Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што рабіць з помнікамі савецкай эпохі?


Іна Студзінская, Менск 15 лютага парлямэнт Эстоніі прыняў законапраект "Аб зносе забароненых збудаваньняў". Бронзавы жаўнер – талінскі помнік савецкім вайскоўцам, якія загінулі ў змаганьні з фашызмам можа быць перанесены з цэнтру Таліну. Гэты вынікала абурэньне Расеі. Дэпутаты Дзяржаўнай думу нават папрасілі Уладзімера Пуціна ужыць супраць Эстоніі санкцыі. Прэзыдэнт Эстоніі Тоомас Хэндрык Ільвес заявіў, што не падпіша закон "Аб зносе забароненых збудаваньняў", бо ён пярэчыць Канстытуцыі.

Тым часам у беларускіх гарадах і вёсках дагэтуль захавалася шмат сымбаляў савецкай эпохі, помнікаў правадырам і героям савецкіх часоў. Некаторыя зь іх разбураюцца ад часу і іх здымаюць. А некаторыя, наадварот, адшукваюць на звалцы гісторыі і зноў усталёўваюць, як адбылося са Сталіным у Слуцку. Што рабіць з помнікамі савецкай эпохі?

Хто толькі не ўвекавечаны ў камяні, бронзе, і нават у гіпсе й бэтоне: Ленін, Сталін, Дзяржынскі, Калінін, Чапаеў, Фрунзэ, Арджанікідзэ, Жукаў... А што рабіць са шматлікімі правадырамі і жалезнымі Фэліксамі, застаецца праблемай. Колькі ў Беларусі было бюстаў і помнікаў Леніну -- падлічыць немагчыма. У адным толькі, да прыкладу, Барысаве было 26 Леніных. Самі скульптары прызнаюцца, што ў свой час зараблялі гэтым. Гаворыць скульптар Уладзімер Жбанаў, вядомы менчукам гарадзкімі скульптурамі ў Міхайлаўскім сквэры, і каля Камароўкі.

Жбанаў: "Я нават сам браў у гэтым удзел, было мала грошай, і мы рабілі барэльефы, бюсты Леніных. Ён нас, так бы мовіць, карміў, мы яго кармільцам называлі".

Дагэтуль у парку Нясьвіжу побач з Палацам Радзівілаў стаіць скульптура жанчыны, якая трымае ў рукох... спадарожнік. Дый зараз ў некаторых мастакоў ды чыноўнікаў зьяўляюцца дзіўныя ідэі, кшталту сымбалю Беларусі партызанскай -- жанчыны на зубры... Паслухаем Уладзімера Жбанава.

Жбанаў: "У Глыбокім толькі п''яны і з завязанымі вачыма скульптар мог зляпіць такога Леніна. Я нават хацеў стаць аўтарам кнігі, якая называецца "Халтура" і паздымаць па ўсёй Беларусі, што выраблялі і скульптары, і жывапісцы".

Што цяпер рабіць са шматлікімі сымбалямі савецкай эпохі -- застаецца галаўным болем для ўлады. Па-першае, гіпс і бэтон -- матар''ялы недаўгавечныя. У Зэльве ў Леніна адваліліся пальцы, замест іх -- арматура, у Глуску ў Леніна адбіліся рукі, у Круглым -- дзіра ў скроні правадыра. Таму Ленінаў з плошчаў многіх гарадоў прыйшлося прыбраць. Быццам бы на рамонт. Але грошай ў мясцовых адміністрацыяў няма. У Чэрыкаве на рамонт помніка Леніну сабралі з народу і прадпрыемстваў 3,5 мільёна рублёў, але гэтага недастаткова...

Скульптар Алесь Шатэрнік у свой час таксама ваяў Леніна. Дарэчы, нядаўна зрабіў жартаўлівую скульптуру "Ленін на "Фордзе". Ён катэгарычна супраць зьнішчэньня ўсіх без разбору сымбаляў савецкай эпохі.

Шатэрнік: "У асобных выпадках трэба, канечне, падыходзіць дыфэрэнцыравана і глядзець: калі твор мастацтва, можа, яго і захаваць".

Такага ж меркаваньня прытрымліваецца і Ўладзімер Жбанаў:

Жбанаў: "Трэба вельмі дакладна разабрацца -- зьяўляецца помнік творам мастацтва альбо гэта чыстай вады халтура. Трэба падумаць, ці варта якую-небудзь гіпсавую альбо бэтонную статую даклеіваць. Гэта ўсё адно ненадоўга. А бронзавых, добрых помнікаў у Беларусі вельмі мала: У Барысаве добры помнік Леніну Анікейчыка, у Менску на плошчы Незалежнасьці помнік Манізэра. Манізэр -- гэта для скульптараў школа. Трэба вельмі далікатна падыходзіць".

Леніных з беларускіх гарадоў прыбіраюць, а вось Сталіны вяртаюцца -- у Сьвіслачы, у Слуцку. Бюст Сталіна работы Заіра Азгура, якога летась ўсталявалі на гістарычна-культурным комплексе, так званай “Лініі Сталіна”, знайшлі ў Івянцы, дзе да сярэдзіны 1950-х ён стаяў на цэнтральным пляцы. Бюст, праўда, з адбітымі вушамі. Што да вяртаньня Сталіна, скультар Алесь Шатэрнік сказаў:

Шатэрнік: "Лінія Сталіна" -- я заўсёды паралель правожу: Курапаты і "Лінія Сталіна". Колькі грошай убахалі на гэтую "Лінію Сталіна"! Каму і навошта гэта трэба?"

Цікавае рашэньне наконт помнікаў савецкай эпохі -- прыдумалі ў суседняй Літве. У мястэчку Грута непадалёк ад Друскенінкаў мясцовы прадпрымальнік Вілюмас Малінаўскас заснаваў Парк савецкага часу. У лесе, абнесеным калючым дротам, сабрана больш за 100 помнікаў Сталіну-Леніну-Дзяржынскаму. Усе экспанаты знаходзяцца ў дагледжаным стане. Прычым, помнікі – ня ўласнасьць музэю. Лічыцца, што дзяржава здала іх у арэнду.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG