Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусы — нацыя агароднікаў? Па якіх календарах мы жывем


САМ-НАСАМ З ЧАСАМ


ЯЗЭП ЯНУШКЕВІЧ: «ЗАМОЎЧВАЮЧЫ 25 САКАВІКА, УЛАДА ПАДТОЧВАЕ СВАЕ КАРАНІ»


Язэп Янушкевіч
У беларускім афіцыйным календары «Родны край-2011» няма такой даты, як Дзень волі 25 Сакавіка. Хтосьці гэтым «звычайным буднем» нарадзіўся, камусьці адзначаецца сумнеўная «105-я гадавіна», а пра нараджэньне БНР — ні слова. Якія ж сьвяты і даты прапануе нам сьвяткаваць Міністэрства інфармацыі, на чыю замову выдадзены гэты каляндар? Па нашай просьбе яго ўважліва прачытаў пісьменьнік і архівіст Язэп Янушкевіч.

Міхась Скобла: «Язэп, памятаецца ці не адзінкавы выпадак, калі Дзень волі, Дзень 25 Сакавіка быў адзначаны на дзяржаўным узроўні. Гэта было 75-годдзе БНР у Белдзяржфілярмоніі, з удзелам першай асобы дзяржавы — Станіслава Шушкевіча. Што страчвае Рэспубліка Беларусь, фактычна ігнаруючы гэты дзень?»

Язэп Янушкевіч: «Я добра памятаю той сакавіцкі дзень з урачыстай атмасфэрай. Выразна ён згадваецца ці не таму, што мне пашчасьціла прысутнічаць на тым урачыстым пасяджэньні: я сядзеў у паўнюткай залі ў адным шэрагу з тагачасным старшынём Беларускай Народнай Рэспублікі, маім цёзкам, Язэпам Сажычам. Здавалася тады, што так усталюецца назаўжды: дзень абвяшчэньня незалежнасьці Беларусі будзе адзначацца па-дзяржаўнаму. Азіраючыся ў недалёкае мінулае, усьведамляеш: ігнаруючы гэты дзень, замоўчваючы яго, дзяржаўная ўлада тым самым падточвае ўласныя карані, бо гэтая дата належным чынам не засвойваецца, не адбіваецца ў сьвядомасьці людзей як сьвяточная дата. Большасьць людзей лічыць, што нашая незалежнасьць пачалася з 1991 году, а ў сьвядомасьць электарату ўдзёўбваецца яшчэ «маладзейшая» дата — са дня жнівеньскіх выбараў 1994 году… Ігнаруючы 25 Сакавіка, улада тым самым ігнаруе памяць пра сваіх дзяржаўных папярэднікаў.
Ігнаруючы 25 Сакавіка, улада тым самым ігнаруе памяць пра сваіх дзяржаўных папярэднікаў.
Нацыятворчая эліта, якая адэкватна ацэньвае сваю гісторыю, абавязкова падкрэсьліла б сьмеласць, сьпеласць тых дзеячаў, якія ўпершыню за стагодзьдзі няволі пад расейскай акупацыяй наважыліся абвесьціць незалежнасьць краіны з патрабаваньнем вяртаньня ўсіх належных юрыдычных атрыбутаў (нацыянальная сымболіка, межы, уласнае войска, нацыянальная школа, дзяржаўная мова, звод законаў, нацыянальная валюта). Мы павінны заўсёды памятаць пра іх, яны — прыклад ахвярнага служэньня роднай зямлі.

Скобла: «Сёньня выходзіць безьліч самых розных календароў. Але афіцыйны, пад назвай «Родны край», выдадзены дзяржаўным выдавецтвам «Беларусь», — ці не адзіны, які зьяўляецца настольным і для дырэктара Дому культуры, і для рэдактара абласной ці раённай газэты, і для бібліятэкара… «Родны край-2011», якое ўражаньне ён на цябе зрабіў?

Янушкевіч: «Не асьмелюся назваць яго настольным. Старонкі ягоныя найчасьцей адрываліся, таму традыцыйна ён яшчэ называўся „адрыўным“. Раней „Родны край“ вельмі любіла старэйшае пакаленьне (скажам, мой тата). Гэта быў сямейны каляндар, з дапамогаю якога лёгка вызначалася, што там цяпер на небе: маладзік ці пайшло на поўню? Былі там пазначаныя і народныя сьвяты. Цяпер „Родны край“ хіба зьнешне, фарматам, нагадвае стары насьценны каляндар. Зь іншага боку, можа так і лепей, яго можна потым паставіць на кніжную паліцу, як кнігу. Пытаньне толькі — які зьмест у той кнізе».

Скобла: «Ці ёсьць нейкая лёгіка ў падборы датаў і сьвятаў у „Родным краі“? Што забываецца, а што, наадварот, афішуецца?»

Янушкевіч: «Кідаецца ў вочы пэўная тэндэнцыйнасьць і неразумная лёгіка. Тэндэнцыйнасьць складальніцы Алены Шагун бачыцца ў падборы малавядомых імёнаў, важкае суседзіць з трэцярадным. Шмат асобаў пазначана (проста як панапіхана) пад такім дзіўным «105-гадовым юбілеем» (які анідзе ў сьвеце не сьвяткуецца): Атрошчанкі-тэатразнаўца, М.Краўцова (расейскага (!) фальклярыста), акторкі М. Бялінскай, дырыжора М. Клаўса. Адзначаюцца «110-годдзе беларускага празаіка, драматурга» У. Глазырына (ці чуў хто пра такога?), 115-годдзе кнігазнаўцы А.Сідарава, 135-годдзе героя Савецкага Саюзу Я. Клумава, 145-годдзе расейскага сьпевака В. Цьвяткова… Забываецца ж у «Родным краі»-2011 найперш жывое, роднае й дарагое. Да прыкладу, прапушчаны юбіляры паэты Ніл Гілевіч (30.09) і Анатоль Вярцінскі (18.11) — ім сёлета абодвум па 80 гадоў. У календары-2011 пераважна «адны нябожчыкі». Прамінулася непазначаным 150-годзьдзе першага нашага акадэміка, яшчэ за часы царызму, Яўхіма Карскага. Гартаючы лісткі календара, бачыш з аднаго боку прагрэс, быццам мы ўжо «не саўковая» нацыя, незалежная, пра што 04.04. нагадвае 115-гадавіна кампазытара-эмігранта Міколы Шчаглова-Куліковіча, ці такая ж самая гадавіна філёзафа Ігната Канчэўскага (18.05). З другога боку — істотна не дагаворваем, падаючы 75-годдзе Івонкі Сурвілы (11.04.) толькі як «беларускага мовазнаўца, мастака» і не называючы яе як старшыню Рады БНР.
З другога боку — істотна не дагаворваем, падаючы 75-годдзе Івонкі Сурвілы (11.04.) толькі як «беларускага мовазнаўца, мастака» і не называючы яе як старшыню Рады БНР.
Аналягічна — пра 120-годзьдзе Язэпа Варонкі як шараговага «беларускага палітычнага дзеяча», якога моладзь павінна ведаць як першага прэм’ер-міністра БНР… Што афішуецца? Да такіх напаўзабытых «чырвоных» сьвятаў, як «Дзень Кастрычніцкай рэвалюцыі» (07.11) падсуседзіўся (02.04) «Дзень яднаньня народаў Беларусі і Расеі», пра які мала хто ведае й разумее ягонае прызначэньне. Што яшчэ кідаецца ў вочы — «Родны край» стаў календаром для «агароднікаў». Быццам беларусы — нацыя агароднікаў. Хоць мець лецішча ці нават уласную хаціну — гэта яшчэ не азначае, што мы абавязаны турбавацца пра «жыцьцяздольную расаду» (расьпісана на пяці лістках!), думаць пра саляты, вырошчваць раньнія буракі ці «выбіраць гарбузы»… Але ж не аднымі буракамі-салятамі жыве чалавек!.. Ці ня час дзяржаўнаму выдавецтву «Беларусь» па-дзяржаўнаму падысьці да каляндарных выданьняў? Каб у нас выпускаўся не адзін-адзіны каляндар, а некалькі, з разьлікам на тых самых «агароднікаў», на «мастацкі» і «гістарычны» накірункі, на «жаночы» і «моладзевы»? Упэўнены: такія выданьні знойдуць свайго чытача«.

Скобла: «З часоў „Нашай нівы“ календары, як правіла, зьмяшчалі і літаратурныя творы. Не парушае гэтую традыцыю і „Родны край“. Што ты можаш сказаць пра паэтычныя творы, надрукаваныя ў сёлетнім календары?»

Янушкевіч: «Назваць іх „паэтычнымі“ не паварочваецца язык. Дакладней — гэта рыфмаванкі, скляпаныя Міколам Чарняўскім ды Ўладзімерам Мацьвеенкам. Напрыклад, вось што рэкамэндуецца „пачытаць дзецям“: „Былі ў барана / Яго жонка і брат, / І мелі ўсе трое / Па двое ягнят. / Вось і скажы нам, / Малы матэматык, / Колькі было там / Маленькіх ягнятак?“. Адказ падказваецца — „чацьвёра“ а насамрэч — ці не шасьцёра? Бо выступаюць тут тры пэрсанажы: баран, „яго жонка“ і „брат“ барана. Яўных жа факталягічных памылак у календары няшмат: скажам, Мар’ян Зьдзяхоўскі нарадзіўся ня ў Ракаве, а ў Навасёлках, якія належалі тым самым Зьдзяхоўскім (гэтая памылка гуляе па айчынных энцыкляпэдычных выданьнях зь лёгкай рукі майго земляка Вячаслава Рагойшы, які таксама нарадзіўся ня ў Ракаве, а ў суседніх Пярэжарах). Калі быць уважлівым, заўважыцца, што на 02.07 прыпадае 225-годзьдзе Івана Лабойкі, а ня „220 гадоў зь дня нараджэньня“, раз гісторык нарадзіўся ў 1786 годзе. Відавочна, што календару, складзенаму Аленай Шагун, не зашкодзіў бы другі рэдактар, не „А. С. Шагун“, як пазначана ў выходных дадзеных».

Скобла: «Сярод каляндарных навінак зьявіліся і календары, на якіх — аголеныя пісьменьнікі і пісьменьніцы, пераважна маладыя. Іх выдаўцы і ўдзельнікі тлумачаць, што так яны прапагандуюць беларускую літаратуру. Якое тваё стаўленьне да гэткай прапаганды?»

Янушкевіч: «У творцы павінна быць аголеная душа, а ня цела. Пабачыць пісьменьніка бяз плавак — гэта ня толькі ня сьмешна, гэта зьдзек над духоўнасьцю беларускай літаратуры.
Пабачыць пісьменьніка бяз плавак — гэта ня толькі ня сьмешна, гэта зьдзек над духоўнасьцю беларускай літаратуры.
Быццам мала ў жыцьці распраналі нашага брата-літаратара на этапах ды казематах, або цяпер на Валадарцы, пры шмонах… Я ня раіў бы выдаўцам так марнаваць сродкі, атрыманыя на выданьне. Захапленьне ўласным целам папахвае нарцысізмам. Творцы як ніхто павінны ведаць, што цела — адно абалонка. Яна распадзецца, як усё тленнае, ці, калі паводле Бібліі, узятае зь зямлі і стане зямлёй. А што застанецца будучым пакаленьням? Ды і ці выява кожнага вядомага творцы прыцягне ўвагу? Вось на 31 сакавіка прыпадала 80-годдзе акадэмічнага Інстытуту літаратуры, якога ўжо папросту няма (раз ім кіруе не літаратар). Дык хоць ты дагала разьдзень усіх пазасталых там кандыдатаў і дактароў ад літаратуры — хто ад гэтага прыйдзе ў захапленьне? „Вецер дыхне — і няма. І месца ягонае ўжо не пазнае яго“ (Псальмы Давіда, 103-16)».

Скобла: «Першая квадра 2011 году ўжо пражыта. Якія даты, якія юбілеі нам варта не забыць цягам пазасталых 9 месяцаў 2011 году?»

Янушкевіч: «Апроч „забытых“ у календары юбілеяў Ніла Гілевіча ды Анатоля Вярцінскага, варта будзе ўзгадаць 90-годдзе Міколы Ермаловіча (29.04) ды Сьцяпана Александровіча (15.12), 100-гадовыя юбілеі Васіля Віткі (16.05), Паўла Пруднікава (14.07), Анатоля Астрэйкі (24.07), Юлія Таўбіна (15.09), 120-годдзе Максіма Багдановіча (09.12), 130-годдзе Івана Луцкевіча (09.06), 150-годдзі Магдалены Радзівіл (26.07) ды Ігната Буйніцкага (22.08), 175-годдзе славіста-мэцэната Яна Карловіча (28.05), мастака-графіка Міхала Андрыёлі (02.11), 200-годдзе паэта Тадэвуша Лады-Заблоцкага (27.08)… Нам ёсьць пра каго памятаць штогод, не забываючы пра папярэднікаў, каб і праз стагоддзі нас пазнавалі нашы наступнікі і суседзі».


КНІГАРНЯ СВАБОДЫ


ГАННА ЗАПАРТЫКА: «250 ТВОРАЎ АДАМА БАБАРЭКІ Ў ДВУХТОМАВІКУ НАДРУКАВАНЫЯ ЎПЕРШЫНЮ»


Ганна Запартыка
Віленскі Інстытут беларусістыкі і беластоцкае Беларускае гістарычнае таварыства, аб’яднаўшы свае высілкі, выпусьцілі ў сьвет Збор твораў Адама Бабарэкі ў 2 тамах. Фактычна гэта першае сыстэматызаванае выданьне творчай спадчыны выдатнага пісьменьніка, арганізатара ды ідэоляга літаб’яднаньня «Ўзвышша», які загінуў у сталінскай высылцы ў 1938 годзе. Пра гэты дыхтоўны двухтомавік мы гутарым з дырэктарам Дзяржаўнага архіва-музэя літаратуры і мастацтва Ганнай Запартыкай — адной з укладальніцай выданьня.

Міхась Скобла: «Спадарыня Ганна, вядома ж, двухтомавік уражвае — 1650 старонак! Вось я гартаю першы том і раз-пораз чытаю ў камэнтарах — друкуецца ўпершыню. А колькі ўвогуле тэкстаў Адама Бабарэкі адшукана вамі і вашымі калегамі?»

Ганна Запартыка: «У гэтых двух тамах апублікавана ўпершыню 250 тэкстаў. Гэта філязофскія, літаратуразнаўчыя працы, перапіска, чарнавікі лістоў, дакумэнты, зьвязаныя з жыцьцём Бабарэкі ў высылцы, яго развагі па многіх пытаньнях гісторыі. Зьмешчаныя ў гэтым выданьні і тэксты, выяўленыя ў пэрыёдыцы 20-х гадоў. Да таго пэрыяду зьвярталася ня так многа дасьледчыкаў, а тым больш чытачоў. Гэтыя два тамы — адкрыцьцё ўнікальнай асобы, цікавага крытыка, літаратуразнаўцы, філёзафа, гісторыка, арганізатара літаратурнага жыцьця ў Беларусі. Усё гэта — Адам Бабарэка».

Скобла: «Выданьне двухтомавіка не магло адбыцца без належнай захаванасьці архіва пісьменьніка. Хто яго перахоўваў усе гэтыя гады, і як ён трапіў да вас?»

Запартыка: «Архіў Адама Бабарэкі — сама па сабе ўнікальная культурная зьява ў Беларусі. Захаваўся ён у такім аб’ёме дзякуючы вялікай падзьвіжніцкай працы і вялікай сіле волі яго жонкі, Ганны Іванаўны Бабарэкі, і яго дачок — Элеаноры і Алесі. Дбаць пра архіў ва ўмовах маскоўскай двухпакаёвай кватэры было сапраўдным подзьвігам. У 1930 годзе, калі Бабарэку арыштавалі ўпершыню, забралі ўсё. І Ганна Іванаўна не пабаялася змагацца за мужавы рукапісы, і многае ёй удалося вярнуць з НКВД.
Ганна Іванаўна не пабаялася змагацца за мужавы рукапісы, і многае ёй удалося вярнуць з НКВД.
Яна была вельмі рашучай жанчынай, і ўвесь час дбала пра спадчыну мужа. Відаць, ён сам быў больш абыякавы да сваіх рукапісаў. У 1937 годзе, ужо на высылцы, у Кіраве, Бабарэку арыштоўваюць другім разам. Алеся Адамаўна пазьней успамінала: „Прышлі надвячоркам. Я гуляла на вуліцы. Раптам маці мяне паклікала і паклала ў ложак. Пры вобшуку ператрэсьлі ўсё, але ложак не кранулі, не рашыліся дзіця падымаць. Праз многа гадоў маці расказала, што ў ложку была патаемная шуфляда, у якой захоўваліся рукапісы бацькі“. Упершыню я адважылася на тэлефонную размову з Алесяй Адамаўнай у 1994 годзе, мы сустракаліся ў Маскве. Пасьля Алеся Адамаўна прыяжджала ў Менск, яе сустракалі на вакзале як дачку слыннага пісьменьніка, нават фільм быў зьняты. Я атрымала запрашэньне ізноў прыехаць у Маскву і неўзабаве паехала. Вось тады і была прывезеная ці ня самая вялікая валізка з архівам Адама Бабарэкі. А пасьля былі паездкі ў 2000-м, 2001-м гадах.І кожны раз я вярталася не з пустымі рукамі. Віталь Скалабан да гэтага спрычыніўся. Будучы ў Маскве і адведаўшы Алесю Адамаўну, ён таксама прывёз частку рукапісаў. Многія людзі былі далучаныя да гэтага працэсу».

Скобла: «Як на маю думку, у Адама Бабарэкі былі эстэтычныя разыходжаньні з савецкай уладай. Калі беларускую паэзію захліснула першая хваля бясконцай „ленініяны“, ён пісаў — яшчэ ў 20-я гады: „Вобраз Леніна як бога недарэчны і непраўдзівы“. Ня дзіва, што яго арыштавалі адным зь першых».

Запартыка: «Бабарэка пісаў так, як адчуваў, як мог пісаць, адчуваць і разважаць разумны чалавек. Але ён не прадчуваў, што будзе арыштаваны ў 1930 годзе. Тое, што для Бабарэкі не было ідала, бога ў асобах Леніна і Сталіна, — гэта мы яўна чытаем у дакумэнтах часоў высылкі. Ён ня здрадзіў сабе, ня здрадзіў сваім эстэтычным ідэалам. Мастацтва ў найвышэйшым сваім праяўленьні было для яго перадусім».

Скобла: «А яшчэ мяне ўразіла, як Бабарэка адважна, па-рыцарску бараніў сваіх сяброў па „Ўзвышшы“ — Язэпа Пушчу, Уладзімера Дубоўку. Няўжо ён не разумеў, чым яму гэта адгукнецца?»

Запартыка: «Безумоўна, разумеў, але як чалавек высокіх духоўных ідэалаў ён ня мог паступаць іначай. Ён жа крытыкам быў, ён бараніў выдатных паэтаў».

Скобла: «А вось сябры яго не баранілі. Наадварот… У двухтомавіку апублікавана нямала дакумэнтаў, якія проста шакуюць. Як, прыкладам, рэзалюцыя сяброў «Узвышша» 1930 году: «Патрабуем жорсткай кары агентам міжнароднай буржуазіі — беларускім контррэвалюцыйным нацыянальным дэмакратам». І подпісы — Максім Лужанін, Кандрат Крапіва, Зьмітрок Бядуля, Пятро Глебка…«. Як можна сёньня ставіцца да падобных дакумэнтаў?»

Запартыка: «Не ўсяму трэба да канца верыць. Магчыма, гэты дакумэнт пісаў нехта адзін, а ідэя падказвалася з ЦК ці зь іншых якіх установаў. Астатнія прозьвішчы пад лістом маглі апынуцца аўтаматычна».

Скобла: «Адам Бабарэка быў рэабілітаваны яшчэ ў 50-я гады.Чаму ж так позна прыходзіць да чытача яго творчая спадчына?»

Запартыка: «На вялікі жаль, вельмі доўга давялося расчытваць рукапісы, бо Адам Бабарэка пісаў, ня думаючы пра хуткае надрукаваньне. І тут яшчэ павінен быў зьявіцца такі дасьледчык і рэдактар як Віктар Жыбуль, які змог дакладна расшыфраваць усе недапісаныя словы, напісаў грунтоўную прадмову. Патрэбен быў спэцыяліст, каб выявіць бабарэкаўскую спадчыну, каб разабрацца з архівам. Кожнаму творцу — свой час, і кожнаму часу — свае выданьні. Відаць, час прыйшоў — і мы маем гэты выдатны, дыхтоўны двухтомавік. І нам застаецца толькі чытаць, асэнсоўваць прачытанае і захапляцца неардынарнай постацьцю Адама Бабарэкі».
  • 16x9 Image

    Міхась Скобла

    Міхась Скобла нарадзіўся ў 1966 годзе на Гарадзеншчыне. Скончыў філфак БДУ, працаваў у Міністэрстве культуры і друку, у рэдакцыі часопіса «Роднае слова», у выдавецтве «Беларускі кнігазбор». Сябра СБП і БАЖ.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG