Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Паліцыя ЗША расьсьледуе забойства 32 чалавек у студэнцкім гарадку


Вячаслаў Ракіцкі, Прага У Злучаных Штатах працягваецца расьсьледаваньне трагедыі, што адбылася ў Вірджынскім тэхналягічным інстытуце. У панядзелак раніцай у ціхім гарадку Блэксбург невядомы распачаў страляніну ў студэнцкім гарадку.

У выніку загінулі як найменей 32 чалавекі, улучна з самім нападнікам. Хто ён, забойца, і якія матывы ягоных дзеяньняў пакуль не вядома. Таксама пакуль няма зьвестак, ці ён сам сябе пазбавіў жыцьця ці яго застрэлілі паліцыянты.

Аднак карціну таго, што адбылося, ужо можна ў агульных рысах аднавіць. Цішыню студэнцкага гарадка ў гарадку Блэксбург дзесьці пасьля 7-й гадзіны раніцы парушылі стрэлы ў інтэрнаце, дзе жывуць каля 900 студэнтаў і ўнівэрсытэцкага пэрсаналу. Празь дзьве гадзіны, калі ўжо паліцыянты вялі пошук нападніка, страляніна аднавілася ў адной з аўдыторыяў інжынэрнага корпусу. Як цяпер ужо вядома, 32 чалавекі, улучна з бандытам, загінулі. Паведамляецца і пра як найменей 10 параненых.

Інстытут перажыў шок. Вось рэакцыя прэзыдэнта навучальнай установы Чарльза Стэгера: “Унівэрсытэт шакаваны і найперш ад усьведамленьня таго, што гэты жах здарыўся з намі. Я хачу выказаць свае самыя глыбокія і самыя шчырыя спачуваньні сем’ям ахвяраў - нашых студэнтаў”.

Прэзыдэнт Джордж Буш у звароце да нацыі заявіў, што краіна перажывае глыбокі шок і смутак з нагоды трагедыі ў Вірджынскім тэхналягічным інстытуце. Лідэры многіх краінаў сьвету таксама выказалі свае спачуваньні.

Інцыдэнт у Вірджынскім тэхналягічным інстытуце – самы крывавы зь яму падобных у гісторыі ЗША. Ён зацьміў сабой другую паводле колькасьці ахвяраў трагедыю 1991 году ў штаце Тэхас, калі злачынца расстраляў у рэстарацыі 23 чалавек. Былі падобныя трагічныя выпадкі і ў амэрыканскіх навучальных установах. Так, у 1966 годзе ва ўнівэрсытэце зноў жа штату Тэхас ад куляў снайпэра-адзіночкі, які залез на 28-павярхоую гадзіньнікавую вежу, загінулі 16 чалавек. Пазьней у 1999 годзе у вышэйшай школе Калумбайн, што ў штаце Каларада, два падлеткі забілі 12 студэнтаў і выкладчыка.

Напрыканцы мінулага лета першы дзень заняткаў быў адменены і ў Вірджынскім тэхналягічным інстытуце. Тады студэнцкі гарадок быў зачынены, бо з суседняй турмы ўцёк злачынца і забіў ахоўніка шпіталю і паліцыянта. Уцекача ўрэшце злавілі. Таксама мясцовыя паліцыя кажа, што цягам апошніх двух тыдняў былі пагрозы выбуху бомбы ў студэнцкім гарадку Вірджынскага тэхналягічнага інстытуту, аднак, паліцыянты ня ведаюць, ці існуе сувязь паміж гэтымі пагрозамі і ўчорашняй трагедыяй.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG