Вера. Вернік. Вершнік. Даверлівы.
Якая шырокая палітра вызначэньняў, паняцьцяў, у аснове якіх слова “вера”. Ці то зь ёю, ці безь яе.
Верагоднасьць бязьвер’я. Напачатку яно пачынаецца зь веры ў нешта такое, да чаго хочацца дакрануцца, убачыць, памацаць. Як тое малое дзіця, цешыцца цацкай, што вісіць над калыскай, а яна так высока – не дацягнуцца.
Мы – самая даверлівая нацыя. Нас так лёгка ашукаць, накінуць чужое, варожае, пераканаўшы, што яно ж вашае, роднае. І мы верым. Як верылі, што першымі павінны ўвайсьці праз райскую браму ва ўсеагульнае шчасьце, дзе кожнаму будзе “по потребностям”. І нас вялі на кароткім павадку да сваёй згубы. А нам здавалася, што яшчэ адзін крок, яшчэ і яшчэ… І гэта здарыцца. Надыдзе рай. І раптам усё правалілася. Усё ня так, як было задумана. Правадыры былі ня тыя. І страчана вера… Наступіла бязьвер’е.
Прыходзяць іншыя. Ужо павадок не такі кароткі, даўжэйшы. Можна крыху лявей, правей адысьці. Але ня дужа далёка ад павадыра. І мы на гэта пагадзіліся. Нам зноў хочацца чуць абяцанкі-цацанкі дабрабыту, спакою. Верым у фальшывага куміра. Няўжо ня можам бяз гэтага?
Ды веру: туман гэты разьвеецца. Ня ўсё ж вымяраецца кілбасою, чаркай ды скваркаю…
Я веру, што ўсё тайнае стане яўным. І нічога не схаваеш… Нікуды ня дзенесься… Прыйдзецца адказваць, як на страшным судзе, за таго і за гэтага. Скрадзеных і невядома дзе пахаваных. За тых, хто сядзіць за кратамі, каго ганьбяць і топчуць толькі за тое, што ён паверыў не ў фальшывага куміра, а ў самога сябе, у адраджэньне нашае духоўнасьці.
Мая вера – у гэтую вясну, Дзень Волі 25 сакавіка, які павінен нас яднаць дзеля будучыні. Веру ў тое, што нашыя сьвятыні – бел-чырвона-белы сьцяг і Пагоня – залунаюць над краінай, бо яны ад Бога.
***
Аляксей Марачкін – мастак і грамадзкі дзеяч, адзін зь ініцыятараў стварэньня творчае суполкі “Пагоня”, старшыня грамадзкага згуртаваньня беларусаў сьвету “Бацькаўшчына”.