Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ірына Дубянецкая: “Я веру ў сэнс”


Радыё Свабода Ірына Дубянецкая – удзельніца праграмы “Ў што я веру”.

Калі кепска, калі абрынуўся сьвет, калі развага не сунімае болю і сонца зь ветрам ня ў змозе асушыць вочы, – я веру ў сэнс. Калі лёгіка не спрацоўвае, чаканьні й спадзевы ня спраўджваюцца, і я ня цямлю, чаму мая так гарманічна й дасканала зладжаная сьветабудова дае збой, – я веру ў сэнс.

Я веру, што хай не цяпер, але зразумею, што адбылося, чаму так склалася, якімі шляхамі заблукала я ў гэтую безнадзейнасьць, гэтую бездапаможнасьць, гэтае вострае адчуваньне выпадзеньня з Божае далоні, і якія шляхі адсюль выводзяць. Або – яшчэ лепей – якія нязьведаныя раней магчымасьці адчыняюцца й робяцца бачнымі, як тыя высокія зоры, бачныя ўдзень толькі з глыбіні калодзежнага прадоньня.

Дык можа й занесла мяне ў гэтую прорву, каб нешта ўбачыць, раней нябачнае, нешта зразумець, раней незразумелае, нешта адчуць важнае, без чаго далейшы шлях ня можа быць агораны? І тады бласлаўляю свой боль, і сваю няўцямнасьць, і ўсё, што здаецца прычынаю мае жыцьцёвае паразы. Таму што боль – гэта толькі боль, сымптом, а не сама хвароба, беспамылковы дарожны ўказальнік, што дапамагае разабрацца ў блытаніне унутраных раздарожжаў. І няўцямнасьць – як тыя цуды ў фармулёўцы сьвятога Аўгустына, што супярэчаць не прыродзе, а нашым ведам пра яе, – перарасьце, магчыма, самую сябе ды станецца разуменьнем, новай ведаю, новым досьведам (а досьвед і ёсьць самым каштоўным здабыткам, якога нікому ніколі ад мяне не адабраць). І вонкавыя прычыны – гэта адно сьведчаньне таго, якія жыцьцёвыя выбары былі зробленыя мною, так што я ў выніку апынулася там, дзе я апынулася, і – па самым вялікім рахунку – таго, хто я ёсьць тут і цяпер.

Бо ёсьць за ўсім, што адбываецца, нейкі касьмічны сэнс, нейкі дызайн, з прычыны сваёй звышмаштабнасьці неахопны штодзённым зрокам. Часам толькі на адлегласьці гадоў і акіянаў зразумееш няўмольную лёгіку й блаславёную неабходнасьць колішніх падзеяў ці перажываньняў, а часам так і не зразумееш, ды ўсё адно нейкае неакрэсьленае пачуцьцё запэўнівае, што так было трэба – бо ўсё ўрэшце склалася належным чынам, і прыйшла палёгка, і ты апынуўся там, дзе й мусіў.

Аднак гэты дызайн ня ёсьць прадвызначанасьцю ці наканаваньнем. Яго немагчыма вылічыць. Як сусьвет ствараецца па меры свайго няспыннага пашырэньня з кожнага часава-прасторавага пункту адначасова, звыш дызайн чалавечага лёсу няспынна акрэсьліваецца, і ўсе яго элемэнты лучацца штораз больш складанымі, больш тонкімі ўнутранымі сувязямі – у дасканалай адпаведнасьці зь вялікімі й малымі выбарамі, якія што імгненна робіць чалавек.

Бо жыцьцё – гэта творчы акт, непрадказальны, як любая творчасьць. Як сусьвет, жыцьцё ствараецца ў працэсе жыцьця. З кожнага часава-прасторавага пункту чалавечага існаваньня вядуць шляхі ў безьлічы жыцьцёвых кірункаў, і кожны зь іх тоіць свае патэнцыйныя сэнсы.

І ніхто ня можа адняць у чалавека ягоны асноўны дар – свабоду самастварэньня, свабоду выбіраць кірункак і вырашаць, “хто я ёсьць”. І ніхто ня можа пражыць за чалавека ягонае жыцьцё – нават калі сваім свабодным выбарам чалавек адмаўляецца ад выбару. І таму толькі сам чалавек можа вызначыць сэнс і бессэнсоўнасьць свайго жыцьця. І таму насамрэч сэнсу, мусіць, і няма. Апроч таго, які чалавек сам вызначае. Апроч таго, у які чалавек верыць.

***

Ірына Дубянецкая – першая і адзіная ў Беларусі жанчына доктарка тэалёгіі. Вучылася і навуковыя ступені абараняла ва ўнівэрсытэтах Лёндану і Лювэну.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG