Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Палякі прапануюць выкупіць сядзібу Міцкевіча пад Баранавічамі


Вячаслаў Кулік, Менск Зь дзяржаўнага музэю-сядзібы Адама Міцкевіча, што на хутары Завосьсе ля Баранавічаў, Радыё Свабода атрымала паведамленьне: цягам апошніх месяцаў ніводзін жыхар з райцэнтру не наведаў гэтае радзіннае месца знакамітага паэта. Між тым, фальварак у Завосьсі – музэй з экспазыцыяў побыту шляхты XYIII стагодзьдзя, створаны па матывах паэтычных ілюстрацыяў Міцкевіча ў паэме “Пан Тадэвуш”.

Музэйны фальварак Адама Міцкевіча ў Завосьсі – дзяржаўная ўстанова. Дырэктар Анатоль Яўменаў пацьвярджае інфармацыю аб ігнараваньні экспазыцыі нават мясцовымі навучальнымі ўстановамі:

“Дзевяць гадоў нашаму музэю. А пэдагогі чамусьці ня ведаюць, што трэба хаця б на вакацыях прывезьці сюды дзяцей. З гораду Баранавічы ніводная школа ці каледж не былі цягам двух месяцаў”.

Сёньняшні музэйны комплекс – гэта драўляны дом гаспадароў і сьвіран. Ёсьць яшчэ лямус – пабудова на два паверхі для гаспадарчага рыштунку і харчовых ды кармавых запасаў. Акрамя іх рэдкім экскурсантам няма дзе прытуліцца, папіць вады.
”Анатоль Яўменаў: “Нядаўна быў лівень – у кожным пакоі стаяла вада”
“Трэба разьвіваць інфраструктуру, – кажа дырэктар Анатоль Яўменаў. – Ну, хоць бы кавы, гарбаты, напою якога. Нічога ж няма. І ніхто ня хоча рабіць. Вось у чым справа. За дзевяць гадоў стрэхі з саломы пачалі рассыпацца. А як нядаўна быў лівень, то ў кожным пакоі музэя стаяла вада. На працягу двух гадоў “грукаўся” ў дзьверы прэзыдэнта, пісаў таксама ў Міністэрства культуры”.

Маршрут у Завосьсе – адзін з 12-ці, што прапануе цяпер на Берасьцейшчыне дзяржаўная праграма разьвіцьця турызму. На іншых таксама мала наведнікаў. Паводле інфармацыі Берасьцейскага аблвыканкаму, усяго 300 замежных турыстаў затрымліваліся сёлета больш як на суткі ў малых гарадох Прыбужжа. Над прычынамі разважае арганізатар экалягічных экскурсій Аляксей Дуброўскі:
“Аляксей Дуброўскі: “Да таго ж кадэбісты ходзяць па пятах”
“Маршруты, гатэлі, іншая структура турыстычная – цалкам дзяржаўная. Гэта – адзін бок. Іншы: прыедзе сюды турыст, на тры дні затрымаўся – ідзі, губляй дзень-другі ў АВІРы, станавіся на ўлік. Ці вось такое: прыехалі двое з Новай Зэляндыі і за дваіх яны заплацілі 360 даляраў толькі за візу. І за гатэль бяруць у тры разы даражэй. Да таго ж кадэбісты ходзяць па пятах. Дык пра што тут можна казаць, пра які турызм?”

Сытуацыю ў Завосьсі ратуюць перадусім палякі. Толькі ў траўні тут пабывалі жыхары Варшавы, Гдыні, Вроцлава, Кракава. Анатоль Яўменаў кажа, што госьці называюць Міцкевіча польскім паэтам. Прапаноўваюць нават выкупіць сядзібу, каб выратаваць яе. Але і дырэктар Яўменаў ведае, як абудзіць цікавасьць беларусаў да Завосься:

“Яны павінны тут атрымаць гасьціннасьць. Адчуць асалоду паветра, якім дыхаў Міцкевіч. Ня трэба з гэтым адкладваць. Дайце мне магчымасьць, каб пры музэі я мог тут адкрыць... Свае грошы уклаў бы, пазычыў бы крэдыты, але зрабіў бы інфраструктуру сам! Праз год тут людзі адпачывалі б”.

Энцыкляпэдычныя выданьні пішуць пра Адама Міцкевіча як пра польскага паэта беларускага паходжаньня. Ён нарадзіўся на хутары Завосьсе ў сям’і зьбяднелага шляхціца, адваката Мікалая Міцкевіча. Міцкевічы былі палянізаванымі беларусамі, паэт называў сябе "ліцьвінам", хоць творы пісаў на польскай мове.


• Імёны Свабоды: Адам Міцкевіч , 19.01.2007
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG