Лінкі ўнівэрсальнага доступу

<B>Дэмакратычныя сілы рыхтуюцца да кангрэсу</B>


Алесь Дашчынскі, Менск Сёньня ў сядзібе БНФ у Менску адбылася прэсавая канфэрэнцыя з нагоды падрыхтоўкі Кангрэсу дэмакратычных сілаў. Яе праводзілі старшыня аргкамітэту Аляксандар Бухвостаў і лідэры партыяў АГП, БНФ і ПКБ — Анатоль Лябедзька, Вінцук Вячорка і Сяргей Калякін.

Арганізатары падалі заяўкі ў Менгарвыканкам з просьбай дазволіць правесьці кангрэс у адным з трох памяшканьняў — Палацы Рэспублікі, канцэртнай залі “Менск” альбо ў Палацы культуры аўтазаводу.

Аналягічны ліст дасланы ў Адміністрацыю прэзыдэнта.

Аляксандар Бухвостаў заявіў, што аргкамітэт намерваецца чакаць адказу да 16 траўня. Калі яго ня будзе, то кангрэс пройдзе за межамі краіны. Чакаецца, што ў ім возьмуць удзел больш за тысячу чалавек.

Кангрэс мае адбыцца 26—27 траўня. Аляксандар Бухвостаў заявіў, што гэта рэальная й апошняя дата:

“Калі зацягнем вырашэньне пытаньня арганізацыйнай пабудовы аб’яднаных дэмсілаў, кіраваньня імі, каардынацыі дзеяньняў, наступствам будзе некаторае бязьдзеяньне і няўзгодненасьць. Трэба прыняць дакумэнты, якія неабходна трансьляваць у народ. На мой погляд, гэта крытычная дата”.

Рэгіянальныя канфэрэнцыі дэлегатаў дапамогуць сфармаваць парадак дня кангрэсу. Яны прайшлі ў Гомельскай, Менскай і Гарадзенскай абласьцях. Засталіся яшчэ тры сходы — 10 траўня ў Менску, 12 траўня ў Берасьцейскай і Віцебскай і 13 траўня ў Магілёўскай абласьцях.

Аляксандар Бухвостаў заявіў, што зь невялікай перавагай перамагае тая ці іншая прапанова парадку дня:

“Калі ўзяць агульную колькасьць, то за абраньне старшыні палітрады выступаюць 112 дэлегатаў, а 117 выступаюць за абраньне сустаршыняў. За абраньне старшыні палітрады на кангрэсе выступае 118, а на палітрадзе — 114 чалавек”.

Старшыня Партыі БНФ Вінцук Вячорка выказаў шкадаваньне, што падрыхтоўка да кангрэсу праходзіць пад знакам неўтаймаваных і цяжка прыхаваных амбіцыяў. Ён заявіў, што ключавым ёсьць трэцяе пытаньне, аб парадку фармаваньня палітычнай рады:

“Ці яна фармуецца шляхам прама прапарцыйнага прадстаўніцтва дэлегатаў кангрэсу, дэмакратычных актывістаў, што, на нашу думку, абсалютна лягічна. Бо такі падыход адлюстроўвае рэальна дзейныя, дзеяздольныя структуры й іхны людзкі патэнцыял.

Другі падыход — пры якім замацоўваюцца фіксаваныя квоты за ўсімі. У тым ліку за віртуальнымі структурамі. Ён у пэўным сэнсе фіксуе цяперашні стан. Мы прыхільнікі дзейснага падыходу”.

Паводле спадара Вячоркі, неабходна прыняць стратэгію для ўкладаньня практычнага пляну працы. І зьвяртацца да вялікіх сацыяльных групаў насельніцтва, якія закране эканамічны й агульнапалітычны крызіс у краіне:

“Дарэчы, гэтыя групы ўжо пачынаюць рэагаваць. Я выказваю найглыбейшую павагу інвалідам-вазочнікам, якія паказалі прыклад здаравейшым і больш мабільным, як трэба бараніць сьвятое права называцца чалавекам, бараніць сваю чалавечую годнасьць.

Гэта насамрэч першы званок. Такое будзе і надалей. І калі аб’яднаныя ці разьяднаныя дэмсілы не сканцэнтруюцца тэрмінова на выкананьні сваёй стратэгіі, а будуць займацца ўнутраным пераўпарадкаваньнем, то яны проста безнадзейна страцяць палітычную ініцыятыву”, - зазначыў Вінцук Вячорка.

Прыхільнікі Аляксандра Мілінкевіча ў прэсавай канфэрэнцыі ўдзелу ня бралі. Віктар Карняенка заявіў пра неабходнасьць прыйсьці да нейкага выніку ў процістаяньні. Ён задаволены, што цяпер арбітрам выступаюць рэгіянальныя кааліцыі. Спадар Карняенка скептычна ставіцца да правядзеньня кангрэсу за мяжой, бо лічыць, што могуць узьнікнуць праблемы з кворумам.

Менск, сядзіба БНФ, 7.05.2007. Прэсавая канфэрэнцыя ў справе падрыхтоўкі Кангрэсу дэмакратычных сілаў. Аляксандар Бухвостаў, Анатоль Лябедзька, Вінцук Вячорка.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG