Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Польскіх шпіёнаў” судзяць за зачыненымі дзьвярыма


Алесь Дашчынскі, Менск Сёньня раніцай вайсковая калегія Вярхоўнага Суду пачала разглядаць крымінальную справу на чатырох грамадзянаў Беларусі. Усіх вінавацяць у здрадзе радзіме праз шпіянаж. Пра затрыманьне так званай “групы польскіх шпіёнаў” КДБ паведаміў у ліпені.

Чатырох беларускіх грамадзянаў вінавацяць у зборы і перадачы замежнай дзяржаве зьвестак на заданьне замежнай выведкі.

Гэта былы маёр збройных сілаў Уладзімер Рускін, былы маёр Віктар Богдан, вайскоўцы радыётэхнічнай брыгады войскаў супрацьпаветранай абароны Беларусі Павал Пяткевіч і Сяргей Карнялюк.

Уладзімера Рускіна вінавацяць яшчэ ў арганізацыі шпіянажу замежным грамадзянінам. Як паведамілі ў прэсавай службе Вярхоўнага Суду, плянуецца, што працэс будзе цягнуцца каля двух тыдняў. Але ён адбываецца пры зачыненых дзьвярах.

Апавядае прэсавы сакратар Анастасія Цымановіч:

“Працэс закрыты. Дзеля захаваньня дзяржаўных сакрэтаў. Ёсьць пэўная таямніца і межы, за якія мы проста ня можам выходзіць”.

Яшчэ адзін зь фігурантаў крымінальнай справы – маёр расейскай арміі Сяргей Юрэня. Раней расеец нібыта прыйшоў з пакаяньнем у расейскую Фэдэральную службу бясьпекі і расказаў пра сваё супрацоўніцтва з польскай выведкай.

У КДБ Беларусі і ў ФСБ Расеі адмовіліся гаварыць на гэтую тэму. Анастасія Цымановіч сказала:

“Ён як сьведка праходзіць па гэтай справе і бярэ ўдзел у працэсе”.

Іншай інфармацыі ў Вярхоўным Судзе не паведамілі — нават не назвалі імёнаў судзьдзі і адвакатаў.

Справу аб польскіх шпіёнах завялі незадоўга да адстаўкі былога шэфа КДБ Сьцяпана Сухарэнкі. Кіраўнік Беларусі назваў яе “адным са сьветлых пробліскаў” у працы спэцслужбаў.

Карэспандэнт “Gazety Wyborczej” Анджэй Пачобут згадаў, што да скандалу з польскімі шпіёнамі мае дачыненьне былы кіраўнік КДБ па Гарадзенскай вобласьці Віктар Вягера:

“У гэты час даволі моцна быў Саюз палякаў распрацаваны. Я невысокага пра яго меркаваньня як пра чалавека, які нешта можа выкрыць. Нейкага даверу да КДБ я асабіста ня маю. У Беларусі гэта інстытуцыя такая самая, як была ў Савецкім Саюзе. І “польскіх шпіёнаў” асуджана гэтай інстытуцыяй вельмі многа”.

Паводле праваабаронцы Алега Воўчака, гэтая шпіёнская справа не такая сур’ёзная, як яе хочуць падаць улады:

“Гэта было справакавана самой Расеяй. Але цяпер нейкай яркай крытыкі супраць Польшчы ці раскручваньня гэтай справы ў дзяржаўных мэдыях мы ня ўбачым. Калісьці Лукашэнка пахваліў КДБ за “польскіх шпіёнаў”. Але цяпер іншы палітычны момант.

Цяпер хочуць ісьці на саюз з Эўразьвязам, на сяброўскія стасункі. Таму цяпер ім ня выгадны гэты працэс супраць Польшчы. Лішняе напружаньне ўладам тут не патрэбнае. Калі б там нешта сур’ёзнае было, яны б ужо зрабілі шэраг сэрыялаў, дакумэнтальных фільмаў і паказалі б, наколькі была небясьпечнай арганізаваная група, якая прадавала ўсе гэтыя сакрэты”.

Намеcьнік старшыні КДБ Вягера ў ліпені заявіў, што ў асноўным шпіёны нібыта цікавіліся інфармацыяй пра стан аб’яднанай сыстэмы проціракетнай абароны Беларусі й Расеі.

Як паведамлялася па тэлебачаньні, адзін з затрыманых Уладзімер Рускін сказаў, што яго завэрбавала польская выведка на тэрыторыі Польшчы. Паводле яго, пры ўезьдзе ў Польшчу памежныя службы знайшлі ў ягонай машыне алькаголь, колькасьць якога ў пяць разоў перавышала норму, і польская выведка сказала, што ня зьвярне на гэта ўвагі, калі той стане рэзыдэнтам у Беларусі.

• Шпіёнскі працэс пачнецца 4 верасьня, 29.08.2007 • Справу “польскіх шпіёнаў” перадалі ў суд, 9.08.2007 • Намесьнік старшыні КДБ у эфіры ОНТ распавёў пра меркаваных шпіёнаў, 16.07.2007
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG