Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ю.Латыніна: «Бацьку падпальваць рэйхстаг ня трэба, у яго ўжо ўсё згарэла ў правільным накірунку»


Пракамэнтаваць тэракт у Менску мы папрасілі расейскую журналістку, аўтара шматлікіх публікацый на тэму тэрарызму Юлію Латыніну. Зь ёй гутарыў Юры Дракахруст.

Латыніна: Мне пакуль не ўяўляецца імавернай ніводная вэрсія. Гэта можа быць абсалютна неверагодная гісторыя кшталту забойства Юшанкова ці выбуху ў Сочы, якія былі зроблены нейкімі фрыкамі.

Відавочная вэрсія, што гэта падпал рэйхстагу, выклікае сумневы, бо бацьку падпальваць рэйхстаг ня трэба, у яго ўжо ўсё згарэла ў правільным накірунку.

Другая відавочная вэрсія – што гэта пастараліся расейскія спэцслужбы, якія апошнім часам бацьку вельмі "любяць" – таксама падаецца мне сумнеўнай, бо расейскія спэцслужбы не такія крытыя і калі іх зловяць за хвост, то мала не падасца. Калі б расейскія спэцслужбы рабілі такія рэчы, яны б пачалі не зь Беларусі, а з Грузіі. Але ў Грузіі, дзе расейскія спэцслужбы сапраўды робяць такія рэчы, пакуль усё абыходзіцца выбухам у паліцэйскім пастарунку, падрывам чыгункі, і таму падобнай дробнай хрэньню, якая амаль ня цягне чалавечых ахвяраў і на якую ў ААН асабліва не паскардзісься.

Я хутчэй прыгадваю гісторыю, якая адбылася пару гадоў таму ў Сочы, калі на пляжы ўвесь час адбываліся выбухі. І была дылема – ясна, што гэта не грузіны, але гэта ж ня могуць быць нашы дурні са спэцслужбаў.

А высьветлілася, што гэта была банда маладых адмарозкаў кшталту Унабомбэра, якія хадзілі і ўзрывалі.

Адзінае, што мне не падабаецца ў гэтай гіпотэзе – што беларуская міліцыя працуе значна лепш за расейскую. І калі Лукашэнка ўяўляў сабе, што ёсьць такая група апазыцыянэраў, якія дайшлі да адчаю, якім ужо трава не расьці, то сумнеўна, каб гэтую групу не вылавілі раней.

Я мяркую, што вельмі хутка мы ўсё зразумеем. Нават калі такая група будзе вылаўленая, усё роўна будуць паказваць пальцам на Лукашэнку, маўляў, ён усё ведаў і гэта справакаваў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG