўненыя, што надалей зьдзекі супраць жанчын ня будуць талераваныя.

Арганізацыя аб''яднаных нацый на працягу апошніх дзесяці гадоў ня раз заяўляла, што гвалт над жанчынамі набывае надзвычай шырокі маштаб, і называе гэта адной з самых важных неразьвязаных праблем сучаснасьці. Калі браць агульнасусьветную статыстыку – у сярэднім кожная трэцяя жанчына хаця б раз у жыцьці была ахвярай брутальнага абыходжаньня. Нагадаю, у Эўропе – амаль кожная пятая. Штогод у сьвеце, паводле статыстыкі ААН, забіваюць 5 тысяч жанчын, прычым матывацыя – "абарона гонару". Дагэтуль у шэрагу краін існуе дыскрымінацыя жаночага полу.

Прымусовы шлюб, сэксуальныя дамаганьні й іншыя парушэньні правоў жанчын

У Індыі ахвярамі дародавай сэлекцыі паводле полавай прыналежнасьці былі да паўмільёна дзяўчынак за год. Нярэдка дзяўчын і жанчын прымушаюць браць шлюб. Пару гадоў таму было праведзенае расьсьледаваньне ў Кіргізстане 1322 шлюбаў у шасьці мястэчках. Палова "этнічных кіргізскіх шлюбаў" заключаная ў выніку выкраданьня, а дзьве траціны – бяз згоды нявесты.

У Вялікай Брытаніі ўрадавае ведамства ў пытаньнях заключэньня прымусовых шлюбаў выяўляе штогод больш за 300 падобных выпадкаў. Каля 50 працэнтаў працоўных жанчын Эўропы адзначаюць, што яны былі ахвярамі сэксуальнага дамаганьня і брутальнага абыходжаньня на працоўным месцы.

І яшчэ сусьветная статыстыка – у сьвеце налічваецца каля 125-ці краін-адпраўніц так званага жывога тавару – жанчын. Перадусім гэта краіны СНД, Заходняя Афрыка і краіны Карыбскага басэйну. І 137 краін-атрымальніц "жывога тавару". Колькасьць асуджаных гандляроў людзьмі невялікая.

Ахвяры гвалту – 70% замужніх жанчын у Расеі

"Гвалт над жанчынамі – тэма, пра якую ня хочуць гаварыць у Расеі", – гэта цытата з справаздачы арганізацыі "Міжнародная Амністыя". Паводле гэтай арганізацыі, 70 працэнтаў замужніх жанчын у Расеі былі ахвярамі гвалту. Гэтая лічба аб''ядноўвае ўсе віды гвалту – зьнявага, зьбіцьцё, фізычны гвалт. Але расейскае прадстаўніцтва "Міжнароднай Амністыі" гаворыць перадусім пра фізычны перасьлед жанчын, які сканчваецца траўмамі, зьнявечаньнем, сьмерцю.

Украінская асацыяцыя "Міжнароднай Амністыі" таксама прапаноўвае заканадаўча ўзмацніць адказнасьць за гвалт над жанчынамі. Ва Ўкраіне, у адрозьненьне ад суседніх краін, няма прытулкаў для жанчын, якія пацярпелі ў выніку гвалту, там ёсьць толькі псыхалягічна-рэабілітацыйныя цэнтры.

За першы гвалтоўны ўчынак мужчыны над жанчынай прапаноўваецца затрымліваць гвалтаўніка на трое сутак. Украінская асацыяцыя "Міжнароднай Амністыі" крытыкуе ўрад краіны за тое, што ён ігнаруе рэкамэндацыі Рады Эўропы ўзмацніць адказнасьць за гвалт над жанчынай і стварыць інфраструктуру для рэабілітацыі жанчыны.

Дзярждэпартамэнт ЗША зьвяртае ўвагу на гвалт у сем’ях у Беларусі, 7.03.2007
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG