Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што глядзяць беларусы праз 600 тысячаў спадарожнікавых талерак?


Ігар Карней, Менск Паводле экспэртаў БАЖ, у Беларусі ўсталявана каля 600 тысяч спадарожнікавых антэнаў, і гэтая лічба ўвесь час расьце. Паводле некаторых экспэртаў, прырост складае да 10% на год. Калі раней спадарожнікавыя антэны маглі сабе дазволіць заможныя беларусы, то цяпер “талерку” можна ўбачыць на звычайнай хаце ў глыбінцы. За 150-200 даляраў можна набыць антэну, прымач і глядзець тэлебачаньне з розных куткоў сьвету. Пры ўсім багацьці выбару – што даступнае беларускім гледачам?

Беларусы ўсё меней разумеюць мову “талерак”

Зьміцер Назараў – спэцыяліст у спадарожнікавым тэлебачаньні. У сфэры рэалізацыі абсталяваньня для прагляду “спадарожнікавых пакетаў” ён працуе ад сярэдзіны 1990-х.

Запытваю: якія спадарожнікавыя сыстэмы ў беларусаў найбольш запатрабаваныя і на што арыентаваная глядацкая аўдыторыя?

“Сёньня ў Беларусі ставяць талеркі ў асноўным на некалькі спадарожнікаў. Гэта Hot Bird, Амоs і Sirius. Ну, і яшчэ расейскі спадарожнік EUTELSAT, які знаходзіцца на 36 градусах, трансьлюе “НТВ-плюс” і новы расейскі пакет “Трыколар”.

Беларусы глядзяць пераважна ўкраінскія тэлеканалы, якія якраз і знаходзяцца на гэтых першых трох спадарожніках – Hot Bird, Амоs, Sirius. Але зь цягам часу частка гэтых каналаў закадоўваецца, у вольным доступе іх становіцца ўсё меней і меней. Спадарожнікі напаўняюцца новымі каналамі, але ня кожнаму беларусу яны зразумелыя, бо ў асноўным ідуць на замежных мовах”.

Як кажа спадар Назараў, традыцыйна вялікім попытам у беларускіх гледачоў карыстаецца расейскі пакет “НТВ-плюс”. Аднак немалая для Беларусі абанэнцкая плата (20-40 даляраў на месяц у залежнасьці ад пакету) спарадзіла цэлы падпольны бізнэс, які скіраваны на падробку і “перашыўку” картак. Апроч таго, сама па сабе беларуская прапіска “НТВ-плюс” – таксама чыста ўмоўная:

“Гаварыць аб легальнасьці прагляду на тэрыторыі Беларусі пакуль нельга. Кожны пакет, напрыклад, той жа “НТВ-плюс” альбо “Трыколар”, не павінен трансьлявацца ў Беларусі, іх легальны прагляд магчымы толькі на тэрыторыі Расейскай Фэдэрацыі”.

Фірмы, якія прадаюць у Беларусі спадарожнікавае абсталяваньне, не нясуць адказнасьці за легальнасьць прагляду іх кліентамі розных пакетаў спадарожнікавых каналаў. У выніку вялікая частка гледачоў карыстаецца скрадзенымі кодамі. Лічаныя кліенты набываюць арыгінальныя карткі.

Ці замінаюць “спадарожнікі” гарадзкому краявіду?

Ад нядаўняга часу ўладальнікі спадарожнікавых антэнаў у шэрагу гарадоў сутыкнуліся з праблемай: мясцовыя ўлады заявілі пра неабходнасьць ачысьціць фасады дамоў ад талерак. У гэтым зьвязку многія прадстаўнікі незалежных мэдыяў выказвалі падазрэньні, што ў такога рашэньня ёсьць іншыя прычыны: маўляў, барацьба з талеркамі насамрэч перасьледуе абмежаваць доступ людзей да ўсялякай інфармацыі з-за мяжы. Гэта тычыцца ня толькі папулярных каналаў кшталту “Эўраньюс” ці расейскага “RTVi”.

Ад 15 кастрычніка з Польшчы плянуе пачаць вяшчаньне спадарожнікавы канал “Белсат”, адмыслова створаны для альтэрнатыўнага інфармаваньня грамадзянаў Беларусі, які будзе фінансавацца Эўразьвязам. Аляксандар Лукашэнка ўжо назваў праект поўным “глупствам”, бесталковым і несяброўскі крокам.

Беларускія ўлады ў сваю чаргу прасоўваюць у міжнародную вяшчальную сетку афіцыёзны спадарожнікавы канал “Беларусь-ТБ”. Праўда, кіраўнік Нацыянальнай тэлерадыёкампаніі Аляксандар Зімоўскі не хавае: шлях да замежнага гледача – ня лёгкі:

“Дурнавата, напэўна, было б яго з “Аль-Джазірай” ставіць на адзін спадарожнік і спрабаваць штосьці данесьці ў Паўночную Афрыку. Таму мы гэтага і не рабілі. Пачынаючы трансьляцыю каналу “Беларусь-ТБ” на замежжа, мы сутыкнуліся з праблемай таго, што ня ўмеем яго пазыцыянаваць як спадарожнікавы канал.

Справа ў тым, што такога клясу каналы прадаюцца ці дастаўляюцца да спажыўца ў пакеце. І дзеля таго, каб ён карыстаўся папулярнасьцю, можна было пайсьці рознымі шляхамі. То бок, дамовіцца, напрыклад, з уладальнікамі “НТВ-плюс”, каб яны ўключалі “Беларусь-ТБ” у свой пакет, якія набываюць у іх кліенты. Але, па-першае, нам бы давялося несьці выдаткі, каб яны ўнесьлі нас у свой пакет, а, па-другое, гэта ўсё ж платны доступ да тэлеканалу. А мы разьлічвалі на тое, што “Беларусь-ТБ” будзе дастаўляцца кліентам бясплатна”.

Паводле афіцыйных зьвестак Белтэлерадыёкампаніі, “Беларусь-ТБ” ва ўсім сьвеце глядзяць “мільёны і мільёны” людзей. Незалежных ацэнак няма.

7,2% беларускіх сем’яў глядзяць спадарожнікавае тэлебачаньне 23.04.2007
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG