Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як ставіцца да сьвятароў, якія супрацоўнічалі са спэцслужбамі?


Сяргей Абламейка, Прага (эфір 13 студзеня) Польская каталіцкая царква, паводле некаторых назіральнікаў, перажывае адзін з найбольш сур’ёзных крызісаў пасьля падзеньня ў 1989 годзе камуністычнага рэжыму. Крызіс гэты зьвязаны з тым, што шэраг вядомых сьвятароў у мінулым супрацоўнічалі са спэцслужбамі ПНР.

У нядзелю 7 студзеня, падчас імшы ў варшаўскім саборы Сьвятога Яна, новапрызначаны мітрапаліт варшаўскі, архібіскуп Станіслаў Вельгус прызнаў факт супрацоўніцтва са спэцслужбамі камуністычнай Польшчы і заявіў аб сваёй адстаўцы. Яго адстаўку прыняў папа рымскі Бэнэдыкт XVI, і адразу за гэтым у Польшчы пачалася актыўная палеміка – адны сталі на абарону архібіскупа, а іншыя заклікаюць да далейшай люстрацыі ў польскай каталіцкай царкве. Пра сытуацыю ў Польшчы расказвае наш карэспандэнт Варшаве Аляксей Дзікавіцкі.

Дзікавіцкі: “Пасьля падзеньня камуністычнага рэжыму ў 1989 годзе ў Польшчы не была праведзеная ўсеагульная люстрацыя – гэтак званыя люстрацыйныя заявы павінны падаваць толькі асобы, якія прэтэндуюць на кіраўнічыя пасады ў дзяржаўных структурах ці кандыдуюць, прыкладам, у парлямэнт.

Не правяла ўласнай люстрацыі і польская каталіцкая царква. Аднак як у грамадзкім жыцьці краіны час ад часу зьяўляліся дакумэнты аб супрацоўніцтве таго ці іншага палітыка са спэцслужбамі, так і ў царкоўным – у даносах абвінавачваліся таксама і сьвятары. Найбольш знаныя прыклады – айцец Конрад Хейма, шматгадовы апякун польскіх пілігрымаў у Ватыкане і адзін з найбольш аўтарытэтных польскіх сьвятароў ксёндз-прафэсар Міхал Чайкоўскі.

Аднак найбольш цяжкае выпрабаваньне яшчэ чакала польскую царкву – агентам аказаўся прызначаны Ватыканам на пасаду мітрапаліта і архібіскупа варшаўскага Станіслаў Вельгус, які, і гэта беспрэцэдэнтны выпадак ў гісторыі царквы, празь некалькі дзён быў адкліканы Папам з пасады з-за ягонага мінулага.

Вернікі падзяліліся – адны падтрымалі рашэньне Станіслава Вельгуса.

Вернік: “Ён не павінен займаць гэтую пасаду. Справа нават ня ў тым, што ён быў агентам, але ў тым, што ў гэтым не прызнаўся”.

Іншыя – наадварот, выступілі за тое, каб ён застаўся, арганізаваўшы ў Варшаве нават дэманстрацыю падтрымкі.

Вернік: “Мы хочам, каб Вельгус быў тут у нас гаспадаром. Каб паляка паставілі гаспадаром. Няхай паляк будзе гаспадаром!”

Апошніх у часе ўрачыстай імшы нечакана падтрымаў і прымас Польшчы, кардынал Юзэф Глемп, які такім чынам, паводле адмыслоўцаў, практычна аспрэчыў рашэньне Ватыкану. Кардынал Глемп таксама абвінаваціў мэдыі ў разьвязваньні кампаніі супраць царквы.

Гіерархі польскай каталіцкай царквы, аднак, ня хочуць казаць пра падзел сярод вернікаў. Мітрапаліт Гданьскі, арцыбіскуп Тадэвуш Гацлоўскі.

Гацлоўскі: “Калі нейкая невяліка група людзей крычыць і нечага дамагаецца, дык гэта ня значыць, што царква падзеленая. Ніякага падзелу ў царкве няма”.

Тым ня менш, частка сьвецкіх асобаў, зьвязаных з каталіцкай царквой, а таксама частка сьвятароў заклікаюць царкоўных гіерархаў шукаць выхаду з крызісу шляхам ачышчэньня. На іх думку, трэба раз і назаўсёды высьветліць, хто з духоўных асобаў супрацоўнічаў са спэцслужбамі.

Аднак для гэтага павінен быць адмысловы загад кіраўніцтва царквы, бо, паводле цяперашніх законаў, ніхто ня можа правесьці люстрацыю гіерарха, калі ён гэтага ня хоча.

(Клёх: ) “Калі прытрымлівацца закону, дык магчымасьць праводзіць люстрацыю ўсіх запар не прадугледжаная”, – кажа прадстаўнік эпіскапату ксёндз Юзэф Клёх.

Магчыма таму пра вынікі працы царкоўных камісіяў, якія былі створаныя сёлета дзеля таго каб дасьледаваць мінулае сьвятароў, амаль нічога не чуваць.

Аднак раней ці пазьней, польская каталіцкая царква будзе вымушана паставіць кропкі над “і” ў справе супрацоўніцтва сьвятароў са спэцлужбамі – напярэдадні з-за падобных абвінавачаньняў у адстаўку зышоў пробашч катэдры на каралеўскім замку ў Кракаве, а прэса ўжо піша пра ўзмоцненую распрацоўку спэцслужбамі ПНР 12-ці каталіцкіх біскупаў”.

Архібіскуп Вельгус быў завэрбаваны польскай службай бясьпекі ў 1967 годзе, маючы пяцігадовы сьвятарскі стаж. Паводле паведамленьняў друку, ён прадстаўляў у службу бясьпекі імёны сьвятароў, прыдатных для вэрбоўкі. Усяго адбылося 50 ягоных сустрэч з афіцэрамі службы бясьпекі. У 1973 годзе айца Вельгуса перавялі пад куратарства зьнешняй выведкі. Ён атрымаў дазвол на выезд за мяжу і, паводле паведамленьняў друку, павінен быў інфармаваць сваіх куратараў аб сьвятарах-эмігрантах. Сам архібіскуп каля месяца адмаўляў факт такога супрацоўніцтва, але пасьля высноваў спэцыяльна створанай камісіі прызнаў яго. Ён сказаў, што хацеў трапіць у навуковую камандзіроўку за мяжу, а пасьля не знайшоў у сабе дастаткова адвагі і рашучасьці парваць са службай бясьпекі. Ён таксама заявіў, што фактам супрацоўніцтва пакрыўдзіў царкву, і другі раз пакрыўдзіў яе, калі адмаўляў факт свайго супрацоўніцтва, але нікому не зрабіў зла.

Вось жа польскае грамадзтва ў стаўленьні да справы Вельгуса падзялілася. Падзялілася і царква. Ксёндз Тадэвуш Ісаковіч-Залескі ў камуністычныя часы быў адным з капэлянаў “Салідарнасьці”, неаднаразова арыштаваны і зьбіты спэцслужбамі. Цяпер ён дасьледчык архіваў, зьвязаных з супрацоўніцтвам духоўных асобаў са спэцслужбамі, падрыхтаваў кнігу па гэтай тэме. Ксёндз Ісаковіч-Залескі прыхільнік люстрацыі ў царкве. Вось яго меркаваньне наконт справы Вельгуса.

(Ісаковіч-Залескі: ) “Два месяцы таму ўжо былі сыгналы аб тым, што ў Інстытуце нацыянальнай памяці ёсьць дакумэнты ў справе архібіскупа Станіслава Вельгуса. Незалежна ад таго, якія гэта дакумэнты, тыя, хто прымаў рашэньне аб вылучэньні Вельгуса на пасаду архібіскупа варшаўскага, павінны былі зь імі азнаёміцца і тады вырашаць. Гістарычная камісія (адмыслова створаная група сьвецкіх дасьледчыкаў для азнаямленьня з дакумэнтамі на Вельгуса) зрабіла гэта запозна, хаця мушу адзначыць, што чальцы камісіяў – і царкоўнай і сьвецкай – паступілі надзвычай годна, падаўшы праўдзівыя і сумленныя меркаваньні ў гэтай справе”.

Гаварыў польскі ксёндз Тадэвуш Ісаковіч-Залескі. На ягоную думку, добра, што біскуп Вельгус адмовіўся ад сваёй пасады, але шкада, што гэта ня здарылася яшчэ раней.

Да ліку абаронцаў архібіскупа Вельгуса нечакана далучыўся прымас Польшчы, кардынал Юзэф Глемп, які раней некалькі разоў выказваўся за люстрацыю ў царкве. Падчас урачыстага набажэнства ў варшаўскай катэдры, калі арцыбіскуп Станіслаў Вельгус заявіў аб сваёй адстаўцы, кардынал Глемп пачаў яго бараніць – словы прымаса Польшчы шмат хто зь вернікаў сустрэў працяглымі воплескамі.

(Глемп: ) “Сёньня адбыўся суд над архібіскупам Вельгусам. Але што гэта за суд? На падставе нейкіх шматкоў паперы, дакумэнтаў, капіяваных па тры разы. Мы ня хочам такіх судоў... Архібіскуп Вельгус – гэта слуга Божы. Тое, што ён у сваім жыцьці праходзіў праз розныя пэрыпэтыі, гэта досьвед, які павінен быў служыць узмацненьню чалавека, каб глыбей зразумець ягоную залежнасьць ад Бога, і адначасова патрэбу глыбей бачыць зло”.

Гаварыў прымас Польшчы, кардынал Ёзэф Глемп. Ён настойвае на хрысьціянскім падыходзе да справы Вельгуса.

Днямі мы атрымалі ад аднаго з нашых слухачоў наступны званок.

Васіль Цюхай, Беразіно: “Добры дзень, у сувязі з абвінавачваньнем Варшаўскага архібіскупа, што той супрацоўнічаў з камуністычнай службай бясьпекі, я магу паведаміць наступнае. Калісьці я быў чальцом баптысцкай царквы, а мой бацька быў у гэтай самай царкве дыяканам, пакуль не расчараваўся, скажам так. Дык вось мой бацька, дыякан, разам з пастырам насілі сьпісы чальцоў царквы ў КДБ. Каму, як мне, пра гэта ня ведаць. І я ўпэўнены, што пастыры ўсіх цэркваў без выключэньня робяць тое самае”.

Гэты чалавек выказаў даволі распаўсюджанае меркаваньне, што ў часы СССР вялікая частка сьвятароў супрацоўнічала з КДБ. У Польшчы лік такіх сьвятароў ацэньваюць на 15 працэнтаў. Колькі іх было ў СССР – пакуль не вядома.

Вось што гаворыць пра магчымасьць такога супрацоўніцтва адзін з кіраўнікоў Саюзу баптыстаў, япіскап Віктар Круцько.

Круцько: “У камуністычныя часы былі такія спробы і ў іх нічога не атрымалася. А цяпер гэтага няма. Мы размаўлялі зь імі па-чалавечы, запрашалі на адкрытую размову, пасьля чаго яны фактычна больш не прыходзілі. Мы, царква любога чалавека разглядаем як загінуўшага грэшніка, калі ён не прыняў Хрыста. І мы на кадэбістаў і на ўсіх іншых глядзім як на людзей, якіх трэба ратаваць. Мы зь імі размаўлялі, але размова была кароткай. Адзін-два разы аб ратаваньні душы, і на гэтым заканчвалася. Вось так у нас было ў тыя часы. Можа недзе яны кагосьці вэрбавалі, мы ня ведаем. Але наколькі я ведаю – нікога яны не завэрбавалі. Я ўвесь час быў у кіраўніцтве Саюзу баптыстаў і ня чуў пра вярбоўку. Галоўнае аб ратаваньні сказаць чалавеку. А калі яны пачыналі выцягваць нейкую інфармацыю размова спынялася і ўсе сустрэчы спыняліся”.

Як бачыце, паводле япіскапа Віктара Круцька, баптыстаў завэрбаваць было даволі цяжка.

А вось што пра магчымасьць такога супрацоўніцтва гаворыць прадстаўнік Беларускага экзархату рускай праваслаўнай царквы архімандрыт Аляксей Шынкевіч.

а.Шынкевіч: “Я пачынаў сваё сьвятарскае жыцьцё, калі Царква знаходзілася пад камуністычным прэсам. І я ведаў, што такая праблема ў Царкве існуе. Камуністычныя бальшавіцкія ўлады рабілі ўсё магчымае, каб паміж сьвятароў мець такіх, хто б займаўся гэтай юдавай справай. І такія сьвятары былі, што здраджвалі свайму народу і Царкве. Наколькі гэта было распаўсюджана ў Беларусі я ня ведаю. Бо гэта ўсё вядома толькі той арганізацыі, якая гэтай справай займалася. А архівы для нас да гэтага часу закрытыя. Царква разумела, у якім стане і атачэньні яна знаходзіцца. Але яна ня ведала тых людзей, хто займаецца такой справай. Але мы адчувалі, што за намі пастаянна сочаць. Царква адносілася да гэтага спакойна. І таму я лічу, Царква разумна зрабіла што пасьля зьнікненьня камунізму, мы не шукалі здраднікаў. Гэтым будзе займацца сам Хрыстос”.

На думку архімандрыта Аляксея Шынкевіча, правільны шлях – не шукаць здраднікаў. Кожны нясе за гэта адказнасьць перад нябёсамі.

Якая сытуацыя ў сёньняшняй Беларусі – грамадзкасьць ня ведае. Пасьля распаду СССР люстрацыі не адбылося. Наша карэспандэнтка Галіна Абакунчык выйшла на вуліцы Менску з пытаньнем: калі б высьветлілася, што сьвятар царквы, куды вы ходзіце, супрацоўнічае з КДБ, як бы вы да гэтага паставіліся.

Спадарыня: “Па-першае, у нас маладыя ксяндзы. Па-другое, наш ксёндз кардынал Казімір Сьвёнтак 10 год сядзеў у Гулагу. Ён ніяк ня мог супрацоўнічаць з КДБ. Нашыя ксяндзы гэтак стараюцца для нас усё аддаць, што ня можа быць такога, каб яны… Не, ня веру я ў гэта”.

Спадарыня: “Я ня ведаю, мне ўсё роўна. Сьвятар з КДБ? Ня ведаю, а што тут такога грэшнага? Мне падаецца, што граху ў гэтым няма”.

Спадар: “Мяркую, што гэта ня так важна, бо царква ёсьць царква, а ксёндз ёсьць ксёндз. Гэта такі ж чалавек, як і мы і ён таксама можа рабіць памылкі. Але ж, калі такая памылка стновіцца вядомай, то ён не павінны заставацца ксяндзом”.

Спадарыня: “Як я да гэтага стаўлюся? Хутчэй за ўсё нармалёва, бо, мне падаецца, гістарычна так склалася, што ў рэлігійнай сфэры былі людзі, якія супрацоўнічалі з уладаю і так ці інакш выконвалі яе просьбы, даручэньні ці што яшчэ. Былі такія прыклады ў гісторыі, таму нічога незвычайнага для мяне ў гэтым няма”.

Карэспандэнтка: “Як бы вы паставіліся да таго, каб даведаліся, што сьвятар тае царквы, куды вы ходзіце, супрацоўнічае з КДБ?

Спадар: “Пэўна, ня вельмі добра. Бо ты яму, як кажуць, усю душу раскрываеш, а ён ідзе і паведамляе пра гэта ў адпаведных органах. Калі ўжо такія людзі з КДБ супрацоўнічаюць, то і яе ведаю нават…”.

Спадарыня: “Губляецца давер да ўсяе арганізацыі, скажам так. А ўлічваючы, што царква заснаваная на веры, то гэтая вера падрываецца да асноваў усяе арганізацыі”.

Спадарыня: “Так адразу і не адкажаш, хоць я і гісторык. Зараз я чытаю цікавую кнігу і там якраз распавядаецца пра тое, што сьвятара хацелі зьвінаваціць у сувязях з замежнымі спэцслужбамі. А апынулася, што гэта быў паклёп”.

Спадар: “Канечне, нэгатыўнае пасьлясавецкае стаўленьне да КДБ засталося. Але ў кожным разе такое супрацоўніцтва мяняе сьветапогляд чалавека, ломіць ягоную псыхіку. І такому чалавеку я не рашыўся б давяраць на ўсе сто адсоткаў”.

Як бачыце, адказы менчукоў супярэчлівыя. І толькі адзін чалавек сказаў, што сьвятар – звычайны чалавек і таксама можа рабіць памылкі. Пра гэта якраз і кажа польскі кардынал Ёзэф Глемп, настойваючы на хрысьціянскім падыходзе да праблемы. Абаронцы архібіскупа Станіслава Вельгуса ў Польшчы выказваюць розныя меркаваньні ў яго абарону. Адны кажуць, што гэта помста былых камуністычных функцыянэраў, іншыя – што наўмысная дывэрсія былых афіцэраў спэцслужбаў. А некаторыя нават сьцьвярджаюць, што гэта помста масонаў за падтрымку Вельгусам ультракаталіцкага радыё “Марыя”. Прадстаўнік Ватыкану назваў польскі скандал атакаю сіл зла на царкву.

Калі ўспомніць пазыцыю архімандрыта Шынкевіча, дык можна зрабіць выснову, што тут мы маем справу з супадзеньнем пазыцыяў часткі каталіцкіх і праваслаўных сьвятароў. Яны лічаць, што кожны сьвятар, як і кожны чалавек – адказвае за свае грахі перад Богам, калі, вядома, ён ня зьдзейсьніў крымінальнага злачынства.

Падчас падрыхтоўкі гэтай перадачу, я зьвярнуўся да аднаго грэка-каталіцкага сьвятара. Ён ветліва адмовіўся гаварыць у эфіры, але ў прыватнай размове пашкадаваў, што падчас усіх скандалаў, зьвязаных з выкрыцьцём агентаў былых камуністычных спэцслужбаў, увага грамадзтва чамусьці не зьвяртаецца да тых, хто часта з прымяненьнем гвалту, шантажу і запалохваньняў прымушаў тых людзей да супрацоўніцтва. Афіцэры спэцслужбаў, як правіла, спакойна дажываюць старасьць на добрую дзяржаўную пэнсію...
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG