Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Крысьціна Шацікава: мяне прывязалі да ложка і ўкалолі сэбазон


Ганна Соўсь, Менск Грамадзкая актывістка Крысьціна Шацікава падае ў Магілёўскую пракуратуру скаргу на гвалтоўнае прымусовае зьмяшчэньне яе ў псыхіятрычны шпіталь. Сёньня на прэсавай канфэрэнцыі яна расказала, як зь ёй там абыходзіліся. Праваабаронца Валянцін Стэфановіч назваў інцыдэнт з Крысьцінай Шацікавай аднаўленьнем сыстэмы савецкай карнай псыхіятрыі.

Крысьціна Шацікава апавяла, як 23 сакавіка пасьля гутаркі ў Магілёўскай управе КДБ людзі ў цывільным сілком адвезьлі яе ў гарадзкі псыхіятрычны шпіталь. Людзі, якія называлі сябе псыхіятрамі, распытвалі пра яе кантакты зь сябрамі “Маладога фронту” і пра плянаваны ўдзел у акцыі 25 сакавіка.

Расказваючы пра ўмовы ўтрыманьня, Крысьціна Шацікава кажа, што гэта была самая страшная сытуацыя ў яе жыцьці:



“Выклікалі санітараў, якія паспрабавалі мяне распрануць, пастрыгчы і памыць. Я стала адбівацца. Мяне занесьлі ў аддзяленьне, прывязалі да ложка і тут жа пачалі калоць псыхатропныя прэпараты. Ведаю, што калолі сэбазон. Яны тлумачылі, што гэта супакойвальнае. Калі мне стала зусім дрэнна з сэрцам, далі валідол.

Што за лекі? Калі ў цябе перад вачыма крывавыя плямы, і ты ўся мокрая, і няма чым дыхаць, то на супакойвальнае гэта не падобна. Прывязаная, я перакуліла ложак. Мне сказалі, што калі я буду баламуціць палату, то мне паставяць кляп.

Потым мне прызначылі прэпарат — і папярэдзілі, што я яго не перанясу. У апошнюю ноч адна зь дзяўчат у мяне на вачах выліла ў мыйню гэты прэпарат і сказала, каб я зрабіла выгляд, што мне блага й што я заснула”.

Праваабаронца цэнтру “Вясна” Валянцін Стэфановіч адзначае, што зьмяшчэньне Крысьціны Шацікавай у прыхіятрычны шпіталь адбывалася з грубымі парушэньнямі дзейнага ў Беларусі закону “Аб псыхіятрычнай дапамозе” і гарантыях грамадзянаў аб яе аказаньні.

“Чалавека калолі нейкімі прэпаратамі. На якіх падставах — незразумела. Дзе нейкія паперы, што яны гэта рабілі. Чалавека даставіла ў псыхіятрычны шпіталь не машына хуткай дапамогі й ня мэдыкі, а нейкія асобы ў цывільным.

За апошні час гэта найбольш жорсткая форма рэпрэсіяў. Гэта адраджэньне карнай псыхіятрыі, пра якую ўсе выдатна памятаюць па савецкім часе. Была пададзеная скарга на імя пракурора Магілёўскай вобласьці. Трэба далучаць да гэтай справы адваката і абскарджваць, у тым ліку і ў судовым парадку”, — мяркуе праваабаронца Стэфановіч.

Маці Крысьціны Шацікавай Сьвятлана Міхайлаўна параўноўвае тое, што адбылося зь яе дачкой, з трагедыяй зьнікненьня яе пляменьніка тэлеапэратара Зьмітра Завадзкага.



Сьвятлана Шацікава: “Для нас слова “выкралі” было страшным. Пляменьнік мужа Дзіма Завадзкі… Я толькі цяпер магу зразумець яго маці Вольгу Басаву. Я ўсё зраблю, каб гэтыя лекары не працавалі лекарамі. Чаму яны мне не сказалі, што яна ў шпіталі? Чаму не далі зь ёй пагаварыць? Гэта Алена Леанідаўна Бат, гэта Ўцёнышава Ала Васільеўна. Я ўсё зраблю, каб гэтыя лекары не працавалі лекарамі”, — кажа маці Шацікавай.

Крысьціну Шацікаву выпусьцілі са шпіталю 26 сакавіка. Рашэньне пра выпіску прыняла мэдкамісія, якая не знайшла падставаў для прымусовага ўтрыманьня яе ў гэтай установе. Цяпер Крысьціна зьбіраецца правесьці незалежную мэдычную экспэртызу, каб пераканацца, што здаровая. Таксама яна напісала ліст на імя старшыні Магілёўскага аблвыканкаму Барыса Батуры са скаргай на супрацьзаконныя дзеяньні супрацоўнікаў шпіталю і тых людзей, што яе скралі.

Гл. таксама

• Магілёў: Крысьціна Шацікава на свабодзе

• Магілёў: К.Шацікаву гвалтам утрымліваюць у псыхіятрычным шпіталі
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG