Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Вы ж жывяце ў Беларусі і павінны ведаць, як наш народ сьвяткуе”


Любоў Лунёва, Менск Супрацоўнікі міліцыі, пажарныя і мэдыкі працуюць у сьвяточныя дні ў экстрэмальным рэжыме. Людзей нападпітку міліцыянты забіраюць у пастарункі толькі ў выпадку агрэсіўных паводзінаў. Мэдыкі няспынна аказваюць дапамогу параненым. Супрацоўнікі Міністэрства надзвычайных сытуацыяў гатовыя прыйсьці ратаваць людзей ня толькі на пажары.

У дзявяты клінічны шпіталь Менску мэдыкі “хуткай дапамогі” пасьля абеду пачалі прывозіць людзей, якія атрымалі чэрапна-мазгавыя траўмы ці паломы сківіцы. Да іх дадаліся тыя, хто вырашыў правесьці выходныя за горадам. Людзі зьвярталіся, каб мэдыкі выцягнулі кляшча.

Большасьць пацярпелых – маладыя людзі ў веку ад 18 да 25 гадоў. Амаль усе нападпітку. У сьвяточныя дні заўсёды дадаецца працы мэдыкам і міліцыянтам. Галоўная праблема, зь якой яны сутыкаюцца, – п’янства падлеткаў і юнакоў. У выніку неадэкватных паводзінаў п’яныя хлопцы і дзяўчаты атрымліваюць розныя траўмы, але часам наносяць траўмы іншым людзям.

У міліцыі пік зваротаў чакаюць а 23-й гадзіне

Паколькі сёлета на сьвята ўлады Менску дазволілі продаж алькагольных напояў, мэдыкі непакояцца, што гэта падвысіць колькасьць пацыентаў. У другім клінічным шпіталі лекар прыймовага пакою Сяргей Брылеўскі паведаміў “Свабодзе”:

“Мы чакаем, што пік прыйдзецца менавіта на той час, калі пачнецца салют. Салют будзе недалёка ад нас. Наколькі я ведаю, гэта будзе аб 11-й гадзіне. Таму, які і ў 9-м клінічным шпіталі, мы чакаем гэтай гадзіны”.

Супрацоўнікі МУС чакаюць, што пік зваротаў у міліцыю прыпадзе на 23-ю гадзіну. Цягам дня яны сутыкаліся з п’янымі бойкамі і з рознай, як яны выказваюцца, драбязой.

Дзяжурны міліцыянт: “Усё ў зьвязку з тым, што народ сьвяткуе і ўжывае сьпіртавыя напоі. Ну, вы ж жывяце ў Рэспубліцы Беларусь і павінны ведаць, як наш народ сьвяткуе. У асноўным гэта моладзь ад 18 да 30. Бойкі з двух бакоў пэрыядычна ў розных месцах...”

Асабовы склад МУС працуе ва ўзмоцненым рэжыме

Супрацоўнік дзяжурнай часткі: “Пакуль нібыта зацішша перад бурай. Магчыма, нешта й будзе. Разумееце, не магу казаць, што нешта сур’ёзнае, так, розная дробязь. Волю калі даеш... Культуры ж у нас пакуль што няма”.

Супрацоўнікі Міністэрства надзвычайных сытуацыяў узрадаваныя, што сёньня дажджлівае надвор’е. Яны рыхтаваліся да няшчасных здарэньняў на вадасховішчах. Але, акрамя рыбакоў, ахвочых лезьці ў ваду знайшлося няшмат.

У часе сьвятаў амаль увесь асабовы склад Міністэрства ўнутраных справаў працуе ва ўзмоцненым рэжыме. Гэта значыць, грамадзкі парадак на вуліцах ахоўваюць нават тыя, хто звычайна сядзіць у кабінэтах.

Мэдыкі, супрацоўнікі Міністэрства надзвычайных сытуацыяў, а таксама міліцыянты працуюць паводле адмысловага раскладу. За працу ў сьвяточныя і выходныя дні ім падвойная аплата не прадугледжаная.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG