Лінкі ўнівэрсальнага доступу

І.Віданава: “Веру, што адукацыя мусіць быць інтэлектуальным выклікам і асалодай адначасова”


Радыё Свабода Ірына Віданава – удзельніца праграмы “Ў што я веру”.

Год таму я вярнулася з далёкага замежжа, дзе атрымлівала другую вышэйшую адукацыю. Зьехаць вучыцца было узважаным і сьвядомым рашэньнем, бо адчувала недахоп ведаў у той галіне, якая з хобі ператварылася ў прафэсію. Веру, што ніколі ня позна вучыцца чамусьці новаму, а адукацыя мусіць быць інтэлектуальным выклікам і асалодай адначасова.

Я пачуваюся ўпэўнена ў самых розных кутках сьвету, на захадзе і на ўсходзе, але веру, што прыналежу да Беларусі, таму рашэньне вярнуцца было абсалютна натуральным.

Мяне зьдзіўляла і нават крыўдзіла, што многія з маіх калег, сяброў і нават родзічаў верылі, што не вярнуся. Часам, гублялася і ня ведала, што на гэта адказаць. Вырывалася: “Як вы не разумееце? Там – цікава, камфортна, спакойна... Тут маё месца. Туды я буду з радасьцю вяртацца, сустракацца зь сябрамі, вандраваць, рэалізоўваць супольныя праекты. Сюды кліча сэрца. Там – гэта часова. Тут – назаўжды”.

Веру, што актыўны і творчы чалавек у стане ўвасабляць свае ідэі нават у вельмі неспрыяльных умовах. Можа, гэта гаворыць мая яшчэ юнацкая наіўнасьць ці прыродны аптымізм, але вельмі хочацца, каб прага дзеяньня і вера ў перамогу ніколі ня зьніклі.

Ведаю, што зраблю шмат памылак, што буду расчароўвацца і сумнявацца, але пераканана, што варта спрабаваць, шукаць нестандартныя рашэньні ды верыць у посьпех, каб потым не шкадаваць пра нявыкарыстаныя магчымасьці і не вінаваціць іншых ва уласным лузерстве.

Я веру, што кожны з нас паасобку можа зрабіць шмат, але толькі разам мы здольныя на большае.

Я веру ў нашу каманду, дзе кожны – яскравая індывідуальнасьць, але ўсе мы аб’яднаныя адной справай.

Я веру ў сваю сям’ю, якая заўжды кахае і падтрымлівае, нягледзячы ні на што.

Веру, што аднойчы Беларусь стане краінай, дзе кожны будзе пачувацца свабодным і годным, дзе гісторыю будуць ведаць і шанаваць, а сучаснасьцю ганарыцца, дзе гарманічна будуць суіснаваць заходні і усходні сусьветы.

Беларусь будзе той краінай, якой яна ёсьць у маёй душы і ў маіх перакананьнях.



Ірына Віданава – гісторык, незалежны аналітык сучасных моладзевых масмэдыйных праектаў. Жыве ў Менску.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG