Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Віцэ-прэм’ер крытыкуе Нацбанк


Па сутнасьці, мы вяртаемся да множнасьці валютных курсаў – такую заяву віцэ-прэм’ера Сяргея Румаса цытуе Белта.

Гэтак ён пракамэнтаваў рашэньне Нацбанку (НББ) пра пашырэньне адхіленьняў курсу беларускага рубля пры ўгодах на пазабіржавым валютным рынку да 10% ад афіцыйнага курсу.

Сяргей Румас адзначыў: «Вядома, адхіленьне ў 10% можна ацэньваць і называць па-рознаму, але па сутнасьці мы вяртаемся да множнасьці валютных курсаў. І было б добра, калі б гэтае 10-працэнтнае адхіленьне афіцыйнага курсу вырашыла праблему, але тыя сыгналы, якія пасылае рынак, гавораць аб тым, што гэтага 10-працэнтнага адхіленьня відавочна недастаткова. Як паказалі вынікі таргоў на міжбанкаўскім рынку, за гэтыя дні міжбанкаўскі рынак не ажыў, і шэраг аўтарытэтных экспэртаў выказваюць меркаваньне, што гэта паўмера і Нацбанку неабходна рабіць далейшыя крокі ў гэтым кірунку ».

Пры гэтым віцэ-прэм’ер падкрэсьліў, што сёньня складана сказаць, якое рашэньне прыме Нацбанк. «Не праходзіць і дня, каб Нацбанк не прыняў якое-небудзь рашэньне. Гэтыя рашэньні актыўна абмяркоўваюцца. Хтосьці называе іх пазытыўнымі сыгналамі, хтосьці, наадварот, лае », – адзначыў намесьнік прэм'ер-міністра.

Паводле яго, урад занепакоены тым, што прадпрыемствы і грамадзяне ня могуць нармальна функцыянаваць і купляць валюту. «Мы максымальна выказваем Нацыянальнаму банку сваё бачаньне гэтага пытаньня. Але ў рэшце рэшт рашэньне пытаньняў валютнага рэгуляваньня застаецца за Нацбанкам. Нам бы хацелася, каб сытуацыя вырашылася, і рынак пачаў функцыянаваць. Якімі інструмэнтамі гэта зрабіць – Нацбанку лепш бачна », – падкрэсьліў Сяргей Румас.

Што тычыцца інвэстараў, то, паводле намесьніка прэм'ер-міністра, сытуацыя, якая склалася, выклікала ў іх пэўную насьцярожанасьць.

«Насьцярожанасьць інвэстараў ёсьць, і гэта сёньня неабходна прызнаць, паколькі для інвэстара, які ўкладае сродкі ў іншую краіну, вельмі важная стабільнасьць і зразумеласьць сытуацыі, а таксама прагноз, як гэтая сытуацыя будзе разьвівацца. Тут мы бачым, што асобныя органы дзяржкіраваньня не дапрацоўваюць, у тым ліку па частцы большай інфармаванасьці аб стане рынку », – сказаў Сяргей Румас.

Ён лічыць, што сыгналам для адмены часовых абмежаваньняў на валютным рынку ня стане нават магчымае атрыманьне грошай ад Расейскай Фэдэрацыі. Такім сыгналам павінна стаць паляпшэньне стану эканомікі, мяркуе віцэ-прэм’ер.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG