Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Суд у Гаазе схаваў сакрэтныя дакумэнты пра вайну ў Босьніі


Валер Каліноўскі, Прага Амэрыканская газэта International Herald Tribune сёньня крытыкуе Гааскі суд у справе ваенных злачынстваў у былой Югаславіі, які схаваў ад грамадзкасьці сакрэтныя дакумэнты аб падзеях часоў вайны ў Босьніі 1992-1995 гадоў, якія б маглі засьведчыць датычнасьць Бялграду да генацыду басьнійцаў.

Дакумэнты патрапілі ў Гааскі суд ў 2003 годзе. Сотні папак утрымліваюць стэнаграмы нарад югаслаўскага кіраўніцтва, уключна з былым прэзыдэнтам Слобаданам Мілошавічам, у часе басьнійскай вайны. Зь іх у прыватнасьці вынікае, што армія басьнійскіх сэрбаў наўпрост кантралявалася з Бялграду, дзе існаваў дзеля яе адмысловы сакрэтны цэнтар. Каля дзьвюх тысяч салдат і афіцэраў з Сэрбіі нават служылі ў арміі басьнійскіх сэрбаў. У дакумэнтах выкрываецца іх роля ў крывавых падзеях у Срэбраніцы, дзе ў 1995 годзе было забіта 8 тысяч басьнійцаў – мужчын і хлопцаў.

Аднак суд дазволіў Бялграду схаваць частку гэтага архіву ў сакрэце і не разглядаў гэтыя дакумэнты ў часе адкрытых працэсаў, у прыватнасьці супраць былога прэзыдэнта Югаславіі Мілошавіча.

На думку басьнійскіх адвакатаў у судзе, якія патрабавалі, каб Сэрбія падала нецэнзураваныя копіі гэтых дакумэнтаў, яны маглі стаць галоўнымі ў справе абвінавачаньня Мілошавіча. Былы сэрбскі лідэр памёр у турме, не дачакаўшыся вэрдыкту Гааскага трыбунала.

Але суд пайшоў насустрач просьбам Бялграду захаваць таямніцу ў справе часткі гэтых дакумэнтаў, паколькі гэта магло нэгатыўна адбіцца на бясьпецы Сэрбіі.

Наташа Кандзіч, дырэктар Гуманітарнага прававога цэнтру ў Бялградзе, зазначае, што яна была шакаваная бязьдзейнасьцю Гааскага суду ў гэтай справе, яна мяркуе, што грамадзкасьць Сэрбіі павінна была б ведаць усю праўду аб рэаліях той вайны. Затое афіцыйныя прадстаўнікі Сэрбіі ў судзе былі вельмі задаволеныя тым, што змаглі такім чынам абараніць сваю дзяржаву. Яны падкрэсьліваюць, што Босьнія вымагае ад Бялграду вялікіх грошай за шкоду, нанесеную той вайной.

Старшыня Гааскага трыбуналу Разалін Хігінс адмовілася тлумачыць гэтыя дзеяньні, зазначаючы, што судовая практыка не прадугледжвае абмеркаваньня іх рашэньняў. Іншыя судзьдзі, якія прадстаўляюць у Трыбунале Ярданію і Альжыр, кажуць, што ім былі названыя некалькі прычын такога рашэньня, якія яны ня лічаць дастаткова пераканаўчымі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG