Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расплата за перадвыбарчы папулізм


Людзі ў чаканьні валюты ля абменнага пункту ў гіпэрмаркеце "Карона"
Людзі ў чаканьні валюты ля абменнага пункту ў гіпэрмаркеце "Карона"
Урад Беларусі накіраваў у Мінфін Расеі праграму стабілізацыі макраэканамічнай сытуацыі, неабходную для атрыманьня расейскага крэдыту.

Падтрымка Расеі, на думку беларускага ўраду, павінна кампэнсаваць дэфіцыт валюты ў краіне. Аднак грошай з Расеі пакуль няма. Між тым прадстаўнікі бізнэсу выказваюць занепакоенасьць, што валютна-фінансавыя цяжкасьці могуць перарасьці ў сыстэмны эканамічны крызіс.

На міжбанкаўскай біржы валюту ня могуць купіць ні аўтадылеры, ні імпартэры кампутараў ды іншай складанай тэхнікі. Доступ да "таннай" валюты атрымалі толькі пастаўшчыкі замежных лекаў. У шмат якіх кампаній новыя замежныя кантракты пад пагрозай. Няпэўнасьць з курсам нацыянальнай валюты прымушае і прадаўцоў кватэр, і аўтасалёны замарозіць актыўнасьць — ніхто ня хоча страціць у выпадку, калі рубель абясцэніцца.

Малы бізнэс неяк выкручваецца. Гаворыць уладальніца некалькіх крамаў Кацярына Чыж:
мы пільнуем ля абменьнікаў, стаяць нашыя прадаўцы і чакаюць, калі нехта здае валюту ...

"Зараз у нас зьявіліся свабодныя грошы, і мы пільнуем ля абменьнікаў, стаяць нашыя прадаўцы і чакаюць, калі нехта здае валюту, яны адразу ж купляюць… Ну, і яшчэ ў мяне ёсьць вельмі добры варыянт — гэта тое, што я важу беларускія тавары ў Маскву, я прадаю іх за расейскія рублі, і мне лягчэй".

Кацярына зазначае, што такім чынам рабіць бізнэс вельмі складана, і колькі ёй удасца пратрымацца, яна ня можа сказаць. Дэвальвацыі яна таксама баіцца. Гэта будзе моцны стрэс, кажа яна:

"Я думаю, што зараз ува ўсіх шок. І ўсе чакаюць, чым гэта скончыцца".

Прадпрымальнік Віктар Маргелаў гандлюе прадуктамі харчаваньня ўраздроб. Ён кажа: нягледзячы на тое, што ягоныя крамы прадаюць збольшага беларускія тавары, валютны крызіс паўплываў і на ягоны бізнэс:

"Уплыў зьвязаны з тым, што шэраг імпартэраў найбольш танных тавараў прыпынілі сваю працу і не пастаўляюць пакуль прадукцыю. Шэраг імпартэраў стала павялічваюць цану, іншыя ініцыююць зьмяненьне дамоўных абавязаньняў: калі раней яны давалі тавар зь вялікай адтэрміноўкай, то цяпер імкнуцца мінімізаваць тэрміны аплаты тавару".

Віктар Маргелаў кажа, што беларускі бізнэс выказаў ураду свае комплексныя прапановы, сутнасьць якіх зводзіцца да вядомай усім формулы: "Трэба жыць па сродках":
Ёсьць шмат небясьпекаў, якія могуць прывесьці да сур'ёзных выпрабаваньняў эканомікі ...

"Ёсьць шмат небясьпекаў, якія могуць прывесьці да сур'ёзных выпрабаваньняў эканомікі. Сёньня шмат якія тавары, сыравіна, матэрыялы, камплектуючыя ў краіну не пастаўляюцца. Ня выключана, што заўтра іх ня хопіць на нейкім заводзе, гэта прывядзе да ягонага спыненьня і праблемаў па ўсім ланцугу".

Адна дэвальвацыя ня вырашыць праблемы, кажа спадар Маргелаў: трэба змагацца зь першапрычынамі незбалянсаванасьці беларускай эканомікі.

Тым часам урад Беларусі перадаў у Міністэрства фінансаў Расеі праект праграмы стабілізацыі макраэканамічнай сытуацыі. Такая праграма выступае ўмовай, каб атрымаць расейскі крэдыт памерам 1 мільярд даляраў і яшчэ 2 мільярды крэдыту ад Антыкрызіснага фонду ЭўрАзЭС. Віцэ-прэм'ер Сяргей Румас раней зазначаў, што гэтая праграма прадугледжвае захады па ўзмацненьні жорсткасьці грашова-крэдытнай, бюджэтна-падатковай палітыкі, структурныя рэформы, а таксама зьніжэньне аб'ёмаў фінансаваньня дзяржпраграм у 2011 годзе.

Незалежны эканаміст Сяргей Чалы патрабаваньні Масквы лічыць "дымавой завесай". За кароткі час, на яго думку, падрыхтаваць і рэалізаваць сур'ёзную праграму нельга:

Сяргей Чалы
"Відавочна, што ўмовы ёсьць, але пра іх публічна ня кажуць. Хутчэй за ўсё, там умовы вельмі канкрэтныя. З-за таго, што ў нас зусім кепская сытуацыя, мы загналі сябе ў кут, і Расея можа патрабаваць практычна што заўгодна".

Паводле Сяргея Чалага, фінансавы крызіс, вялікае адмоўнае сальда ў замежным гандлі — толькі адлюстраваньне рэальнага эканамічнага крызісу:

"Тут можа атрымацца, што за кошт таго, што фактычна паралізавалі ўжо і фінансавую сыстэму, гэта можа толькі паскорыць катастрафічныя працэсы ў эканоміцы ў цэлым".

Паводле Сяргея Чалага, памылка беларускага ўраду палягае ў тым, што ён перад мінулымі выбарамі адмовіўся ад узгодненых з МВФ праграм, спыніўшы эканамічныя рэформы і пазбавіўшыся крэдытнай падтрымкі фонду. Цяпер жа даводзіцца расплачвацца і за 500 даляраў сярэдняга заробку, і за эканамічны рост у 11—13 працэнтаў, і за іншыя праявы перадвыбарчага папулізму.

Людзі ў чаканьні валюты ля абменнага пункту ў гіпэрмаркеце "Карона"

Чарга за валютай на чыгуначным вакзале
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG