Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кэтрын Эштан заклікала спыніць перасьлед журналістаў


Кэтрын Эштан
Кэтрын Эштан
Вярхоўны прадстаўнік Эўразьвязу па замежных справах і палітыцы бясьпекі Кэтрын Эштан выказала "глыбокую занепакоенасьць" у зьвязку з затрыманьнем гарадзенскага журналіста Андрэя Пачобута і прад'яўленымі яму абвінавачаньнямі. Пра гэта сказана ў распаўсюджанай 10 красавіка прэс-службай Эштан заяве ад яе імя.

Як лічыць кіраўніца эўрапейскай дыпляматыі, рэпрэсіі ў дачыненьні да гарадзенскага журналіста — "яшчэ адзін прыклад парушэньняў уладамі Беларусі правоў чалавека, якія працягваюцца пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 19 сьнежня 2010 году".

"ЭЗ рашуча асуджае ўсе перасьледы, арышты і запалохваньні прадстаўнікоў беларускіх незалежных СМІ, а таксама парушэньні фундамэнтальных правоў чалавека, такіх, як свабода выказваньня меркаваньняў, свабода сходу і сродкаў масавай інфармацыі", — гаворыцца ў заяве вярхоўнага прадстаўніка ЭЗ па замежных справах і палітыцы бясьпекі.

Ад імя Эўразьвязу яна заклікала беларускія ўлады "неадкладна спыніць перасьлед незалежных журналістаў за паклёп і па іншых палітычна матываваных абвінавачаньнях".

Эштан таксама заклікала ўлады Беларусі "ў поўнай меры супрацоўнічаць з прадстаўнікамі АБСЭ ў пытаньнях свабоды СМІ".

Гарадзенскі журналіст Андрэй Пачобут, які зьяўляецца карэспандэнтам польскай "Газэты выборчай" і актывістам Саюзу палякаў у Беларусі, які падтрымлівае Варшава (ня мае рэгістрацыі ў беларускім Мінюсьце), быў затрыманы 6 красавіка на трое сутак за парушэньне падпіскі аб нявыязьдзе. Пачобут зьбіраўся ў Менск для ўдзелу ў відэаканфэрэнцыі з дэпутатамі Эўрапарлямэнту, каб расказаць пра перасьлед з боку беларускіх уладаў.

8 красавіка стала вядома, што журналіст застанецца пад вартай да суду. У дачыненьні да яго распачатыя справы па двух артыкулах Крымінальнага кодэксу — 367 (паклёп у дачыненьні да прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь) і 368 (зьнявага прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь). Максымальнае пакараньне па першым артыкуле — чатыры гады пазбаўленьня волі, па другім — два гады. Абвінавачаньне ўжо прад'яўлена Пачобуту на падставе артыкула 368 за публікацыі ў "Газэце выборчай", на сайце "Беларускі партызан" і на старонцы ў "Жывым часопісе".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG