Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У “Доме літаратара” Алесь Разанаў, Валянцін Акудовіч, Мікола Ільлючык


Радыё Свабода Новая перадача сэрыі “Дом літаратара”.

АЎТАР І ТВОР

АЛЕСЬ РАЗАНАЎ: “ІСЬЦІНА ЗАЎСЁДЫ НАДЗЁННАЯ Й МІНУЛАЮ НЕ СТАНОВІЦЦА”


Падчас чарговага прыезду ў Беларусь Алесь Разанаў у менскай кавярні “Добрыя мысьлі” зладзіў прэзэнтацыю сваёй новай кнігі “Дождж: возера ў акупунктуры”. Яна складаецца з паэтычных трох-, пяцірадкоўяў, менаваных аўтарам пункцірамі. З пытаньня пра кнігу і пачалася гутарка паэта зь Міхасём Скоблам.

Міхась Скобла: “Спадар Алесь, у кнізе “Дождж: возера ў акупунктуры” пазначана, што зьмешчаныя ў ёй пункціры пісаліся цягам сарака гадоў: з 1966 да 2006 году. Ці не азначае гэта, што першыя свае пункціры вы прыдумалі яшчэ за вучнёўскай партай?”

Алесь Разанаў: “Якраз тое і азначае. Таму што разам з традыцыйнымі вершамі і пункціры тады ўжо наплывалі. Назва яшчэ не акрэсьлілася, проста бяз назвы яны ішлі, але гэта былі менавіта пункціры. Пункціры маюць гаворку з рэчаіснасьцю. Уся рэчаіснасьць, рэаліі, прырода, людзі, мясьціны — яны патэнцыйныя ня толькі сюжэты, тэмы для пункціраў, але і дзейныя асобы. І тут адзіна важнае, каб не пайсьці сьцяжынай турыстаў, якім паказваюць: вось гэта вежа, гэта замак, называюць, якога стагодзьдзя. Трэба быць вольным, засяроджаным і ўваходзіць у рэчаіснасьць, чакаючы, што нешта адзавецца, кране цябе за рукаў. Калі кранула — рэагуй, калі ласка, зьвяртай увагу. Гэта ўжо пункцір падаў знак, што вось тут ён схаваўся, за гэтым дрэвам, у гэтым кусьце, у гэтай сытуацыі”.

Скобла: “Кароткія паэтычныя формы ідуць да нас з Усходу, са старажытнай Японіі, з Кітаю. Тут можна згадаць хоку — трохрадкоўі, ці танку — пяцірадкоўі, на якіх базуецца сярэднявечная клясычная японская паэзія. Ці не ўплывалі на вас усходнія паэты? Вы, здаецца, перакладалі Басё?”

Разанаў: “Перакладаў, але параўнальна нядаўна. Пункціры ўзьнікалі не ад знаёмства з японскімі хоку, з пэрсыдзкімі бейтамі ці з індыйскімі гатхамі. Так, я быў знаёмы з гэтымі формамі ўсходняй паэзіі. Але пункціры зь імі не супадалі, яны ўваходзілі зь імі ў дыялёг, прасілі, каб я дапамог ім знайсьці іхняе непаўторнае месца. Можна, вядома, знаходзіць нейкія перагукі пункціраў са згаданымі ўсходнімі формамі, але гэта перагукі. Пункціры ўсё ж асобная і адметная зьява як у маёй творчасьці, гэтак, магчыма, і трошкі шырэй”.

Скобла: “Сёньня існуе пэўная мода ў Беларусі на кароткія, пазычаныя на Ўсходзе, формы вершаў. Як вы лічыце, сучасныя беларускія хокуісты, танкісты і басёкі ідуць пэрспэктыўным шляхам?”

Разанаў: “Перайманьне заўсёды застаецца перайманьнем. Любая творчасьць яна ўсё ж такі павінна ісьці не ад арыентацыі на нешта, а з невымоўнага. А невымоўнае можна знайсьці толькі ў самім творцы. Бо калі гэта вымоўнае, то яно — перайманьне, імітацыя. Вучыцца добра, але тварыць трэба ўсё ж такі ад пачатку”.

Скобла: “Кніга “Дождж: возера ў акупунктуры” — ужо чацьвёртая вашая кніга, што выйшла ў выдавецтве “Логвінаў” у аднолькавай сэрыйнай аздобе. Гэта своеасаблівы збор твораў. Задам пытаньне з дапамогай аднаго вашага пункціра: калі вы перабіраеце свае даўнія тэксты, ці — “усе словы дарэчы, ці ўсе ўчынкі да месца, ці ўсе стрэлы ляцяць у цэль”? Ці нешта даводзіцца папраўляць?”

Разанаў: “Пісьменьнік увесь час перапісвае самога сябе, перапраўляе. Праўда, далёка не заўсёды — у лепшы бок. Сама зьява творчасьці — яна як палімпсэст: сьціраецца і пішацца нанова. Што застаецца нясьцёртым, тое — самы большы пісьменьніцкі набытак. Што да напісанага раней, то часам яно хоча мець працяг і гэтым працягам удакладняецца. Да прыкладу, назаву сваю паэму “Ўсяслаў Чарадзей”. Пад ёю з разрывам у гады стаяць тры даты — 1994, 1998, 2006. Сапраўды, часам ня шкодзіць удакладніць якое слова ці радок. У пункцірах я гэта сабе дазваляю, бо ўсе яны як адзін недапісаны твор. Але падганяць пад абставіны часу тое, што склалася ў іншых абставінах, — занятак, няварты творчасьці. Вярнуцца на тую самую хвалю, на якой пісаліся колішнія тэксты, амаль немагчыма”.

Скобла: “Я думаю, як геній, пішу, як сярэдні пісьменьнік, а прамаўляю, як дзіця,” — гэта прызнаньне Ўладзімера Набокава (дарэчы, ён, як і вы, жыў у Швайцарыі). А як у вас? Мне чамусьці здаецца, што вас, наадварот, слова вядзе і выводзіць туды, дзе яшчэ ніхто ня быў. Ці я памыляюся?”

Разанаў: “О так! Творчасьць насамрэч любіць мець справу з некранутым, нечапаным. І там, дзе ты не паўтараеш ня тое што некага, а нават самога сябе, адкрываеш нешта для сябе, — там і адшукваецца матэрыя твораў. І да элінаў, і да эгіпцянаў існавалі вялікія цывілізацыі. А тое, што наступныя творы суадгукаюцца з папярэднімі, дык гэта сьведчыць пра тое, што ісьціна адна. Яна заўсёды надзённая й мінулаю не становіцца. Чалавек фармулюе сябе, суадносячыся зь ёю, і тады, і цяпер. Так суадносяцца промні з сонцам, так суадносяцца словы з невымоўным Першасловам. Не было б яго, і ўсё патанула б у хаосе, і словы ня здолелі б скласьціся ў твор. А так складаюцца, і чым больш дасканалы твор, тым больш у ім праяўляецца Першаслова, яно — зьмест твора, калі б ён ні складаўся: ці ў эгіпэцкія часы, ці ў элінскія, ці ў наш час, у беларускі”.

Скобла: “А як вы ставіцеся да такой навацыі. Вось я чытаю вершы маладых паэтаў і сустракаю знаёмыя радкі: “Ад прадзедаў спакон вякоў”, “Забыць цябе ня маю сілы”... І пры гэтым ня бачу спасылак на першатэксты. Калі гэта не плягіят, то што?”

Разанаў: “Пытаньне застаецца. Гэта гульня, гульня ў словы, у радкі. Чаму б сучаснаму маладому творцу не пабыць трохі Купалам, не пабыць трохі Багдановічам... Але — трохі. Папярэдняе для таго, каб на яго арыентавацца. Але пераймаць яго азначае заставацца ў фармаце літаратурнага практыкаваньня, праяўляцца ў фармаце літаратурнай гульні. Такія тэксты могуць гучаць, на здароўе: і цікава, і займальна. Але яны не зусім арыгіналы. У гэтым іхняя асаблівасьць, і ў гэтым іхні першародны грэх”.

Скобла: “Шастаковіч у сваёй Пятнаццатай сымфоніі ўжываў фрагмэнты з Расіні і Вагнэра, але пазначаў пазыкі ў партытуры. Анатоль Сыс часам адштурхоўваўся ад радка Лоркі ці Міколы Купрэева, але таксама не забываўся згадаць імёны аўтараў. Цяпер гэта неабавязкова. Калі вы свой радок у кагосьці ўбачыце, вас гэта моцна засмуціць?”

Разанаў: “Бачыў ужо свае радкі ў таго-сяго. Мяне гэта ня тое што засмучала, а нават цешыла. Тут можна нават ганарыцца, што ты і заўважаны, і ацэнены. Што твае радкі становяцца будматэрыялам для чужой хаты, матэрыялам для будучыні. Думаю, што дасьведчаны чытач зразумее, адкуль той ці гэты радок узяліся. А калі чытач разумее, то ён прымае гэтую гульню. А калі не разумее сёньня, то зразумее калісьці. Будучыня ўсё расставіць на свае месцы”.

Скобла: “Сёньня многія пісьменьнікі маюць свае пэрсанальныя інтэрнэт-старонкі, што дазваляе ім абыходзіцца без варштата Скарыны. Вы не адчуваеце патрэбы ў асабістым сайце?”

Разанаў: “Не, не адчуваю. Інтэрнэт-старонкі для творчасьці недастаткова. Тое, што пішу, лепш за ўсё я ўкладаю ў кнігі і, пэўным чынам, у наступнае вымярэньне. А гэта ўсё такі больш чым кампутарная старонка. І далёка ня ўсё туды можа ўвайсьці. Але гэта там рукапісы не гараць, але гэта там напісанае застаецца. І калі нават ня будзе ў творцы ніводнага чытача, усё роўна хай ён піша. Бо ёсьць у творчасьці вышэйшыя законы, вышэйшае прызначэньне. У творчасьці апроч самога аўтара, самога творцы, удзельнічае Боскі пачатак”.

АЛЕСЬ РАЗАНАЎ. ПУНКЦІРЫ

І звоняць званы, і грукаюць перуны: маланка пайшла сустракаць Вялікдзень.

* І тут вяршыня, і тут!.. З гары коціцца камень.

* Займелі вагу: у павуціну уклаліся кроплі.

* Бязьмежжа згусьцілася: карабель гудкамі абмацвае навакольле.

* Нешта заўважылі?! Над ручаінай лётаюць жвава стракозы — з біноклямі ў галавах.

* Апосталы глыбіні — выходзяць з возера валуны: дзе дно — там плытка?!

* Набрала і да грудзей прытуляе: рада дзяўчына і булкі рады.

* Сьвеціцца сьвечка — просіць, каб адступіліся ліхтары: уваходжу у велікодную ноч.

* Голае поле. Таполя у згашаных бліскавіцах.

* Вецер і сьнег. Шкада мне вас пакідаць у полі, мае сьляды.

КРЫТЫКА

ВАЛЯНЦІН АКУДОВІЧ: “БЕЛАРУСКІ ПЕРАКЛАД “СІДХАРТХІ” ЛЕПШЫ ЗА РАСЕЙСКІ”


Герман Гесэ. Сідхартха. Пераклад зь нямецкай Арцёма Арашонка. Мн., Логвінаў. 100 стар.

Малады чалавек зь Віцебску (завуць яго Арцём Арашонак) пераклаў паэму ў прозе Германа Гесэ “Сідхартха” і выдаў яе ўласным коштам у выдавецтве “Логвінаў”. Рэдагаваў кнігу вядомы культуроляг Юрась Барысевіч, а ўпрыгожваў — мастак Сяргей Ждановіч. Абодва, здаецца, няблага ўправіліся кожны са сваім заданьнем, толькі гэтым разам гаворка не пра іх...

Герман Гесэ — адзін з буйнейшых нямецкіх пісьменьнікаў ХХ стагодзьдзя, пра што сьведчыць і Нобэлеўская прэмія, якую ён атрымаў у 1948 годзе. Гесэ пражыў доўгае і вельмі драматычнае жыцьцё, але мы з яго скарыстаемся толькі адным сюжэтам. Бацькі Германа не аднойчы бралі ўдзел у мэсіянерскіх вандроўках па Індыі і вельмі шанавалі ўсходнюю філязофію. У 1911 годзе ў Індыю выправіўся і сам Гесэ, аб чым распавёў у нататках, якія так і называюцца: “Пра Індыю”. Паэма ў прозе “Сідхартха”, якая пабачыла сьвет значна пазьней, не была наўпрост зьвязаная з той вандроўкай, хаця без непасрэднага веданьня краіны і яе насельнікаў Гесэ наўрад ці падступіўся б да сваёй знакамітай працы.

Аднак і з улікам гэтага досьведу задума Гесэ была даволі нахабнай. Ён, клясычны эўрапеец, вырашыў распавесьці гісторыю індускага прынца, які стаўся заснавальнікам адной з найбуйнейшых сусьветных рэлігій, вядомай нам сёньня як будызм.

Мяркуючы па выніках, нахабная авантура Гесэ дала зусім неблагі плён. За прамінулыя гады кнігу мноства разоў выдрукавалі ў Кітаі і пераклалі на шматлікія дыялекты Індыі. Гэта значыць, што яе ўважылі каштоўнаю асноўныя асяродкі будызму.

У Эўропе яна таксама займела немалую папулярнасьць, бо на тую пару захапленьне філязофіяй Усходу, прынамсі, сярод інтэлектуалаў, было амаль паталягічным. А ў 1960-я гады “Сідхартха” сталася культавай кнігай для хіпі. Яны ў сваім бунце супраць эгаістычных эўрапейскіх каштоўнасьцяў знайшлі апірышча ў будызме, як у сьветаглядзе ўнівэрсальнай любові да ўсяго, чым поўніцца гэты сьвет.

А далей я дазволю сабе сказаць колькі словаў пра Буду, бо, магчыма, некаторыя нашыя слухачы ня маюць пэўнага ўяўленьня аб гэтым чалавеку, якога сёньня абагаўляе каля 400 мільёнаў людзей ва ўсім сьвеце.

Нараджэньне Буды, у адрозьненьне ад Ісуса, пазбаўленае хоць якіх містычных сюжэтаў кшталту “цнатлівага зачыну”. Больш за тое, ён і сам меў жонку ды сына. Буда Сідхартха нарадзіўся прыкладна за пяцьсот гадоў да Ісуса. У 29 гадоў ён пакінуў бацькоўскія харомы і выправіўся з вандроўнымі аскетамі ўпрочкі ад людзкіх спакусаў, каб захапіцца роздумам над сутвай чалавечага быцьця.

Кутнім камянём вучэньня Буды ёсьць ідэя, як мы сёньня прызвычаіліся казаць, рэінкарнацыі. Груба кажучы, гэта азначае перасяленьне чалавека пасьля сьмерці ў іншую форму існаваньня: дрэва, птушку, жывёлу... Таму зусім невыпадкова, што першую сваю казань Буда прамовіў перад пяцьцю вучнямі і двумя аленямі. Галоўным заданьнем чалавека Буда лічыў выбаўленьне ад усіх спакусаў, на якія нас падманвае пажада цела, — дзеля дасягненьня нірваны. У спрошчаным выглядзе пад нірванай разумеецца стан найвышэйшага прасьвятленьня чалавека духоўнай ведай.

Да канца жыцьця Буда распавядаў пра сваё вучэньне індусам і тварыў розныя цуды. Да таго ж, паводле легендаў, ён мог хадзіць па вадзе, лётаць і акрамя двух звычайных чалавечых вокаў, меў яшчэ і трэцяе — вока мудрасьці. Апошняе яму дазваляла бачыць мінулае і будучае.

Але калі Буда памёр, дык пахавалі яго як простага чалавека, адно што царскага паходжаньня. Па традыцыі індусаў цела Буды крэміравалі на вогнішчы.

Жыцьцяпіс Буды, выкладзены ў паэме Гесэ, далёкі ад кананічнага. Толькі Гесэ і ня меў намеру трымацца канону, бо яго не фактаграфія цікавіла, а духоўнае жыцьцё чалавека, які апантана прагнуў спасьцігнуць ісьціну… І ў якога гэта атрымалася.

А цяпер колькі словаў пра перакладчыка. Упершыню я пазнаёміўся з працай Арцёма Арашонка, калі хлопец некалькі гадоў таму паступаў у Беларускі калегіюм на аддзяленьне філязофіі й літаратуры. Тады Арцём даслаў нам на творчы конкурс яшчэ няскончы пераклад “Сідхартхі”. Аднак у Менску ў хлопца нешта не заладзілася, і ён вярнуўся ў Віцебск, дзе і давёў сваю працу да ладу.

Натуральна, тут не да месца рабіць разгорнуты лінгвістычны аналіз беларускай вэрсіі гэтай нямецкай паэмы. Заўважу толькі, што, нягледзячы на досыць шматлікія моўныя хібы ды стылёвыя нязграбнасьці, у цэлым пераклад Арцёма Арашонка варты чытацкай увагі. Ён мне падабаецца нават болей, чым расейскі, зроблены Празароўскай. У беларускай інтэрпрэтацыі больш дынамікі й менш стылёвай зашмальцаванасьці. Тут за словамі яшчэ праглядае плоць жыцьця, а ў расейскім перакладзе — за словамі зноў толькі словы.

І, бадай, апошняе. Да гэтай пары ў Беларусі Герман Гесэ неўнікнёна асацыяваўся з Васілём Сёмухам, паколькі наш слынны філёляг бліскуча пераклаў два самыя знакамітыя раманы пісьменьніка: “Гульня шкляных перлаў” і “Стэпавы воўк”. Цяпер ад ягонай манаполіі крыху ўрваў сабе Арцём Арашонак. Але я ня думаю, што Васіль Сёмуха з гэтай страты моцна занурыцца, бо перакладніцкай працы ў нас нямерана. І кожны новы працаўнік на гэтай ніве не супернік, а паплечнік.

ЛІТПРАЦЭС

МІКОЛА ІЛЬЮЧЫК: “МНЕ ХОЧАЦЦА ПРАСЛАВІЦЬ ВЕРШАМІ ГОСПАДА”


У Лунінецкім раёне ў вялікай вёсцы Багданаўка жыве паэт Мікола Ільючык. Ён працуе ў раённым аддзеле службы па надзвычайных сытуацыях, гадуе трох сыноў і выдаў два паэтычныя зборнікі. З нагоды нядаўняга выхаду апошняга —“Шматкроп’е кропель” — з Міколам Ільючыкам сустрэлася нашая карэспандэнтка Валянціна Аксак.

Валянціна Аксак: “Спадар Мікола, калі вы сталі пісаць вершы?”

Мікола Ільючык: “Ну, гэта звычайна бывае ў хлопчыкаў змалку: то дзяўчыне прысьвяціць, то яшчэ каму. Вершы пісаліся, але выкідваліся, спальваліся. А недзе гадоў пяць таму я сустрэўся з цудоўным чалавекам — мы сябруем да гэтага часу — з вядомым мастаком Лявонам Грышуком. І ён кажа: ты пастаўся да пісаньня сур’ёзна, ты павінен пісаць і пісаць абавязкова па-беларуску. І вось пасьля гэтага я вызначыўся з мовай і стаў пісаць толькі па-беларуску”.

Аксак: “Вы — чалавек, які ў штодзённым прафэсійным жыцьці займаецца не літаратурай, а зусім іншымі справамі, як вы дасканаліце сваю літаратурную мову?”

Ільючык: “Праз чытаньне кніг, прэсы — на жаль, яе мала, слухаю песьні беларускія. А ўжо калі сустракаюся з беларускамоўным чалавекам, дык тады другое дыханьне адкрываецца”.

Аксак: “Цяпер вы ўжо маеце дзьве кніжкі. Якая асноўная тэма вашай другой кнігі “Шматкроп’е кропель”?”

Ільючык: “У ёй сабрана сто вершаў, у якіх так альбо іначай згадваецца Бог, Боская сіла. Мне хацелася праславіць Госпада гэтымі вершамі. Кожны зь іх — гэта нейкая кропелька той славы, якую я хацеў аддаць Богу, і кропелькі гэтыя напаўняюць нейкую агульную пасудзіну хвалы Госпаду”.

Аксак: “Цікавае супадзеньне: паэт, які ў сваіх вершах славіць Бога, жыве ў вёсцы Багданаўка. А ці цікавіліся вы, адкуль паходзіць назва вашай вёскі?”

Ільючык: “Ёсьць тры вэрсіі. Першая — калі было паўстаньне пад кіраўніцтвам Багдана Хмяльніцкага, то нейкія людзі з яго атачэньня засталіся тут у нашых балотах і заснавалі паселішча. Другая — што быў у нас нейкі князь зь імем Багдан, і ад яго імя назва пайшла. А трэцяя — яна найбольш мне падабаецца — назва вёскі паходзіць ад словаў “Богам даная”.

Жадаю ўхваліць, ды слоў ня маю, А вусны паўтараюць яшчэ раз: Багданаўка, радзіма дарагая, Ты лепшая. У гэтым увесь сказ”.

Аксак: “У вас вялікая вёска?”

Ільючык: “Вялікая, недзе каля шасьці соцень двароў, і насельніцтва трохі больш за дзьве тысячы”.

Аксак: “Скажыце, як вашыя землякі ўспрымаюць вашую творчасьць?”

Ільючык: “Успрымаюць па-рознаму, ня ўсе, можа, і ведаюць пра маё вершатворства. Але тыя людзі, каторыя цікавяцца, яны нават ганарацца. Я быў прыемна зьдзіўлены, калі мы ладзілі прэзэнтацыю кніжкі ў нас у царкве, і прыйшло вельмі шмат людзей, мясцовай інтэлігенцыі. Яны потым падыходзілі, прасілі кніжку і паставіліся да яе вельмі добра”.

Аксак: “А як успрымаюць вашую творчасьць і вас асабіста як беларускага паэта мясцовыя ўлады?”

Ільючык: “Адносіны зь мясцовымі ўладамі ў мяне як паэта аніяк ня ладзяцца. Звычайна, я адчуваю нейкую насьцярожанасьць ад іх”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG