Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вынікі Кангрэсу дэмакратычных сілаў: прычыны і наступствы


Юры Дракахруст, Прага Вынікі Кангрэсу аб’яднаных дэмакратычных сілаў абмяркоўваюць у “Праскім акцэнце” шэф-рэдактар газэты “Народная воля” Сьвятлана Калінкіна, палітоляг Віталь Сіліцкі і аглядальнік нашага радыё Віталь Цыганкоў.

Ці вырашыў Кангрэс супярэчнасьці?

Дракахруст: “Супярэчнасьці ў шэрагах апазыцыі, якія тычыліся ў першую чаргу праблемы лідэрства, узьніклі літаральна адразу пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2006 году. Зь цягам часу яны толькі абвастраліся, – уласна, Кангрэс і склікаўся для іх вырашэньня. Ці вырашыў ён іх, ці дакладней, як ён вырашыў іх? Наколькі заканамерным быў такі вынік, у тым ліку і ў сьвятле досьведу іншых краінаў?”

Цыганкоў: “Тут – як паглядзець. Калі задача была фармальна пазбавіць Аляксандра Мілінкевіча ягонага статусу як адзінага лідэра апазыцыі, то здаецца, што гэтая задача лідэрамі некаторых партыяў выкананая. Калі была задача прадэманстраваць кардынальныя разыходжаньні, то яе таксама выканалі. Калі задача была паказаць, што ў апазыцыі сёньняшняй ёсьць адна частка палітыкаў, больш статусная і больш салідная, і другая – больш маргінальная, моладзевая і мітынговая, то на Кангрэсе гэты падзел таксама выразна быў праяўлены.
В.Цыганкоў: “Калі задача была пазбавіць Мілінкевіча статусу адзінага лідэра апазыцыі, то гэтая задача лідэрамі некаторых партыяў выкананая”.


Мне здаецца, парадокс сытуацыі ў тым, што якраз Кангрэсу патрабавалі тыя, хто больш усіх заклікаў да еднасьці, але яны безумоўна разумелі, што насамрэч еднасьці няма, і што Кангрэс прывядзе дэ факта да расколу. Тады паўстае пытаньне – ці былі яны шчырымі, калі заклікалі да еднасьці на Кангрэсе?

Але, падсумоўваючы мае гэтыя ня самыя аптымістычныя словы, я б сказаў, што тут ня варта моцна драматызаваць сытуацыю. Варта называць рэчы сваімі імёнамі: палітычныя сілы аб’ядноўваюцца, калі ёсьць нейкая вялікая падзея, вялікая нагода. Былі прэзыдэнцкія выбары – беларускай дэмакратычнай апазыцыі спатрэбіўся адзіны кандыдат. Як паказвае міжнародны досьвед, пасьля выбараў, – альбо пасьля паразы, альбо пасьля перамогі, ня важна, – кааліцыі заўсёды распадаюцца. Прыблізна тое ж самае цяпер адбылося зь беларускай апазыцыяй, толькі гэта расьцягнулася на год. Наперадзе пакуль прэзыдэнцкіх выбараў ня бачыцца, хутка будуць парлямэнцкія выбары, а для іх адзіны лідэр не патрэбны”.

Дракахруст: “Спадарыня Калінкіна, Віталь Цыганкоў ахарактарызаваў вынікі Кангрэсу з доляй іроніі – у вас таксама настолькі ж іранічнае стаўленьне?”

Калінкіна: “Не. У мяне такое ня вельмі прыемнае ўражаньне пасьля кангрэсу, але што тычыцца лідэрства – я таксама лічу, што ніякай драмы не адбылося. Аб''яднаныя дэмакратычныя сілы без Аляксандра Казуліна на прэзыдэнцкіх выбарах не былі менш аб''яднанымі. Зараз без Аляксандра Мілінкевіча яны таксама ня будуць менш аб''яднанымі.
С.Калінкіна: “Не вакол лідэра трэба аб''ядноўвацца, а вакол ідэі, тым больш што на сёньня няма адназначнага маральнага, палітычнага аўтарытэта ў дэмсілаў”.


Кангрэс зафіксаваў, што апазыцыя ў нас розная, і калі яна і можа аб''яднацца, дык гэта толькі калі пытаньне стаіць рубам: барацьба за ўладу. А ўнутры апазыцыі вельмі і вельмі шмат розных супярэчнасьцяў. Мне здаецца, што не вакол лідэра трэба аб''ядноўвацца, а вакол ідэі, тым больш што на сёньняшні момант няма адназначнага маральнага, палітычнага аўтарытэта ў аб''яднаных дэмсілаў. І можа яно і лепей: калі будзе канкурэнцыя, то абодва бакі, можа, будуць больш мабільнымі, і гэты пэрыяд гэтага нічога ня робленьня нарэшце скончыцца, і ў гэтым сэнсе я гляджу ў будучыню аптымістычна”.

Дракахруст: “Сп.Сіліцкі, а як бы вы падвялі агульны вынік гэтага Кангрэсу? Пра дэталі мы пагаворым потым”.

Сіліцкі: “Што тут сказаць... Увесь год пасьля прэзыдэнцкіх выбараў ішла канкурэнцыя паміж лідэрамі паводле прынцыпу газонакасілкі: хто больш высоўваўся, таго і падразалі. А што тычыцца Кангрэсу дэмакратычных слабасьцяў, – даруйце, сілаў, – то відавочна, што ён склікаўся з адной мэтай: пераразьмеркаваць лідэрскія пазыцыі ўнутры апазыцыі. Проста для легітымізацыі гэтага Кангрэсу трэба было кіраўніцтву апазыцыі заявіць, куды рушыць, прадставіць штосьці незалежнаму грамадзтву, таму грамадзтву, якое выступае за дэмакратычныя перамены, але не заангажавана ў палітыку. Была прадстаўлена стратэгія чаканьня, я з гэтай ацэнкай згодны – а ведаеце, для таго, каб чакаць, не патрэбны ні Вячорка, ні Лябедзька, ні нават Мілінкевіч – тым больш не Калякін”.
В.Сіліцкі: “Была прадстаўлена стратэгія чаканьня, – а каб чакаць, не патрэбны ні Вячорка, ні Лябедзька, ні Мілінкевіч – тым больш не Калякін”.


Дзьве стратэгіі дзеяньняў: адрозьненьні і падабенства

Дракахруст: “У пэўным сэнсе сэнсацыяй Кангрэсу стаў выступ МІколы Статкевіча, калі ён прапанаваў альтэрнатыўную стратэгію. Паводле яго, гэта стратэгія дзеяньня, а арганізатары кангрэсу прапанавалі, маўляў, стратэгію чаканьня. І ў першы дзень галасы амаль падзяліліся, а ў другі дзень стратэгія, папрапанаваная арганізатарамі кангрэсу, атрымала пераканаўчую перамогу. Чаму так адбылося і ў чым сапраўды прынцыповае адрозьненьне гэтых дзьвюх стратэгіяў?”

Калінкіна: “Я вам скажу свой пункт гледжаньня, бо я таксама ў першы дзень ня бачыла альтэрнатыўнай стратэгіі, якая прапанавалася, і я думаю, што наагул мала хто з дэлегатаў яе бачыў, чытаў, а толькі слухалі, што пра яе гаварылі. Потым, калі ўсе ўзялі раздрукоўку ўвечары і прачыталі, а сёньня ўжо галасавалі, то ўжо быў нейкі матэрыял для аналізу і для роздуму. Прынцыповых адрозьнеьняў няшмат, але галоўныя: адназначна пастаўленае пытаньне аб курсе Беларусі – уступленьне ў Эўразьвяз, і тое, што прапаноўвалася апазыцыйная вэртыкаль з адзіным лідэрам на чале.
С.Калінкіна: “Галоўныя адрозьненьні: адназначна пастаўленае пытаньне аб курсе Беларусі – уступленьне ў Эўразьвяз, і апазыцыйная вэртыкаль з адзіным лідэрам на чале”.


Што тычыцца актыўных дзеяньняў, вуліцы й г.д., то ў стратэгіі, прапанаванай кансалідаванай партыйнай большасьцю, прадугледжваецца ціск на ўлады: я так разумею, гэта і вулічны ціск, і маральны ціск, і празь нейкія акцыі, кампаніі і г.д. Таму тут якраз я ня бачу вялікай розьніцы. Ня трэба блытаць стратэгію і тактыку дзеяньняў – гэта розныя рэчы”.

Дракахруст: “Віталь Сіліцкі, вам слова для пярэчаньняў наконт таго, што сказала Сьвятлана наконт гэтых дзьвюх стратэгіяў, іх перавагаў і хібаў”.

Сіліцкі: “А не было стратэгіяў – былі дзьве тактыкі. Вось і ўсё. Адна тактыка: чаканьня, другая – я б сказаў, мала радыкальных дзеяньняў. І на кангрэсе кожны выбіраў, што па сабе, а кангрэс быў збольшага партыйны. Вуліца, вулічны супраціў – сёньня гэта справа незалежнага грамадзтва”.
В.Сіліцкі: “А не было стратэгіяў – былі дзьве тактыкі”.


Цыганкоў: “Я б сказаў, што адрозьненьняў даволі шмат. У сваім выступе Аляксандар Мілінкевіч, адказваючы на пытаньне пра адрозьненьні, зафіксаваў яшчэ некалькі пунктаў. Я згодны са Сьвятланай Калінкінай, якая адзначыла дзьве асноўныя рэчы: першае – вэртыкаль кіраваньня альбо сустаршынства, і другое – накірунак у Эўропу. У стратэгіі Статкевіча, якую падтрымлівае Мілікневіч, адзначаны тры рэчы: дэмакратыя, незалежнасьць і інтэграцыя з Эўропай. А кааліцыя, у якой прысутнічаюць камуністы, ніяк не магла зафіксаваць у сябе гэтую рэч, інтэграцыю з Эўропай.
В.Цыганкоў: “Кааліцыя, у якой прысутнічаюць камуністы, ніяк не магла зафіксаваць у сябе інтэграцыю з Эўропай”.


Мілінкевіч таксама адзначыў яшчэ некалькі пунктаў: ён ня згодны з высновамі, якія зроблены ў дакумэнце пад назвай "Кааліцыйная стратэгія". Па-першае, ён ня так аптымістычна ацэньвае сёньняшнюю сытуацыю і лічыць, што ня будзе народнага абурэньня ў сувязі апошнім падвышэньнем цэнаў на газ. Па-другое, ён лічыць, што намэнклятура ня здольная на ўнутраны пераварот, яна застаршаная – у адрозьненьне ад таго, што пішуць у сваёй стратэгіі прадстаўнікі кааліцыі. І па-трэцяе, Мілінкевіч лічыць, што зараз улада не зьбіраецца ісьці ні на якія перамовы з апазыцыяй, паколькі мы, апазыцыя, слабыя, і ўлада на перамовы з намі ня пойдзе.

А сп. Статкевіч яшчэ больш ярка гэта выказаў: калі яму кажуць – эвалюцыя ўлады, то якая эвалюцыя? Калі раней быў адзін асуджаны маладафронтавец, Павал Севярынец, то зараз судзяць семярых маладафронтаўцаў – дзе эвалюцыя?”

Дракахруст: “А скажыце, калі ласка, у межах сваёй стратэгіі Мікола Статкевіч спадзяецца, што пераменаў у Беларусі можа дамагчыся толькі вуліца? Ці правільна я яго зразумеў?”

Цыганкоў: “Ён у межах сваёй стратэгіі больш надае ўвагі вуліцы і менш увагі – спробам ціску на ўладу: ціску дыпляматычнага праз замежных партнэраў або ціску на ўладу з боку структурнай апазыцыі. Ён таксама лічыць, што ўлада на гэты кампраміс ня пойдзе.

І калі ўжо закончыць з нашымі высновамі пра адрозьненьні – у залі адбываліся вельмі паказальныя сцэны, калі адзін з камуністаў гаварыў у сваім выступе пра “брацкі расейскі народ”, дык гэта відавочна не ўваходзіць у лексыку “Маладога фронту”. Цяжка ўявіць сабе, што сёньня збліжае “Малады фронт” і партыю камуністаў”.

Апошні дзень старшыні Палітычнай рады

Дракахруст: “А зараз – пра галоўную праблему, самую гучную, самую ў пэўным сэнсе скандальную – пра лідэрства. Па-першае, чаму гэтае пытаньне нават не было пастаўленае на галасаваньне, як гэта ўчора прапаноўваў Станіслаў Шушкевіч? Я прашу адказаць па сутнасьці, а не па працэдуры. І, па-другое, ці не адбудзецца ў цяперашняй сытуацыі вяртаньня апазыцыі ў той стан, у якім яна была да кастрычніка 2005 году, калі ў яе кіраўніцтве не было ня толькі лідэра, а нават першага сярод роўных?”

Калінкіна: “На самой справе пытаньне аб лідэрстве ставілася адназначна – якраз у той альтэрнатыўнай стратэгіі, якая прапаноўвалася. Гэтая стратэгія не прайшла. Я хачу вам нагадаць, што існавала джэнтэльмэнскае пагадненьне, дасягнутае ў Вільні, калі лідэры зусім зайшлі ў тупік і наогул не маглі вырашыць пытаньне аб лідэрстве. Тады быў прыняты кампрамісны варыянт: як прагаласуюць рэгіянальныя сходы, так і будзе ставіцца пытаньне на кангрэсе. Я сама была сьведкай, калі гэтае пагадненьне было заключанае. Усе лідэры, у тым ліку Аляксандар Мілінкевіч і Станіслаў Шушкевіч, далі джэнтэльмэнскае слова, што менавіта так яно й будзе, і што якімі б ні былі вынікі рэгіянальных сходаў, якімі б ні былі вынікі кангрэсу – яны іх прызнаюць і будуць працаваць разам з усімі.

С Калінкіна: “Таму і зафіксавана такое – ну, няма лідэра ў нас у апазыцыі, трэба, каб ён яшчэ рос”.
Ну, але адбылося так, як адбылося, ня ўсе сапраўды могуць быць джэнтэльмэнамі. Чаму так адбылося? Хочацца быць лідэрам, шмат каму хочацца, і гэта добра, калі партыйныя, палітычныя лідэры маюць такія амбіцыі. Але гэтыя амбіцыі сапраўды трэба заслужыць – заслужыць працай. А тое, што цябе нейкім там чынам прызначылі ці не прызначылі, ці ты сам неяк там прабіўся – гэта для нейкай асобы ці групы асобаў можа вырашыць асабістыя праблемы ці амбіцыі гэтай асобы або групы. Але для нас усіх, для краіны гэта сытуацыю прынцыпова не вырашае. Таму і зафіксавана такое – ну, няма лідэра ў нас у апазыцыі, трэба, каб ён яшчэ рос”.

Дракахруст: “Ну дык і што – сытуацыя вяртаецца, так бы мовіць, у верасень 2005 году?”

Калінкіна: “Ну, амаль што так. Цяпер у нас усе роўныя сярод роўных, а адзін – паасобку”.

Дракахруст: “Віталь Цыганкоў, вы, як і Сьвятлана, былі на кангрэсе – ці згодныя вы зь яе высновамі і з тым, як яна трактавала “подбіўку” галасаваньня і яе прагноз на будучыню што да кіраўніцтва апазыцыі?”

Цыганкоў: “Чаму не паставілі на галасаваньне прапанову Станіслава Шушкевіча? (Нагадаю, яна гучала вельмі канкрэтна – “давайце прагаласуем так: альбо ў нас будуць чатыры сустаршыні, або адзін старшыня – Аляксандар Мілінкевіч”.) Тут дзьве прычыны. Першая – празаічная: шмат каму не спадабалася, як закончыўся кангрэс, людзі чакалі нейкіх дэбатаў, але раптам пасьля прыняцьця стратэгіі ўсё скончылася, прагаласавалі за Палітраду. Галоўным аргумэнтам, як заўсёды, было, што “рэгіяналы сьпяшаюцца на цягнікі, калі мы іх затрымаем, яны не ад''едуць, давайце хутчэй галасаваць”. А другі аргумэнт палягае ў тым, што за канцэпцыю палітрады прагаласавала 365, супраць – 185 чалавек. Прыхільнікі Мілінкевіча ўжо й ня вельмі настойвалі на гэтым галасаваньні, бо разумелі, што яно ня пройдзе.

В.Цыганкоў: “Ад Мілінкевіча патрабавалі дзеяньняў тыя, хто якраз яго зьвязваў”.
Ну а што да таго – ці ёсьць лідэр... Я шмат чуў і на кангрэсе, і наагул за гэты год папрокаў на адрас Аляксандра Мілінкевіча, напэўна, значная частка зь іх слушная, але часта яны былі парадаксальныя. Ад Мілінкевіча патрабавалі дзеяньняў тыя, хто якраз яго зьвязваў, казаў, што ён “павінен дзейнічаць у рамках Палітычнай рады”, павінен зь ёй абгаворваць свае візыты, стварэньні сваіх рухаў. А як толькі ён пачынаў нешта рабіць, яны казалі яму, што гэта няправільна, ён робіць ня тое, што яму параіла Палітрада. Гэта як сёньня сказаў адзін з выступоўцаў – прадпрымальнік і палітвязень Васільеў, працытаваўшы словы з аднаго савецкага фільму – “добры чалавек, але не арол”. А ў мяне склалася ўражаньне – як толькі ён спрабуе станавіцца арлом, яго адразу ж, у тым ліку і на кангрэсе, абвінавачваюць у дыктатарстве... Дык вы вызначыцеся: альбо вы хочаце, каб ён нешта рабіў, альбо вам сапраўды трэба, каб ён нічога не рабіў”.

Дракахруст: “Віталь Сіліцкі, а як бы Вы адказалі на пытаньне – ці адбудзецца цяпер дэ факта вяртаньне да таго стану, які быў да мінулага кангрэсу, калі выразнага лідэра ў апазыцыі не было?”

Сіліцкі: “У кастрычніку 2005 году сп. Мілінкевіч перамог у першую чаргу за кошт грамадзянскай супольнасьці. Сёньня яе адціснулі. Тое, што адбылося ў сакавіку 2006 году – гэта таксама амаль выключна заслуга грамадзянскай супольнасьці. Палітычная апазыцыя з таго стану, у якім яна цяпер, ніколі і не выходзіла”.

Ці будзе раскол незваротным?

Дракахруст: “Кангрэс скончыўся. Што далей? Ці гэтыя словы ўсіх лідэраў – што яны будуць працягваць супольную працу, што нешта будзе рабіцца, – усё гэта толькі “добрая міна пры кепскай гульні”, а вось гэтая расколіна, якая была відавочная на кангрэсе – яна захаваецца і будзе паглыбляцца, і беларуская апазыцыя будзе ўяўляць сабою дзьве плыні, як сказаў сп. Мілінкевіч – левую і пранезалежніцкую? Ці яны сапраўды гавораць абсалютна шчыра і наладзяць дружную супольную працу?”

Сіліцкі: “Справа ў тым, што год таму была прынятая стратэгія – будзем пашыраць крызыс улады. Пашырылі толькі крызыс апазыцыі. Потым прынялі стратэгію дыялёгу. Не было нават абмеркаваньня, што штосьці прымалася і што пра штосьці дамаўляліся. Гэта ня толькі пайшло прахам, гэтага ніхто і рабіць не зьбіраўся.
В.Сіліцкі: “У наступным годзе будуць парлямэнцкія выбары і давядзецца ствараць нейкую новую "Пяцёрку +"... Зараз створаная сыстэма калектыўнай безадказнасьці”.


Вось мы тут нешта абмяркоўваем, спрачаемся, а хто праз год нават узгадае пра гэта? Я ня бачу прадмета для размовы. Магчыма, сапраўды, у наступным годзе будуць парлямэнцкія выбары і давядзецца ствараць нейкую новую "Пяцёрку +" ці нешта яшчэ і дамаўляцца аб супольнай працы. Але, на мой погляд зараз створаная сыстэма калектыўнай безадказнасьці, у якой і спытаць няма з каго. Палітычная апазыцыя жыве сама па сабе, незалежнае грамадзтва – само па сабе, інтэлектуалы – самі па сабе, у кангрэсовай квоце ў 21 чалавек. Народ жыве сам па сабе. Так і будзе.

Няма агульных мэтаў. Сядзець і чакаць дыялёгу – гэта не агульная мэта . Можна сядзець і чакаць у кааліцыі, можна сядзець і чакаць разьяднанымі – гэта адно і тое ж”.

Дракахруст: “Віталь, я працытаваў Аляксандра Мілінкевіча, які заявіў, што бачыць у апазыцыі два блёкі - левы і пранезалежніцкі. Гэтыя блёкі сапраўды паўсталі дэ факта ці не?”

Сіліцкі: “Не, я так ня думаю. Хаця прыхільнікі Мілінкевіча – людзі выразна незалежніцкія. Відавочная адсутнасьць ідэалягічных разыходжаньняў паміж Вячоркам і Мілінкевічам – але яны займаюць розныя бакі ў гэтым раскладзе. З другога боку, якая можа быць ідэалягічная еднасьць паміж Лябедзькам і Калякіным? Але яны разам.
В.Сіліцкі: “Я б не называў іх усіх агулам “левымі”. Ну якія Лябедзька, Вячорка ці Раманчук левыя? Якія яны прамаскоўскія?”


Тут пра ідэалёгію проста сьмешна казаць. Незалежнікаў у кааліцыйнай частцы таксама хапае, таму я б не называў іх усіх агулам “левымі”. Ну якія Лябедзька, Вячорка ці Раманчук левыя? Якія яны прамаскоўскія? Тут расклад абсалютна іншы. Так што я ў гэтым пытаньні зь Мілінкевічам нязгодны”.

Дракахруст: “Сьвятлана, а вы згодны зь Мілінкевічам, што расколіна атрымалася паводле ідэалягічных чыньнікаў? І больш шырокае пытаньне – як пасьля Кангрэсу пойдзе справа ў апазыцыі далей?”

Калінкіна: “Я зь Віталём Сіліцкім абсалютна згодная. Тая цытата зь Мілінкевіча, якую Вы зараз прачыталі – гэта мітынговая заява. Мне таксама здаецца, што яна не адпавядае рэчаіснасьці, і нельга зараз казаць, што менавіта на такім ідэалягічным падмурку: левыя ці правыя, прарасейскія ці праэўрапейскія, у апазыцыі адбыўся раскол. Мне здаецца, што галоўная прычына таго, што адбылося – не аб''ектыўная, а суб''ектыўная. Гэта была барацьба амбіцый, якая скончылася гэтак непрыемна для нас”.

Дракахруст: “Сьвятлана, ну і што далей?”

Калінкіна: “Я ўжо казала, што гляджу ў будучыню з аптымізмам. Калі будуць канкураваць два накірункі дэмакратычнага руху, гэта нават някепска. Магчыма, менавіта гэта будзе неяк паскараць нейкія працэсы і прымушаць быць актыўнымі. Да сёньняшняга дня ў апазыцыі быў адзіны лідэр. Але ад гэтага за больш чым год ніякай актыўнасьці не дадалося. Хто б што ні казаў, што хтосьці камусьці перашкаджаў, што былі нейкія правакацыі, але заўсёды адказвае той, хто браў на сябе адказнасьць.

С.Калінкіна: “Той давер, які быў дадзены Мілінкевічу, калі яго абралі адзіным, ён не апраўдаў”.
Аляксандар Мілінкевіч такую адказнасьць на сябе браў на мінулым Кангрэсе. Таму зараз мы вымушаныя прызнаць, што той аванс, той давер, які быў яму нададзены, калі яго абралі адзіным, ён не апраўдаў. Лідэр – гэта той, хто кансалідуе, а ня той, хто шукае паслухмяных выканаўцаў і не працуе з тымі, у каго іншыя падыходы. Трэба аб''ядноўваць, і менавіта такі лідэр патрэбны апазыцыі”.

Дракахруст: “Віталь Цыганкоў, я прашу і вас адказаць на два маіх пытаньні : ці азначае тое, што адбылося на Кангрэсе, незваротны раскол, і як далей будзе жыць апазыцыя, як будуць жыць дэмакратычныя сілы?”

Цыганкоў: “Лёгкія пытаньні... Але я спачатку наконт таго вызначэньня, якое даў спадар Мілінкевіч. Тут той выпадак, калі я згодны са сваімі суразмоўцамі і нязгодны зь Мілінкевічам. Калі ён казаў пра левы і незалежніцкі блёкі – гэта нармальная палітычная рыторыка, каб актывізаваць сваіх прыхільнікаў.

Што да таго, што гэта былі амбіцыі, мы, у прыватнасьці, Сьвятлана, ужо казалі, што амбіцыі ў палітыцы – гэта нармальная рэч, але ў патрэбныя моманты варта іх прыглушаць. Магчыма, сапраўды Мілінкевіч у нечым вінаваты, але, напрыклад, Аб''яднаная грамадзянская партыя, на думку многіх, няшмат дапамагала яму на прэзыдэнцкіх выбарах. І сваю частку адказнасьці яна праваліла, і Мілінкевіч вымушаны гэта памятаць, прычым гэта не сатрэш з памяці, калі ідуць размовы пра нейкае супрацоўніцтва.

Ну а наконт таго, што будзе, то гэты палітычны і духоўны раскол апазыцыі хаця і ня быў зацьвержаны на Кангрэсе афіцыйна, стаўся відавочным. І пытаньне ў тым, добра гэта ці дрэнна.
В.Цыганкоў: “Больш маладая частка апазыцыі, – за ідэі Мілінкевіча і Статкевіча галасавалі пераважна маладыя ўдзельнікі Кангрэсу, –будзе весьці больш актыўную і бескапрамісную барацьбу”.


Магчыма, я пагаджуся са Сьвятланай, што гэта ня так і дрэнна. Адна частка апазыцыі схіліцца да больш асьцярожнай, скажам так, "парлямэнцкай" стратэгіі з элемэнтамі пошуку кампрамісу з уладамі і спадзяваньнямі на іх эвалюцыю. Ну а іншая, больш маладая частка апазыцыі, – за ідэі Мілінкевіча і Статкевіча галасавалі пераважна маладыя ўдзельнікі Кангрэсу, – гэтая частка будзе весьці больш актыўную і бескапрамісную барацьбу. Маладое пакаленьне ў палітыцы заўсёды больш радыкальнае, яно хоча дзеяньняў, і часам яно ня хоча бачыць гэтыя стратэгіі, яно не чытае гэтыя тэксты. Яно чыста візуальна ўспрымае палітыкаў па іншаму. І вось гэтае маладое пакаленьне не хацела такой палітыкі, якая была сёньня на Кангрэсе.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG